Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Стральцоў - Там, дзе зацішак, спакой

Увага!!! Поўны змест

   Сяргей Марус, інжынер-планавік, неспадзявана адчуў, што яму нечага не хапае ў горадзе, які адразу здаўся сумным, нецікавым і пыльным. I чамусьці само сабою здаралася так, што кожны раз, вяртаючыся з работы, дадому ён ішоў паўз вакзал. I вось калі чуў ён, як аб’яўлялі там адпраўленне, калі ўдыхаў ён сладкава-даўкі паравозны дым, нешта шчымлівае, прыемна-балючае кралася ў сэрца, і тады прыгадвалася рознае, і часцей за ўсё дробязь: вясковы вечар, вогнішчы на вуліцы – вараць бульбу; стук праніка на сажалцы ранняй вясной, а за ім – крык пеўня, тамліва-гучнае патуркванне жаб. А ў зялёным ветры, нечакана вострым і хвалюючым, бы ўспамін, мроіўся яму то пах гарэлага бульбоўніку, то маладога інею на яшчэ зялёнай траве. Адным словам, нечага і аднаго было б даволі, каб пасля здалася доўгаю ноч, каб назаўтра балела галава і каб пачыналася ўсё спачатку.
   Сяргей Марус зразумеў, што гэта была туга па вёсцы. Праз колькі дзён ён не вытрываў, узяў адпачынак і паехаў да бацькоў у далёкую Смолку.
   Ён выехаў апаўдні: сядзеў ля акна ў вагоне, глядзеў на паселішчы, на палі, на дарогі, і яму хораша думалася пра сваю вёску, дзе ўсё роднае, з дзяцінства знаёмае, дзе зацішак, спакой, дзе ён па-сапраўднаму адпачне і аціхне душою. Спаць ён лёг рана і адразу ж заснуў. Прачнуўся ноччу: схамянуўся, убачыўшы праз прачыненае акно будынак нейкай станцыі, асфальт ля яго – бліскучы, мокры, жоўтыя водсветы ліхтара ў лужынах; нечаму ўзрадаваўся, пачуўшы гуллівы, звонкі жаночы голас недзе ля вагона, а потым – густы мужчынскі, але таксама вясёлы.
   – Глядзі ты, якая порсткая, яшчэ па мне сохнуць будзеш! Надта ў галаву не забірай!
   «Дзяжурны які-небудзь», – падумаў Марус і адчуў, як з акна патыхае вільгаццю: прайшоў дождж. Поезд крануўся. Сяргей сцішыўся і неўзабаве зноў заснуў.
   Другі раз пабудзілі яго галасы. Была ўжо, мусіць, раніца: за акном мутнавата шарэла, а па шкле спаўзаў дрыготкімі струменьчыкамі дождж.
   – Дык гэта я да дачкі ездзіў – во-о! – гугнявіў унізе, пад ім, марудлівы мужчынскі голас. – Хату яна сабе купіла, дык пісала, каб па сталярцы памог... Во-о!..– I чуваць было, як чалавек перадыхваў.
   – Дзіця ж роднае – а як жа! Хто ж, калі не бацька, паможа... – спачувальна і неўпрыкмет дагодліва сказала нейкая жанчына.
   – Ну, дык паехаў я – во-о! Пагода не дай бог, дождж, бы насланнё якое, вісіць і вісіць... У калгасе – ні жаць, ні на сена ісці. Дык і адлучыцца можна – во-о!
   – Дык гэта і ў вас дождж? А божа ж ты мой! А я думала – гэтая трасца ў нас толькі. Лье і лье. Без хлеба і без бульбы астанешся. Не дай бог.
   – У акурат. Уга!.. Гэта ж у гародчыку касу ўбіў, дык так яно і асталося. Счарнела ўсё ў пакосах... Сена, кажу, ляжыць, – чамусьці мацней сказаў мужчына. – Во-о!
   «Пра што яны гавораць? – падумаў Сяргей. – Сена нейкае, дождж... Калі гэта яны селі? Тутэйшыя, мусіць...»
