У той дзень людзі толькі што пазбіраліся з лясоў, дзе яны хаваліся ад нямецкіх карнікаў. Некаторыя не знайшлі сваіх хат. На іх месцы датлявалі папялішчы. Не знайшоў сваёй хаты і дзед Астап. Не знайшоў і нявесткі ды двух маленькіх унукаў. Людзі сказалі яму, што яны згарэлі ў хаце, што іх загубілі немцы.
Ад усяго двара засталася старая абгарэлая груша. Астап неяк адразу аслаб і, прытуліўшыся да абгарэлага дрэва, прыплюшчыў вочы, бяссільна нахіліў галаву. Перад яго зрокам узнікалі светлавалосыя галовы, дзіцячыя ўсмешкі, сінія вочы. Яны так лагодна глядзелі на яго. Унукі ўзбіраліся на калені, церабілі яго за бараду, лашчыліся, прасілі расказаць казку.
І ён расказваў пра хітрага вожыка, мудрага дзятла. Расказваў пра залатога чмяля і яго дзівосныя палацы ў лахматай купіне. Засыналі ўнукі і праз сон пыталіся пра тату, які быў на вайне. Дзед пераносіў іх на ложак.
Паснулі ўнукі. Не ўбачыць ім ужо ні таткі, ні дзеда, ні зялёнай грушы. А тыя, хто зрабіў гэты дзікі глум, пайшлі жывыя, ходзяць жывыя. І дзеці іх таксама жывыя.
Думка скаланула дзеда Астапа. Ён страпянуўся. Моцны мароз даваў сябе адчуваць, зусім скалелі ногі. Ледзь разгінаючы іх, сутулячыся, ён пайшоў уздоўж вуліцы. Бязмэтна заходзіў у хаты, моўчкі сядзеў, моўчкі выходзіў. Яго не суцяшалі. Было так багата гора ў людзей. І такое вялікае гора ў яго, што лепш было даць чалавеку выхадзіць яго, развеяць па дарогах і сцежках. І ён хадзіў і ўсё думаў адну сваю думу. Як знайсці меру святой чалавечай помсце?
(240 слоў)
Паводле М. Лынькова