Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мікола Мятліцкі - Замкнёны дом

Вершаваная аповесць


 * * *

Світанак барвай гус. Бляшаны дах
Бліскоціўся, і горад сонна-лены
Квітаўся з цьмянай шаратою. Сцены
Цяплелі фарбай. Знекуль спудны птах
Пранёсся, крыллем пругка секучы,
Над купкай дрэў, як беглы цень начы.

Жаўтком міргаў нядрэмны святлафор
На скрыжаванні дзвюх бліжэйшых вулак.
Рухавы бомж, пакінуўшы прытулак,
Бутэлькі ў скверы падбіраў. Шафёр
Імкліва гнаў прыватнае таксі,
Бы спакушаў: кішэняю трусі!

I нумара гасцінічнага выш
Рабілася пляцоўкай аглядальнай
Пары жыцця, даўно забытай, дальняй.
Здавалася яму: не тут стаіш,
А дзесьці там, між дахаў гушчыні.
Жывеш і ты ў падзённай мітусні.

Акім Пятровіч прад сабой быў шчыры,
Жыцця перабіраючы гады,
Пра гэты край душой пачуў тады,
За даллю вёрст асеўшы у Сібіры,
Калі на хвалях затрубілі спрэс
Вясной той: узарвалася ЧАЭС!

I памяць, быццам іскра ад кастра,
З кутка маленства ў сэрца прыляцела.
I думаў, як адно не звар’яцела:
Пад смерчам тым жыве яго сястра!
I ранкам, адмахнуўшыся ад спраў,
Усе яе паштоўкі перабраў.

Сястра пісала потым: іх сяло
Патрапіла у зону адчужэння.
«Спусцілі нас павыселіць рашэнне!»
Душу такой пякоткай апякло,
Што, кінуўшы наспех сябрыны стол,
Смактаў праз ноч гаючы валідол.

Падацца, думаў, у астатні раз
Зірнуць на хаты, родныя магілы.
Над ровам смерці помнічак панылы
Абняць, ды толькі з бегам дзён пагас
Парыў узгарачэлае душы,
Па скуры больш не беглі мурашы.

Сястра пісала: «У сяле чужым
Жыву, як пералётная варона!
А Бабчын наш сягоння – смерці зона.
Прыедзь калі, даведайся, Акім.
Ўжэ не багата засталося мне.
Ад слёз мо й павалюся ў баразне».

Ён і тады надумаўся, было,
Сабрацца ў шлях жаданы ды няблізкі.
Ужо насіў з гасцінцамі «валіскі»,
Ды ўласным горам скрутна апякло –
Бы сам на дне магілы пабываў:
Афганца-ўнука летам пахаваў!

А цераз год, не болей, тэлеграма
Яму данесла вестчыну бяды,
(Сястра нібы прадбачыла тады):
«Паведамляю вам, памерла мама», –
Дачка, з якой выгнанніца жыла,
Яму журбіны вестку падала.

I пакрысе забыўся родны кут.
Схавалася жаданая дарога
За думкамі глухімі: там нікога.
Ды вось знячэўку ў Гомель, на «Салют»,
Паслаць яго рашыў сяброў хаўрус:
«Пусть едет к белорусам белорус!»

«Я, хлопцы, ўжо гніляк-пенсіянер!» –
Памкнуўся ўздыхам-крэктам адмахнуцца.
Нялёгка будзе ў памяць акунуцца, –
Пра тое цвёрда ведаў ён цяпер.
I просьба тая – іней на траву.
Куды ляцець?! – спакойней дажыву!

Аднак дырэктар – во хітруга-ліс! –
I так і гэтак: – Вам, Акім Пятровіч,
Як земляку не ўздумаюць адмовіць.
Каньяк дастаў. На «не!» – адкрыта скіс.
А слаўся як: – Які пенсіянер?
Вы – першы наш галоўны інжынер!

– Ну, так і быць, – згадзіўся ўрэшце ён.
I звычна, як не раз было дагэтуль,
Склаў чамадан ды свежыя газеты
Прынёс з кіёска. Сеў на тэлефон –
I з шыкам, лётка шэфаў чорны «Форд»
Яго імчаў ужо ў аэрапорт.
 

* * *

Гудліва горад развірыўся. Ён
Хадзіў па вулках, доўга на Садовай
Пад шэраю сцяной шматпавярховай
Стаяў. Чужача жыў мікрараён.
У кветніках пярэсціўся бульвар,
Абцасікамі ляскаў тратуар.

Тут не знайшоў драўлянага дамка
I вязаў двух. Цыбатыя каштаны
Пасталі ў рад, дзе шумныя фантаны
Струменілі бліскотай. Цягніка
За гмахамі знікальна чутны грук,
Ды вежавага крана гнуты крук.

Калісь у світцы з гразкага сяла
Дабавіўся сюды на покліч лёсу.
Зноў тэхнікумскі вырай стогалосы
Угодлівая памяць здабыла,
Скуль быў прызваны ў армію вясной,
Каб стрэцца потым – твар у твар – з вайной.

Сваё гуло, шчымела: ад Карпат
Ішоў з баямі шляхам адступлення,
Праз год спазнаў нялёгкае раненне
I шлях з санчасці ў дальні медсанбат.
Дзе ўстаў на ногі, прычакаўшы сіл,
Хоць адназначна заключылі: – У тыл!

