Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Ліст да маці
У дні, калі не пісалася, стары славуты пісьменнік браўся перабіраць даўнія свае запісы. Запакаваныя ў рыжыя кардонныя папкі, старанна перавязаныя шпагатам, яны ляжалі ў яго кабінеце на стэлажах. Там былі чарнавікі, незакончаныя творы, накіды, трапныя назіранні, зусім гатовыя апавяданні, вершы, здаваць у друк якія пісьменнік пакуль што не рашаўся. Папак з такімі запісамі назбіралася нямала. Можна ўявіць, з якім хваляваннем ён браў кожную ў рукі, гартаў, пераглядаў старонкі, адкладаючы вартае, над чым можна працаваць, і выкідаючы тое, што без асаблівага жалю і шкадавання можна спаліць.
Так, перабіраючы папку за папкай, пісьменнік дабраўся да той, што ляжала на самым сподзе і ў якой былі яго самыя раннія запісы – запісы тых гадоў, калі ён быў яшчэ малады і толькі-толькі пачынаў пісаць. Развязаў шпагат, перагарнуў адзін лісток, другі... І раптам рукі ў яго закалаціліся: на вочы трапіў невялікі, вырваны са школьнага сшытка аркушок, спісаны не яго сціслым, прыгожым і трошкі спешным почыркам, а... Гэты почырк ён пазнаў бы, вылучыў бы з соцень, тысяч самых нечаканых почыркаў, бо то быў почырк яго маці, амаль непісьменнай вясковай жанчыны.
"– Дарагі сынок, – пісала маці, – я не ведаю, як і прасіць цябе, каб ты не маўчаў, каб хоць зрэдку прысылаў мне па некалькі слоў пра сябе. Я твая маці і хачу ведаць, што з табою, дзе ты. Некалі ты таксама будзеш стары, будзеш мець дарослых дзяцей, і тады ты, напэўна, сам адчуеш, як пагана гэта, калі не піша табе той, дзеля каго ты так стараўся, дзеля каго ты толькі і жыў..."
Далей пісьменнік не мог чытаць. Сцялася сэрца, вочы засланілі слёзы. Ён успомніў маці, непрыгожую вясковую жанчыну, якая ніколі не разгінала спіны то на сваім, то на калгасным полі і ад таго пад старасць зусім згарбацела. Успомніў яе рукі, якія яго абдымалі, якія выводзілі на паперы вось гэтыя каракулі, – чорныя, парэпаныя рукі гаротніцы-працаўніцы. Маці нічога не шкадавала, хацела, каб ён вучыўся. Думала: можа, на старасць будзе ёй лягчэй, будзе ад сына хоць якая помач...
Прыгадаў пісьменнік і тое, як ён, хочучы выбіцца ў людзі, паехаў пасля школы ў горад, паступіў у інстытут. Як днямі і начамі пісаў, крэсліў, зноў пісаў і зноў крэсліў. Ён жыў тады ўпрогаладзь на прыватнай кватэры, у маленечкім пакойчыку. Дзе там было помніць пра маці, якая, каб і хацела, нічым не магла памагчы сыну. Дзе там было пісаць маме лісты! Яна і памерла, так і не дачакаўшыся ад яго хоць бы аднаго доўгага падрабязнага ліста…
Пісьменнік прыгадаў усё гэта і, як гэта здаралася ўжо неаднойчы, кінуўся да стала. Схапіў шарыкавую ручку і пачаў спешна-спешна пісаць. Ён аж калаціўся ўвесь ад неспадзяванага ўзрушэння і таго пачуцця, што так нечакана ахапіла, запаланіла яго, ён пісаў ліст да сваёй роднай мамы, якой ужо не было гадоў, мусіць, дваццаць на свеце і якая жыла ў сынавых думках, у сынавым сэрцы... Той ліст да маці, як толькі ён быў надрукаваны, крытыкі ў адзін голас назвалі шэдэўрам, найлепшым творам старога славутага майстра. За кароткі час ліст быў перакладзены амаль на ўсе еўрапейскія мовы. Яго чыталі, ім захапляліся, радаваліся, плакалі... Не чытала таго ліста толькі маці пісьменніка, тая, што дала яму жыццё і якая заўсёды хацела атрымаць ад сына хоць якую вестачку...
(512 слоў)
Паводле Б. Сачанкі