Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Ягоўдзік - Жывая вада крыніц

З зялёнага нататніка

1
   «У рэках і азёрах жывуць рыбы, а ў крыніцах – зоркі», – не ведаю, ніяк не магу прыгадаць, ад каго і калі запалі ў душу мне гэтыя словы. Але колькі помню сябе, на кожную крыніцу дзіўлюся як на неразгаданую загадку і вялікую таямніцу. Куды б ні прывялі вандроўныя шляхі-дарогі,заўсёды пацікаўлюся, ці бруіцца паблізу крынічная вадзіца. І абавязкова падгадаю хвілінку – зачарпну далонямі жывое срэбра, спаласну твар, усмак нап’юся – і дарожную стому ці гаркату нейкай прыкрасці як рукою здыме.
   Крыніцы – надзвычай шчодры дар маці зямлі сваім дзецям – людзям і, вядома, усёй астатняй жыўнасці. Першабытны чалавек, наш далёкі прашчур, атрымаў яго тады, калі рабіў самыя першыя крокі па крутой дарозе быцця. Ён жыў тады з ласкі прыроды: паляваў на звяроў і птушак, вучыўся лавіць рыбу, збіраў лясныя гасцінцы – ягады, грыбы, арэхі. Паступова навучыўся ладзіць над галавой жытло, падобнае на цесны звярыны бярлог або нару. Зведаў смак падсмажанага на агні кавалка мяса і гаючую сілу халоднай чыстай вады. Агонь мог знікнуць, калі полымя не падкарміць галлём, не затуліць ад праліўнога дажджу ці парывістага ветру. А крынічная вада бруілася з зямлі днём і ноччу, летам і зімой, непадуладная ніякай сваволі. У любую пару года, у спёку і ў сцюжу, яна верна служыла людзям, птушкам і звярам. Перад крыніцай міжволі хацелася стаць на калені, пакланіцца, упрыгожыць лугавымі краскамі. Да самаручна выкапанай студні старажытны чалавек ішоў многія тысячагоддзі...
   Не дзіўна, што пра крыніцы складзена мноства прыгожых легенд і паданняў, прыкмет і павер’яў; каб усе пераказаць, атрымалася б вялікая кніга. Гартаеш яе сэрцам, слухаеш, чытаеш – і нібыта наяву трапляеш у казку.
   «За гарамі, за лясамі, дзесьці на краі свету, кажуць, ёсць такія крыніцы, з якіх бяжыць вада мацуючая і слабая. Каб чалавек напіўся мацуючай, дык зрабіўся б дужы, як мядзведзь, а каб глытнуў слабой, дык зваліўся б з ног. Пра такія крыніцы ведаюць толькі некаторыя птушкі і звяры...»
   «Ёсць такая жывая вада, што можа ажывіць нават мёртвага. І ёсць такая вада, што гоіць усялякія раны, лечыць усялякія хваробы. Толькі гэтую ваду цяжка дастаць, бо яна дзесьці на краі свету, а на дарозе да яе засела нячыстая сіла, засела дзеля таго, каб не дапусціць да таго цуду чалавека...»
   «У Беларусі асабліва шанавалася крынічная вада, якая завецца жывой вадой, бо яна ачышчае і аздараўляе, як святы агонь. Вясною, пасля першага грому, людзі ішлі да крыніц, каб памаліцца і памыцца. Ішлі ў здаўна прынятыя дні: на Юр’я, на Міколу...»
   Так гавораць ацалелыя старонкі спрадвечнай народнай памяці, незамутнёнай народнай душы. Максім Багдановіч не памыліўся ў сваіх цудоўных радках:

У родным краю ёсць крыніца
Жывой вады.
Там толькі я змагу пазбыцца
Сваёй нуды...

   Учора – сонечнымі кроплямі дзьмухаўцоў смяяўся блакітны летні ранак. Сёння – барвовай кляновай далонькай развітваецца з намі самотны восеньскі вечар. Заўтра – зімовы сіберны вецер запануе над кожнаю травінкай, над кожнаю былінкай. Ні на імгненне не спыняецца год-карагод. Каб пазбыцца стомы, упэўнена ляцець далей, шырэй расхінуўшы крылы, нахіліцеся над крыніцай. І вам абавязкова ўсміхнецца шчаслівая зорка.