У сіберна прамёрзлым гарадку
Дачуўся пра універсітэт на Сходні.
Сабраў хатуль. I ўжо цягнік заходні
Будзіў тайгу. Ён правую руку,
Збалелую, сцярожліва трымаў,
Ў цяснечы спадарожнікаў драмаў.

Задорлівы жыццёвы той экспромт
Зрабіў студэнтам. I з жадобай хвацкай
Ў віры гамонкі ўцешлівай, зямляцкай,
Ён заміраў: на захад рушыў фронт,
I першым ад варожых хіжых зграй –
Пачуў – яго адбіты родны край.

Дазнаўся з пісьмаў страшнае: бацькоў,
А з імі разам дзвюх сясцёр і брата
(За Тоні партызаншчыну расплата!)
Паклалі немцы з іншымі у роў
За вёскаю ва ўрочышчы лясным.
Век ім цяпер з сястрою быць адным.

Прамень святла – спадзейліва чакаў,
Што дзеўчына каханая, хоць тая,
Усе гады разлучныя чакае.
I што пачуў, як толькі даблукаў,
У спаленым дашчэнту гарадку?
«Махнула з немцам Волечка, ку-ку...»

Раздзерла грудзі чорная агіда.
I ён тады, пакуту несучы,
Падаўся ў шлях. I ўжо сярод начы
Ў кампаніі ваякі-інваліда
Ў вагоне тросся – у каторы раз
Пад гоман слухаў лёсаў пераказ.

Да Бабчына дапяў, як сам не свой.
Ужо з ірва павыбралі астанкі,
Бліз пахавалі. Ля тае ляжанкі
Стаяў падоўгу ў одуме між хвой.
Як толькі сонца гаснула святло,
Вяртаўся з лесу сцішаны ў сяло.

Сястра хавала вочы, бо яна
Павінна ў смерці іх была. Не скора,
Камяк каўтнуўшы ўдушлівага гора,
Яе суцешыў. Згубніца-вайна,
Смяротным жахам скалануўшы свет,
На сэрцы ім паклала жорсткі след.

Разы са два й наведаўся за век
У родны край. Адпіскаю – далёка.
Хапала спраў. А прыязджаў – нялёгка
Трываць было. Ён згодна дровы сек,
Бы нішчыў здані згубцаў-ліхвяроў,
Хто ўсю сям’ю паклаў у сыпкі роў.

...На лаўцы ў скверы ён, самотны, сеў,
Прытомлены нялёгкаю праходкай.
На схіле небным белаватай лодкай
На змену сонцу веташок вісеў,
Яму ківаў маркотліва адно:
Суцішся, брат... Усё сплыло даўно.

I ён сказаў нязгодна: – Не сплыло!
Усё – маё! О, як гняце пакутай.
З нянавісцю зірнуў зацятай, лютай
У бок, дзе колісь любае жытло
Хавалася ў раскошы рослых дрэў.
Парыўна дыхаў і душой хмурэў.

Нібы з ясноты небнай грымнуў гром –
Так злосць яго няўтольна бунтавала
I помнае дарэшты спапяляла:
«Шыкуеш, сука, недзе за бугром!
Не знаеш вочы з сораму дзе дзець!
Прыперла шчэ турысткай – паглядзець!»

I праўда ўжо – няма цяпер граніц,
Калі дзяржавы гэтакай не стала.
За свет які ўдваіх з сынком дапяла.
I знала, дзе шукаць між камяніц,
Скуголіла, як вецер у трысці,
Уся трэслася ды мовіла: «Прос-с-ти...»

Ён гнеў будзіў знарок, бо ўчуў тады:
Каханне ў ім дарэшты не забіта!
Вачэй зірнула стоеным блакітам.
Ускочыў, як пакорна малады,
Бяспамятны, сардэчны дабрадзей,
Яе прыціс парыўна да грудзей.

Ён безліч раз не здолеў дараваць
Той міг сабе. I ўжо начамі потым
Да раніцы сцякаў халодным потам.
Ды нейк узяўся ўяўна маляваць
Цяпер, на лаўцы седзячы, дамок:
Тры аканіцы... яблыні... дымок...

I ўжо астыглы, сам сабе наўздзіў,
Адкрыў даўно хаванае, святое:
Ён светла помніць да драбніцы тое,
Як за учынак жорстка ні судзіў.
Хіба прад лёсам вінная яна?
Была б ягонай, знай, каб не вайна.
 

* * *

У горадзе над плыткаю ракой
З цяністым паркам і палацам княжым
Акім Пятровіч шмат драбніц узважыў,
Вандруючы штодня ў рацэ людской.
Усцешаны рашэннем хуткім спраў,
Дарожны ўрэшце чамадан збіраў.

Лавіў сябе на думцы: з гарадка,
Што золакам жыцця ў душы бярэцца,
Не хоча збегла з’ехаць – не сустрэцца
З кутком бацькоўскім. Блізка ён. Дачка
Які ўжо раз дапытліва званіла.
«Шчэ дзень, другі», – казаў, а сэрца – ныла.

На кожным кроку чуў: жахотай злой
Чарнобыль людзям даў спаўна турботы.
Жывуць аглядна-боязна. З самоты
Часцей жыццёвы тчэцца іх настрой.
Ў прыёмных вёў не раз журлівы хор:
Адзін – хварэе, а другі – памёр.

Цяпер ён ведаў, што пабудзе там,
Дзе пекла, светам чутае, паўстала.
Калі ж яшчэ? Багата дзён чакала
Душа вандроўкі гэтае. I сам
Дадому пазваніў, паведаў жонцы,
Што пабывае ў дзедаўскай старонцы.

За шумным лётам помнае дарогі,
Што больш праз лес вілася, гарадок
Ціхмяна стрэў яго. Чужак-хадок
Падаўся ў цэнтр – маркотлівы, убогі,
Глядзеў вачмі закрыжаваных хат,
Нібы пытаў: куды кіруеш, брат?!

У выканкаме прывітаць яго
Было каму. За дні бяды-навалы
Размяк душой чыноўны люд бывалы,
Наслухаўшыся слёзнага ўсяго,
Чым жыў народ, шукаючы дарады.
Яго паважна выслухалі ўлады.

Намеснік старшыні падмеўся сам
Падкінуць госця ў Бабчын. Вось удача –
Не стрэне вёска пусткаю чужача:
Цэнтр запаведніка сягоння там,
З паўсюль наехаў знаны люд вучоны,
Жыве-працуе ён за дротам зоны.

Дарога неадрозная нічым
Імкнула ў даль – душу яго будзіла:
Тут юнь жыцця цыбатая хадзіла!
Мільгалі вёскі. Шызаваты дым –
Тарфянік дзесь курэў – цягнуў з-пад лесу.
Вось ты якая – ўзбочына прагрэсу!

Як шуганула тут жыццё! Калісь,
Шчэ да вайны, гурмой бесперастанку,
Масцілі тут рукамі брукаванку.
Цяпер – асфальт. Пагор’е ўзнесла ўвысь –
I шырыня адкрытага прастору,
Абсечаная сценкай сіняй бору.

Ды скаланула ўраз душу: няўжо?!
Няўжо ён тут, рэактар-згубнік, побач?
I знік аседлы чалавечы побыт,
Мільгалі хаты, кінутыя ўжо,
Шлагбаўма рыжа-белая страла
Разгонны лёт дарогі суняла.

З зялёнага вагона – КПП –
Няспешліва якісь няўцешна хмурны
У форме хакі выглянуў дзяжурны,
Нібы спрасоння, моргае-сапе.
Намеснік дзверцы гнеўна штурхануў:
– Эй, Віктар, адчыняй! Ты што, прыснуў?!

I ўжо страла – парывісты рывок –
Узляцела ўвыш, і казырнуў служака.
Асфальту стужка – чорная вужака –
У зацень дрэў зашылася. Ставок
Бліскоціўся паўдзённай зіхатой,
Ды ў рост стаяў падсохлы травастой.

Наўзбоч шашы шнуры цагляных хат,
З іх крайніх пяць прыветна-ацалела
Жыццём у смерці прорвіну глядзела.
З бліжэйшае, апрануты ў халат,
Да іх таўсматы мкнуўся чалавек.
Не пазіраў – вачмі пытальна сек.

– Васільевіч, прымай! Здалёку госць!
Сам не паверыш, з Краснаярска, браце...
Яны утрох ужо ў прасторнай хаце.
– Як слаўна, што й гасцініца ў вас ёсць! –
Акім Пятровіч на якісь тапчан
Няўважна ставіў рыжы чамадан.

Ён сам не верыў, што, урэшце, тут,
Куды душа праз зацень год імкнула.
Цяпер яна, стамлёная, прыснула,
Ўлагодзілася... Збыўшы груз пакут,
Ён дзякаваў ад сэрца земляку,
Трос развітальна задаўга руку.

Карцела ўраз падацца на Сяло,
Пакуль не ўзяўся морак шызавата, –
Там селішча, і бацькавая хата.
Хаця 6 зірнуць на котлішча-жытло.
Ды, трацячы ў гаворцы мернай час,
Трывожна чуў, як дзень паспешна гас.

Ён да змяркання ўправіўся адно
Шашой прайсціся ў глыбіню пасёлка.
Аслаблы ветрык дзьмухаў чутна-золка,
Ды кожнае разбітае акно
Давала думкам згарачэлы лёт:
«Жыцця няма. Тут смерці пастка, от...»

Прызнаў адну з пасёлкаўскіх хацін,
А болей – дуб, узнесены над дахам.
Над кронай памяць узвілася птахам,
Вярнула горыч помлівых карцін:
Малым стаяў у гурце сябрукоў,
Калі на Котлас гналі кулакоў.

Адзначыў: дуб – глухотны, ветрык сціх.
Пякотка грудзі працінала жарка,
Нібыта ўбачыў зноўку, як Адарка
З галасам садзіць у вазок малых,
Як Восіп, гаспадар, угнуўшы плечы,
Нясе наўхап якіясь з хаты рэчы.

I ўжо ўявіў, як праз багата год
Бяда другая да хацін астатніх
Падкралася: з паклажай рэчаў хатніх
Ў свет зрушыла жыльцоў сярод нягод,
Што ім, пакутным, горнучы дзяцей,
Было ў выгнанне рушыць не прасцей.

Ці вернуцца калі? – пытаўся ён
Ў бязлюднае аглухлае прасторы.
I толькі гойстра, сіратліва зоры
Глядзелі з вышыні ў спачынны сон,
Ды морак шэры, засцячы сяло,
Казаў: тут зло навек гняздо звіло.
 

