Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Яраслаў Пархута - Хвалькі

   Аднойчы на пажоўклы кляновы лісток, што прыбіўся ветрам да плота, апусціліся тры сняжынкі – Зорачка, Выцінанка і Крупінка. Паляжалі хвіліну-другую, паўзіраліся, як іхнія сяброўкі кружацца ў паветры, ды пачалі выхваляцца адна перад адной. Сняжынка Зорачка сказала:
   – Я самая прыгожая! За гэта мяне і паважаюць. Нездарма партрэт мой па многіх краінах разышоўся.
   Сняжынка Выцінанка абурылася:
   – Кіназорка знайшлася! Самая прыгожая – гэта я. З мяне дзяўчаты некалі нават фасоны здымалі, калі папяровыя фіранкі рабілі.
   Сняжынка Крупінка таксама не ўтрымалася:
   – Я самая прыгожая! I кругленькая, і мякенькая, быццам клубочак, які кацяняты на падлозе качаць любяць.
   Пачула тую пахвальбу Сонейка, выглянула з-за хмаркі і сказала:
   – Як на мой розум, то ўсе вы прыгожыя. Кожная па-свойму. Так што супакойцеся, пакіньце сварыцца.
   – Не! – запярэчылі ў адзін голас Зорачка, Выцінанка і Крупінка. – Ты зірні ўважліва! Тады ўбачыш, каторая з нас прыгажэйшая.
   Сонейка кінула на кляновы лісток сноп прамянёў і не паспела прыгледзецца, як усе тры сняжынкі расталі. Ператварыліся ў аднолькавыя малюсенькія кропелькі. А пасля яны збегліся ў адно месца і сталі... Кропляй.
   Кропля крутанулася, паглядзела туды, паглядзела сюды і сказала Сонейку:
   – Самая прыгожая – гэта я, Кропля! Калі пажадаю, то магу і Сонцам зрабіцца. Яркім. Залацістым. Во якая я!..
   Пачула Сонейка тую пахвальбу і схавалася за хмарку. Аднекуль прыляцеў вецер, шугануў уздоўж плота. Кроплі не стала – расплылася на лістку мокрай плямай.
   Кляновы лісток, які дагэтуль маўчаў, ажно зморшчыўся:
   – Хвалькі!

Похожие статьи:

Яраслаў ПархутаЯраслаў Пархута - Птушыны інтэрнат

Яраслаў ПархутаЯраслаў Пархута - Апошні гусляр

Яраслаў ПархутаЯраслаў Пархута - Снегавічок

Яраслаў ПархутаЯраслаў Пархута - Бомжык

Яраслаў ПархутаЯраслаў Пархута - Журавы