Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Якуб Колас - Цяжкая доля

   Страшна загневаўся рак і не хоча адпусціцца. Залез у сваю норку, выставіўшы доўгія вусы і шырокія клешчы. Сядзіць, не зварухнецца. Ці скрыўдзіў яго хто так моцна, ці жыць на свеце абрыдла – не ведаю. Толькі ні с кім і гаварыць не хоча рак.
   Падплыла да яго плотачка ды кажа:
   – Рача, рача! Чаго ты так угневаўся? Ці кепска так жыць табе на свеце, што не хочаш ты і пазіраць на Божы свет, вылезці на свежую ваду? Усім не салодка жывецца. Вось хоць, бы і мая доля. Што за доля? Пражыў дзянёк – і дзякуй Богу. Жыві і бойся: то шчупак гоніць цябе, то хітры чалавек не дае табе тхнуць. Куды ні сунься – усюды яго хітрыя прыманкі. Зачэпіш – і будзь здарова рэчачка! – і пайшла расказваць рыбка аб сваёй цяжкай долі.
   А рак усё сядзіць, хмурны, як восень, і, здавалася, не слухаў нават таго, што казала плотка.
   – Чаму ж ты не скажаш, рача, хоць слова? Чаму не хочаш вылезці на свежую, чыстую воданьку?
   – Скарэй памру, а не вылезу. Калі хто знойдзецца такі, каму горш жывецца на свеце, як мне, тагды я вылезу.
   I пачаў горка плакаць рак, скардзіцца на сваю долю. Проста заплакаць можна было, слухаючы ракаву скаргу.
   Занудзілася ўся рэчка, аж вада закаламуцілася, так жаласна гаварыў рак. Усе грамадзяне вады прыйшлі ўцяшаць рака, і кожны хацеў расказаць раку пра сваю цяжкую долю. А рак толькі слухаў ды гаварыў:
   – Не! Мая горшая доля!
   I сядзеў у норцы.
   Ніхто не можа ўцешыць рака.
   Дачулася аб гэтым жыцейка. Шкада яму стала рака і прыйшло яно да рэчкі.
   – Рача, рача! – пачало жыцейка. – Паслухай, якая мая доля. Кінуць мяне ўвосень у сырую зямлю. Пуста укруг у полі, адно толькі я гібею там. Льюць на мяне дажджы і дзень, і ночку, вецер наносіць сухое лісце. Топчуць мяне авечкі, быдла і коні. А прыйдзе халодная зіма, укуе зямлю маразамі, засыпле мяне снягамі. Мерзну я ўсю зіму. Пазябнуць да звання мае зялёныя лісточкі. Настане вясна, зноў па мне топчуцца з нагамі, пячэ мяне сонца, дратуюць зайцы і птушкі. А прыйдзе пара, вырастуць і выспеюць мае зярняткі, прыходзяць ка мне с сярпамі людзі і рэжуць без міласэрдзя, вяжуць у снапы, кладуць на воз, кідаюць у гумны. Б’юць мяне, б’юць цапамі, сушаць на печы, труць каменнямі ў муку. Насыплюць мукі ў дзяжу, месяць мяне, месяць і садзяць у гарачую печ. Адзін толькі і ёсць у маім жыцці прасвет – гэта як вымуць мяне с печы і абальюць халоднаю вадою. Тагды толькі лягчэй мне стане. Дык вось якая мая доля, рача.
   Заварушыў рак вусамі і вылез з нары.


Крыніца: Другое чытанне для дзяцей беларусаў / напісаў Якуб Колас; пераглядзеў і прадмову прыпісаў Л. Сеўрук. – Пецярбурх [Пецярбург]: выдалі суполкі: "Загляне сонца і ў наша аконца" і "Наша хата", 1909 (вокладка 1910). – 110 с.

Похожие статьи:

Якуб КоласКарціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы

Якуб КоласТворчасць Якуба Коласа

Якуб КоласДухоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»

Якуб КоласСлужэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»

Якуб КоласПаэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства