Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Караткевіч - Людзі зямлі беларускай

З нарыса «Зямля пад белымі крыламі»


   Ці думалі вы самі пра беларусаў не як пра сваіх бацькоў, братоў і сёстраў, а як пра народ з аднолькавай мовай, мінулым, сучасным і будучым?
   Склад насельніцтва нашай рэспублікі досыць аднастайны. Беларусаў тут 81 працэнт. Што гэта за чалавек – беларус? Адказаць на гэтае пытанне дужа цяжка. Ёсць сярод беларусаў лайдакі і працаўнікі, «малюскі» і героі…
   Чарнявых сярод беларусаў няшмат. Найчасцей яны сустракаюцца на Палессі. Пераважаюць на Беларусі валасы светла-русыя ці нават бялявыя. Адпаведна і колер вачэй часцей за ўсё блакітны, шэры ці сіні.
   Рысы аблічча мяккія, склад здаецца, на першы позірк, крыху далікатным, але гэтая далікатнасць падманвае. Праявы знешняй сілы, якая ўразіць на хвіліну дый звяне, замяняе тут вынослівасць, жылаватасць, цягавітасць. Там, дзе другі можа апусціць рукі, беларус будзе цягнуць. Іначай, у старыя часы, чалавек проста не выжыў бы сярод гэтых дрымучых лясоў і неабсяжных балот, на гэтай скупаватай зямлі.
   Гэтаму люду ўласціва інстынктыўнае адчуванне справядлівасці і несправядлівасці. Галоўнай яго рысай з’яўлялася свабодалюбства. Пра гэта сведчыць легенда, якая склалася ў ХІХ ст. Вось яна.
   «Бог дзяліў між народамі землі. Прыйшлі беларусы… Вельмі ж пану богу спадабаліся. Ён і пачаў нас надзяляць: "Рэкі вам даю поўныя, пушчы – нямераныя, азёры – нялічаныя. Спёкі ў вас ніколі не будзе, але і холаду – пагатоў. Зажэрціся на багатай зямлі не дам, каб былі ўвішныя, кемлівыя, але і голаду ў вас ніколі не будзе. Не ўродзіць бульба, то ўродзіць жыта ці яшчэ нешта. А яшчэ звяры і дзічына ў пушчах чародамі, рыбы ў рэках – касякамі, пчолы ў борцях – мільёнамі. А травы – як чай. Жанчыны ў вас будуць прыгожыя, дзеці – дужыя, сады – багатыя, грыбоў і ягад – заваліся. Людзі вы будзеце таленавітыя, на музыку, песні, вершы – здатныя. І будзеце вы жыць ды жыць…" Тут яго Мікола ў бок штурхае: "Пане божа, ды вы падумайце. Ды яны пры іхняй языкатасці туды з сапраўднага раю ўсіх перавабяць! Яны ж языком менцяць – дай бог нам з вамі". Бог падумаў, крактануў, але назад адбіраць не будзеш. Сапраўды, ёсць зямля. Лані бягуць – лес варушыцца. Рыба чаўны з вады выціскае. "Добра, – кажа, – зямля будзе – рай. А каб не занадта вы перад маім раем ганарыліся – дык вам трэба будзе многа працаваць"».
   У гэтай легендзе ёсць толькі адзін герой – народ, які прыдумаў яе. Жывы, разумны і вольналюбівы. Так ён глядзеў на сябе сам, так павінны глядзець на ягоны тагачасны воблік і мы.
   Зямляк наш вызначаецца і ўтрапёнай любоўю да працы. Я нават сказаў бы: валовай упартасцю ў ёй. Гэта таксама добра тлумачыцца. Скупая зямля ой як нялёгка давала хлеб. Для новага поля даводзілася сячы лес, выдзіраць з зямлі карчы.
   Тая самая няшчодрая зямля прывучыла беларуса да разліку ў вядзенні гаспадаркі, да ашчаднасці, да таго, што «нішто не прападае», усё ідзе ў справу. Дужа памыліўся б той, хто назваў бы яго скупым.
   Беларус якраз адрозніваецца шчодрасцю, заўсёднай гатоўнасцю прыйсці на дапамогу ў бядзе. Калі раней у каго на вёсцы здараўся пажар – вёска талакою ішла красці панскі лес, калі не было свайго. За пару дзён ставіла пагарэльцу новую хату, дзялілася з ім жытам. Кожны адсыпаў са сваіх засекаў колькі мог, каб чалавек дажыў да вясны і абсеяўся. Потым з кожнай хаты неслі рэчы: хто посцілку, хто падушку, хто палатно, хто гаршкі. Гэта не таму, што былі такія ўжо добрыя. Без гэтага было – не выжыць.
   Добра сказаў пра гэта вялікі Максім Багдановіч:

