Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Эдуард Акулін - Шлях да Радзімы

акрапаэма

Светлай памяці
Максіма Багдановіча


І

Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі,
Задоўга да народзінаў падання,
Народ, каб выжыць, не спыняў бадзяння, —
Гады наўслед барханамі плылі.
У іх пясках расталі міражамі
Усе, хто да ідэі не дарос,
Хто наракаць прывык на лёс—
Паўсталі ля аазісаў крыжамі...
I толькі смелыя не запынялі рух,
Таму што вера ім гаіла Дух.
Праз сотні год пакутаў і блукання
Ім давялося ісціну спазнаць—
Род немагчыма вынішчыць дазвання,
Што мову продкаў здолеў захаваць.
 

ІІ

Над хвалямі сінеючага Ніла
Мая душа пакутвала ў суцьмені.
Змяніліся кагорты пакаленняў,
А веліч пірамідаў зноў дзівіла,
I мімаволі думкі варушыла
Аб людзях тых, што гэтае стварылі.
Даўно на плітах іх сляды астылі,
I пыл стагоддзяў іх зацерушыў.
Маўкліва сфінкс задумаўся аб нечым...
У зрэнках скамянелых дрэмле вечнасць.
Краса і сіла злітыя ў адно?..
Прыступкі для раптоўнага знікнення?..
Таго ў вачах нашчадкаў не відно,
Хто перад лёсам кленчыў на каленях.
 

ІІІ

Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла,
Там, дзе калісьці працвітаў народ,
Што вечнасці раку хацеў уброд
Пераадолець— сілы не хапіла.
Ён бедным быў на дабрыню,
Каханне, літасць, гнеў і ласку,
Затое моцна верыў казцы
Пра ідэалаў вышыню....
I памяць загубіў ён, нібы звер.
Што з тым народам сталася цяпер?
Галіны адракліся каранёў,
Наіўна парадніўшыся з лістотай...
Гнеў боскі— д'яблавы праклён,
Не пакарай сляпы народ мой!
 

ІV

У гаршку насення жменю там знайшлі
Два гурганы, і бойка пачалася...
I ў час той кожны з іх здаваўся
Сабе гаспадаром тае зямлі.
Вось глюга трэснула ў аднога,
3 другога пер'е абляцела.
Аднак мірыцца не хацелі,
Нат кіпцюры рвучы з жывога.
Хто першы выйграе двубой—
Той для гісторыі— герой.
А зерне што— яно стаяла
На паўшляху да араллі...
А навакол вясна буяла,
Зачаццем мроілі палі.
 

V

Хоць зернейкі засохшымі былі,
На першы погляд скамянелі,
Ды душы праведныя мелі,
А ў сэрцах— промні цеплыні.
Братазабойства не хацелі,
Сябе дазволілі дзяліць.
Каб бой смяротны супыніць,
У нівы розныя ляцелі...
Там прарасталі для другіх,
Кармілі, радавалі іх.
А Край радзімы стаў пустэчай,
А Край у роспачы канаў,
Ды не прыняў акцэнту Рэчы
I окаць голасна не стаў.
 

Усё ж такі жыццёвая іх сіла
Вяла туды, дзе думкамі луналі,
Дзе іх аднойчы рукі адкапалі...
— Ізноўку ў цемру, назаўжды ў магілу?
Іх галасы гугнявыя пыталі.
Каб супыніць адвечны рух,
На скразняках выветрывалі дух,
Але дашчэнту памяць не забралі.
Тады народ лічы аблудным,
Калі народзіцца Іуда.
I стане спрытна, бы штукар,
I метадычна год за годам
Чужынцам прадаваць тавар—
За медны грош— душу Народа.
 

VII

Збудзілася і буйна ўскаласіла
Спачатку думка, справа— потым.
I сонца гнеўна на куродым
Наўспрах палеткі спапяліла,
Як касінераў грамада
Няшчадна ворагаў касіла...
Ото народ— калі ёсць сіла...
Калі няма— тады бяда.
I блізкі дзень жаданы, судны,
Але жывы хадзіў Іуда...
Лукішкі. Пляц. Сіло і Воля. —
Бывай здароў, мужыцкі люд!
Я не дажыў да лепшай долі,
Нашчадкі вынесуць прысуд.
 

