Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рыгор Барадулін - Мая Бацькаўшчына

З суседзямі падзелішся скарынкаю.
Адно не ўмееш з торбаю прасіць.
Як ластаўка,

з падстрэшша рук Скарынавых

Тваё крыляла слова па Русі...
 
Ты бласлаўляла даланёй кляноваю
Сваіх сыноў.
Слязамі дабяла
Бяліла лён на світку Каліноўскаму
I ў сны Ўрублеўскага ты Нёманам плыла...
 
Зеленакосымі, тугімі сеткамі
Злавіла Свіцязь юнакоў спакой.
Хоць ён пабраўся з песняю суседскаю,
Але вяснянкі не забыў тваёй...
 
Люблю цябе

у веснавых праталінах,

У белай хустцы маладых снягоў.
Як на грыбы,

багата ты на таленты –

Пільней глядзі і нерушы знаходзь.
 
Радзі, зямля, ты –

шчодрая і сціплая.

Каб толькі маразоў не знала рунь!
Імя тваё нашчадкам з нетраў выплыве –
Сівых стагоддзяў рэха:

– Бе-ла-русь!..

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыСкарбы нашай Радзімы

Алесь БачылаАлесь Бачыла - Радзіма мая дарагая...

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Радзіма

Янка КупалаТэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы

Пераказы, дыктантыГанарымся Бацькаўшчынай