Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Францішака Аляхновіча

   Па многіх прычынах, але найперш па ідэалагічнай, літаратурны працэс яшчэ і сёння прадстаўлены чытачам не ў поўным аб’ёме. Нібы баючыся вяртання ранейшых часоў, мы і сёння яшчэ нясмела бяромся за адкрыццё той ці іншай яго старонкі, чакаем, што скажуць іншыя, калі гэтая старонка стане састаўной часткай акадэмічнай гісторыі літаратуры. Так здарылася і з творчасцю Францішка Аляхновіча.
   Нарадзіўся Францішак Аляхновіч 9 сакавіка 1883 г. у Вільні. Бацька будучага драматурга іграў на скрыпцы ў аркестрах розных віленскіх тэатраў. Невядома, калі ўпершыню ён узяў з сабою Францішка на спектакль, але несумненна адно – з часам наведванні тэатра зрабіліся сталымі, а ў юнацтве Ф. Аляхновіч быў ужо адданы прыхільнік Мельпамены, добра знаёмы як з мясцовым сцэнічным рэпертуарам, так і з жыццём куліс. Ён паступае ў Варшаўскую тэатральную школу, якую заканчвае ў 1903 г.
   Не засталося сведчанняў, калі і дзе адбыўся артыстычны дэбют Ф. Аляхновіча. Ёсць звесткі, што з адною з польскіх труп ён доўгі час вандраваў па правінцыі і толькі ў 1910 г. апынуўся зноў на радзіме. Пачынаецца журналісцкая кар’ера Ф. Аляхновіча, спачатку ён працуе рэпарцёрам у віленскіх газетах, а потым выдае гумарыстычны часопіс на польскай мове "Перкунас". Тады і адбываецца збліжэнне пісьменніка з многімі дзеячамі беларускага руху, і ён распачынае сваю дзейнасць на ніве беларушчыны.
   У канцы студзеня 1910 г. невялічкі гурток моладзі вырашыў паставіць беларускі спектакль на вечарыне, якая ладзілася ў зале так званага Жалезнадарожніцкага клуба. Для спектакля выбралі перакладзеную з украінскай мовы на беларускую аднаактавую п’есу М. Крапіўніцкага "Па рэвізіі". Рэжысіраваў яе Ф. Аляхновіч, ён жа быў выканаўцам адной з роляў камедыі. Так адбыўся першы легальны спектакль на беларускай мове, а дзень 12 лютага з той пары стаў успрымацца беларускімі адраджэнцамі як дзень стварэння прафесійнага нацыянальнага тэатра. Сапраўды, пасля гэтай вечарыны арганізаваўся тэатр Ігната Буйніцкага. Узнікаюць цяжкасці. За адзін з артыкулаў у "Перкунасе" Ф. Аляхновіч быў прыцягнуты да судовай адказнасці ў "зневажанні сіл нябесных" і ў "імкненні скінуць існуючую ўладу". Атрымаўшы позву ў суд, Ф. Аляхновіч туды не з’яўляецца, а ўцякае ў Галіччыну, дзе ў Львове і Кракаве пад псеўданімам Юрый Монвід, якім будзе пазней падпісваць свае творы, іграе ў розных польскіх тэатрах.
   Разлічваючы на абвешчаную ў сувязі з трохсотгоддзем дома Раманавых амністыю, ён вяртаецца ў 1913 г. на радзіму, але пазбегнуць судовай адказнасці не ўдаецца. У астрозе Ф. Аляхновіч і пачынае пісаць свой першы сцэнічны твор – камедыю "На Антокалі", спачатку па-польску, а пасля турмы, у 1915 г., перарабляе яе і перакладае на беларускую мову. "На Антокалі" належыць да жанру бытавой камедыі з вадэвільна-аперэтачным ухілам. Названая п’еса яшчэ не ўзнімае вострых сацыяльных праблем. Яна ўтрымлівае дакладную скіраванасць на асуджэнне чалавечых слабасцей і заган.
   "На Антокалі" – трохактавая камедыя з жыцця жыхароў прадмесця Вільні Антокаля. З ёю ў творчасць Ф. Аляхновіча ўваходзіць вялікая тэма – тэма мяшчанства, што, зразумела, было невыпадковым. Драматург добра ўсведамляў: нішто так не асвяжыць тэматычную аднастайнасць беларускага тэатра з дамінуючай дагэтуль сельскай тэматыкай, як камедыя з мяшчанскага жыцця. І ён не памыліўся. Твор пастаянна дапрацоўваўся: уводзіліся новыя цікавыя камедыйныя сітуацыі і персанажы-тыпы. Вызначэнне жанру гэтай п’есы як камедыі аказалася ўмоўным. У апошняй рэдакцыі (1942 г.) драматург не даў наконт гэтага ніякіх тлумачэнняў, а ў дзвюх папярэдніх (1915 і 1940 гг.) абмежаваўся чыста сцэнічным паняццем – "п’еса са скокамі і танцамі". Вызначэнне выразных адзнак яе жанру, сапраўды, справа не простая. На сюжэтна-кампазіцыйны план "На Антокалі", асабліва апошняга варыянта, аказалі ўплыў самыя розныя віды сцэнічнага мастацтва: опера, аперэта, балет. Аб гэтым сведчаць уведзеныя ў твор сімвалічныя фігуры, якія выконвалі танец мяшкоў з грашыма, мімічныя і нямыя сцэны (напрыклад, пантаміма, якая ўвасабляла іерархію будучых адносін у мяшчанскай сям’і), а ў фінале з’яўляўся памочнік рэжысёра з куплетамі.
   Адлюстроўваючы вобразы мяшчанскага асяроддзя (Вінцэнта і Міхаліну Сліжукоў, іх дачку Зоську, паштовага служачага Радзівіловіча і некаторых іншых), драматург выкрывае тыя жыццёвыя фетышы, якім яны пакланяюцца, якія засланяюць і скажаюць іхнія ўяўленні аб сапраўдных чалавечых каштоўнасцях. Такім галоўным фетышам, які пануе над імі, стала жыццё матэрыяльнае з яго квінтэсенцыяй – грашыма. Дзеля грошай прыгажуня Зоська кідае свайго каханага Юзюка і збіраецца выйсці за Радзівіловіча, які быццам павінен атрымаць з Амерыкі вялікую спадчыну. Ідэямі выгаднай жаніцьбы пранікаюцца і бацькі Зоські. Ім зайздросцяць суседзі і знаёмыя – тое ж абывацельскае, бескультурнае асяроддзе, якое вакол іх. Каханне тут таксама арэчаўленае і прыземленае. Аднак Ф. Аляхновіч ніколі не дасягаў тыпізацыі вобраза за кошт сумы знешніх прыкмет. Прынцып жыцця жывога, "плыннасці" вобраза захоўваўся ў кожнай п’есе драматурга. Таму вобразы мяшчан у яго нясуць у сабе патэнцыю ачалавечвання. Юзюк і Зоська зноў разам, не застаецца адзінокім і Ігнат Радзівіловіч...
   Упершыню камедыя "На Антокалі" пабачыла свет на старонках віленскай газеты "Гоман", і гэтая падзея мела свае пэўныя акалічнасці. У Вільні немцы мелі ўстанову друку "Прэсенштэлле", якая выдавала дзве нямецкія газеты. У іх падаваліся матэрыялы з гісторыі, этнаграфіі і геаграфіі акупіраваных земляў, таму супрацоўнікі гэтых газет часта звярталіся да І. Луцкевіча як да знаўцы краю па парады. Праз гэтыя знаёмствы ён і дабіўся таго, што "Прэсенштэлле" згадзілася на выданне беларускай газеты і пакрыццё выдаткаў на паперу і друк. Так з’явіўся "Гоман". Выходзіў ён два разы на тыдзень – спачатку кірыліцай, а потым і лацінкай. Адказным рэдактарам за "лацінскія" нумары "Гомана" стаў Ф. Аляхновіч. Апрача таго, ён разам з В. Ластоўскім вёў літаратурны аддзел газеты і апрацоўваў для яе мясцовую хроніку. Пры такіх абставінах і пабачыла свет п’еса "На Антокалі".
   Наступная камедыя, якая працягвала традыцыю выкрыцця мяшчанскага ладу жыцця, з’явілася ў 1922 г. і была названа аўтарам "Шчаслівы муж". Як і большасць п’ес Ф. Аляхновіча, чатырохактоўка "Шчаслівы муж" адпавядала ўсім патрабаванням сцэнічнасці: у ёй былі добра выпісаны вобразы, па-майстэрску пабудавана інтрыга, прадуманы слоўныя "партыі". Але тагачасная віленская прэса сустрэла камедыю без адабрэння – не задавальняла ўстаноўка драматурга на пацяшальнасць. П’есу абвясцілі безыдэйнай. У сапраўднасці твор не быў безыдэйным, аднак у ім – так яно і ёсць – нельга знайсці рэзка падкрэсленага сацыяльнага ці філасофскага зместу. Як сапраўдны мастак, Ф. Аляхновіч не быў прыхільнікам бязмэтавага і пустога смеху. У яго камедыях катэгорыі смешнага маюць эстэтычную прывабнасць. У такім выпадку смех успрымаўся не проста як выскалянне, а быў "эмацыянальна насычанай формай крытыкі" (Бораў Ю.). Сюжэтную лінію складае гісторыя пра падманутага мужа, якая набывае відавочна анекдатычны характар. Як і ў "На Антокалі", драматург раскрывае праблему кахання ў мяшчанскім асяроддзі. Драматург уводзіць у сюжэтна-кампазіцыйны план твора шэраг сцэн, характэрных для камедыі фарса. Гэта сцэны з біццём і хаваннем: у іх распачаты Мацальскім розыгрыш бумерангам варочаецца да "графа". Даводзіцца зноў ілгаць, уваходзіць у чужую ролю, але ўжо не па сваёй ахвоце. Фартуна паварочваецца да Ільдэнфонса спіной.
   Віленскі перыяд тэатральнай дзейнасці 1916-1918 гг. быў для Ф. Аляхновіча вельмі плённым. Ужо як рэжысёр ён набірае артыстаў-аматараў у драматычны гурток і 15 кастрычніка 1916 г. ставіць першы, пасля доўгага ваеннага перапынку, спектакль на беларускай мове. Ігралі "Хама" – пераробку аповесці Э. Ажэшкі. З гэтага часу спектаклі драматычнага гуртка становяцца рэгулярнымі, і аб ім пачынаюць гаварыць, як аб тэатры Ф. Аляхновіча. У 1916-1917 гг. выходзяць драматычныя творы Ф. Аляхновіча – "На вёсцы", "Бутрым Няміра", "Манька", "У лясным гушчары", "Калісь".
   П’еса "На вёсцы" – сцэнічны абразок у двух актах аб каханні вясковага хлопца да дзяўчыны, якая пераняла на службе ў паноў іх звычкі і таму ганьбіла ўсё "мужыцкае". Са сцэнічнага боку гэты твор быў напісаны добра, але ў ім яўна адчувалася дакучлівае маралізатарства, ідэалізацыя вясковага жыцця – асаблівасці і матывы, якія не атрымалі працягу і развіцця ў пазнейшай творчасці драматурга – тонка псіхалагічнай і інтэлектуальнай.
   Сёння можна гаварыць пра мастацкую значнасць п’есы "Бутрым Няміра" – адной з лепшых п’ес у спадчыне пісьменніка. Галоўны герой баярын Бутрым Няміра – увасабленне жорсткасці і бесчалавечнасці. Змушаны каяцца, прасіць даравання ў духаў ахвяр, якіх ён некалі загубіў, Бутрым Няміра ўсё ж не здолеў да канца выкарыстаць свой апошні на зямлі шанц і скарыцца перад сваімі ахвярамі. Цэнтральны вобраз абмаляваны буйнымі мазкамі, створаны моцны і маштабны характар.