* * *

– Пятровіч, дрыхнуць годзе! – Холад шустра,
Знаёмец новы, па аконным шкле
Сек пераборам пальцаў. На стале
З’явіўся сала кус і хлеба луста.
– Ну, мне пара... Турбот неўправарот!
Абед дабавіць хойніцкі народ!

...Ён з хаты выйшаў. Рокатам машын
Нязвычліва гайдалася прастора.
Аўтобусы ля плота. Дзе кантора –
Чародка ў белым маладух-жанчын.
Людзей на пляцы выстраіўшы ў рад,
Знаёмец Холад раздаваў нарад.

У рэшце рэшт той гудкі віраток
Рассунуўся, пусціўшы дыму стужкі.
Аўтобусы, машыны, «лапатушкі»
За лес памкнулі ў той пагрозны бок,
Дзе блізка тлеў заглушаны рэактар.
Ля брамы чмыхаў толькі нейкі трактар.

Насупраць ля хаціны – леснікі
У фрэнчах сініх, стоячы, дымілі
Ды з рогатам аб нечым гаманілі.
У большасці – ссівелыя дзядзькі.
Ды неўпрыкмет і той густы галас
Пад камлюкамі ліп старэчых згас.

Акім Пятровіч, пазабыты ўсімі,
Час нейкі моўчкі тэпаў па двары.
Ужо стаяла сонца угары.
Блішчэлі дахі вуліцы. Над імі
Плылі чароды белых аблачын,
I ён асфальтам рушыў да хацін.

Калгасны двор, парослы быльнягом,
З пашэрхлымі будынкамі на ўзбоччы
Наблізіўся, пустэльны і сірочы.
Пазнаў сельмашню, абышоў кругом,
Згадаў, як Гофман, весялун-яўрэй,
Шчэ да вайны у кузні вёў тут рэй.

Праз вулку – школа: дзецішча папа.
Як дэпутат былое царскай думы
Дамогся той, на воласць ўзняўшы шуму,
Узвесці камяніцу. Ля слупа
Забыты кімсьці чэз матацыклет.
У джунглях траў – дарога ў іншы свет.

Ён пастаяў у школьнай пустаце,
Наверх падняўся лесвіцаю рыпкай.
У затхласці дачаснай смерці хліпкай
Пачуў: задушша у грудзях расце.
– Тут мёртва ўсё... – адно сказаў сабе,
Глядзеў, як вецер клёна чуб скубе.

На пляцы цэнтра не пазнаў, было,
Ні кмеціны калішняй. Дом культуры
Паміж дубоў сядзеў, як старац хмуры, –
Пабітае акон тырчэла шкло.
Зірнуў на дах – і кругам галава:
«Ды... Некалі ж стаяла тут царква!»

Асфальту змейка вуліцаю ў даль
Пустэльна бегла ў рослым травастоі,
Была нязвычна вузкаю, пустою.
Ступаў насустрач котлішчу. I жаль
Зыркатым сонцам з-за чубоў аблок
Істоту ўсю наскрозь, здаецца, пёк.

Паверыць як? – нязвыклым наўкруга
Ўсё, помнае дагэтуль, паўставала.
Нязгодліва душа пратэставала.
Гэй, людзі! Толькі горкая туга
Даводзіла: нікога тут няма!
Усё гэта – тхло! Усё гэта – смерць сама.

Жыццё вірыла некалі, гуло,
Гучала ў ім былога галасамі,
Пагасла, стаўшы прошласці часамі.
Астачу, бачыў, тленам абдало:
I здані хат, і голле рослых дрэў
Вядуць цяпер над ім сыходны спеў.

Бывай, жыццё! Твой чалавечы след
Залевамі даўно са шляху змыты.
На ім зрэдзь толькі памяць дынаміты
Закладвае, каб вусціш гэткіх бед
Была гучней тубыльцамі пачута,
Каб кожны знаў, што ты, жыццё, – пакута!

Не дазавешся чалавека ты –
Сышоў далей ад ядзернай пустыні.
Дзён уцякло зашмат у мёртвай стыні
Аблогай за калючыя драты,
Каб дзесьці там, далёка, на чужыне,
Ажыць на міг у скрутным прыпаміне.

Сляпуча сонца несла дзённы пал,
I воблакаў зрадзелыя чароды,
Як белыя адступнікаў бароды,
Віселі ў небе. Рэзрух і развал
Пазвоньваў чутна гойстра бітым шклом,
Калі ўступаўся і хадзіў жытлом.

Ад хаты к хаце – праз быльнёг глухі
Няспешна ён, сцярожлівы, як злодзей,
Ішоў сабе. То задаўга ў калодзеж
Глядзеў было. А то якой трухі
Астачу браў і сполашна ў руках
Трымаў яе, змагаючы свой жах.

Істотаю адчуў – непадалёк
Бацькоўскі двор. Вунь, за хлявамі, дзічка.
Суседская хаціна, дзе Чырычка
(Старцоўскі ўсё насіла хатулёк)
Век дажыла у сына-байструка:
На могілках Ахрэмава дачка.

Згадалася: угневаны Ахрэм
Прагнаў дачку-распусніцу, і тая
Жыла вясну ў нямога Мікалая,
Усё чакала, што Гатальскі Рэм
Ўразуміць серадольшага з сыноў.
Ў чаканцы – зацяжарала ізноў!

Над вуліцай травы падвялы дух
Ў паветры калыхнуўся казытліва.
Азяхаў сад. Над шчэццю траўнай сліва
Чырвона млела (птушкі ўспудны pyx),
За ёй разгалы пунсавеў ранет.
Вось хата. Падступіла неўпрыкмет!

Ад вуліцы два выдраных акны
Самотнай зеўрай глянулі – падсеклі.
Застыг пабліз – крапліны поту цеклі:
Палову шаляванае сцяны
Укрыў травой заплецены падворак.
Зірнуў на вугал – пяць крывавін-зорак...
 

* * *

У тлене сцен з абрыўкамі шпалер
На табурэце, выцертым травою,
Сядзеў ён хмуры. Галавой сівою
Ківаў раз-пораз роздумна. Цяпер,
Здалося, стома ногі адняла,
А галава, як медны звон, гула.

Да хаціны бацькоўскае старой
Трысценак быў прыстаўлены Антосем,
Старэйшым хлопцам Рэмавым. Увосень
Пасля вайны пабраліся з сястрой.
Свой век дажыў сталяр заўзяты тут,
Яе – забраў чужыны горкі кут.

У хаце з рэчаў самаробны стол
З павыдранымі дошкамі, услоны
Ды табурэт – цяпер тубыльцы зоны.
Яны тужліва зыркаюць вакол,
Нібы спытацца сіляцца: чаму
Забыта зябнем кожную зіму?

Калісь сюды за Кірчанку Пятра
Прыйшла з нядальняй вёсачкі Аксінка.
З вясны тае квятастая хусцінка
Ў глыбі мільгала доўгага двара
Пад назіркам свякрухі дзень пры дні:
То – дроў нясі! то – свінні загані!

Яна была пакорлівай, Хвядора
Нявестку палюбіла, як дачку.
Закопанае золата ў гаршку
Сумленна падзяліла. У каморы
Аксінка брала боязна вагоўку,
Бо ў ёй зашыла тайна залатоўку.

Акім не помніў дзеда – тыф сыпны
Таго зваліў узмахам лёсаруба.
Ўжо дзедаў брат Дамець хадзіў ля зруба.
I пахла смольна трэскамі сасны
Маленства хлопца – быццам вінавата
Глядзіць і сёння дзедаўская хата.

Не раз балесна ўспамінаў Акім,
Як доўга бацька умыкаў калгаса:
«Хе... галыцьба!» Акім выпырхваў з класа,
Падзуджаны, да бацькі бег. Зусім
Той чуць не чуў, сваё упарта вёў,
Цвярдзіў адно: – Калгас для гультаёў!

Гучалі ў хаце бабіны ўгаворы:
– Ўступі, сынок, на Котлас загрыміш.
А матка моўчкі шмыгала, як мыш,
Не слухала ні бацькі, ні Хвядоры,
Ды вечарамі ў запечку часцей
Да сэрца прытуляла іх, дзяцей.

Не загрымеў на Котлас. Брыгадзірам
Праз нейкі год упраўны стаў Пятрок
I адчаканіў так камандны крок,
Што й матку з жонкай гнаў у поле шчыра.
«Парційцам крэпкім стаў, ды толькі – на,
Так недарэчна ў жвір звяла вайна!

Усю сям’ю, лічы, туды паклала!» –
Акім Пятровіч рушыў за парог.
Што ён пачуць у сценах гэтых мог?!
Нясцерпна горка памяць наплывала,
Пякотна кроплі выступілі слёз:
Як страшна, жорстка абышоўся лёс!

Нібыта выйшаў з чорнага прадоння.
Зажмурыўся ад яркага святла.
Палала сэрца – тут сястра жыла!
Ён памятаў: чацвёрты год, як Тоня
Там, дзе й яны, забітыя, – ў жвіры.
Тут ён адзін – нямогліца стары!

Загнана дыхаў ветрам ў цені саду,
Абпёршыся на яблыні камлюк.
I толькі дошкі адарванай стук
Па слыху сек ды шпоканне ападу –
Гнілотай густа ўсланы траўны дол.
I ні душы жывое навакол.

«Адсюль пагналі іх, – вёў одум горкі, –
Як статак, гналі ў лес, у кляты роў...»
Ўваччу жахотна пунсавела кроў.
Трымцела сэрца. Чырвань тая ў зоркі
Злілася ўраз. Крывавыя, яны
Прыпалі зноў на хацн да сцяны.

Цяпер самотна думаў: аніраз
Не распытаўся ні ў сястры, ні ў кога,
Якой была астатняя дарога
Пакутнікаў. А зараз гэты сказ
Яму шапталі вусціш і пустэча,
Маўляў, уведай праўду, чалавеча.

Ураз ва ўяве зболенай узнік
Ахвярны гурт. Заліўны брэх аўчарак,
Яўстрата, паліцая, ўгнуты карак
Між немчуры драпежна-чорнай нік.
Візгліва-чуйна упіваўся ў слых
Галас жанчын і плач дзяцей малых.

Пятнаццаць сем’яў гналі ранкам тым.
Іх горкі май праводзіў чорным цветам,
Нібы казаў ахвярніцам-кабетам,
Мужчынам іх і дзецям – вам, святым,
Павечна жыць у царстве небным Бога.
А катам – не даруецца нічога!

З гадамі даравалася! Вайна
Не ўсім сягоння помная. Шугае
Хлусня наўкол, і свастыка мільгае.
Памежная Берлінская сцяна
У рэзруху якой дзяржавы пала!
Усё, чым жыў, – дарэшты пахавала!

Успыхнула, як тая, што кахаў,
Што кінулася у абдоймы фрыца,
Дапяла – закардонная царыца –
I ўмолліва хапала за рукаў.
I плюнуў гідка ў ссушаны быльнёг:
Паддацца як усхліпам слёзным мог?!

Жыццё пражыў з жанчынай, што яго
Клапотліва і горача кахала.
Гарнуў штоноч, было, а сэрца спала
Ды неслася да помнага свайго.
I там да золку мройна прападаў:
Крок кожны кралі юнай выглядаў!

І толькі ўчуў, дранцвеючы, цяпер,
Агідна-даўка пружачы дыханне,
Як гасне-меркне помнае каханне.
Замест – маршчынны твар, зубоў ашчэр.
«Падсцілка фрыца! – ўсёй душой крычаў, –
Кахаў каго? Гадзюку прывячаў!»

Падаўна сонца рушыла на спад
I ўжо, чырвона-кметнае, над сценкай
Шчарбіны бору макіскога зрэнкай
Павольна гасла. У здзічэлы сад
Прабраўся волкі росны халадок.
Ступаў далей, запознены хадок.
 

* * *

Ужо ірдзістых зорак вугалі
Убралі неба, як Акім Пятровіч
Дабавіўся ў гасцініцу. Адмовіць
Хацеў сабе ў вячэры. Нікалі
Не быў такі няўважны да яды,
Напіўся ўсмак халоднае вады.

Ды Холад, лішне ветлівы, цішком
Дабавіў харч: падстылы суп ды пляшка.
I сам за стол усеўся грузна-важка,
Наліў па чарцы. Выпілі. З глытком
Шырока ўтома чутая расла.
Той локці апусціў на ўскрай стала:

– Як ваш паход?
Ён не пачуў адказ,
Дый не чакаў. Парыўна сціснуў пляшку,
Прагнаўшы з рыльца рыжую мурашку,
Наліў па поўнай. Ды на гэты раз
Сам-насам, моўчкі, спешліва кульнуў:
– Ну во, сябе самога памянуў!

Мы, бра, Пятровіч, тут, як у баі,
Услухайся, як ціўкаюць рэнтгены. –
Дазіметр ён уміг дастаў: – Ваенны!
Ну во, як нашы свішчуць салаўі!
I ўжо казаў над мерна чуты свіст:
– Да не трымці, як на асіне ліст!

Пяцьсот семнаццаць! Выведзем сто пяць! –
I ён набухаў зноў да краю чарку:
– Павыключым свісцёлку-цыркулярку,
Бо не дае начамі крэпка спаць!
Наслухаешся гэткае свістні –
Не радуюць ні ночы ўжэ, ні дні!

Начальнік мой, спачын яго душы,
Усё хадзіў тут па разорах босы.
Садзіў сады... Ты бачыў абрыкосы?
Як кролікаў, трымаюць у глушы:
Расціце травы ды спяліце хмель!
То – рэ-а-білітацыя зямель.

Тут грошай закапана – у-уга!
I шчэ да чорта ляснецца з бюджэту.
Ды аніяк не збіць заразу гэту –
Наўсцяж паўзе атрутная шуга.
На новых картах ядзерны віхор
На безліч год пакінуў колер гор.

Акім Пятровіч, змогшы ўласны боль,
Цярпяча-ўважна слухаў чалавека
I думку вёў: «Душэўны ты калека!»
– Пятровіч, бра, наліць табе дазволь!
Гуляй у травах тут, сказаць хачу.
Я – заўтра ў Обнінск з вахтаю лячу!

Ды ўсё ж скажы мне, бра, як на духу:
Няўжо радзіма так няўтрымна кліча?!
Казаў адзін, што дні і ночы ліча,
Каб зноў дапяць сюды вясною... К-ху –
Ну, будзь здароў! Ды ўжэ ж хаця б прыгуб
За родны кут, што сэрцу гэтак люб.

– Няма кутка! Ні каліва няма... –
Акім Пятровіч звёў пахмура бровы,
На ганак выйшаў. Морак вечаровы
Прыкметна згуснуў. Змрочная турма,
Глухотна млела ядзерная даль.
Сцінаў душу за чалавека жаль.

Той за сталом, захмелены, адзін,
Спакутаваны. як заложнік лёсу,
Смактаў цяпер раз-пораз папяросу.
Ківаўся ўсяк за кветкамі гардзін.
«Шчэ маладых, упраўна хвацкіх год,
А ўжо, глядзі, душой астыў на лёд.

Чым вінен ён? Навукі грыз граніт,
Трубіў паўсюд пра слаўны мірны атам.
Што дзеецца: суддзёй і адвакатам
Як выступае! Тых бярэ на шчыт,
Хто безгалова свет аддаў на глум.
Адно за чаркай і ўздымае шум!»

...Уранку Холад шустра зноў па шкле
Забарабаніў пальцамі: – Да стрэчы! –
Сказаў, абняўшы ўчэпліва за плечы,
Быў нейкі іншы ў ранішнім святле:
– Ну, бра, Пятровіч, лішне не тужы.
Пра ўсхліп мой п’яны іншым не кажы!

Бывае так: разныецца душа,
Хоць на ланцуг садзі, нібы сабаку.
Ён торкнуў пляшку: – Хоць не чуеш смаку,
Бяры патроху, ведай, ні шыша
Тых бекерэлей ты не набярэш...
Хоць і лася, паклаўшы тут, сажрэш!

