Асенні лес стаяў голы. Толькі на самым верхнім сучку асіны чарнеў сухі ліст. Пагойдваецца на ветрыку, быццам некім узняты сцяжок. Загледзеўся я на гэты ліст і не заўважыў, як з нары барсук выкаціўся. Ён быў вельмі тоўсты. Ад’еўся за лета.
Звер абтросся ад пяску і падаўся ў лес. Ідзе цяжка, ледзь ногі перастаўляе. Каля высокага бярозавага пня барсук спыніўся. Павадзіў у паветры носам і стаў нешта абнюхваць. Я паглядзеў у бінокль. Барсук нюхаў маленькую жоўтую кветачку. Нюхае, а вочы такія сур’ёзныя. Быццам ён немаведама якую справу вырашае.
Потым барсук павярнуўся і пайшоў да нары. Я чакаў, але больш звер не вылез. Я падышоў да кветкі і таксама яе панюхаў. Гэта быў нейкім дзівам уцалелы ў лесе жоўты казялец. Ніякага паху ён не мае.
Але самае вялікае здзіўленне мяне чакала раніцай. На зямлі ляжаў снег. Няўжо барсук па кветцы пачатак зімы вызначыў? Вось загадаў ён мне загадку! І па сённяшні дзень не магу яе разгадаць.
(156 слоў)
Паводле Р. Ігнаценкі