Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Лынькоў - Аб чалавечым сэрцы

   Апавяданне «Аб чалавечым сэрцы» (1935) — гэта гісторыя двух братоў, прадстаўнікоў простага люду, якія прымалі ўдзел у Грамадзянскай вайне, але апынуліся ў розных лагерах: адзін чамусьці падаўся да белых, стаў польскім уланам, а другі — чырвонаармейцам. З ім, тым чырвонаармейцам, па-садысцку распраўляецца польскі паручнік Бжызецкі, які люта ненавідзіць працоўных, бо сам ён багаты памешчык ды яшчэ граф. Ён смяртэльна раніць чырвонага байца, але знарок робіць гэта так, каб той доўга канаў у вялікіх пакутах.
   «Чалавек ляжаў цяпер, уперыўшы прыжмураныя вочы ў трапяткую сіняву неба. Быў ён нерухомы, маўклівы. Адна нага была перасечана ў калене і так і ляжала надломленая. Рубец запёкшайся крыві прайшоўся па валасах ад ілба і да самага вуха. Хлопцы паправілі далонь рукі, яна вісела, бездапаможная і непатрэбная цяпер, на брудным шматку скуры.
   Тапырыўся рассечаны ад самага пляча шынель. Хлопцы рассунулі полы шыняля, каб дастаць з гімнасцёркі дакументы, і ціха падаліся назад. Зіяючая рана была на грудзях, яна ішла ад самага пляча, і праз чорныя, запёклыя берагі раны відаць было яно, звычайнае чалавечае сэрца. Чалавек быў нерухомы, а яно білася ціха, павольна».
   Сярод хлопцаў, якія знайшлі параненага, брат пакутніка. Ён потым забівае паручніка Бжызецкага, разам з якім трапіў у палон да чырвоных. Атрымліваецца як быццам традыцыйная ў жыцці і мастацтве сітуацыя: перамаглі сваяцкія пачуцці, брат адпомсціў за брата, знішчыўшы ягонага забойцу. Але ў апавяданні вуснамі чырвонаармейскага камісара даецца зусім іншая трактоўка, ужо зведзеная да ўсё той жа класавасці. «Паручнік польскай арміі забіты польскім салдатам», — абвяшчае камісар.
   Камісар ў развагах пра класавую і кроўную роднасць канчаткова расстаўляе ўсе неабходныя пісьменніку акцэнты: «Не ў кроўным сваяцтве ён бачыў спружыны ўсёй гэтай, як называў ён, бузы, усёй гэтай гісторыі са смерцю паручніка. Было нейкае другое сваяцтва, якое заўважыў ён у гаручым бляску воч некаторых з уланаў, якія абзывалі апошнім гадам пана паручніка… I гэта сваяцтва было куды вышэй звычайнага, кроўнага».
   Такі вывад быў ідэалагічна запраграмаваны. Маральнае апраўданне забойства польскім салдатам з парабкаў польскага ж афіцэра, але ўжо з памешчыкаў, як і нямецкага палкоўніка ягонымі суродзічамі-салдатамі, скіроўвалася супроць традыцыйных людскіх узаемадачыненняў, у якіх кроўная роднасць, прыналежнасць да аднаго народа многае значыла. Яна лічылася непарушнай. А ў нашай таталітарнай дзяржаве яна, як і многія іншыя традыцыйныя маральныя каштоўнасці, свядома разбуралася, бо чалавек павінен быў служыць толькі ёй, дзяржаве, не лічачыся ні з чым, ні з якімі ранейшымі чалавечымі каштоўнасцямі і маральнымі забаронамі. Нездарма ж тады заахвочваліся даносы на блізкіх сваякоў, у тым ліку на бацьку і маці, братоў і сясцёр і нават на ўласных дзяцей.

Похожие статьи:

Аркадзь КуляшоўАркадзь Куляшоў - Ад шчасця сэрца скача, як дзіця...

Пераказы, дыктантыЗалатое сэрца

Іван ШамякінІван Шамякін - Сэрца на далоні

Пераказы, дыктантыРазбітае сэрца

Ніна МацяшНіна Мацяш - Залатое сэрца