Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Нашы лясы

   Лес хутчэй за ўсё старэйшы за чалавека. Ну, магчыма, яго равеснік. Аднак ён ніяк не можа быць маладзейшым — чалавек, здаецца, і нарадзіўся ў лесе! Бо лес — гэта ж і хата, і ежа, і адзенне, і вогнішча. Тут ёсць дзе схавацца ад дажджу, засланіцца ад ветру і завеі.
   Але ж лес — гэта найперш дрэвы. Вялікая краіна дрэў. Неспазнаная намі цывілізацыя, якая існуе паралельна з чалавечай.
   Даўней на тэрыторыі сучаснай Беларусі жылі адны толькі дрэвы — уся наша зямля спрэс была пакрыта лясамі. Чыстымі заставаліся адно рэкі і азёры — на вадзе ж дрэвы не растуць.
   Чалавек спрадвеку змагаўся з дрэвамі. У выніку гэтага змагання беларусы вызвалілі ад лясоў для сваіх палёў, лугоў і хат дзве трэці зямлі.
   Аднак бязлесных раёнаў на Беларусі няма! Ёсць больш ці менш высечаныя, а без лесу— няма ніводнага.
   Мы ў краіне пакуль што яшчэ маем 7 мільёнаў гектараў лесу. Гэта ў параўнанні з іншымі не так ужо і мала.
   У нашых лясах расце 28 відаў дрэў. Усяго толькі? Усяго толькі! Іх можна, як кажуць, пералічыць на пальцах: сасна, елка, дуб, бяроза, асіна, вольха, граб, клён, ліпа, ясень... Словам, усіх іх беларусы ведаюць у твар— як сваіх сяброў. I яшчэ каля 50 відаў кустоў. I вось з гэтых 28 відаў дрэў і 50 парод кустоў у розных спалучэннях складаецца ўся прыгажосць, вабнасць і разнастайнасць беларускіх лясоў.
   Лясы Беларусі дзеляцца на тры віды — хвойныя, шырокалістыя і дробналістыя.
   Хвойнікі ў асноўным растуць на Віцебшчыне — на поўначы Беларусі, у Беларускім Паазер’і. Гэта цёмныя хваёвыя лясы паўднёва-таёжнага тыпу з прымессю бярозы ці дуба. Але галоўнае ў іх дрэва елка: елка не баіцца халадоў, а поўнач, яна і на Беларусі поўнач — там, зразумела, халадней, чым на поўдні. Таму і дубоў на Віцебшчыне мала.
   Затое, калі кіруешся на поўдзень, на Палессе, заўважаеш, як святлеюць лясы — у іх ужо пераважаюць дубовыя, грабавыя. ясеневыя гаі. На Палессі 65% усіх дубовых дрэвастояў краіны. Тут ужо дуб выцясняе елку. Тут раскашуюць лясы-ясеннікі, а елкі растуць толькі астраўкамі — на ўсім Палессі зафіксаваны толькі 32 такія яловыя астраўкі.
   Беларускі лес, калі можна так сказаць, трохпавярховы, трохузроўневы.
   Самы высокі паверх — для неба і для вачэй. Гэта хвоя, елка, бяроза, клён, ліпа, ясень.
   Самы нізкі — на зямлі. Той, што пад нагамі: крапіва, папараць, бальзамін, вятроўнік, кісліца, заечая капуста, мінушкі, казялец, лішайнікі, сунічнік, бруснічнік, чарнічнік, ястрабок, агаткі, чабор, талакнянка, дзераза, мох, верас. Дарэчы, верасовы тып лясоў займае ў нас 1 мільён гектараў, а мохавы — самы пашыраны: ён распаўсюджаны аж на 30% усіх лясных угоддзяў.
   А паміж імі — сярэдні паверх: падлесак. Гэта ядловец, крушына, каліна, рабіна, арэшнік, маліна, чаромха, бразгліна, шыпшына.
   Барадаўчатая бяроза найбольш любіць Надзвінне. Шэраальховыя лясы можна ўбачыць толькі на поўначы. Чорная вольха добра пачувае сябе на нізінах Палесся.
   У нас расце лістоўніца сібірская, рэдкі асакор, хвоі Банкса і Мурэя.
   Каб захаваць нашы лясы і ўсё, што ў іх жыве, на Беларусі здаўна засноўваліся батанічныя сады, заказнікі, запаведнікі.
   Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны і Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнікі. Апошні нам дастаўся ад Чарнобыля: у ім даследуецца, як дзейнічае радыяцыя — на дрэвы, ваду, жывёл, траву і на чалавека.
