Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Ягоўдзік - Загадка

Увага!!! Поўны змест
  
   Прыехаў дзед Зміцер з гасцей. Прывёз бабе Анюце ад унукаў гасцінец – ладную вязку абаранкаў.
   – Смачна пахнуць ды надта цвёрдыя, – смяецца бабуля, – баюся зубы паламаць.
   – З малаком не паломіш, – кажа дзед.
   – А дзе ж яго ўзяць?
   – Як дзе?! У Кветкі. Няхай падзеліцца з намі Белалобік.
   Кветка – гэта карова. Белалобік – яе сынок. ён з’явіўся на свет нядаўна, можа, месяц назад. Ногі – быццам кіёчкі, вушы – як лапушкі, сам увесь чырвоны, а на лбе – лысінка. Вось і Белалобік. А што ўжо гарэза, дык другога такога трэба яшчэ пашукаць. Як стане гарцаваць па хляве – любы танцор пазайздросціць. Паклічаш яго: «Быська мой, бысенька», – бычок тут як тут. Працягнеш руку, каб пагладзіць, а ён за пальцы мокраю пыскаю хап і смокча іх, як цукерку.
   – А калі скакунок пакрыўдзіцца? – пытаецца бабуля. – Ды як затрубіць у сваю дуду...
   – Няхай пайграе, – адмахнуўся дзед, – рогі вастрэйшыя будуць.
   – Вось нявыкрутка дык нявыкрутка, – забедавала гаспадыня хаты, – не частаваць жа мышэй абаранкамі...
   – Пачастуй, пачастуй, – пасміхваецца ў вусы дзед Зміцер, – а сабе дзірку ад абаранкаў пакінь.
   Хочаш не хочаш – трэба выпраўляцца па малако. Надзела баба Анюта ватоўку, завязала цёплую хустку. Узяла ў рукі даёнку, а яна як зазвініць на ўсю хату. Рыжык на печы мігам прачнуўся – скок на падлогу. Трэцца аб бабуліны ногі, задаволена мурлыкае.
   – Рана вусы натапырыў, – пачала ўшчуваць пестуна баба Анюта, – хіба не ведаеш, што ў нас над малаком начальнік дваста бадаста, чатырыста хадаста, два ўхтары, адзін махтар...
   – Хто-хто? – аж перапытаў я ад здзіўлення.
   – Дваста бадаста, чатырыста хадаста, два ўхтары, адзін махтар, – пераказала гаспадыня начальнікава імя і строга дадала: – Адгадаеце загадку – пакаштуеце малачка.
   Толькі баба Анюта за парог – Рыжык шусь да мяне на калені і завуркатаў ад страху:
   – Памр-р-ру-у... памр-р-ру-у...
   – Не бойся, не памрэш, будзе табе малако, – суцяшаю я сябрука, а сам ніяк не магу даўмецца, што за страшыдла такое – дваста бадаста, чатырыста хадаста? Можа, дзед падкажа адгадку?
   А дзед Зміцер таксама хіцер: моршчыць лоб, чухае патыліцу, рукамі разводзіць:
   – I рад падказаць ды баюся махтара!
   – А ўбачыць начальніка можна? – пытаюся ў дзеда.
   – Чаму ж не? – адказвае ён, пасмейваючыся з мяне і Рыжыка. – Бяжыце барзджэй на вуліцу, калі хочаце зарабіць па кубку малака.
   Выскачылі мы з хаты. Спыніўся я на ганку, азіраюся... Нікога не бачу. А Рыжык хвост трубою і паджгаў да хлява. Я – за ім.
   I што вы думаеце? Мігам адгадалі бабуліну загадку. Я нават пагладзіў начальнікавы ўхтары. ён не пакрыўдзіўся. I Белалобік не пакрыўдзіўся – ахвотна падзяліўся з намі сырадоем.
   Потым баба Анюта, дзед Зміцер, кот Рыжык і я сядзелі ў хаце, елі абаранкі, запівалі іх малаком. Малако было цёплае, пахучае і смачнае-смачнае – не адарвацца ад кубка. Заходзьце ў госці, і вы пакаштуеце, калі адгадалі бабуліну загадку.

Похожие статьи:

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы

Пераказы, дыктантыНясвіжскі палац

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Сон-трава

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Зязюліны панчошкі

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Жабіны вочкі