   Няма сумнення, што акупацыйны рэжым стрымліваў творчы патэнцыял Ф. Аляхновіча. Свае надзеі на будучыню драматург і рэжысёр звязвае з Мінскам, дзе ў гэты час ужо працаваў Беларускі дзяржаўны тэатр, рэарганізаваны з закладзенага ў маі 1917 г. Таварыства беларускай драмы і камедыі. Туды, праз лінію фронту, і накіроўваецца ў чэрвені 1918 г. Ф. Аляхновіч. Яго з’яўленне ў складзе Беларускага дзяржаўнага тэатра значна ажывіла яго сцэнічную дзейнасць. У гэты час у драматурга выспявае рашэнне – падацца ў Мінск, пашукаць там сваё шчасце. Для сваёй першай пастаноўкі ў Мінску Ф. Аляхновіч абраў гістарычную драму "Бутрым Няміра", якая ўжо ішла ў Вільні і атрымала самыя лепшыя водгукі. Пра тое, што новы артыст, рэжысёр і драматург адразу заявіў аб сваім таленце, сведчыць і факт падзелу тэатра на дзве трупы. Частка артыстаў на чале з Ф. Ждановічам захавала за сабой былую назву – Беларускага дзяржаўнага, астатнія пачалі працаваць пад кіраўніцтвам Ф. Аляхновіча і сталі называцца Беларускім нацыянальным тэатрам. З гэтым тэатрам ён ставіць у 1918 г. дзве прэм’еры па новых сваіх п’есах: камедыі "Чорт і баба" (1918) і трохактавай драме "Страхі жыцця" (1918), якая сведчыла аб звароце драматурга да новай для яго тэмы – тэмы інтэлігенцыі.
   З драматычных твораў Ф. Аляхновіча вызначаецца камедыя "Пан міністар". Галоўны герой Філімон Пупкін, акрэслены сатырычнымі шляхамі, мае многа агульнага з галоўным персанажам Мікітам Зносакам з "Тутэйшых" Янкі Купалы. "Пан міністар" Ф. Аляхновіча і "Тутэйшыя" Янкі Купалы былі напісаны ў 1922 г. і неўзабаве былі апублікаваны. Філімон Пупкін хапаецца за беларускасць, хоча заняць пасаду міністра фінансаў, каб мець з гэтага выгаду. Зрэшты, ніякі ён не міністар, а не вельмі адукаваны прэтэндэнт на пасаду міністра фінансаў у беларускім урадзе часоў грамадзянскай вайны. Маючы немалыя грошы, ён плануе, займеўшы гэтую пасаду, памножыць іх. Ёсць у яго, старога ўжо чалавека, яшчэ адзін меркантыльны клопат: ажаніцца з маладзенькай сірацінай Любай. Міністэрскі партфель і тут павінен адыграць сваю ролю. Пацярпеўшы крах, герой Ф. Аляхновіча адракаецца ад сваёй беларускасці. У камедыі грунтоўна распрацаваны побытавы пласт. Добра арганізаваны падзейны рад. Твор атрымаўся адным з лепшых у камедыяграфіі пісьменніка.