VІІІ

Парой вясенняй збожжа на раллі
Ізноў чужыя грэлі рукі,
Ізноў каханне з-пад прынукі,
Ізноў самотныя палі.
I цені чорныя над пожняй
Ад крылаў чорных груганоў.
I гронка полацкіх званоў
Без языкоў— душой парожніх.
Ды ўжо з глыбінь зямных, памалу
Цягнуўся парастак— Купала.
Слабенькі, кволы, малады
Пераадольваў глыбы друзу...
Мігцелі знічкамі гады.
Блукалі ў цемры Беларусы.
 

IX

Вось сімвал твой, забыты краю родны—
На ўзмежку жытнім сіні васілёк.
Чаму ж ён да сябе здалёк
Паэта вабіў, ад усіх гаротней...
Якая сіла ў ім, якія чары ?
На выгляд— дык звычайная былінка.
Ды ў той былінцы— сэрца палавінка
I аб Радзіме вольнай мары.
Зірні на слуцкія пасы...
Адкуль у іх бязмеж красы?
Рука нярушная на кроснах.
Узор разрэзаў шэры змрок.
Такі звычайны і дзівосны
Радзімы сімвал— васілёк.
 

Х

Зварушаны нарэшце дух народны...
Ён як вясновы крыгаход,
Свой пачынаючы паход,
Спярша павольны і лагодны.
Ды нарастае пакрысе,
Аж покуль гром неверагодны
У дзень маёвы і пагодны
Мастоў стальных не затрасе.
Нібы запалкі, трэснуць палі,
I панясе ён гнеў свой далей.
Нарэшце выйдзе з берагоў,
Апошні раз у вал саб'ецца...
А там памкне разліў яго
Туды, куды ён сам імкнецца.
 

XI

Я верую, бясплодна не засне
Ні зерне ў глебе, ні ў народзе слова.
Ад зерня— колас, а ад слова— мова
Народзіцца аднойчы, калі грэць
Ля сэрца самага жаданую надзею
Не на чужынца-дабрадзея,
А на сябе, самому спалымнець.
Згарэць наўспрах, аддаўшы цеплыню,
Світаннем ненароджанаму дню.
Табе не жаць, але здалей пасеяць.
Калоссе пад сярпамі зазвініць...
Жніво ў разгары. Ветах. Караткевіч.
У небе зорка зыркая гарыць.
 

ХІІ

А ўперад рынецца, маўляў, крыніца,
Калі рачулкі разам аб'яднаць,
I рэчышча нанова пракапаць.
Чысцейшай зробіцца тады вадзіца,
I рыбы будзе процьма, і лугоў,
Лягчэй намнога стане касавіца...
Шкада, ёсць верагоднасць памыліцца, —
I рэчку не заўважыш з берагоў.
I перасохнуць, назаўжды прычым,
I словы мовы, і крынічныя ключы.
Зямля палеская зажурана маўчыць,
Спавітая ў жалобныя туманы,
А гнюс сваё— усё крычыць,
I крык той— соль на сэрца раны.
 

XIII

Каторая магутна, гучна мкне—
Не самая галоўная дарога.
Яна прыводзіць часта да знямогі
Ці да святла, але ў чужым акне.
А. іншы шлях забыты, непыхлівы,
А пойдзеш— і згадаеш, што знаёмы
I гэтыя ваконныя праёмы,
I позірк недаверліва-шчаслівы.
Здзіўлення перасіліўшы наіў,
Сябе ў наступніку пазнаеш ты сваім.
Завершан круг, ды не закончан рух,
I там, дзе мы знікаем для Сусвету,
Аднойчы нараджаецца наш Дух
У вершах найгаротнага з паэтаў.
 

ХІV

Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца,
Нібыта зноў прыйшоўшы з небыцця,
Народжаны, прыкуты да жыцця,
Быццам да вобаду у коле спіца.
I колькі жыць яму— круціцца,
I доўжыць распачаты некім шлях,
Мінаць лаўжы, стаіўшы страх,
I лёсам пакручастым ганарыцца.
Які адкрыў нязведаныя сховы:
Зямлю бацькоў, зярняты роднай мовы.
Што падказаў той шлях адзіны,
Які змагчы— не поле перайсці...
Той шлях вяртання да Радзімы
Дай сілы, лёс, усім дайсці!

 

Похожие статьи:

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Радзіма

Алесь БачылаАлесь Бачыла - Радзіма мая дарагая...

Янка КупалаТэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы

Пераказы, дыктантыСкарбы нашай Радзімы

Пераказы, дыктантыГанарымся Бацькаўшчынай