2
   Зразумелая рэч, у вучоных свае меркаванні пра паходжанне крыніц, і да іх трэба ўважліва прыслухацца. У навуковых артыкулах крыніцы называюцца «прыроднымі выхадамі падземных водаў на зямную паверхню».
   Гэткая з’ява даволі пашыраная, сустракаецца як на сушы, так і на дне рэк і азёр, а таксама на марскім дне. Утвараюцца такія выхады пры перасячэнні ваданосных гарызонтаў рачнымі далінамі, глыбокімі ўпадзінамі і ярамі, іншымі формамі сучаснага рэльефу. Не апошняя роля тут належыць і геалагічным асаблівасцям той ці іншай мясцовасці. Паводле навуковай класіфікацыі, бываюць зыходныя і ўзыходныя крыніцы, акрамя таго, пастаянныя, рытмічныя і сезонныя, а таксама прэсныя, мінералізаваныя, саланаватыя, салёныя, мінеральныя. Вось колькі ўсялякіх асаблівасцей! Дадайце яшчэ сюды наступныя, добра ўсім вядомыя характарыстыкі: кіпячыя, гарачыя, цёплыя, халодныя. Апошнія – сустракаюцца найчасцей, прынамсі, на нашай беларускай зямлі.
   Калі мы акунуліся ў падземныя воды, дык мушу сказаць наступнае. У першым ад паверхні зямлі гарызонце залягаюць грунтавыя воды. Над імі знаходзіцца вада-верхаводка, а ніжэй – пластавыя воды. Іх называюць яшчэ артэзіянскімі (ад Artesium – лацінскай назвы французскай правінцыі Артуа). Вучоныя падлічылі: на тэрыторыі Беларусі агульныя запасы падземнай прэснай вады складаюць 16-18 мільярдаў кубічных метраў. Спажываецца іх цяпер усяго 3-3,5 працэнта. Як вядома, на планеце ёсць цэлыя кантыненты, дзе востра адчуваецца недахоп вады. Наша краіна ў недалёкай будучыні можа стаць буйным экспарцёрам гэтага сапраўды бясцэннага багацця.
   Сёння крыніцы паўсюдна шануюцца. Рэдка дзе сустрэнеш, каб «крынічкі вузенькае ложа» (цудоўныя радкі з паэмы «Новая зямля» Якуба Коласа) было занядбана, наўмысна забруджана. Наадварот, бачна імкненне як мага лепш упрыгожыць жыццядайны выток. Хто яны, дбайныя рупліўцы? Школьнікі, студэнты, людзі сталага веку самых розных прафесій. На Берасцейшчыне, напрыклад, створаны пашпарты выяўленых крыніц. Сабраныя звесткі і радуюць, і прымушаюць задумацца. Цяжка даць веры, але на Палессі трапляюцца раёны, дзе не засталося аніводнай крыніцы! Старажылы рукамі разводзяць: «А як жа, крынічную вадзіцу мы пілі ды забыліся калі...» Даследаванні пацвярджаюць – гэта вынік бяздумна і безаглядна праведзенай у сярэдзіне мінулага стагоддзя меліярацыі балот і лугоў, рачулак і рэк. Даўно замоўк прагны рык экскаватараў і трактароў, а ў Белавежскай пушчы за апошнія гады ўсё роўна прапала некалькі крынічак...
   У даўніну існавала павер’е, што крыніцы часам крыўдзяцца на людзей, таму высыхаюць. Не забывайма старадаўнюю мудрасць. Залішне старанлівы клопат толькі шкодзіць вытоку. Нельга лезці жалязякай-рыдлёўкай у струмень, капаць крынічнае дно! Дзівосная срэбраная нітачка жывой вады вельмі чуйная, у любы момант можа назаўсёды парвацца.
   Але дзякаваць Богу – не забыўся, гучыць пакуль у людскіх душах радок цудоўнай народнай песні: «Ой, у полі тры крынічанькі...»
   Хочацца верыць, што да нашых святых беларускіх крыніц не зарастуць сцежкі. Ні сёння, ні заўтра – ніколі.

