Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Ягоўдзік - Бабёр

Увага! Поўны змест

   Каб нікога не пакрыўдзіць, скажу адразу: усе дзікія жывёлы цікавыя і адметныя. Адны – сваімі дзівоснымі ўборамі, другія – выдатнымі спевамі, трэція – таямнічымі павадкамі, а рачныя бабры – славутыя майстры. У старажытнасці на зямлі нашай дзейнічаў мудры закон: каля бабравіны нельга было касіць сена, араць зямлю і секчы дрэвы. Так людзі шанавалі гэтых звяркоў за каштоўнае футра.
   Бабрыная хатка стаіць на беразе рэчкі ці возера. Яна зроблена з ламачча, але ў сярэдзіну не трапіш, бо галлё моцна пераплецена. Побач пракапаны хады, праз якія гаспадары носяць сабе харчы або ўцякаюць ад ворагаў. Вясной бабрыха нараджае ў хатцы маленькіх бабранят.
   «Дабёр бабёр, бабраняты на падбор!» – так пра іх кажа прымаўка-нявымаўка.
   Калі ў летнюю спёку рэчка абмялее, бабры будуюць запруду. Людзям на паўгода хапіла б работы, а гэтыя звяркі спраўляюцца за тыдзень. Спачатку яны знаходзяць тоўстую асіну ці алешыну. Для старога бабра – гэта не замінка, яго зубам паддаецца любая драўніна. Звярок грызе дрэва, пакуль яно не зваліцца ў ваду. Потым на падмогу прыходзяць маладыя бабры. Яны падгрызаюць галінкі, а бацькі цягаюць галлё і мацуюць да запруды. Падсілкуюцца свежай карой і далей робяць плаціну, кожную шчылінку затыкаюць.
   Праз некалькі дзён абмялелая рэчка выходзіць з берагоў І ператвараецца ў вялікае возера. Баброва хатка стаіць пасярод вады, як непрыступная крэпасць. Побач ахвотна селяцца андатры, выдры і норкі, бо каля бабравіны ім заўсёды хапае спажывы.
   Мінае восень, настае зіма. У сцюдзёныя дні бабры грызуць назапашанае галлё і кару. Яны апранутыя у цёплыя кажушкі, але на мароз не вытыркаюцца. Напэўна, баяцца адмарозіць лапы і хвост, для якіх не хапіла футра.

 

Похожие статьи:

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Зязюліны панчошкі

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Жабіны вочкі

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Сон-трава

Пераказы, дыктантыНясвіжскі палац