Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Івана Чыгрынава

   У першых празаічных творах Івана Чыгрынава (апавяданні "Птушкі ляцяць на волю", "Па сваіх слядах", "Бульба", "Дзічка", "Плывун") знайшлі выяўленне духоўная сіла чалавека, яго ўнутраны стан, маральная прыгажосць, вернасць абавязку, памяць вайны. Асноўнай жа ў творчасці пісьменніка стала тэма вайны, якой прысвечаны раманы "Плач перапёлкі", "Апраўданне крыві", "Свае і чужынцы", "Вяртанне да віны", "Не ўсе мы згінем". Падзеі ў пенталогіі пачынаюцца з першых месяцаў Вялікай Айчыннай вайны і заканчваюцца летам 1944 г. Вайна ў творах разглядаецца як трагедыя ўсёй Беларусі, дзе загінуў кожны трэці чалавек, незалежна ад таго, прымаў ён у ёй дзейсны ўдзел ці стаў нявіннай ахвярай. Асноўны акцэнт пісьменнік робіць на ўспрыманні вайны мірнымі жыхарамі, якія (па маральных нормах) не павінны былі ваяваць, але з-за складаных абставін вымушаны былі ўзяцца за зброю.
   У рамане "Плач перапёлкі" паказваецца жыццё ў вёсцы Верамейкі ў першыя тыдні і месяцы вайны, калі Чырвоная Армія адступіла, а немцы яшчэ не прыйшлі. Вёска як бы замерла, прыцішылася ў трывожным чаканні вялікай бяды, трагічных падзей, якія прадвяшчае нават перапёлка. "Калі птушкі так плачуць са свайго гора, то як жа тады павінны галасіць людзі, у якіх гора наогул бывае незраўнана больш, а цяпер дык і зусім цераз край?" – разважае галоўны герой Дзяніс Зазыба. Тое, чаго чакалі жыхары вёскі ў першым рамане, у наступных творах стане жахлівай рэальнасцю, калі верамейкаўцы тварам у твар сустрэнуцца з ворагам.
   У першых раманах І. Чыгрынаў выпісаў яркія, запамінальныя вобразы вяскоўцаў (Парфёна Вяршкова, Кузьмы Прыбыткова, Івана Падзерына, Розы Самусёвай, Марфы Зазыбы, Ганны Карпілавай і інш.), кожны з якіх характарызуецца сваім успрыманнем рэчаіснасці, сваімі адносінамі да жыцця, працы, людзей, ваенных падзей. Сярод усіх верамейкаўцаў вылучаюцца Радзівон Чубар і Дзяніс Зазыба, якія ў цяжкіх сумненнях, супярэчлівых развагах і памылках становяцца на шлях актыўнай барацьбы з ворагам.
   Радзівон Чубар, старшыня калгаса, выхаваны на строгім падпарадкаванні партыйнай дысцыпліне, жыве па інструкцыях, указаннях і распараджэннях начальства, не заўсёды здольны да самастойных рашэнняў. І таму ў першыя дні вайны адчуў разгубленасць, бездапаможнасць, безвыходнасць. У такім стане ён аказаўся здольным на самыя рызыкоўныя і бессэнсоўныя ўчынкі. Палічыўшы разважанні ваенурача шкоднымі для разгортвання партызанскай барацьбы, ён учыняе над ім самасуд. Пасля блуканняў па лесе ў пошуках партызан ён вяртаецца ў родныя мясціны і падпальвае копы жыта, каб тыя не дасталіся немцам. Пры гэтым герой твора не разумее, што жыта пазней можа спатрэбіцца сялянам, партызанам.