3
   Ніхто пакуль не падлічыў, колькі крыніц бруіцца на нашай беларускай зямлі. Адны з іх вядомы толькі ў мясцінах, дзе струменьчык прабіўся на белы свет. А пра другія – добрая слава ляціць па ўсёй Беларусі. Раскажу пра тры крыніцы, асабліва дарагія майму сэрцу.
   На Слонімшчыне, дзе я нарадзіўся, ужо некалькі стагоддзяў існуе славуты Жыровіцкі манастыр. Калісьці на тых абшарах, дзе сёння стаіць мястэчка Жыровічы, рос векавечны лес. На ўскрайку лесу быў пагорак, з якога цякла крынічка. Летнім днём, каб спатоліць смагу, пастушкі прыгналі сюды статак і заўважылі дзівоснае святло. На грушы-дзічцы, якая расла паблізу ад крыніцы, сонечным зайчыкам свяціўся каменны абразок з выявай Божай Маці. Хлапчукі прынеслі абразок уласніку маёнтка Солтану. Той схаваў знаходку ў куфэрак. Назаўтра да Солтана завіталі госці. Гаспадар хацеў паказаць абразок гасцям, але ў куфэрку было пуста... А вечарам таго ж дня пастушкі зноў прынеслі абразок у маёнтак! Яны знайшлі яго на вершаліне той самай ігрушы, што і ўчора. Уражаны цудам, Солтан загадаў пабудаваць над крыніцай царкву. Цудадзейны выток і па сённяшні дзень мкне з нетраў пад алтаром Успенскага сабора. Зблізку і здалёку ў Жыровічы спяшаюцца людзі, каб падмацаваць стомленую жыццёвымі нягодамі душу і хворае цела.
   Пра былую вёску Крупцы пакуль нагадваюць тры драўляныя хаты, хоць гэтае старажытнае паселішча даўно трапіла ў гарадскую рысу Мінска. Цяпер тут раскінуўся сучасны мікрараён з прыгожаю назвай «Вяснянка». Дваццаць гадоў я жыву ў Вяснянцы, таму добра ведаю наваколле. Амаль штодня хаджу па ваду, якая цурчыць за некалькі крокаў ад шырокага праспекта з абхарошанай скульптарамі металічнай трубы. Прынясу дамоў – сам нап’юся, пачастую сяброў, спадзеючыся, што халодная вадзіца сапраўды з джарала крупіцкай крыніцы. Калісьці ў Крупцах было шматлюдна ад вернікаў. Яны прыходзілі з усіх куткоў Мінскай губерні, каб пакланіцца абразу Божай Маці, які тутэйшыя жыхары знайшлі ў 1612 годзе на дне крыніцы. Потым выявілася, што крынічная вада дапамагае пазбавіцца ад розных хваробаў, вяртае аслеплым людзям зрок. Найбольшую моц яна мела ў маладзіковыя тыдні... З часам над вытокам узнікла сціплая драўляная каплічка. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя, дзякуючы ўсенародным ахвяраванням, на яе месцы быў збудаваны храм. Калі ж у наступным, ХХ стагоддзі, уладу захапілі камуністы, царкву ў 1936 годзе дазвання разбурылі, а Крупецкі абраз Божай Маці невядома куды знік. І ўсё ж атэісты не здолелі знішчыць галоўную святыню – жывую крыніцу. Яна па-ранейшаму бруілася з зямлі, збіраючы да сябе набожных людзей. І ўрэшце вярнула страчаны духоўны зрок іхнім нашчадкам! У самым канцы нядаўна мінулага ХХ стагоддзя ў Крупцах зноў вырасла каплічка, а затым паўстаў велічны сабор. Скажыце, хіба нельга назваць цудам непераможнасць святыняў?
   А цяпер мой шлях бяжыць на Віцебшчыну, у край незлічоных рэк і азёр. Колькі гадоў мне пашчасціла там знайсці сапраўды райскі куточак. Дыбаў я дыбаў, як даўней казалі, і надыбаў на возера Гарнасвечча. Адна назва чаго варта! Таямніца з таямніц! За возерам, на пагорку, стаіць вёсачка Дыбалі, дзе жывуць-зімуюць тры душы. Адразу за вёсачкай – рэчка Ула ці Уллянка, як пяшчотна яе заве тутэйшы люд. Спынюся на вузкай, двум легкавікам не размінуцца, вуліцы, па левай руцэ – возера, а праваруч – рэчка. А душа, нібыта ластаўка, лунае дзесь высока-высока пад аблокамі! Каб перавесці дух ад хараства і радасці, хутчэй кірую за ваколіцу да стромкага рачнога берага. Пасярод крутога схілу, у густым хмызняку, стаіць поўная, як вока, крыніца. Я сам, без падказкі, знайшоў да яе сцежку. Затое сто разоў паспеў пераканацца: тут жыве найсмачнейшая ў свеце вада. Асабліва калі п’еш адзін, у думнай адзіноце, атулены з усіх бакоў травой і галінкамі чаромхі. Іду сюды – нікога з сабой не клічу і за руку не цягну. Кожны з нас у жыцці мусіць сам знайсці хоць адну сваю крыніцу.

 

Похожие статьи:

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Зязюліны панчошкі

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Сон-трава

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Жабіны вочкі

Пераказы, дыктантыНясвіжскі палац

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы