Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Дубоўка - Дзівосныя прыгоды

Народная казка


Я пасеяў гарох
каля возера ў полі.
Пастараўся, як мог,
так, як можа ніколі.

У даглядзе такім
рос ён вельмі прыгожым.
А стручысты!
Струкі —
па дванаццаць гарошын!

Неяк раз я прыйшоў
на гарох падзівіцца.
Калі глянуў —
слядоў,
як на бойным гасцінцы!

Ды якія сляды —
ўсё гусіныя лапкі.
Ад крылатай бяды
не паставіш аградкі...

Гэта ж ночкі за тры
увесь гарох пералушчаць.
I прыгналі ж вятры
іх у нашую путчу!

Ваяваў я з бядой,
а такой не бывала.
Я сваёй галавой
перадумаў нямала.

А прыдумаў усё ж
неблагі паратунак.
Для крылатых вяльмож
я зраблю пачастунак.

Ім гарэлку і мёд
назліваю ў карыце,
каб у першы ж прылёт
тут маглі і напіцца.

Як уп’юцца усе
і салодкай, і горкай,
павяжу я гусей,
забарсаю вяроўкай.

Што прыдумаў, дык так
і зрабіў без адкладу:
ўліў і мёд, і пяршак
для гусінага стада.

Сам з вяроўкаю сеў
у ядловец калючы.
Там чакаю гусей,
зладзяёў тых лятучых.

Вось яны —
«Га-га-га!» —
наляцелі ад пушчы,
ды адразу цягаць,
ды стручкі мае лушчыць.

Я сяджу і цярплю,
хоць заходзіцца сэрца.
А гарох на зямлю
мой
лажыцца-кладзецца.

Чую зноў:
«Го-го-го!»
Гэта значыцца —
«Годзе!»
Да частунку майго
завадэвуш падходзіць.

А за ім чарадой
пакручастыя шыйкі.
П’юць салодкі напой, —
то ж не «квас-пераліўкі»!

Неўзабаве да дна
спаражнілі карытца.
Ну, цяпер да відна
могуць спаць, не журыцца!

Вычмуралі там так,
як сваты на вяселлі.
Змогся ўрэшце гусак,
ды і гускі прымлелі.

Я пачаў па адной
іх вязаць на вяроўку.
Усё ж работы сваёй
не зрабіў я да толку.

Іх за ножкі вязаў,
не падумаў аб крыльцах.
А канец заматаў
ля сваёй паясніцы.

Тут іх чэрці ўзнялі.
Як яны забубнілі!
I адразу з зямлі
узвіліся на крыллі.

А да іх жа і я
прывязаўся на гора!
Гляну —
ўнізе зямля,
а над шапкаю — зоры!

Тыя гускі — далей,
не спыняючы лёту.
Мільгаціць ля вачэй
наша пушча, балота.

Калі гляну ізноў —
гэта ж Нарач у доле!
Пра такіх летуноў
не забыцца ніколі.

Так насілі мяне
мае конікі-гусі
па усёй старане,
паўз усёй Беларусі.

Ты, гаросе-гарох,
пазлацістыя кіты!
Ці не ты мне памог
заляцець у блакіты?

О-ё-ёй, о-ё-ёй!
I спытацца ў каго там?
То ляцім над вадой,
то над пушчай, балотам.

Адвязаць калі мне
з паясніцы вяроўку, —
дык ці ў вір шыбане,
ці аб камень галоўкай.

Але,
дзе б ні былі,
павярнулі мы двору:
ўсё бліжэй да зямлі
і ўсё далей ад зорак.

Паляцелі пасля
над маленькім балотцам.
Са свайго чарасла
даў я волю вяроўцы.

Гусі зразу вышэй,
я —
з размаху у багну,
і ад тых ад гусей,
І ад неба — бабахнуў.

Толькі пырскі пайшлі,
паляцелі фантанам.
Зноў бяда:
на зямлі,
а з зямлі я не ўстану.

Аж пад пахі мяне
засмактала балота.
Ўсё ж ткі паразумнеў
я
пасля тых палётаў!

Па рыдлёўку схадзіў,
не марнуючы часу,
адкапаўся з гразі
ды і вылез адразу.

Памаленьку іду.
Не разгонішся босы!
Бачу —
збоку мне дуб,
а пад дубам — калёсы.