   Мужчына там, унізе, раптам закашляўся. Ён кашляў моцна, аж з прысвістам, а калі перастаў, нейкая бездапаможная, але дзіўна жывая цішыня запанавала ў вагоне.
   – Не к дабру ўсё гэта, ой, божачка, не к дабру, – скоранька загаварыла тады жанчына.– Калі ж яны бонбы гэтыя рвуць – радыё, во, нядаўна перадавала. Ад таго, можа, і пагода сапсавалася. Зачапілі нешта ў небе...
   – У акурат зачапілі, а то як жа, – спакваля і сур’ёзна сказаў мужчына. – Во-о!..
   «Пра што яны гавораць? – падумаў Марус. – Глупства нейкае. Кожны мерае на свой капыл».
   Яму зусім не хацелася думаць пра дождж, не хацелася іншай думкі, апроч той, што вось заўтра ён прыедзе дамоў, дзе зацішак, спакой, дзе не будзе ніякага дажджу, – ён верыў, што так будзе, бо яму так хацелася, – дзе аціхне тая невыразная і роўная трывога, што гнала яго ў вёску.
   Але ён памыліўся.
   Калі ён пасля поезда сядзеў у скверы, чакаючы аўтобуса, было адчуванне, нібы твар яму абляпіла павуцінне – гэтак было нязвыкла казытліва, задушліва. Дзень стаяў шэры, няпэўна ціхі нейкі і непрыемна вільготны. Але дождж пачаўся, калі Сяргей пад’язджаў, ужо аўтобусам, да свайго раённага гарадка.
   Аўтобус прыпыніўся ля маленькага вакзальчыка. Пачалі хто куды разбягацца пасажыры – усё не перасціхаў яшчэ дождж. Тут, за шэсцьдзесят кіламетраў ад чыгункі, за дзесяць – ад дому, ён здаўся Сяргею асабліва недарэчным. Ён узяў чамадан і, спакойна-абыякавы ад прыкрага адчування, што ўсё сапсавана, што прыехаў ён не так, як хацелася, пайшоў да сталоўкі.
   Гарадок сцішыўся; лапатала лісце на таполях, шархацела, калі прасыпаўся праз яго дождж; па асфальце скакалі, лопаліся бурбалкі – Сяргей успомніў, што так заўжды бывае перад абложным нудным дажджом. Праехала жанчына на веласіпедзе: плацце ліпла да яе ног, яна здавалася нязграбнай – ехала, сагнуўшыся над рулём, у доўгім, пашытым у талію і ўсё адно шырокім жакеце.
   «Хутчэй бы дамоў», – тужліва падумаў Сяргей, заходзячы ў сталоўку.
   Тут было цемнавата, пахла смажаным; ля самага парога абступілі буфет мужчыны, чакалі свежага піва: бочку толькі што распачалі – буфетчыца шчыравала ля помпы. Сяргей сеў за стол; падышла афіцыянтка – ён заказаў гуляш: ён заўсёды заказваў у такіх сталоўках гуляш – папулярную мясцовую страву. Папрасіў бутэльку вады – сядзеў, піў; забралі ўжо са стала пустыя талеркі, не меншала чарга ля буфета, а ён усё сядзеў, чакаючы, мо перасціхне дождж. Дождж неўзабаве суняўся. Сяргей выйшаў са сталовай і, завярнуўшы ў вузкую вулачку, пашыбаваў ёю ўніз, да парома цераз раку. Яму трэба было пераходзіць роў: тут вулачка канчалася, а далей вяла сцяжынка. Сяргей спусціўся па ёй – туды, дзе было халаднавата і сыра, дзе на шырокім лісці дзядоўніку ляжаў намыты ручаямі пясок, расло конскае шчаўе, дзе буялі чаромха, крушыннік, а вышэй, па схілах, – шыпшына. Бразгаў недзе ланцугом і чвякаў капытамі спутаны конь.
