Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пімен Панчанка - Спарышы

Адгрымела ноччу навальніца,
Птушак пазванчэлі галасы,
І пяюць на сто ладоў сініцы –
Упіліся, пэўна, ад расы.
 
На ялінах росных зор мільярды,
Дурнап’яну гаркаваты пах.
І арэхаў наліўныя ядры
Хрумстаюць так смачна на зубах...
 
Ён адшастаў ценісты арэшнік,
Змок увесь, але знайшоў, знайшоў –
З думкай пра яе, зусім нягрэшнай, –
Пару запаветных спарышоў.
 
Хоць ніколі ў прымхі ён не верыў,
Проста для забавы ўзяў, а ўсё ж,
Калі стукнуў да яе у дзверы,
Скаланула радасная дрож.
 
У яе пакоі – вокны насцеж,
І сама, як раніца, была.
"На, вазьмі сабе спарыш на шчасце..."
Ціха засмяялася, ўзяла.
 
Узяла і тут жа раскусіла:
"Дзякую, браточак, шчасце ёсць!"
На вяселле хлопца запрасіла:
"Будзеш у мяне найлепшы госць!"
 
Не, не быў ён госцем на вяселлі.
Па начных дарогах, без дарог
Ён хадзіў ля пожняў і аселіц,
Боль хацеў развеяць і не мог.
 
А праз год яна яго спаткала
Выпадкова.
Ці то ён яе...
Ля вачэй – маршчынкі...
Шчасця мала:
Муж – гультай, бадзяецца ды п’е.
 
Прызнавацца сорамна і горка.
"Як тады аслепнуць я магла?
– Сумным жартам скончыла гаворку:
Шкода, што спарыш не зберагла".
 
Вось і ўся гісторыя...
А можа
Гэта толькі першая з дарог?
Нездарма яе так устрывожыў
Ціхі сказ хлапца: "А я збярог".

1954

 

Похожие статьи:

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Вясёлай маланкаю ластаўка бліскае…

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Сармацкае кадзіла

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Зварот

Пімен ПанчанкаДухоўны свет лірычнага героя ў паэзіі Пімена Панчанкі

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Сармацкае кадзіла - ГДЗ