   У наступных раманах Чубар стане больш разважлівым, самастойным, пачне кіравацца канкрэтнай неабходнасцю, абставінамі, умовамі барацьбы, а не голымі інструкцыямі і партыйнымі лозунгамі. Трапіўшы ў рукі нямецкага карнага атрада, кіраўнікі якога патрабавалі паказаць размяшчэнне партызанскага атрада Мітрафана Нарчука, ён праявіў вытрымку, мужнасць, высокую чалавечую годнасць і выбраў смерць, а не здрадніцтва.
   Процілегласцю Чубара ў рамане выступае Дзяніс Зазыба, удзельнік грамадзянскай вайны, патомны земляроб, былы старшыня (пазней намеснік старшыні) мясцовага калгаса. Селянін паводле сваёй псіхалогіі, ён клапоціцца пра людзей і ў мірны, і ў ваенны час, не ўяўляе свайго жыцця без роднай вёскі, без яе жыхароў. Таму і вяртаецца герой твора ў вёску, хоць была магчымасць застацца за лініяй фронту. "Хто з роднай зямлі ўцякае, той ворага не перамагае", – пацвярджае ён свой учынак мудрай прыказкай.
   Вобраз Зазыбы даволі складаны, драматычны. Камуніст па перакананнях, змагар за ўсталяванне новага ладу, арганізатар партызанскага руху, ён паступова пачынае ўсведамляць, што і за савецкую ўладу, і за вызваленне Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў праліта многа крыві, якую поўнасцю апраўдваць нельга. Эвалюцыя яго поглядаў на сталінскія рэпрэсіі яскрава праследжваецца ў адносінах да сына Масея. Калі ў першых творах (асабліва пасля вяртання Масея ў вёску) Зазыба лічыць яго не ахвярай несправядлівай таталітарнай сістэмы, а злым выпадкам, то ў наступных раманах адкрыта гаворыць аб тэроры, які ажыццяўляў Сталін супраць уласнага народа. "Праўду не заўсёды робяць шаблямі", – прыходзіць да такой высновы Зазыба, які застаўся ў спаленай вёсцы адзін: жонку забілі партызаны, а сын, як былы "вораг народа", вымушаны ўцякаць, назаўсёды пакідаючы бацьку і Радзіму. У вобразе Масея паказаны пэўныя моманты біяграфіі вядомага пісьменніка-эмігранта Масея Сяднёва.
   І. Чыгрынаў унёс значны ўклад у развіццё беларускай драматургіі. У цэнтры ўвагі драматурга перш за ўсё гістарычныя падзеі, выдатныя дзеячы беларускай гісторыі. Драма "Звон – не малітва" прысвечана полацкай князёўне Рагнедзе і яе сыну Ізяславу, "Прымак" – беларуска-літоўскаму князю Ягайлу, яго жонцы Соф’і Гальшанскай, князю Івану Друцкаму, "Чыстыя рэкі, мутныя воды" – ваяводу, гетману Вялікага княства Літоўскага, кіраўніку войск-пераможцаў у Аршанскай бітве 1514 г. Канстанціну Астрожскаму, "Следчая справа Вашчылы" – выдатнаму кіраўніку антыфеадальнага сялянскага паўстання ў Крычаве ў 1743-1744 гг.
   У некаторых п’есах І. Чыгрынава ("Чалавек з мядзведжым тварам" і "Ігракі") узнаўляюцца трагічныя падзеі нядаўняй гісторыі, калі набірала моц таталітарная сістэма і генацыд супраць нацыі выконваўся рукамі сталінскіх "троек". У п’есах "Хто вінаваты" і "Толькі мёртвыя не вяртаюцца" зроблена спроба асэнсавання вынікаў чарнобыльскай трагедыі.

 

Похожие статьи:

Іван ЧыгрынаўІван Чыгрынаў - Звон - не малітва

Іван ЧыгрынаўІван Чыгрынаў - Дзівак з Ганчарнай вуліцы

БиографииІван Чыгрынаў

Іван ЧыгрынаўІван Чыгрынаў - У ціхім тумане

Іван ЧыгрынаўІван Чыгрынаў - Бульба