На аглоблях хамут
ды ў агуле ўся збруя.
Што,
нашто
і чаму —
гэта я не цікую.

Я заскочыў на воз,
разгарнуў там салому,
пераслаў, ператрос,
ды і лёг пакрыёма.

Толькі вочы закрыў,
каб заснуць з тых палётаў, —
чую,
гусі ўгары
зноў лятуць ад балота.

«Га-га-га!»
«Го-го-го!» —
зноў вазіць мяне хочуць.
Не!
Мне хопіць таго,
што палётаў аднойчы!

Я са збруі дастаў
павіваныя лейцы
і сябе прывязаў
так,
што не адарвецца...

Чую —
крэкча мой воз,
ад’язджае ад дуба.
Глянуў —
лёс мне прынёс
яшчэ горшую згубу.

Велізарны мядзведзь
сам запрогся ў калёсы
ды ўпрыскочку ідзе,
аж свіргочуць атосы.

Я к ён ехаў тады, —
расказаць немагчыма:
то сюды, то туды,
дзе наставіць вачыма.

Іскры сыпяцца з воч.
Не язда гэта — гора:
то на пень, то на корч,
толькі скрыгае шворан.

Ён з мяне, пэўна б, так
выбіў сэрца і ныркі.
Ды на шчасце, аднак,
супыніўся, зафыркаў.

Борць ён знюхаў.
Палез
па высокай яліне.
Ехаў я цераз лес,
а цяпер — па лясіне...

Зацягнуў на сукі
ён мяне ў тых калёсах.
Зверху бачу блакіт,
знізу — елкі ды сосны...

З’еўшы мёд дачыста,
вылез Мішка са збруі,
раз —
і знік у кустах.
Я ж на дрэве кукую.

Пчолы джгаюць мяне,
быццам я тут нашкодзіў.
Адно ліха міне,
дык другое надходзіць.

Падышоў тут пчаляр
па гарачаму следу.
— Вось дык, — кажа, — штукар!
Я такіх і не ведаў!

Гляньце!
Красці мой мёд
на калёсах прыехаў!
Накармлю на сто год
за такую пацеху!

Ён узлез да калёс,
воз пусціў мой да долу,
а пасля ўзяў адвёз
да сябе у стадолу.

Дома ён адвязаў,
адляйцаў мяне з воза,
потым бочку узяў
і сказаў мне з пагрозай:

— Лезь у бочку хутчэй,
покуль ты яшчэ цэлы!..—
Што лягчэй, што цяжэй —
мне ўжо незразумела.

Што рабіць мне?
Маўчы!
Лезу.
Ён неўзабаве
дно ўвагнаў, абручы
і ў дварышчы паставіў.

— Ночку тут пажыві,
а на золку —
У воду.
Як патрапіш у вір,
наясіся там мёду!

Сам у хату пайшоў.
Мне чакаць трэба золку.
Лёс аднекуль прывёў,
як на шчасце мне, воўка.

Воўк абныгаў, дзе мог.
Не знайшоўшы здабычы,
каля бочкі залёг
і ад злосці мармыча.

Потым хвост свой паднёс
да шпунтовае дзіркі.
Я аберуч за хвост
ды праз дзірку як гыркну!

Воўк ад страху аж сеў.
Потым скочыў на ногі
і не бег,
а ляцеў
без ніякай дарогі.

Вые ў роспачы воўк.
Бочка грукае следам.
Ён ад страху ўвесь змок,
не сухім і я еду...

Дзе аб камень штурхне,
дзе аб пень ці калоду.
Я не сніў нат у сне
пра такую прыгоду.

Воўк імкнецца ўцячы,
я хваста не пушчаю.
Ужо лятуць абручы,
бочка клёпкі губляе.

Потым клёпкі ўсе ўраз
паляцелі з узгорка.
Хвост пусціў я ў той час
і не бачыў больш воўка...

Сам дадому хутчэй,
лахі ўзяўшы пад пахі...
Колькі меў праз гусей
я
ўсялякага страху!..

 

Похожие статьи:

Уладзімір ДубоўкаЛірыка Уладзіміра Дубоўкі

БиографииУладзімір Дубоўка

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Паляжам мы

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Як сінячок да сонца лётаў

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Часіна ды з сокам рабіны...