Акім Пятровіч гойстрае цяпло
У сэрцы ўчуў – хапіў з кішэні ручку:
– Дам адрас свой... – ў грудзях здушыў

калючку, –

Мяне сюды, бач, лёсам занясло.
Магчыма, й ты, пакутны сын зямлі,
У Краснаярск заявішся калі.

...Ён безуважна, умарнелы, стыг
На тапчане, уздзеўшы акуляры.
Цікаўнасць грала на шырокім твары,
Калі гартаў старонкі розных кніг,
Што на паліцы ўшчыльнена пад пыл
Патрапілі, чакаў вяртання сіл.

Адна была на мове беларускай.
Блакітны томік вершаў. Сам паэт
З тутэйшай вёскі. Быццам запавет
Яго чытаў. Хрумсцеў усмак прыкускай.
Бо ўсё ж уважыў Холадаў наказ:
Нукліды тыя гнаць быў самы час.

I, выняўшы пашэрпаны блакнот,
Радкоў перапісаў душэўны ўзлёт:

«Кут мой забыты, безабаронна
Зорыш пагаслых крыніц вачыма.
Некаму ты – ачужэлая зона,
Сэрцу майму ты да скону – радзіма!»


Ён паўтараў радкі і чуў: душа
Дужэе пругка, як крыло над полем.
I зноўку, зацікаўлены ваколлем,
Ступіў за дзверы. Стужчына-шаша
У зыркіх промнях дзённага святла,
Дакладна знаў, куды яго вяла.

За хатамі пустэльнымі пасёлка
Шумотны лес устаў заслонай дрэў.
Бярозаў купкі. Вольхі. Ветру спеў.
Сасны калола шорсткая іголка.
Ён бакавінай пыльнаю пустой
Імкліва йшоў ля шчэці дрэў густой.

За хвойнікам, па левую руку,
На ўзбоччы гэтай ведамай пуціны
Яго сустрэў праз нейкіх паўгадзіны
Бетонны помнік. Побач, у барку,
Глыбокі роў, парослы хваіной.
Дыхнула ў твар пякотліва вайной.

На шэрых плітах прозвішчаў радкі,
Схіліўшыся ля брацкае магілы,
Чытаў ён гучна. I ставала сілы
Іх прачытаць уголас, не ўкрадкі.
I, рэхам адгукнуўшыся, жылі
Імёны родных ў вусцішы зямлі.
 

* * *

У схове дрэў над прорвінай ірва
Трывуча настаяўся у маркоце.
За Вубяддзю на колішнім балоце,
Асушаным, шырэчаю трава
Гайдалася на клетках між лаўжоў.
Блішчэў асфальт, і ён стуапаў, ішоў.

Дарогай гэтай – чуў – ступалі ўслед
Брат Паўлік, сёстры – Акуліна й Зося,
I бацька з маткай... Лёсу адгалоссе,
Жывыя, неслі... Неяк неўпрыкмет,
Задыханы, пад дзённым санцапалам,
Ступіў на мосцік, стаў па-над кааналам.

З вады вільготным цегла халадком,
I пошапак дрыгучага чароту
Гайдаў яго аглухлую маркоту.
Сінела неба ў далі над ляском.
Разлог былых карчэўнікаў-балот
Цяпер наўскос дзяліў калючы дрот.

Калісьці з бацькам пружысты круглец
Касілі тут на востраве. Дрыгвою
Акружаны, забіты крапівою,
Ён падступаў пад самы Варацец.
Ў далёкае прылеснае сяльцо
Падмсрзлым шляхам трэслася сянцо.

Мінуўшы твань-дрыгву, ужо адтуль
Па вербах панскіх сенныя падводы
Каціліся у вёску, за гароды,
Часцей у гумны, вохканнем матуль
Сустрэтыя. Яны, хапіўшы граблі,
Чакалі іх, на золкім ветры зяблі.

Згадалася смяшлівае, як раз
Цыганку матка звала, каб карову
Малочнаю зрабіць. I як замову
Шаптала тая, горнучы абраз.
Праз тыдзень зноў у хату забрыла:
– Ну колькі Лыска малака дала?

Махнула матка даланёю: – Ат!
– Ты ето паскупілася, сястрыца.
Шчэ абруса дай ды мядку карытца,
Тады і дзела зрушым акурат.
А ранкам і цыган прыбег, што смоль:
– Сянца ахапку даць, Пятрок, ізволь!

Акім і бацька, стоячы ў гумне,
Цярпяча-доўга клалі тую вязку.
Ці данясеш? – Да ўжэ ж, рабіце ласку!
«От папапрэ, узмокшы, на спіне!»
– Кладзі бо, не скупіся, чалавек.
Затарабаню, шлях мой недалек.

Вязанку ледзьве выпхнулі з варот.
– Ну, прынімай, давольным будзеш, бачу!
Цыган вяроўку тузануў: – А, бацю!
Хай паляжыць, з канём падскочу, от...
I бацька скіс, як рошчына ў дзяжы.
Сярдзіта буркнуў: – Матцы не кажы!

Прыволлем Гала шырака лягло,
Падаўна тут не шаргацелі косы.
Каналы ззялі – водныя палосы,
Ды высака буслінае крыло
Кругі вяло, узмашыста шугала.
Зрок піў прастор. Душа крыляла: – Гала!

