Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Іван Шамякін - Чорны прамень

Увага!!! Поўны змест

   Ліза збіралася ў школу. Яшчэ раз прачытала верш Янкі Купалы, каб замацаваць у памяці. Яшчэ раз паглядзела задачкі, рашэнне якіх задалі на дом. Ліза была прыкладнай вучаніцай, не было выпадку, каб яна штосьці забылася выканаць ці вывучыць. Але ў тую раніцу яна пра адно "забылася".
   Маці яе, Аксіння Пятроўна, хварэла, не паднімалася з ложка. Але па кроках дачкі, па яе хадзьбе па кватэры, па кухні яна вызначала, што тая зрабіла, а што не.
   Не зрабіла самае галоўнае – не паснедала.
   – Лізачка, дзіця маё, ты паснедала?
   – Паснедала, паснедала, мама.
   – Ой, маніш, дачушка. У шкафчыку скібачка хлеба засталася і цукерачка, ледзянец. Падагрэй ваду, завары чабор з мятай і выпі чаёк.
   – Няхай гэта будзе табе, мама. Нас у школе кормяць. Ведаеш, якія абеды! Еш хоць расперажыся!
   – Калі той абед! Я хачу, каб ты пры мне паела. А мне цётка Надзя прынясе. Я галодная не буду. Калі ляжыш, то і есці не хочацца.
   Ліза закіпяціла чайнік, заварыла, наліла ў кубак і выпіла з цукеркай, гучна пасмактала яе, хлеба не кранула – маці пакінула.
   Першая прыкмета нядужасці, амаль млоснасці, узнікла яшчэ перад урокамі. Рыма Булатная амаль штодня як бы знарок дражніла ўвесь клас: даставала з партфеля "снікерс", шакалад, булачку, а часам і пахучую кілбасу і пачынала ўплятаць за абедзве шчакі.
   Яе ненавідзелі за гэта не толькі вучні, але і настаўнікі. Але хто можа забараніць есці сваё на пераменцы: не на ўроку ж. Бацька яе багаты, мае магазіны, аўтазаправачныя станцыі; у яго грошай – мяшкі.
   На гэты раз Рыма дастала тоўстую плітку шакаладу і пачала, што мыш, адгрызаць ад яе, робячы выгляд, што хаваецца ад іншых вучняў.
   Ліза звычайна не звяртала на яе ўвагі, казала: "Няхай есць, растаўсцее, у дзверы не ўлезе. Кухарка, добрая цётка Марына, сама сябе называла Поўнай бочкай".
   Рыме далі мянушку Каструля. Яна пакрыўдзілася, паскардзілася бацьку. Той прыходзіў да дырэктара, патрабаваў лепш выхоўваць сваіх вучняў, каб ведалі, што жывём у свеце, падзеленым на багатых і бедных. Гэта не тое што раней – усе роўныя. А цяпер кожны есць тое, на што зарабляе. Але ж Лізіна маці ўсё жыццё працуе. А што мае? Пра гэта Ліза думала неаднойчы.
   Чаму Рымін шакалад у той дзень прыкаваў Лізіну ўвагу? Ад выгляду яго стала блага: пагнала сліну, і ў жываце як пілой разанула. Ажно мусіла скурчыцца. Хацелася закрычаць: "Выганіце яе прэч з яе паганым шакаладам!"
   Ды ў гэты момант увайшла настаўніца Ніна Паўлаўна. Павіталася, як заўсёды, з добрай усмешкай. Адразу спытала:
   – Хто рашыў задачу?
   Паднялося шмат рук.
   – Усяго? Мала.
   Але самай прывабнай для настаўніцы была рука Лізы, бо ведала, што гэтай вучаніцы ніхто не памагаў – ні маці, ні брат, ні сястра, – сама рашыла.
   – Ідзі, Ліза, да дошкі, запішы сваё рашэнне.
   Выйшла Ліза, узяла крэйду. Здзівілася, што ў яе калоціцца рука, ніколі ж такога не было. Не зусім роўнымі лічбамі і літарамі напісала ўмову. Пачала тлумачыць, павярнуўшыся да класа. І ўбачыла, што Рыма па-ранейшаму грызе шакалад.
   "Во ненажэра", – толькі падумала так – і ў вачах яе бліснуў чорны прамень. Расплыўся ў бясформенную чорна-сінюю пляму, і пляма гэтая, што хваля, гайданула яе ўгору-ўніз.
   – Дыяметр першай трубы... – і, хапаючыся за дошку, асела на падлогу. Паплыла па цёплай хвалі.
   Вучні падскочылі. Ніна Паўлаўна не адразу ўбачыла, што любіміца яе самлела каля дошкі. Аглянулася. Спалохалася. Кінулася да Лізы.
   Падняла на рукі.
   – Дзіця маё, што з табой?
   Панесла ў настаўніцкую. Там былі настаўнікі, знайшлі школьную фельчарыцу. Лізе далі панюхаць нашатырны спірт. Яна чыхнула і апрытомнела.
   – Што з ёй?
   – Не трэба быць доктарам, каб сказаць што. Звычайная галодная непрытомнасць.
   – Ты снедала сёння, Ліза?
   – Снедала.
   – Што ела?
   – Чай піла.
   – З чым?
   – З цукеркай.
   – Без хлеба нават? О Божа! Няшчасныя дзеці вялікай эпохі!
   Настаўніцы збегалі ў буфет. Купілі булачак, бутэрбродаў. Ліза асцярожна, сарамліва ела. І адразу адчула, што дужэе.
   – І куды цябе, дзіця, – у бальніцу ці дадому? – спытаў дырэктар, калі Ліза зусім акрыяла і сядзела на канапе.
   – Дадому. У мяне маці хворая.
   – Усё зразумела.
   На стале ляжалі булачкі і бутэрброды. Ліза доўга не адважвалася, урэшце спытала:
   – А можна ўзяць адну булачку для мамы?
   У дырэктара, які адзначыў свой пенсійны ўзрост, сталі вільготнымі вочы. І настаўніцы дасталі насоўкі.
   – З пустымі рукамі мы цябе не адпусцім.
   – Толькі не кажыце маме, што я самлела.
   – Не скажам? – хітра спытаў у настаўніц дырэктар.
   – Не скажам! – хорам адказалі жанчыны. – І вучняў трэба папярэдзіць, каб не казалі.
   Ліза шчасліва ўсміхнулася: людзі добрыя!

 

Похожие статьи:

Іван ШамякінСэрца на далоні. Адказы на пытанні

Іван ШамякінІван Шамякін - Непаўторная вясна

БиографииІван Шамякін

Іван ШамякінАдказы на пытанні па аповесці "Гандлярка і паэт"

Іван ШамякінІван Шамякін - Злая зорка