Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Жылка - Уяўленне

Прысвячаецца Леапольду Родзевічу


І

Радасць мая велікодная –
Сына, пазнаўшага Маці,
Песняй прадвесня лагоднаю
Ўсіх я пачну абдараці.

Знаю – крыніцы гаючыя
Ёсць на радзімай зямлі.
Даллю захоплен бліскучаю,
Выслаў ёй дум караблі.

Брацці, зраблю вас багатымі,
Зорамі высаджу край.
Сонцам заззяе над хатамі
Словаў маіх каравай.

Сэрцы пратну зараніцаю
Новых надходзячых дзён;
Выпішу сказ бліскавіцаю,
Выяўлю дзедаўскі сон.

Гэй, гаруны, і бядулі, і сумныя,
Ваш гэта чуецца плач?
Годзе! Бяседа ў нас шумная,
Ў хаце сялянскай Багач.

Змрок заняпаду кудзеляю
Выпрадзе ўвесь яго світ.
Будзьма вясёлымі: бель Яе
Неба аздобіць блакіт!
 

ІІ

Сапраўды,
Радасць – рацыя:
Бацькаўшчына-Беларусь
Ёсць
Наймалодшая нацыя.
З будняў блядых
Чорная косць
Раздзьмухала рух
Стараны,
Вёсак і сёлаў.
Перуны завірух
У захапленні
Грымяць аб адным:
Паўнагучна Адраджэнне!
Бачу за ім
Бязмерныя далі
І
Вялікія вартасці.
Божа! У сведкі:
Працоўных голаў,
Знаны ўпартасцю,
Разбух.
Абрадзініцца ён
Новых дзён
Папараць-кветкай.
 

ІІІ

А было пагана як –
Ветры дзьмулі лютыя,
Спалі паслухмяныя
Вёскі, сцюжай скутыя.

Горш былі за ворагаў
Ёй сыночкі родныя –
Ждалі скону скорага,
І слязы ніводнае.

Але што да гэтага
Мне, ад руху п’янаму?
Чую спеў няпетага,
Музыку нязнаную.

Вінны я, віну ўшчыню.
Я ні ў чым не каюся –
Небыцця мінуўшчыны
Тройчы раз зракаюся!
 

ІV

Між пушчаў,
У гушчах
Лясоў,
Ў балотах
Ад слоты
Без слоў,
Без рыс
Выразных твару,
Без жару
У сэрцах-горнах,
Пакорна,
Як хмыз
Ці гной
Чужога поля,
Гібеў, як стой
Ў бязволлі,
Ў няволі,
Ў нядолі
Мой люд.
І кожны тут
Сусед наш ласы
Нагадваў з часам
Меці дзель.
Але наш Дух,
Даючы рух,
Жыццё,
Праз крыўду, здзекі
І забыццё,
Спрадвеку,
З гадоў старых,
Быў захаваны.
І вось – нязнаны –
Сягнуў тварыць.
І з першых дзён
Змог сну палон
І ночы глуш.
Мужычых душ
З’явіў красу
І бель.
 

V

Мячы маланак пелі,
І навальніцы йшлі,
І гром вясняным хмелем
Паіў абшар зямлі.

А вечарам на небе
Хтось пеўня выпускаў,
І аб штодзённым хлебе
Там праўды ён шукаў.

І да глухой паўночы
Вылізваў цемнату.
Сачылі з верай вочы
Пажараў яснату.

Ды «пяты» коўдрай чорнай
Прыкрыла ноч сама,
Каб зноў былі пакорны,
Каб зноў... Але дарма!

Дзірван узрылі буры
Шматкамі жорсткіх слоў, –
Чакаюць вёскі – Юры
З вясной затрубіць зноў.
 

Нашая ніва...
Сейбіт зары
Сее маўкліва
Сум аб дабры.

Жменяю семя,
Дужы узмах.
Ў золаку дрэме
Сонечны шлях.

Дзевы-дзянніцы
Кленчаць на ўсход
Ў кроплях расіцы
Буйны ўмалот.

Ўсюды прароцтвы...
Хто ж іх пайме?
Розум-убоства
Верыць зіме.

Вецер слязліва
Ўторыць яму;
Лозы жахліва
Вяжуць думу.

Толькі ж без меры
Слёзы чаму?..
Хто у зняверы
Плача на цьму?

