Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Іван Пташнікаў - Возера Нарэчча

(Урывак з апавядання «На шчасце»)
 

   Нарэчча – возера. Заўсёды нейкае ціхае і ласкавае, асабліва ад вёскі, ад якой яго аддзяляе цяністая і заўсёды прахалодная маладая дуброва. Сёння яно неяк яшчэ больш сцішылася. Можа, ад спакою тоняў ці ад лагодных усплёскаў хваль у ветраны дзень і вунь тыя дубы, якім карціць з берага ўбачыць свае разгалістыя шаты ў люстранай глыбіні, выдаюць мяккімі і задуменнымі. Яны спачываюць, як і возера, як і рыбак, што развесіў невады пасля рыбнага дня; як і жанчыны, што вяртаюцца з поля, бо чутна іх песня з-за далёкага бярэзніку – жніўная, працяжная, павольная-павольная... Яна плыве. Ад яе вее спакоем і нявыказанай радасцю. Яна нясе звыклыя надзеі чалавека поля, яго ўрачыстасць; нараджае ў думках аповесць аб нечым адвечным, шчырым і шырокім-шырокім, бясконцым у сваім раздоллі і багацці... Гэта аповесць аб дарах зямлі і прыроды.
   Гойдаюцца на ўзбярэжжы высокія лапкі мятліцы, бо не заснуў яшчэ нанач вецер. А каля зямлі нават не здрыгнуцца кветкі люцікаў і межыперсніцы. Але і без ветру яны губляюць сваю красу-пялёсткі. Шуршаць травы пад нагамі, шастаюць: жнівень занадта пасуравіў іх, такіх мяккіх і аксамітных у маі.
   Дуброва застаецца збоку, за лугамі. Тут кусты – крывы і разгаты альшэўнік, з рэдкім голлем бярэзнік, дзе-нідзе жоўты. Торф, балота з гэтага краю. Даволі часта трапляюцца старыя асушальныя канавы; яны заплылі тванню і зараслі плывунамі.
   Да Нарачанкі-вёскі рукой падаць...
   Сонца, занадта нейкае жывое і дрыготкае, за Нарачанкай запаліла лес. Пурпур і барва пажару дрыжыць па камлях, абнімае вершаліны, паўзе па зямлі. Чырвонае лона плыве золатам за горку на далёкія лугі, каб астыць там у халодным, як крынічная вада, тумане і вільготных начных росах.
   ...Спіць, стаілася возера, накрыўшыся коўдрай-туманам. Там, дзе днём гасцявала жніўная песня, ракоча матор, гучна, з нейкім бадзёрым перазвонам. Там жыты: яны пачынаюцца амаль адгэтуль. Мы – ля самага возера. Тут на зямлю апала дзённая цяплынь.
   ...Тут добра. За плячамі шваргочуць дзікія качкі, нават пралятаюць над намі. Калі глядзець на вёску, відаць густыя агні; за ёй патухае лясны пажар: пурпур палавее, затым шарэе. Яго паглынае блакіт і цемната.

 

Похожие статьи:

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Алені - ГДЗ

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Пагоня

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Францужанкі

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Тартак

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Найдорф