   На працягу 1918-1920 гг. Ф. Аляхновіч стварае тры драмы, аб’ектам паказу ў якіх стала сям’я гарадскога інтэлігента: "Страхі жыцця", "Цені", "Няскончаная драма". Гэты цыкл п’ес – самая каштоўная частка драматургічнай спадчыны пісьменніка, у той жа час варта адзначыць, што як мастацкая з’ява адзначаныя творы складаныя і шмат у чым супярэчлівыя. Уласныя памкненні і душэўны парыў Ф. Аляхновіч выказаў у самай аўтабіяграфічнай п’есе "Няскончаная драма". П’еса адкрывае адраджэнскі матыў у творчасці Ф. Аляхновіча. Падзеі драмы адбываюцца ў Вільні, падчас яе акупацыі Германіяй. З усімі падрабязнасцямі побыту абмаляваны ўмовы існавання персанажаў. Драма заснавана не на знешніх падзеях, а на ўнутраным драматызме, на глыбокай псіхалагічнай напоўненасці. Стрыжнявой у творы з’яўляецца сцэна галоўнага героя Васіля з былым сябрам Костусем, калі сутыкнуліся два погляды на беларускую ідэю, супрацьлеглыя да яе падыходы і стаўленне. У вышэй названым цыкле сінтэзаваліся многія літаратурныя традыцыі і тэндэнцыі эпохі, праявілася тая неардынарнасць мастацкай думкі, якая не дазваляе падвесці пад п’есы аб інтэлігенцыі якую-небудзь адназначную характарыстыку. Але калі няма ніякай лаканічнай формулы, што акрэсліла б стыль і метад Ф. Аляхновіча ў дачыненні да "Страхаў жыцця", "Ценяў", "Няскончанай драмы", то асобныя моманты яго творчых пошукаў прасачыць магчыма.
   Вылучыць "новую драму" з агульнага рэчышча драматургіі той пары – справа не простая. Ідэйна-эстэтычныя погляды яе прадстаўнікоў, у асноўным прыхільнікаў натуралізму ці сімвалізму, выяўлялі немалыя супярэчнасці. Аднак непадабенства мастацкіх платформ зусім не адмаўляе іх пэўнага межавання. Галоўнае, што ўсю "новую драму", хоць і з некаторымі адхіленнямі, аб’ядноўвае адна і тая ж паэтыка. Яе агульныя асаблівасці і дазваляюць прылічыць некаторыя п’есы Ф. Аляхновіча да названага літаратурнага накірунку, а таксама казаць аб характэрных для творчай манеры драматурга навацыях.
   Сваімі п’есамі аб гарадской інтэлігенцыі Ф. Аляхновіч закранаў матэрыял, практычна не распрацаваны ў тагачаснай беларускай літаратуры, хоць вобраз інтэлігента, асабліва ў драматургіі, ужо быў у ёй выразна вымаляваны (Якім Сарока ў "Паўлінцы" Я. Купалы, Кастусь Дораш у "Не розумам сцяміў, а сэрцам" К. Вясёлага, Раман у "Сягонняшніх і даўнейшых" К. Буйло, "Антон" М. Гарэцкага, Студэнтка ў "Бязвіннай крыві" У. Галубка і інш.). Але гэтыя вобразы інтэлігентаў істотна адрозніваліся ад вобразаў Ф. Аляхновіча. Вобразы інтэлігентаў у папярэднікаў Ф. Аляхновіча з’яўляліся выхадцамі з сяла і, нягледзячы на рознае паходжанне і выхаванне, былі прасякнуты яго трывогамі і клопатамі. Але з гэтага зусім не вынікае, што беларуская літаратура паказала інтэлігента выключна як ідэолага. Жыццё параджае непазбежную дыферэнцыяцыю. І калі адна частка інтэлігенцыі далучалася да ідэі нацыянальнага адраджэння, іграла прыкметную ролю ў палітычных бітвах, то другая, асабліва з узростам, адыходзіла ад усялякіх ідэйных хваляванняў і канцэнтравала ўвагу толькі на ўласных інтарэсах.
   Творчасць Ф. Аляхновіча засведчыла пераемнасць паміж пачаткам ХХ ст., які ўвайшоў у гісторыю пад назвай "нашаніўскага перыяду", і пазнейшым часам, зрушаным паслякастрычніцкамі поглядамі. Нацыянальная ідэя адразу ж становіцца цэнтральнай у творах драматурга, што датуюцца 1918-1924 гг.