   Запаведнік створаны ў так званай 30-кіламетравай зоне на тэрыторыі трох раёнаў — Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага. Ён займае плошчу больш за 130 гектараў, і ў ім расце 1251 від раслін, жывуць 54 віды дзікіх жывёл, 25 відаў рыб, гняздуюцца 280 відаў птушак. I ўсё гэта пры вельмі высокай дозе радыяцыі — 2 тысячы мікрарэнтген у гадзіну.
   Запаведнік — закрыты для наведвальнікаў. Таму ўсё жывое там жыве па сваіх законах. У пакінутых хатах на крэслах можна сустрэць птушыныя гнёзды, на дрэвах і ўдзень сядзяць совы, якія не баяцца людзей, у пакоях ды сенцах ладзяць сабе лежкі дзікі. А буслы тут чамусьці баяцца чалавека — яны нібыта разумеюць, што гэтая бяда зроблена якраз ім, чалавекам.
   Бярэзінскі біясферны запаведнік, які мае плошчу 90 тысяч гектараў запаведнай зоны і 83 працэнты якога пакрыта лесам, захоўвае унікальныя ясеневыя і чорна-альхова-ясеневыя дрэвастоі, узрост якіх каля 200 гадоў. Да таго ж ён надзейны прытулак для вялікай калоніі баброў, якая падчас стварэння запаведніка ў 1925 годзе была ўжо ці не адзінаю ў Беларусі.
   Бярэзінскі запаведнік — своеасаблівы аазіс жыцця, дзе жывуць, хоць і ў малой колькасці, усе прадстаўнікі беларускай фауны і палова нашай флоры: 52 віды сысуноў, звыш 200 відаў птушак, 8 відаў амфібій, 5 рэптылій, ЗЗ віды рыб, а таксама шмат раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу, — чарамша, венерын чаравічак, багноўка чорная, ятрышнік духмяны...
   У нас маецца 180 батанічных помнікаў прыроды, што ахоўваюцца дзяржаваю. Гэта старадаўнія паркі Вялікамажэйкаўскі, Гомельскі, Мірскі, Нясвіжскі, Радзівіламонтаўскі, Барысаўскае лесанасаджэнне, Вепрынская дуброва, Моўчадскае насаджэнне лістоўніцы еўрапейскай, Маларыцкія ельнікі, Восаўскае насаджэнне карэльскай бярозы, а таксама іншыя згуртаванні унікальных дрэў.
   А наш Батанічны сад знаходзіцца ў сталіцы рэспублікі. Адзін з буйнейшых па плошчы і складу калекцыйных фондаў батанічных садоў у Еўропе. Своеасаблівы лес у цэнтры двухмільённага горада — у яго і ўваход проста з праспекта Незалежнасці. 150 гектараў дрэў і раслін, на якіх сабраны 9 тысяч экспанатаў. У садзе ёсць дэндрарый з сектарамі Беларусі, Далёкага Усходу, Усходняй Азіі, Паўночнай Амерыкі, Еўропы, Сібіры, Каўказа. Ёсць ружарый і цюльпаннік. Ёсць сад бесперапыннага цвіцення. Ёсць ландшафтны парк. Закладваюцца сады імхоў і лішайнікаў, водару і павойных раслін.
   У аранжарэях Батанічнага саду налічваецца каля 2 тысяч экзатычных раслін: больш як 500 відаў кактусаў, разнастайныя плюшчы, папаратнікі, бягоніі, пальмы, родадэндроны і іншыя трапічныя і субтрапічныя расліны.
   А колькі іншых лясоў — вялікіх і маленькіх — у нашых гарадах! Гэта нашы паркі, алеі, прысады, зялёныя зоны, асобныя дрэвы, кустарнікі. Ва ўсіх гарадах Беларусі.
   Толькі адзін сталічны парк культуры і адпачынку імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка займае 98 гектараў. А паркі імя Горкага і імя Чэлюскінцаў! А скверы — маленькія нашы пералескі! Толькі ў адным Мінску іх больш за сотню.
   Сталічны Лошыцкі парк вядзе свой летапіс з ранняга сярэднявечча. I ён — прадаўжэнне нашых лясоў.
   Закладваюцца новыя дэндрапаркі на Міншчыне — у Любанскім, Капыльскім, Лагойскім і Уздзенскім лясгасах. У асноўным у іх будуць расці дрэвы і кустарнікі Беларусі, аднак знойдзецца месца і для экзотыкі: чырвоны дуб, еўрапейская лістоўніца, грэцкі і маньчжурскі арэхі...
   Нашы гарадскія лясы толькі адной Мінскай лесапаркавай зоны займаюць 33 гектары. Пра іх рупяцца аж восем лясніцтваў: Бараўлянскае, Гарадское, Ждановіцкае, Каладзішчанскае, Мінскае, Астрашыцка-Гарадоцкае, Ратамскае і Сосненскае.
   Але асаблівая наша гордасць — запаведнік Белавежская пушча, лясы якога адносяцца да самых высокаўзроставых у Еўропе. Белавежа, у якой палявалі польскія каралі і рускія цары, была абвешчана заказнікам яшчэ ў Далёкім 1538 годзе — калі ў пушчы ўжо амаль поўнасцю была выбіта дзічына. Тады ж кароль польскі і вялікі князь літоўскі Сігізмунд I Стары выдаў «Лясны ўказ», які рэгламентаваў жыццё пушчы: колькасць варты, захаванне лясных багаццяў, забарона высякаць дрэвы. А яшчэ раней, у XIV стагоддзі, Белавежа таксама была запаветным лесам і ў ёй абмяжоўваліся ловы: паляваць было дазволена толькі самым прывеліяваным асобам — каралю Польшчы Ягайлу, вялікаму князю ВКЛ Вітаўту ды некаторым іншым.
   На зямлі існуе каля 100 тыпаў лясоў. I ўсе яны, на нашу вялікаю радасць, прадстаўлены ў Белавежы.
   Белавежская пушча — гэта адзіны і апошні натуральны некрануты лес Еўропы. У 1993 годзе ЮНЕСКА ўключыла яго ў спіс біясферных запаведнікаў свету, а годам раней Міжнародны камітэт сусветнай спадчыны на сваёй сесіі абвясціў нашу пушчу аб’ектам «Сусветнай спадчыны чалавецтва». Апрача Белавежы на зямным шары ёсць яшчэ ўсяго толькі тры лясныя масівы, якія маюць такі ж статус: Дажджавыя лясы Амазонкі, трапічныя лясы Афрыкі і маленькі ўчастак тайгі ў Комі Рэспубліцы.
   У нашай пушчы расце 900 відаў раслін, дзве трэція з якіх— лекавыя. А яшчэ ж Белавежа— гэта 10 тысяч толькі апісаных матылькоў. А колькі іх там неапісаных!
   Белавежа — радзіма зубра. Самай даўняй жывёліны на зямлі. Ён сучаснік маманта і захаваўся, дажыў да нашых дзён толькі дзякуючы лесу і чалавеку.
   Чалавек збярог і яго лес, і яго самога. Як пішуць знаўцы: «Пушча захавалася таму, што ў ёй жылі зубры, а зубры захаваліся таму, што была пушча».
   А ў канцы другога тысячагоддзя на ўсіх кантынентах Зямлі пра Белавежу пачулі з іншай нагоды — менавіта ў ёй, у Віскулях, была ліквідавана вялікая і магутная дзяржава свету — Савецкі Саюз.
   Для нас жа Белавежская пушча яшчэ і рэзідэнцыя беларускага Дзеда Мароза, дрымучыя лясы якой ён выбраў сабе пад жыллё. Дзеці любяць ездзіць да яго, а пад Новы Год атрымліваць ад свайго дзядулі падарункі. Праўда, Зюзя, Бог завей і холада, прадзядуля Дзеда Мароза, жыве ў іншым месцы — у Пастаўскім раёне на Віцебшчыне.
   У еўрапейскую батанічную экалагічную сетку ўваходзяць 10 аб'ектаў Беларусі — Налібоцкая пушча і Блакітныя азёры, Сапоцкінскі і Бярэзінскі біясферныя запаведнікі, Гарадоцкае ўзвышша, Палескі заказнік-парк «Прыпяцкі» і, вядома ж, Нацыянальны парк Белавежская пушча.
   Беларусы заўсёды абагаўлялі прыроду. У нас спрадвеку быў культ дрэў. Асабліва ў нашых продкаў шанаваўся дуб. У старажытных грэкаў дуб лічыўся дрэвам Зеўса, у рымлян — Юпітэра, а ў нас — дрэвам Бога Перуна. I яшчэ дрэвам продкаў. Таму свае дубы мы называлі Волатамі, Асілкамі. I прыносілі да іх ахвяраванні, і вешалі на іхнія галіны ручнікі.
   Дуб — найбольш даўгавечны між дрэў. Нядаўна, як кажуць, урачыста святкаваўся юбілей дуба, што даўно жыве ў лясным гушчары каля вёскі Пажэжын, што ў Маларыцкім раёне. Яму споўнілася 800 гадоў! Але ж Волат і сёння зграбны, стройны, грацыёзны. I магутны, здаровы, пра што сведчыць мноства жалудоў, якімі штогод ён радуе дзікоў, што любяць пасвіцца пад ім.
   У народзе кажуць, што энергетыка дуба дае вялікі прыліў сіл, і той, хто будзе штодзень прыходзіць да яго, можа вылечыць любую хваробу...
