Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Караткевіч - Жабкі і Чарапаха

Увага!!! Поўны змест

   На беразе маленькага ляснога возера-балотца разгарлаліся, разышліся і наладзілі канцэрт жабы. Церушыў на іхнія галоўкі цёплы дожджык, свяціла праз яго сонца. Весела было жабкам – вось яны і спявалі.
   I тут прыплыла пратокай з такога самага суседняга балотца-возера вялікая балотная Чарапаха. Жыла яна адна, пачула вясёлыя спевы і вось прыплыла, вынырнула, напалову вылезла на бераг і ўся аж зморшчылася ад асалоды. Надта добра спявалі жабкі.
   – Жабкі, жабкі, добры дзень.
   – А ты што за цуда-юда? – спыталі жабкі.
   – Я Чарапаха.
   – Бачыць такое не бачылі, чуць гэткае не чулі. Значыць, не можа цябе быць.
   – Ды ёсць жа я, – сумна сказала Чарапаха. – I як жа вы добра спяваеце! Паўтарыце, калі ласка. Проста салаўі.
   – Можам, – сказалі ўлешчаныя жабкі.

– Ку-ма, кума
Бор-ршчык вар-рыла.


   – Выдатна, – сказала Чарапаха. – Выключна. Жабкі-жабкі, прыміце мяне ў свой хор.
   – А ты спяваць умееш?
   – Не. Я слухаць люблю.
   – Дык слухай. Здалёк. Ці прывядзі сястру, якая ўмее.
   – I яна не ўмее, – сумна сказала Чарапаха. – Мы, чарапахі, не ўмеем спяваць. Голасу нам не дадзена.
   – Дык нашто ты нам тады? – спыталі жабкі.
   – А слухаць вас хто будзе? Хваліць.
   – Нас і так усе чуюць. I ўсе хваляць.
   – Ну і я ціхенька сядзела б ды хваліла, – сказала добрая і разумная Чарапаха.
   – Дык ты, можа, яшчэ нешта ўмееш? – спытала Галоўная Жаба ў хоры, якая аж дзьмулася ад важнасці.
   – Плаваць умею. Ныраць.
   – Гэта й мы ўмеем. А скакаць умееш?
   – Не, – уздыхнула Чарапаха.
   – Нічога ты не ўмееш... А мы яшчэ нясём ікру. Жабурынне.
   – Я замест яе яйкі нясу, – сказала Чарапаха. – Вялікія.
   – Ф-фу, – сказала Галоўная, – яйкі... Ну, паспрабуй усё ж заспяваць.
   I Чарапаха зарыпела:

– Свеціць месячык з гары
На глыбокія віры.
На шчытах у чарапах
Сіняе святло гарыць.


   – Словы нішто сабе, – сказалі жабы, – але голас? Бр-р-р!
   – Дык я б вам – словы, а вы б – спявалі.
   – Словы ў нас не горшыя. Самі прыдумалі:

– Што вар-рыла, кум-ма, кум-ма?
Борш, бор-ршч, бур-ракі.


   – Добрыя словы, – сказала Чарапаха, – але галасы ў вас лепшыя.
   – I што гэта за «шчыты ў чарапах»? – спытала Галоўная Жаба.
   – А вось тое, што на мне.
   – Гэта карычневае? – усхваляваліся жабы. – Гэта брыдкае? Ну не. Мы вось такія прыгожыя. Зялёныя. Бліскучыя. Як лакіраваныя.
   – Жывыя, – сказала Чарапаха, – усе прыгожыя.
   – А чаму гэта брыда завецца шчытом? – спытала Маладзенькая Жабка.
   – Яна цвёрдая.
   – Няўжо-о? Во-ой! Быць не можа.
   Самая смелая з жабак падплыла асцярожна і дакранулася да панцыра лапкай.
   – Вой! Яна ж як жалезная!
   – Ну і што? – сказала Чарапаха.
   – Цвёрдая!.. Голасу не мае!
   – Усё роўна вы мне падабаецеся. Спяваеце прыгожа. Мне адной сумна.
   Але жабы ўжо разышліся.
   – Жалезная жаба, – зарагатала самая насмешлівая.
   – А мы мяккія жабкі. Зялёныя.
   – Жалезная! Гы-гы-гы!
   Чарапаха пачала крыўдаваць:
   – Кожная жывёла – розная. А я – карысная.
   – I мы кар-рысныя... А ў цябе голасу няма... Кар-рычневая...
   – Жаба ў танку, – пажартавала насмешніца.
   Пакрыўдзілася бедная Чарапаха, нырнула і паплыла ў пратоку, а пасля ў сваю азярынку. А жабы, гледзячы на яе бурбалкі, зноў завялі сваю валынку з катрынкай :

– Бур-ракоў не было –
Бр-ручкі навар-рыла...


   ...Ну і што? I ці добра гэта атрымалася? Тут сабе жабкі весела спяваюць дурныя словы добрымі галасамі. А там Чарапаха, што не мае голасу, але ведае добрыя словы, ляжыць сабе пад вадой, пад святлом месяца, пакрыўджаная і адна-адзінюсенькая.
   I нашто, калі ты зялёны і мяккі, лаяць таго, хто карычневы і цвёрды? Ты вось ходзіш на дзвюх нагах, а кот – на чатырох. I няхай сабе.
   Дрэнна вы зрабілі, жабы. Ану, марш адразу ж у Чарапахі прабачэння прасіць, перапрашаць яе!

Похожие статьи:

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Лісце каштанаў

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Кніганошы

Пераказы, дыктантыСустрэча з падарожніцай

Уладзімір КараткевічТворчасць Уладзіміра Караткевіча

Авяр’ян ДзеружынскіАвяр’ян Дзеружынскі - Майстар