Зноў змяшай муку з карой таўчонай,
бо памерзла ніва ў суседа.

   У звычайныя добрыя часы ўсе, хто прыязджае да нас, адзначаюць як адну з галоўных рыс – гасціннасць. «Госць у хаце – Бог у хаце» – і ганьба таму дому, дзе не зробяць усяго, каб госць быў задаволены.
   Галоўнае ў нашым характары – гасціннасць добрага да добрых.
   Беларус – вялікі аматар пажартаваць з суседа, але яшчэ больш з самога сябе. Ён назіральны і таму падмячае тыповыя рысы характару людзей.
   Па агульным назіранні беларусам уласціва прыродная павага да іншых народаў і памяркоўнасць да таго, хто думае іначай.
   Рэаліст у рэальным жыцці, беларус – вялікі фантаст, рамантык і летуценнік у марах. Ясна, што цяпер ужо ніхто не верыць у вадзянікаў, лесуноў, але раней верылі.
   Менавіта таму запісаныя фалькларыстамі беларускія казкі не ўлезлі б і ў сотню тамоў. І такія казкі не маюць адпаведных сюжэтаў у суседзяў. Вось, напрыклад, адна, што адказвае на пытанне, чаму верабей скача адразу дзвюма нагамі, чаму ў савы рознакаляровае пер’е і чаму ледзь толькі птушкі ўбачаць тую саву, дык адразу навальваюцца на яе ўсёй хеўрай і тое пер’е з яе скубуць.
   Праштрафіўся верабей. Усе птушкі пагналіся за ім і загналі ў дупло. Але той быў такі хітры, што выбраў дзірку ў дупле якраз па сабе: большы за яго не ўлезе, а меншы калі ўлезе – ён яго выкіне. Вырашылі браць яго, як моцную крэпасць, на змор. Чакалі-чакалі, аж настала ноч і ўсе захацелі спаць. Каго пакінуць на варце? Ясна каго, саву. Яна ўначы не спіць. А сава была ў той час голая, як абшчыканая курыца. Ну і паставіла сваю ўмову: «Усе ў пер’ях, то чаго я маю голая хадзіць? Скідайцеся па перыйку». Ну, усе і скінуліся. Адзін шэрае пер’е даў, другі – рудае, трэці – белае ці карычневае. Стала сава, як і ўсе, толькі што пер’е дужа рознае. Сядзела яна ўсю ноч, сядзела. А раніцай птушкі заспалі, і яна, начная істота, пачала куняць. Верабей вылез і ўцёк… Урэшце яго ўсё ж спаймалі. І, у знак пакарання, звязалі ногі. Вось ён цяпер і скача адразу дзвюма. А птушкі, як толькі ўбачаць саву, дык адразу кожная сваё пяро дзярэ з яе. З гвалтам: «Аддай мае перыйкі, бо няма чаго было браць, калі ўсцерагчы на магла».
   Гэта казка жартоўная, а ёсць тысячы фантастычных. Іх – безліч! Яны і дагэтуль складаюць неацэнны наш скарб, тым больш вялікі, што яны былі народу замест кнігі ў тыя часы, калі кніга беларуская, нават мова беларуская, былі забаронены.

 

Похожие статьи:

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Лісце каштанаў

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Кніганошы - ГДЗ

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Чазенія - ГДЗ

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Кніганошы

Уладзімір КараткевічТворчасць Уладзіміра Караткевіча