Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Брыль - Ветэрынар

Увага! Поўны змест

   Нашу Сіўку нешта трывожыла.
   Прыйдзеш у хлеў пасля ночы, дык пад нагамі ў яе кола вытаптана, як каля малатарні, а сама яна пасуслена ўся, пад пахамі мокра, і грыва паплецена ў коскі, ды гэтак хораша, быццам знарок.
   Прабавалі ўсялякай рады. Усіх шаптух абхадзілі. Адна шаптуха параіла ўзяць чырвонай бульбы з белымі вочкамі, якая завецца вар'яткай, надзерці яе на тарку і мазаць Сіўку нанач. Другая параіла, каб апоўначы верхам на Сіўцы аб'ехаць тры разы вакол могільніка. Але нішто не памагло.
   Узлаваўся наш тата.
   — Ну іх,— кажа,— з шаптухамі! Толькі ўсё сала ды крупы звёў. Паеду заўтра на ветэрынара, няхай хлеў агледзіць, што ён скажа, паглядзім.
   — Што ён табе паможа, ветэрынар гэты! — засупярэчыла мама.
   Ды тата сказаў ёй, што "тут ужо няхай твая галава не баліць", — і паехаў.
   Чакалі мы, чакалі. Мама і стол заслала настольнікам, і хату разы два перамяла, і фартух новы падвязала. А ўжо толькі ўвечары — лах-лах калёсы: уз'язджае наш тата на двор. Уваходзіць у хату, а на руках у яго маленькі сівенькі козлік.
   — Вось я вам які я лекі купіў! — кажа тата. Развязаў казлу ножкі і пусціў яго на падлогу.
   У козліка — рожкі і пад мызачкай ледзь-ледзь пачалася бародка.
   — Дык гэта ты — ветэрынар? — скубянуў я яго за бародку.
   А ён — таўхель мяне рогам, і мы ўсе ў рогат: і тата, і мама, і я.
   — Сіўку трывожыць ласіца, — кажа тата, — мне ветэрынар сказаў. Казыча кабылу, каб яна бегала, спацела,а тады пот яе смокча. Ласіца вельмі казінага паху баіцца, адразу не пойдзе. А шаптухі немаведама што раілі. Туманяць вочы, дый толькі.
   — Ну,будзем бачыць, — сказала мама, — што ты з сваім казлом вымудруеш.
   А козлік, мусіць, не ведаючы, што аб ім ідзе гутарка, — скок на лаву, скок на стол, на ложак, а з ложка на печ. Стаў на коміне ды "ме-е-е!". Першы раз такім тонкім, дрыжачым голасам.
   Ах ты, свавольнік!

* * *

   Памясцілі козліка з Сіўкай разам.
   I з таго часу ласіца перастала Сіўку і ганяць, і косы заплятаць у грыве. Толькі козлік пасля ночы стаіць ці ляжыць замучаны, сам не свой, ды толькі тоненька, дробненька: "Ме-е-е!.."
   — О,бедны мой ветэрынар!—жартую я, ды яму не да смеху.
   Пасля ж і яго пакінула ласіца — зусім адчапілася. Спаць прымасціўся ён у Сіўчыным катуху, на сене. Сіўка спачатку пырхала на яго і туліла вушы, а потым прызвычаілася ці, можа, таксама ўцяміла, што ён яе "ветэрынар".
   Паілі козліка малаком з бутэлькі цераз соску. Угледзіць толькі — эх, бяжыць! Укленчыць і смокча, узяўшы соску на язык, толькі хвосцікам падрыгвае. Вельмі ж я любіў падманьвацца з ім гэтай бутэлькай з малаком. Як ён бегае за мной і мекае і тоўхаецца рожкамі ў калені!
   Падрос козлік і вельмі ж развалачыўся. Панадзіўся ў Піліпавы грады і ўсе капусныя высадкі абцерабіў. Ганяе яго цётка Марта і лаецца: "А каб цябе так ды гэтак!"
   А дома ў нас панадзіўся ў каморку, па крупы. Так сабе клямку рогам — раз, дзверы — таўхель, скіне днушка з кубельца і — чаў-чаў-чаў — есць, толькі бародкай трасе. А то хлеб знойдзе, усе боханы паабгрызае. Проста рады няма. "А каб цябе воўк заеў!" — лаецца мама. А ён забяжыць за вугал ды толькі бародку сваю высуне, цікуе. Век жа не будзеш стаяць, нойдзеш, а ён тады зноў — дэб-дэб — ідзе назад.
   А хітры, хітры!
   Збяруцца каля нас мужчыны на вуліцы, гутараць, кураць. А ён — тыц у тое кола са сваёй барадой, стаіць і слухае таксама. Я да яго з надворка ці з акна:
   — Эй, ты, ветэрынар!
   А ён адвернецца — ме-е-е! — і слухае далей.
   — Дайце вы яму, дзядзькі, закурыць! — крычу я, а мужчыны смяюцца.
Нехта зачэпіць яго, дык ён толькі рогам штурхне (не лезь, не перашкаджай) і зноў слухае. Ах ты, барадаты!

* * *

   Тата паехаў да цёткі Марылі і прывёз назад нашага Жука.
   Наша цётка — удава, жыве наводшыбе ад вёскі і вельмі ж баіцца зладзеяў. Прыстала да таты ўвосень, і ён даў ёй Жука на ўсю зіму.
   Вярнуўшыся дахаты, Жук доўга не мог супакоіцца, прызвычаіцца зноў. Ляжыць навязаны, маўчыць, маўчыць, а потым — воў, воў, воў — пачынае выць ад сумных думак.
   Козлік з ім спачатку не сябраваў. Усё валочыцца недзе ці лазіць на двары, таксама сумуе. У нас вароты новыя, заложым падваротню, дык ён і не вылезе ніяк. Падыдзе да Жукавай будкі, брэнкае па ёй рагамі, разбудзіць Жука, узлуе. Той з будкі: "Ррр!"
   Ды так ужо казёл абрыдаў сабаку сваім прыставаннем, што Жук аднойчы не стрываў ды хваць яго з будкі за бараду! Упяўся мой "ветэрынар", аж вочы вылуніў ды дзікім голасам: "Ме-е-е!"
   — Ой, барада, барада! — крычу я, бегучы ад хаты.
   Вызваліў яго ад Жука, а ён мяне за гэта рогам ды пад бок. А пасля разагнаўся, каб стукнуць, ды я схіліўся ўбок.
   Пасля ж яны з Жукам здружыліся так, што аж дзіва. Падыдзе козлік да будкі — брэн, брэн рагамі, а Жук спачатку толькі: "Ррр!" А іютым такі раскатурхаецца, вылезе, панюхаюцца на прывітанне, і пайінлі гайсаць вакол двара! Палётаюць, пацешацца і да сенцаў. Стаяць абодва каля дзвярэй, чакаюць, каб ім чаго далі. "Ветэрынар" дык той проста прэцца ў хату ці ў кухню сам, а Жук толькі хвастом павільвае кожнаму, хто ні выйдзе. Гэты хоць трохі сораму меў: яму скажы, дык паслухае, згорбіцца — і ў будку; прынясеш есці — твая ласка, а не — дык і так будзе спаць. А козлік — ого!
   I вось аднойчы яны раптам зніклі абодва.
   Апаўдні толькі прыбягае Жук адзін.
   Віляе, віляе хвастом, быццам нешта хоча сказаць, ды не можа.
   — Дзе ж ты, нягоднік стары, козліка дзеў? — накінулася мама. — Скавычы вось цяпер, як сабака, адзін. Сорамна, цьфу!.
   I што ж, Жук і праўда стуліўся, прыгорбіўся, быццам ад сораму, і моўчкі палез у будку.

* * *

   Дзень няма козліка, другі няма, цэлы тыдзень няма. Мы ўжо так і падумалі, што ён загінуў назаўсёды.
   Аднак, на другім ужо тыдні, дачуваемся, што наш "ветэрынар" жывы, што ён ажно ў Лядах — трэцяй вёсцы ад нас, па дарозе да цёткі Марылі. Вось ліха — няўжо яны ішлі туды?..
   Я гэта за кіёк і пайшоў у Ляды, кіламетраў з пяць па гасцінцы. Прыйшоў, іду па вёсцы. Хацеў толькі каго-небудзь спытацца, дзе тая Янкава Стэпка жыве, у якой апынуўся козлік, ажно бачу: на нечым двары, у садку, стаіць мой "ветэрынар"! Стаіць пад яблыняй дыбка і ўспінаецца, каб дастаць на галінцы лісток. А вакол яго дзеці.
   — Ветэрынар! — гукнуў я яшчэ ад варот.
   А ён пазнаў, нябось, і бяжыць мне насустрач.
   — А што, паслухаў, схадзілі? У прочкі хацеў уцякаць?
   А ён — штурхель мяне рагамі. Таксама хацеў бы нешта сказаць, ды не можа.
   Выйшла з хаты жанчына, тая самая Янкава Стэпка, ды кажа:
   — Гэта ж явось раненька выйшла на вёску, а ён ляжыць на мастку і ўцякаць не ўцякае. Замарыўся, відаць.Я гэта за рогі яго ды дахаты. А чорны сабака — таксама, мусіць, ваш — за мною: "Ррр!" А я гэта фуртух расперазала ды як махну на яго, дык ён і пабег ад мяне. Доўга круціўся каля нашай хаты, пакульмалыя, каровы гонячы ,не патурылі яго з вёскі. А гэты, вось бачыш, прывык.
   Цётка, дык тая нічога: бяры, кажа, калі ён ваш, але ад малых я ледзь адпрасіўся: прывыклі да казла, не аддаюць. Начапіў я козліку аборачку на рогі і павалок са двара. Мне дахаты спяшацца трэба, а "ветэрынар" — хоць ты яму што хочаш — дрэп-дрэп, дый годзе. Папасу я яго трохі каля прысад і далей. Ужо зусім пад вечар дабрылі мы дахаты.
   Ну ж і ўводзіны былі! Распытваюць мяне, смяюцца. А малых дык цэлая чарада за намі ўчапілася.
   Падвёў я "ветэрынара" да будкі. Вылез Жук, панюхаў козліка, а той рагамі — таўхель яго, а сам адышоўся і лёг.
   — Ну, Лявон, — кажа мне дзядзька Паўлюк, наш сусед,— гэта ж, брат, казка, жывая казка! I трэба ж, ліха ім, надумацца ды згаварыцца!.
   — Ветэрынар! — кажу я козліку.
   А ён толькі павярнуўся.
   — Ну што ж, ідзі раскажы, як вы ў госці хадзілі. Будзем казку пісаць.
   А ён нават не ўстаў.

1942