Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Якуб Колас - У грыбах

   Два браты, Алесь і Пятрусь, з каторых аднаму было восем гадоў, а другому дзесяць, папрасілі сваю матку, каб заўтра пабудзіла іх рана-рана, як чуць толькі стане на свет займацца, каб да сонца зайсці ў лес. Хлопцы надумаліся пайсці ў грыбы. Яшчэ з вечара загатавалі яны сабе лапці, кошыкі, замест ножыкаў залезцы – адразаць карэньчыкі баравікам. Нажоў не набярэшся, ды і на лесніка можна налучыцца. Прыгатаваўшы ўсё як мае быць, хлопцы павячэралі і ляглі спаць. Спаць не хацелася. Чорныя баравікі так і стаялі ў іх вачах. А назаўтра, чуць толькі пабляднелі на небе зоркі, хлопцы ўжо выйшлі з дому.
   Да лесу было вярстоў чатыры. Свежы, чысты воздух раніцы запраўляў хлопцаў надбавіць кроку; ім такжа хацелася скарэй зайсці ў лес, ад людзей.
   А слаўна-такі ўстаць да сонца, як прырода толькі што пачне прачыхацца ад кароткага летняга сну, выйсці на прастор і прайсці некалькі вярстоў па расе на чыстым воздусі! Дзень чуць-чуць занімаецца. Над лесам і полем яшчэ ляжыць цемната. Тонкая посцілка белаватага туману ціха ўздымаецца над лугам. Неба на ўсходзе чырванее. Раннія жаваранкі затрапяталі ў небе крыльцамі, і льецца іх вясёленькая песня. Тым часам хлопцы вайшлі ў лес. Верхавіны высокіх хвой ужо залаціліся першымі лучамі сонца, ціха стаялі, не варушыліся. Недзе высока над імі ці на іх верхавінах звінелі мошкі, і здавалася, што лес маліўся Богу ў ціхі час раніцы. Птушкі шчабечуць на ўсе лады. Спявае дрозд, пераклікаюцца сойкі, крычыць жаўна, стукае дзяцел па дрэве сваім крэпкім дзюбам. Далёка-далёка, у гушчары яловага лесу, варкуе (брукуе) галуб.
   Па дарозе нашым хлопцам пападаліся ўсякія грыбы: казлякі, асавікі, лісіцы, сыраежкі і другія. Але хлапцы не глядзелі на іх: іх цягнулі баравікі, або добрыя грыбы, як іх называюць. Вось хлапцы прыйшлі ў палянкі, малады хваёвы лес, дзе летам бывае так многа грыбоў. У лесе яшчэ нікога не было, і хлапцы былі рады, што яны прыйшлі першыя. Перад тым як разысціся, яны абрадзілі ўсё: куды ісці, не гукаць моцна, каб не пачуў іх ляснік, а толькі ціхенька свістаць і старацца не спускаць адзін аднаго з вачэй. Але ўсё гэта забылася, як толькі сталі хлопцам пападацца баравікі. Вясёлы крык у іх сам вырываўся. «Пятрусь! Вось хіба слаўнага найшоў баравіка!» Пятрусь бег да Алеся, і баравіка клалі ў кош. Потым баравікі сталі пападацца цэлымі кучамі. Сядзіць адзін, як капыт, пасярэдзіне, а вакруг яго штук дзесяць малых. Іншыя зусім былі ў зямлі, накрытыя пясочкам і калюшкамі, і толькі чуць-чуць значныя горкі зямлі, каторыя ўздымаў маленькі баравічок, давалі знаць, што там – грыбы. Часам каторы-небудзь з хлапцоў наўперад знаходзіў маленькага баравічка і толькі як ставіў на зямлю кош, каб узяць яго, тады ўглядаў другога, большага. Хлапцы смяяліся і бралі наўперад «бацьку», як называлі яны самага большага баравіка, потым меншых.
   Яшчэ сонца было нізка, чуць толькі ўспела падняцца над лесам, а ў хлапцоў ужо былі поўныя кошы баравікоў.
   – Бачыш ты іх, – казалі жонкі, – якія малыя, а колькі набралі грыбоў!
   Добра было хлапцам слухаць такія рэчы, і яны, вясёлыя і шчаслівыя, паняслі дадому грыбы.

1906-1907

 

Похожие статьи:

Якуб КоласДухоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»

Якуб КоласТворчасць Якуба Коласа

Якуб КоласПаэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства

Якуб КоласКарціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы

Якуб КоласСлужэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»