   Ля вёскі Данілягі пачынаецца векавая пушча ў Лельчыцкім раёне. Данілевіцкая дача. Урочышча Карабельшчына. Цар-дуб, якому споўнілася 600 гадоў. Высокі і роўны ствол. Кара на ім — як маршчыны, сведкі стагоддзяў. Камель— у тры добрыя мужчынскія абхваты. Высока, на вышыні 27 метраў разыходзяцца ва ўсе бакі пяць магутных сукоў. Яны накрываюць сваімі галінамі як не палавіну пушчы. Дуб узвышаецца над усёю пушчаю. Як жа, мусіць, хораша пад яго добрымі і ласкавымі крыламі і дрэвам, і людзям, і ўсёй жыўнасці — ад мураша да мядзведзя, — што жыве ў гэтым лесе!
   Адзначыў сваё 500-годдзе і дуб-велікан, што расце ў Шумілінскім раёне. Яго могуць абняць толькі пяць чалавек, узяўшыся за рукі. Ён таксама дзеліцца з людзьмі сваёй энергіяй, лечыць іх.
I гэта праўда, бо біяпалі чалавека і дрэў узаемадзейнічаюць — яны альбо забіраюць, альбо аддаюць энергію.
   Дрэвы, якія сілкуюць нас, падмацоўваюць: дуб, бяроза, сасна, клён. I мы прыціскаемся да іх спінамі і становімся тварам на ўсход.
   Дрэвы, якія забіраюць нашы сілы: асіна, таполя, елка, чаромха. Дрэвы-вампіры звычайна пасяляюцца наадзіноце, і каля іх баяцца сяліцца іншыя лясныя жыхары.
   Кожны чалавек павінен ведаць сваё дрэва, якое можа яго падсілкаваць энергіяй.
   Нашы дрэвы даўгавечней за чалавека— яны ж не п’юць і не кураць і жывуць больш за нас: асіна, рабіна, арэшнік дажываюць да 100 гадоў, таполя — да 200, вольха — да 300, бук — да 700, ліпа і каштан — да 1000, а нашы нізкарослыя прыгажуны ядлоўцы святкуюць нават 2000-гадовыя юбілеі.
   Прыйдзеш у лес і здаецца: такі рай. такое суладдзе пануюць тут! Як усё хораша, дружна і шчасліва!
   Але ж і ў лесе, як у кожным жывым калектыве, ёсць свае радасці і свае засмучэнні. Свае сябры і ворагі. Дрэвы тут дружаць і варагуюць. Яны сумяцца і смяюцца. Злуюцца і радуюцца, ненавідзяць і любяць. Не могуць ужыцца і, наадварот, імкнуцца адно да аднаго. Гэтак жа, як і мы, людзі.
   Да прыкладу, сасна з бярозаю ўжываецца вельмі дрэнна, а з дубам яны найлепшыя суседзі — іх не разліць вадою.
   Сябруюць дуб з клёнам, лістоўніца з елкай, елка з асінай. А каліна, акацыя і бэз прыгнятаюць яблыні ды грушы.
   Словам, і ў лесе, у дрэў, — усё гэтак жа, як і ў людзей у вёсцы ці тым больш у горадзе.
   I ўсё ж мы шанавалі, шануем і мяркуем шанаваць нашы лясы і іхніх жыхароў — дрэвы.
   Калі мы, беларусы, яшчэ былі неандэртальцамі і краманьёнцамі, ды і трохі пазней, мы ўжо прадчувалі экалагічныя катастрофы, і ў нашым светапоглядзе тады былі свае сакральныя забароны: не забрудзь лясную крыніцу, не палі лес. Мы тады самі былі прыродаю і поўнасцю залежалі ад яе.
   Як шкада, што цяпер мы забыліся пра гэта. I ўжо не помнім, што дрэвы — жывыя і што жывуць яны ў сваёй краіне — у лесе.
   А лес жа яшчэ не толькі дрэвы. Гэта ж таксама і птушыныя гнёзды: у дуплах, на голлі, у хмызах, на высокіх травяністых купінах, на голай зямлі, а то і, здараецца, рупліва зладжаныя ці увогуле прычэпленыя проста між дзвюх галінак дзе-небудзь у зацішку... А ў іх яечкі— белыя, шэрыя, блакітныя, у крапінку. Два, чатыры, шэсць штук...
   Гэта ж будучыя птушкі, для якіх наш лес — родная хата.

Похожие статьи:

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Перавернуты

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Як спакайней?

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Клетка

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Лета з мятлушкай

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Заміра