Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Якуб Колас - Доля батрачкі

Маці ў службу выпраўляе
Родную дзяціну,
Выпраўляючы, хавае
Горкую слязіну.
 
– Будзь паслушная, дачушка, –
Навучае матка,
– Дагаджай чужым ты, служка,
Ды цярпі, дзіцятка!
 
Не адзін раз твае вочкі
Заплывуць слязою.
Твая доля цямней ночкі –
Цяжка быць слугою!
 
Бо не ўважыць чужаніца
Ручак тваіх белых,
Поту выльецца крыніца
З шчочак загарэлых.
 
Ўстанеш летам раней зоркі,
Пойдзеш перша ў поле...
Ох, дачушка, хлеб твой горкі,
Горка твая доля!
 
Маці дочку разважае,
Сябе цешыць стара,
Жаль да сэрца падступае,
Як чорная хмара.
 
Вось дзяўчына ўжо гатова,
Пакідае хатку.
– Ну, матулька, будзь здарова!
І цалуе матку.
 
– Ну, бывай!.. – І не ўтрывала
Бедная матуля.
Жаль слязамі ёй прарвала,
Твар да дочкі туліць.
 
Выйшла маці ўслед за ёю,
Стала ля парогу
І, падпёршы твар рукою,
Зорыць на дарогу,
 
На дарогу-пуцявіну –
Там яе Гануля, –
Ды за слёзкаю слязіну
Роніць-лье матуля.
 
Доўга матка так глядзела,
Дочку праважала,
Покі хустка яе бела
З вочак не прапала.
 
1908

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыСустрэча з маці

Янка ЗолакЯнка Золак - Ода маці

Пераказы, дыктантыІ надыходзіць дзень

Пераказы, дыктантыНа скрыжаванні

Пераказы, дыктантыДа маці