Здароўе чалавека – гэта не толькі ежа, вада і паветра. Здаўна вялікія філосафы сцвярджалі: яно напрамую залежыць ад нерваў і нашай псіхікі. Нездарма ў легендах беларусаў часта разважаецца пра тое, што варта спакайней жыць – і тваё здароўе застанецца ўстойлівым.
Кожны разумее, што спакойнае жыццё складаецца з многіх параметраў: адносіны ў сям’і і на працы, у магазіне і грамадскім транспарце, на вуліцы і ў бібліятэцы. Разумны чалавек звяртае самую пільную ўвагу на ўсё, што яго акружае. Відэаэкалогія якраз і азначае ўсё, што мы бачым вакол сябе.
Раніцай бадзёра прачынаешся, энергічна збіраешся на працу, у добрым настроі выходзіш на вуліцу, але пройдзеш каля клумбы з вытаптанымі астрамі, убачыш каля пад’езда зламаную бярозку – і добры настрой знікае.
Відэаэкалогія адыгрывае вялікую ролю ў нашым жыцці, Псіхолагі ўжо пераканалі, што дзеці на ўскрайках гарадоў яўна адстаюць у сваім развіцці ад равеснікаў, якія жывуць у цэнтры. У спальных раёнах злачынстваў у сем разоў больш, чым у цэнтры. І нездарма Сяргей Рахманінаў заўважыў, што Аляксандр Пушкін не мог бы нарадзіцца ў сённяшняй дзевяціпавярхоўцы.
Відэаэкалогія акружае чалавека штохвілінна, уздзейнічае на яго пастаянна. Нам псуюць настрой розныя формы, мы не можам спакойна глядзець на вострыя вуглы і доўгія цёмныя тунэлі.
Не верыце? А вы паглядзіце навокал і прасачыце за сабой. Замежныя вучоныя даказалі: гіганцкія безаблічныя дамы вельмі дрэнна ўздзейнічаюць на псіхіку чалавека. Людзі, якія жывуць тут або працуюць каля іх, становяцца зласлівымі і мітуслівымі, няўпэўненымі, з доляй выразнага недаверу да астатніх.
Здаўна вядома моцнае ўздзеянне колераў на нашу свядомасць. Адны з іх прыносяць чалавеку радасць і спакой, а другія выклікаюць злосць і нервовае напружанне. Вялікі Гётэ, працуючы над сваімі творамі, у залежнасці ад тэматыкі надзяваў розныя акуляры – сінія і чырвоныя, зялёныя і жоўтыя. Чырвоны колер увесь час бударажыць чалавека і прымушае пастаянна нервавацца, затое зялёны супакойвае і стварае душэўную спагаду.
Трэба сказаць, што відэаэкалогія нарадзілася не раптоўна і не на голым месцы. Час даўно прыспешваў заняцца гэтай праблемай ушчыльную, і даследаванні пойдуць толькі на карысць чалавеку.
(317 слоў)
Паводле В. Лапціка