Мудрасцю сівы
Сейбіт зары
Сее на нівы
Сум аб дабры.

Ўзыдуць зярняты –
Ліху канец.
Весткі крылатай
Жду – пасланец.
 

VІІ

Песняў, песняў, скочных чынаў:
Выцвіў ночы аксаміт!
Перад скрыняй будучыны
Я – юнак Давыд.

Сэрцам верным
Сею лерна
Вешчы вершаў мак.
Над табой, Сіёне родны,
Перад світам зоры згодна
Сталі ў тайны знак.

І святлей за крыж
Ён азначыў выш.

Каб жа Бог
Дапамог!..
 

VІІІ

Сняжок напрадвесні
Вуркоча, бяжыць,
Зацвілае плесняй
Не здолее жыць.

Дарма свае сілы
Збірае зіма, –
У друзгах няміла
«Народаў турма».

Пракляцце «Расея»
Прапала навек,
Не страшыць завея
Бліскучых павек.

К трывогам знявага,
Раздзёрта імгла,
І творчасці смага
Агнём праняла.

Шырокаю тропай
Ў час гэты «спакус»
На мапу Эўропы
Ўзышоў Беларус.

У лапцях лазовых,
Па світцы ручнік,
І светам Хрыстовым
Зіяе аблік.
 

ІХ

Нябескіх трамаў
Звісае край, –
Віхура браму
Зламала ў рай.

О, Божа, позні
Твой голас слаб:
На райскай пожні
Ў сярмязе раб.

Збірае зораў
Гарох ў палу,
Каб імі гора
Гаціць імглу.

Ў крывіцкіх вёсках
Узняўся гуд,
І ў адгалосках
Зрастае цуд:

Гаўядзе вашай
Сыцець чарод:
Буяе паша
Маіх балот.
 

Х

Ой, не белыя галубы
Раніцою раненька
У блакіт шыбалі.
– Чаго рады быў?
Ці сапраўды далі
Вабілі ясненька?

Не драпежныя крумкачы,
Не чарнюськая хмара
Нам нанесла гора –
Вамі, Крывічы,
Завалодаў вораг,
Насмяяўся з мараў!..
 

ХІ

Ноччу, ах, ноччу
Хтосьці шапоча!
Голас прарочы...
«Ганьба, о, ганьба над намі,
Сорам сябруе з сынамі.
Ныюць так раны.
Слёзным туманам
Засцяцца вочы.
Ні праўды святое,
Ні волі тое.

Чужынцы, напасці,
Пакута падзелам.
Па беламу целу
Знаком ад нажа
Крывавіць мяжа.
Толькі – не,
Не пазбыць...
Не міне,
Чаму быць!

Мой дух не патух,
Не пагас праз вякі,
Паходняю свеціць.
Пад хмараў павеццю
Гарыць і іскрыцца
Агнём-бліскавіцай.
На родных узлоннях
Натхнёная сіла
Мазольных далоняў
Разбіла, знішчыла
Ярма ланцугі;
Спаліла, скрышыла
Урокі благіх.

. . . . . . . . . . . . . . . . .

Выходзяць дзяўчаты
Выгукваць вясну...
Я славу вам, хаты,
На дзідзе вярну!»

Голас яе...
Бурай пяе...
Я ж вачэй не ўзніму, багавіца,
Толькі ўзрушаны думкі чамусь.
О, як соладка сэрцу маліцца:
Беларусь, Беларусь, Беларусь!
 

ХІІ

Народы! Прадбачу:
Шпаркасць коняў
Пагоні
Суліць удачу.
Вам на пасадзе
Пакутніцу
Нявехнай бачыць.
З доляй-закутніцай
Ў ладзе,
З ясным абліччам,
З глуму, з нягодаў,
Слову заручана,
Кліча
Да брацтва, згоды.
Раны змучанай,
Дым пажараў –
Ахвяра
За вашу злачыннасць,
Народы.
Ды ведайце толькі:
Ёй
Над «сёння» золкім
Будучына
Квяцістай пуцінай
Сцеле вясёлкі.

1922

 

Похожие статьи:

Уладзімір ЖылкаУладзімір Жылка - Хараство

Уладзімір ЖылкаУладзімір Жылка - Марта

Уладзімір ЖылкаУладзімір Жылка - Каханне

Уладзімір ЖылкаУладзімір Жылка - Меч

БиографииУладзімір Жылка