   Восенню 1926 г. у Мінску адбывалася акадэмічная канферэнцыя па праблемах беларускага правапісу і алфавіту. Драматурга сустрэлі вельмі цёпла, як слыннага дзеяча культуры ў Беларускім дзяржаўным тэатры, на спектаклі якога ён наведваўся. У 1927 г. яго арыштавалі, асудзілі на 10 гадоў і саслалі ў Салаўкі. Я. Купала, Я. Колас, М. Гарэцкі, У. Галубок звярнуліся з хадайніцтвам аб памілаванні Ф. Аляхновіча. У 1933 г. драматурга Ф. Аляхновіча савецкія ўлады абмянялі на вядомага навукоўцу, мовазнаўцу Б. Тарашкевіча. У Вільні Ф. Аляхновіч пачаў пісаць успаміны, з якіх і склалася дакументальная аповесць "У капцюрох ГПУ". Гэты твор распавядае, што перажыў аўтар, пачынаючы з падрыхтоўкі да прыезду ў Мінск у 1926 г. і да таго часу, калі ў 1933 г. пакінуў межы Савецкага Саюза. Аповесць уражвае сваёй жахлівай праўдай: яна была першым творам у сусветнай літаратуры на "гулагаўскую" тэму. Была выдадзена ў Заходняй Еўропе і ў Амерыцы на сямі мовах вялікімі тыражамі, а ў Савецкай Беларусі твор застаўся невядомым, больш правільна недаступным для чытача.
   У час Вялікай Айчыннай вайны Ф. Аляхновіч піша ўспаміны, завяршае новую п’есу "Круці не круці – трэба памярці". Галоўная праблема п’есы – жыццё і смерць – вырашаецца ў філасофскім плане. Па сутнасці, гэта сцэнічны гратэск. П’еса стала апошняй у мастацкай спадчыне драматурга.
   На старонках манаграфіі "Беларускі тэатр", прысвечаных аналізу тагачаснага становішча тэатра, Ф. Аляхновіч выказаў надзею, што і беларускі акцёр дачакаецца "сваіх Ібсенаў, Гаўптманаў, Андрэевых, Пшыбышэўскіх".
   "Беларускі тэатр" – першае даследаванне нацыянальных тэатральных традыцый, нарыс гісторыі беларускага тэатра ад яго пачатковых форм да моманту поўнай прафесіяналізацыі – узнікнення Беларускага дзяржаўнага тэатра. У манаграфіі Ф. Аляхновіча лаканічна выкладзены праблемна-навуковы аналіз генезісу і паэтыкі нацыянальнага тэатральнага мастацтва. Аўтар паслядоўна аналізуе фальклорныя вытокі беларускага тэатральнага мастацтва, асэнсоўвае здабыткі батлейкі і школьнай драмы з яе інтэрмедыямі. Кніга ўводзіць у гісторыю нацыянальнай сцэны не толькі забытыя факты, з’явы, падзеі, але і імя самога яе аўтара як акцёра, рэжысёра, драматурга, арганізатара тэатральнай сцэны і як тэатразнаўца, уносіць шмат новага ў разуменне тэатральных і агульнакультурных працэсаў Беларусі.
   Абсяг творчасці Францішка Аляхновіча быў надзвычай шырокі: ён займаўся драматургіяй, паэзіяй, прозай, публіцыстыкай, тэатразнаўствам, выступаў як рэжысёр і акцёр, вёў культурна-асветніцкую і грамадскую работу. Вяртанне твораў Ф. Аляхновіча пачалося напрыканцы ХХ ст. Аднатомнік выбраных твораў выходзіць у серыі "Беларускі кнігазбор" толькі ў 2005 годзе. Тым самым чытач атрымаў магчымасць у шырокім аб’ёме пазнаёміцца з паэзіяй, прозай, публіцыстыкай, драматургіяй слыннага пісьменніка.

Крыніца: Вучэбна-метадычны комплекс па вучэбнай дысцыпліне «Гісторыя беларускай літаратуры». Складальнік: Т.У. Ганчарова-Цынкевіч. – Мінск: БДПУ, 2006

 

Похожие статьи:

Янка ЗолакТворчасць Янкі Золака

Яўгенія ЯнішчыцТворчасць Яўгеніі Янішчыц

Аляксей ПысінТворчасць Аляксея Пысіна

Міхась КавыльЖыццёвы і творчы шлях Міхася Кавыля

Анатоль ВялюгінТворчасць Анатоля Вялюгіна