   Сяргей сцяжынкаю выйшаў да царквы – наўкол яе ўсё парасло палыном, шорсткай травою, усюды валялася бітая цэгла. Сяргею стала маркотна, успомнілася, як даўно, яшчэ калі вучыўся ў сёмым класе, вадзіла іх піянерважатая сюды, у райцэнтр, уступаць у камсамол. Колькі было страху, хвалявання, колькі разоў перачытвалі ў райкомаўскім калідоры статут! Нарэшце іх выклікалі: усіх прынялі, а Сяргею адмовілі – не хапіла колькі месяцаў. Яму было крыўдна, і ён заплакаў – наўзрыд, не саромеючыся, адчуваючы, што тое, да чаго ён так рыхтаваўся, чаго так баяўся і жадаў, не будзе пасля ўжо такім святочным, радасным, якім магло б быць цяпер.
   Потым яны, аднакласнікі, узабраліся па вузкай лесвіцы на званіцу царквы, глядзелі на горад, войкалі, а Сяргей маўчаў, і не радавала яго другім разам, мусіць, такое вострае адчуванне вышыні.
   Цяпер жа Сяргею было проста маркотна. Ён глядзеў на царкву, запушчаную, старую,– убачыў чэзлую бярозку на яе карнізе, крываватую, з дробным лісцем, чорныя пісягі і плямы на сценах і купале царквы – сляды колішняй паветранай маскіроўкі – і здзівіўся, чаму не заўважаў усяго гэтага раней.
   Ён спусціўся да ракі, чакаў там, пакуль падыдзе перавозчык: яго чамусьці не было відаць. Зноў зацерусіў дождж: за ракою, над лугам, павісла шызая сумная смуга. Нехта плыў у лодцы па рацэ, выйшла – перавозчык. Падагнаў лодку, вастравата глянуў на Сяргея з-пад казырка мокрай, расплюшчанай шапкі:
   – Залазь...
   Веславаў ён моўчкі, толькі перад самым берагам спытаў:
   – Табе куды? У Гарадзецкія?
   – Не, у Смолку.
   – Не прайсці будзе цераз грэблю... Дажджы... Трэба на Іванавічы. Кружна, але...
   Больш ён нічога не сказаў. Сяргей астаўся адзін. Да Іванавіч па лузе было чатыры кіламетры. Марус аглядзеўся. Наперадзе, за мутнай смугою, цямнеў лес, цьмяна шарэлі вясковыя дахі. Ён пайшоў лугавою дарогаю; ліў дождж, але Сяргей ужо не звяртаў на яго ўвагі: пінжак быў мокры, халадзела спіна, чвякала вада ў чаравіках. Дарога ішла паўз старыцу, з берага парослую хмызняком, высокаю травою. Халодным шызым бляскам адсвечвала вада; дождж ліў, усюды была вада – і трава, і паветра пахлі вадою. Пачынала цямнець: гледзячы наперад, ужо можна было толькі здагадацца, што там былі вёска, лес. Сяргею стала адзінока, неяк не па сабе, нават страшна. Нудна шаргацела ля берагоў старарэчышча пад дажджом трава, і Сяргею падумалася раптам, што дождж не перасціхне ніколі, што гэта мо пачынаецца ненкі новы патоп, што ён, Сяргей, трапіў у нейкія далёкія-далёкія вякі, – і яму тады здалося, што ён чуе, як за хмызняком, у высокай траве, рохкаюць, боўтаюцца, сапуць нязграбныя страшныя жывёліны. «Зачапілі нешта ў небе», – нечакана ўсплылі словы, сказаныя жанчынай у поездзе, і яшчэ больш зрабілася страшна, а потым здалося, што разам з дажджом асядае яму на твар, казыча лёгкія ядавіты радыеактыўны пыл. «Зачапілі нешта ў небе», – усё стаяла ў галаве, і ён ніяк не мог адкараскацца ад гэтай думкі. Ліў дождж, а ён усё ішоў і ішоў, абыходзіў цеглавіны з вадой, губляў дарогу, зноў знаходзіў, а наўкол усё больш і больш цямнела, і ўсё пахла і пахла вадою. Нарэшце пацвярдзела дарога, наперадзе нешта зашарэлася: ага, жвірыстая дарога і паабапал хвойнічак. Сяргей перадыхнуў. Хвойнічак хутка кончыўся: Сяргей уваходзіў у Іванавічы.
   Але і тут яму не стала лягчэй. Ні гуку, ні душы наўкол, усюды маўклівыя вокны. Адзінока і цёмна вытыркаліся над хатамі шпакоўні, шапацеў дождж, мутна-шэрая смуга стаяла над вёскай. Ён зноў чамусьці падумаў, што дождж, мусіць, не перасціхне ніколі, што наўкол яго нейкае далёкае-далёкае, зусім нерэальнае жыццё. «Зачапілі нешта ў небе», – білася думка, і ён усё спяшаўся, спяшаўся...
   Супакоіўся ён ужо ў лесе. Тут было зацішна, пахла шыгаллем, сырой зямлёй, неба ўгары, над дарогай, здавалася святлейшым. Чуваць было, як асыпаліся з бяроз і асін дажджавыя кроплі. Сяргей ішоў не спяшаючыся, ён добра ведаў дарогу, кожны яе паварот, і пазнаваць знаёмыя мясціны было прыемна, было прыемна знарок ступаць нагой у цёплыя лужыны: ён прывык ужо да вады і цяпер адчуваў лагодную задаволенасць ад таго, што не трэба берагчыся ад дажджу, бо ён увесь даўно мокры, і што горш, чым ёсць, ужо не будзе. Ля дарогі, у мясцінах, дзе было ніжэй, бледна-зялёна гарэлі светлякі, ён браў іх у рукі – яны холадна тлелі, пакуль не адаграваліся ў далоні.
   Лес прайшоў Сяргей непрыкметна. Ён быў ужо амаль дома: трэба было толькі мінуць Карму – суседнюю з ягонай вёску. Ягоная – адразу ж за Кармой, цераз лагі.
   Карма спала. Тут, зусім непадалёк ад дому, ён неспадзявана адчуў стомленасць, захацелася піць. Дайшоў да першага калодзежа і прагна напіўся з цяжкога цэбра сцюдзёнай, аж калола ў зубы, вады. Яму палягчэла, а потым і зусім стала хораша, калі ўбачыў, як з акна канцавой хаты падала на вуліцу дымная палоска святла: яго радавала блізкая прысутнасць чалавека, які не спаў.
   Падышоўшы, Марус глянуў на хату, пазнаў праз акно гаспадара Платона Крывашэя – той, задумаўшыся, стаяў перад сталом, высокі, белабрысы, у клубах дыму, што плавалі па хаце. Усё было Сяргею так добра відаць, што ён нават разглядзеў мятлушку, што вілася, пырхала над лямпай. «Не спіцца, бач, нечага, – падумаў ён. – Стаіць як слуп. Хто ведае, якія думкі прыходзяць ноччу да чалавека».
   Яшчэ падумалася, што дома, мусіць, таксама не спяць, дзверы ў сенцах не зашчэпленыя: ён ціха ўвойдзе ў хату, мокры, узрадаваны, скажа што-небудзь вясёлае, да яго кінуцца малыя сёстры, маці, будуць папікаць, што не паслаў перад прыездам ні пісьма, ні тэлеграмы.
   Але ўсё было іначай.
   Ён стаяў перад сенечнымі дзвярамі, на ганку пад стрэшкаю, дзе было суха і чамусьці пахла мылам. Паторгаў за дзверы – яны былі зашчэплены, нясмела пастукаў; перамагаючы хваляванне, пачаў грукаць мацней і мацней. Услухаўшыся, ён пачуў, як па хаце нехта пратэпаў, а потым бацькаў голас ужо з сянец спытаўся:
   – Хто там?
   Сяргей унутрана сцяўся і дрыготкім ад хвалявання, сарамліва звонкім голасам сказаў, спяшаючыся:

Мой родны кут, як ты мне мілы...

   – Ах, каб цябе камар убрыкнуў! – узрадавана, здзіўлена ўскрыкнуў бацька – бразнуў кручок, Сяргей ірвануўся ў сенцы, адчуў на сабе бацькавы рукі, а на шчацэ – шорсткую, няголеную бацькаву шчаку... Бацька адчыніў дзверы, падштурхнуў яго ў хату...
   На чыстай палавіне ўжо ўставала маці, шамацела адзеннем. Бацька запаліў лямпу, маці выйшла, пайшла да Сяргея – сарамліва, бы звязаная, бездапаможна выставіўшы перад сабою рукі і гэтак жа бездапаможна ўсміхаючыся. Марус руку не ўзяў; абняў, моўчкі цалаваў маці ў мяккую, цёплую шчаку – маці заплакала.
   – А дзеці спяць? – спытаў ён. Маці адхінулася ад яго, пайшла, выціраючы слёзы, да печы.
   – Спяць. Што рабіць ім... Натарнаваліся за дзень... Дождж... 3 хаты не выгнаць.
   – А ты мокры які, – сказаў бацька. – Ты на Іванавічы ішоў ці, можа, на грэблю?
   – На Іванавічы.
   – Во добра, што здагадаўся... Скідай чаравікі, я табе прынясу пераадзецца.
   Сяргей скінуў чаравікі. Маці ўжо завіхалася ля камінка, распальвала трэскі пад трыногай.
   – Сыночак, чаму ж пісьма не напісаць? Бацька ў горад пад’ехаў бы... Ці хоць бы сам зайшоў на малочню. Нашы там штодзень бываюць з машынай.
   – Нічога, мама. Яно, можа, так і лепш. Дамоў жа ідзеш – калі ні прыйшоў, усё роўна добра.
   – Яно так, сыночак, так...
   – Ідзі пераадзенься, – гукнуў з чыстай палавіны бацька.
   Ён пераадзеўся, а калі выйшаў на кухню, на стале ўжо стаялі яечня, тварог, кіслае малако, ляжалі сырыя яйкі, хлеб.
   – Давай садзіся, – сказаў бацька. Ён схадзіў у сенцы, прынёс запыленую цёмную бутэльку; з рыльца тырчала заткала з сена, абкручанае шматком анучкі.
   – Ну, дык, можа, вып’ем? – сказаў бацька. – Табе, сын, не пашкодзіць з дарогі. Ісці столькі ноччу...
   Ён наліў у шклянкі. Выпілі.
   – Усё нічога, – сказаў Сяргей, – каб не дождж. Вісіць і вісіць. Ішоў праз Іванавічы – пуста, аж страшна. У Карме толькі ў Платона Крывашэя ў хаце лямпа гарыць.
   – А, сыночак, – аж схамянулася маці, – дык гора ж у яго. Сын, дванаццаць гадоў хлопцу, стрэліў сабе з урэза ў жывот...
   – Выжыў?
   – Памёр... Нікога дома не было. Платон з жонкаю кароў пасвілі... Пакуль завезлі ў бальніцу, памёр.
   – У Платона гэтага, – сказаў бацька, – урэз схаваны недзе яшчэ ад вайны быў. А сын знайшоў. Блазнота.
   – Дык, кажаш, у іх агонь гарыць? Людзі, бач, не манілі, што Платон цяпер цемнаты баіцца, спіць пры лямпе... О-ха-ха! – уздыхнула маці.
   Сяргей пачынаў хмялець. Стала горача ў шчокі, і было туманна, неяк бяздумна ў галаве. Ён стараўся ўявіць сабе Платона Крывашэя, яго жонку – і ніяк не мог. Ён памятаў толькі, што ў Платонавай хаце, калі ішоў паўз яе, гарэў агонь, што стаяў гаспадар перад сталом і што – гэта дык ён уяўляў чамусьці добра – над лямпай пырхала, кружылася мятлушка. Мятлушка і святло – гэта ён уяўляў добра.
   – Сынок, ты, мусіць, спаць хочаш? – спытала маці.
   – Няхай вып’е яшчэ, – сказаў бацька. – Будзе спаць лепш. Не пашкодзіць з дарогі...
   Сяргею спаць не хацелася. Выпілі яшчэ трохі, і ў галаве ў яго праяснела. Ён адчуў сябе зусім не п’яным, затое ўбачыў, што захмялеў бацька. I здзівіўся, што той гаворыць, мусіць, даўно ўжо гаворыць. Гаворыць пра вайну.
