Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Дубоўка - Вяльможны Пых

Калісьці, ў старадаўні час,
жыў ганарысты пан у нас.

Хоць ганарыстымі яны
былі тады усе паны,

але вось гэты – над усіх.
Яго празвалі – Васпан Пых.

Ён выхваляўся, што з людзей
ніхто, ніколі, анідзе

не зможа ашукаць яго.
А у дадатак да ўсяго

ён абвясціў людзям усім:
хто ўсё ж ткі возьме верх над ім,

таму ён без ніякіх слоў
дасць падарунак – сто рублёў.

Ну, без абвестак зналі ўсе,
што ім няўдача прынясе:

дадуць на стайні бізуноў,
каб не раўняўся да паноў.

А быў у нас хлапец адзін –
звычайны, сціплы селянін.

Ён, як і многія з сялян,
быў разумней, чым важны пан.

Яго ўсе зналі навакол.
Але да пана ён не йшоў,

не квапіўся на грошы.
«Ат!
Я з працы ўласнае багат!»

Сказалі пану:
– Ёсць хлапец.
Хоць малады, але мудрэц.

Калі б да пана ён прыйшоў,
напэўна ўзяў бы сто рублёў.

Пан аж падскочыў:
– Так, так, так!
Чаму ж не йдзе па іх, дзівак?!
Ану, паклічце да мяне!
Пабачым, хто з нас разумней!

У пана лёкай не адзін.
I вось праз некалькі хвілін

вядуць хлапца таго ў палац.
Ля пана госці ўсе стаяць.

Цікава ўсім дазнацца ім,
што будзе ў паядынку тым.

У хлопца торбачка ў руках
і дзве смяшыначкі ў вачах.

– Паночку!
Мне цяпер не час.
Я прыбягу пазней да вас.

На бераг рыба ўся ідзе,
аж возера шуміць-гудзе.

Вазамі возяць там яе.
Мне хопіць торбы аднае...

Сказаў –
і з торбачкай бягом.
Падняўся тут і шум і гром.

– Як так, –
грыміць вяльможны Пых, –
я рыбу гадаваў для іх?!

Вазамі мой цягаюць скарб,
гібее мой срабрысты карп?!

Я пакажу ім!
Гэй!
Каня!
За мной!
Усе вазы спыняць!

Паселі.
Капыты – цок, цок!
З-пад капытоў ляціць пясок.

Застаўся вецер ззаду дзесь,
як хмара, следам пыл ідзе.

На бераг выскачылі ўсе.
Там хвалі возера нясе.

Спакой, зацішша пры вадзе.
Вазоў ніякіх анідзе.

Адзін той хлопец ля вады.
Ён толькі што прыбег сюды.

У хлопца торбачка ў руках
і дзве смяшыначкі ў вачах.

– Дзе тая рыба?
Дзе вазы?
Я з іх вазьму у два разы!..

А хлопец пану ў гэты час:
– Дазвольце супакоіць вас,

паночку, рыба ўся ў вадзе!
А пан няхай мне пакладзе

у гэту торбу сто рублёў,
бо пана я сюды прывёў...

Аж спалатнеў вяльможны
Пых. А сто рублёў даў, залатых!

 

Похожие статьи:

БиографииУладзімір Дубоўка

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Паляжам мы

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Часіна ды з сокам рабіны...

Уладзімір ДубоўкаЛірыка Уладзіміра Дубоўкі

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Як сінячок да сонца лётаў