Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Купала - Сын і маці

Сын

 
– Мамка, мамка, нам сягоння

Гаманілі ў школе

Аб якойсьці Беларусі,

Што жыве на волі.

 
Хоць я слухаў вельмі шчыра

(Не люблю іначай),

Ды ніяк не мог уцяміць,

Што ўсё гэта знача.


 
Маці

 
– А вось тое, мае дзеткі,

Глянь-зірні наўкола:

Бачыш гэтыя сялібы,

Хаткі нашых сёлаў;

 
Гэта поле – шнур ля шнура –

Ўзгоркі і лагчынкі,

На узмежку грушу-дзічку,

Крыж каля пуцінкі?

 
Бачыш логі, сенажаці,

А на іх – крыніцы,

Далей – бор зялёны, гонкі,

Што увысь глядзіцца?

 
А там далей, дзе ўжо вока

Дасягнуць не можа,

Тое самае пабачыш, –

А ўсё так прыгожа!

 
Сотні вёсак і мястэчак,

Гарадоў нямала,

Рэк бурлівых, пушч гамонкіх

З неапетай хвалай.

 
Там плывуць Дняпро і Сожа,

Ды Дзвіна і Нёман,

Белавежы, Налібокаў

Там чуваці гоман.

 
Гарады – Мінск, Віцебск, Вільня,

Магілёў, Гародня

І Смаленск з сцяной цаглянай

Разляглі выгодне.

 
Аб вялікай нашай славе

Сведчаць на свет цэлы, –

Як жылі мы, панавалі

Ў родным краі смела.

 
Во ўсё гэта, мае дзеткі,

Ад межаў да межаў

Беларусяю завецца

Й да цябе належа.

 


Сын

 
– А! Ўжо сцяміў! Дык багат я,

Меўшы столькі цудаў:

Гэткім чынам я ніколі

Служкаю не буду.

 
Ну, а йшчэ скажы мне, мамка,

Бо я не разважыў:

Што такое беларусы,

Як настаўнік кажа?

 


Маці

 
– Ах, які ты йшчэ дурненькі,

Каб не скеміць гэта!

Ну, паслухай: усе людзі

Што ад лета ў лета,

 
Ад пакон вякоў жылі тут

І жывуць сягоння,

Носяць світкі, носяць лапці

Ды былі ў прыгоне,

 
Ўсе – і ты, і я, суседзі,

Хто, па-твойму, прусы?

Дык жа ўцям: на Беларусі

Жывуць беларусы!

 
Ды яшчэ, каб лепей ведаў,

Мушу табе ўспомніць:

Беларусы беларускай

Гутаркай гамоняць.

 


Сын

 
– Вось яно што! Праўда, мамка,

Ўжо сабе ўтлумачыў:

Беларус я! Ох, дам пытлю,

Хто скажа іначай.

 
Ну, але яшчэ не ўсё тут

Ясным мне здаецца:

Што такое беларускай

Гутаркай завецца?

 


Маці

 
– Ой, дурненькая варона,

Што з табой чыніці!

Як жа йначай беларусы

Могуць гаманіці?

 
Як жа мы з табой гуторым

Вось у гэту хвілю?

Як жа я пяю над зыбкай

Для малой Марылі?

 
Ды паслухай, як на вёсцы

Кажа дзядзька, цётка;

Як пяюць улетку жнеі

За сваёй работкай;

 
Як бабуля баіць казкі

Аб нядолі-долі;

Як начлежнікі спяваюць

На начлезе ў полі?!

 


Сын

 
– Ну, ўжо знаю, знаю, мамка!

Як у люстры бачу,

Пакажу я ўсяму свету,

Хто я, дый што значу!



1921



Крыніца: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 4. Вершы, пераклады 1915-1929. – Мн.: Маст, літ., 1997. – 446 с.

 

Похожие статьи:

Яўгенія ЯнішчыцЯўгенія Янішчыц - У калыханку сыну

Янка ЗолакЯнка Золак - Ода маці

Янка КупалаЯнка Купала - Сыны

Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў - Бацька і сын

Янка КупалаЯнка Купала - Над калыскай