   – ...Выдалі нам бялізну цёплую, шапкі, кажухі, а на ногі – бацінкі з абмоткамі. Зверху пячэ, а знізу валачэ. А мароз... Хлеб пілой разразалі – такі мароз.
   – Дык сякерай жа лепш, – сказала маці.
   – Сякерай нельга – крышыцца...
   Потым яны паспрачаліся. Маці гнала бацьку спаць.
   – Завёў – усё пра вайну ды пра вайну... Лажыся спаць... Быццам гаворкі другой няма.
   – Што ты ведаеш... – агрызнуўся бацька.
   – А тое ведаю, што і тут, у вёсцы, таксама вайна была.
   «Вайна была і ў вёсцы, – думаў Сяргей. – Так, была». Ён помніў, як яго, соннага, цягала ў зямлянку маці, калі наляталі ўночы самалёты, як аднойчы на вуліцы ўсчалася страляніна, і яны беглі з маці ў тую ж зямлянку, а ў яго ледзь не разрывалася сэрца: здавалася, вось-вось налучыць куля – а можа, ужо налучыла? Як было страшна! I гэта запомнілася назаўсёды.
   – Ідзіце спаць,– гнала цяпер іх з бацькам маці.
   Яны вылезлі з-за стала...
   Маці паслала пасцель, і Сяргей лёг. Усё яшчэ шапацеў за акном дождж, было цёмна; Марус чуў, як хадзіла па кухні маці, прыбірала са стала, як спачатку варочаўся за шырмаю, а потым неяк адразу заснуў бацька – роўна і моцна задыхаў. Потым лягла спаць і маці, а Сяргей усё яшчэ ніяк не мог заснуць. Пад акном шалясцела таполя. Сяргей успомніў, як аднойчы летам бура сарвала дах з суседскай, Калячковай, хаты: ён упаў у іх агарод, на таполю. Каб не таполя, выбіла б вокны. Таполі абламала голле, паздзірала кару, але таполя выжыла – шуміць во і шуміць.
   Сусед, Калячок, перабраўся пасля на другое месца, да глінішча, дзе было вышэй. А тут, побач з імі, пабудаваўся ён адразу пасля вайны, калі ўзяў з суседняй вёскі дзеўку, кірпатую, маленькую, вельмі ласкавую. Тады, адразу пасля вайны, было галаднавата, і Калячок гойсаў па лесе, спорваў птушыныя гнёзды. Ніхто асабліва за гэта не наракаў на яго: быў ён худы, доўгі, насаты, з запалымі шчокамі, аброслымі белым мохам. I чамусьці шкада было глядзець на яго маленькую, заўсёды ласкавую жонку.
   А Сяргей збіраў вясной на полі гнілую бульбу, сушыў яе, тоўк у ступе – смачныя выходзілі «ташноцікі»!
   Шалясцела за акном таполя, біўся аб шыбіны дождж, і чуваць было, як шарахцеў аб сцены вецер. Сяргей не спаў, варочаўся.
   – Можа, табе мулка, сынок? – азвалася з-за шырмы маці.
   – Не... Нічога. Гэта, можа, што на новым месцы... Спі, мама.
   Добра грэла тоўстая капа, і цяпер Марусаву было страшна падумаць, як ішоў ён з горада пад дажджом адзін такую дарогу; калі ён успамінаў пра гэта, яго пачыналі біць дрыжыкі.
   А за акном усё ліў дождж, шарахцеў па сценах хаты вецер, і Сяргей думаў: «Зацішак, спакой... Які я быў наіўны... Зацішак, спакой!..» У галаву зноў лезлі розныя думкі, ён гнаў іх ад сябе, варочаўся...
   Ліў дождж.

1963

Похожие статьи:

Міхась СтральцоўМіхась Стральцоў - Сена на асфальце

Міхась СтральцоўМіхась Стральцоў - Адзін лапаць, адзін чунь

Міхась СтральцоўМіхась Стральцоў - На чацвёртым годзе вайны

БиографииМіхась Стральцоў

Міхась СтральцоўТворчасць Міхася Стральцова