Як прыязджаў сюды ў апошні раз,
Якраз тут ракатала асушэнне,
Паўсюд лазы павыдранай карэнне
Тырчэла ўверх; глядзеў – і сэрцам гас:
Маленства кут – да жудасці чужы,
Пустэча клетак чорных ды лаўжы.

Гады не мог здушыць гарачкі-болю,
Шугаў, нібы начлежніцкі касцёр.
Начамі сніўся выдраны прастор.
Сястра пісала: маем сена ўволю!
Здай малака залішні збан які,
I ўжо вязуць гатовыя цюкі.

I ўпраўду тут зажыў дабрача люд.
Начальства, каб усмак, бывала, выпіць,
Шашой імчала гэтаю на Прыпяць.
Ды знікла ўсё! Сусветны перапуд
Устроілі. Спусцілі лішні «пар» –
Рэактар грэлі, быццам самавар!

I вось пустэльня-згубніца наўкруг!
Якія землі кінуты, дзе потам
Жыццё сцякала. За калючым дротам.
Іх не кране вясною звычна плуг.
Гурмой лятаюць з карканнем вароны,
Раздольна ім пад смутным небам зоны.

Няўжо такія ў нас былі мазгі,
Каб толькі й жыць разбойнаю глумотай?
Драпежна пляжыць! Зумкаю шчымотай
У сэрца ліўся прыхапак тугі.
Ў вачах маркотна цьмела далячынь.
Гайдала цень яго канала плынь.

«Даждаўся, от, айчызны пахарон!
Як госць на смерцю твораных хаўтурах.
Няўжо не злёг у лёсавых віхурах,
Каб чуць на сходзе карканне варон
У гэткай, от, гнятлівай пустаце
На першай, небам дадзенай, вярсце?..»

Дзяркатая, крыклівая сарока
Трашчоткаю вілася за спіной.
Данёсся з цішы стоенай лясной
Матора адзінотны зумкі строкат,
I на асфальце прычакана ўзнік,
На матацыкле ўгнуўшыся, ляснік.

Прытармазіў і зыркнуў падазрона
З зацятаю халоднасцю вужа.
«Відаць, прыняў за соўгалу-бамжа!»
Акім Пятровіч, помнячы – тут зона,
Хто ён такі, рапартаваў як след.
Яму кіўнулі тут жа: – A-а... сусед!

Даруй за пільнасць лішнюю. Багата
Сюды ўсялякай сунецца брыды.
Кастрышча кінуць – клопату тагды:
То лес гарыць, а то палае хата.
А ты лятай ды старажы з уздымам,
Каб не ўзвілася ета пусташ дымам!

Адкуль бо сам? Казалі, госць далёкі?
– Тутэйшы я... У гэтых нетрах рос!
Ды на крайсвет закінуў круткі лёс!
– Ты – бабчынец? – Бялёсыя аблокі
Над Галам мерна, сцішана плылі.
Два бабчынцы пад імі, на зямлі,

Як родныя, счапіліся ў абдымку.
– Дак ета ты бо, Кірчанка Акім?
I не пазнаць! Сівенным стаў якім!
Ай-яй жа час! А некалі, узімку,
Ты прыязджаў – агонь мужык, арол!
– Дый ты батата здаў, Сінкевіч Хрол!

– От старасць баўлю... Леснікую тут.
Як забаўка... I пенсіі – дабаўка! –
Хрол як падрос: – Не ведама адстаўка:
Я сцерагу бязлюдны родны кут.
Цяжэй, павер, за век не меў клапот... –
I Хрол з ілба далоняй выцер пот.
 

* * *

З асфальту гладзі з’ехаўшы пустой,
Ссівелага хаўрусніка былога
Няўезджанай рудзіцкаю дарогай
На тарахцёлцы Хрол імчаў, і той,
Учэпіста прыпаўшы да спіны,
Хаваўся, каб не сцёбаў хмыз лясны.

Яны ў дарозе прыставалі зрэдзь,
I голасна ліліся прыпаміны.
Знаёмыя калішнія мясціны
Цікаўны госць імкнуўся паглядзець –
То Гарусаў, а то Млінцовы Мох.
Хрумсцеў сівец, што на спякоце ссох.

Ўжо Незераў бярэзнік – зіхата
Камлёў бялёсых – бег узбоч, вясёлы,
У сыпчаку-жвіры завязлі колы
На выспачцы. Лясістая вярста
Канчалася за шчыльнай сценкай хвой,
I бліснуў плёс азерца сінявой.

Бярозы воддаль, ніцая лаза
Кусцілася на градках. Дзве сарокі
Узляцелі стуль, учуўшы блізка крокі.
Акім глядзеў, пякучая сляза
На вочы нагарнулася, і ён
Быў зноў узяты памяццю ў палон.

– Ці помніш, Хрол, бацькоўскіх коней тут
Мы пасцілі, павывеўшы ў начное?
Дзе косці іх? А памяць вот, са мною,
I не стрыножыш, не накінеш пут! –
Праз годы мкне ліхі яе галоп.
– М-да, ведама... – Хрол думна

зморшчыў лоб. –


На скачцы той, што жыткай хтось нарок,
Даўно ўжэ нашы збітыя падковы.
Адрахлі ўшчэнт! – гарачыя галовы.
Не чуйны слых ужэ, не ясны зрок.
I гэты свет падчас ужэ не міл.
Глядзім, Акім, на край сваіх магіл!

Пагодкаў там, бы ў лесе етым дрэў!
Нас колькі, от, у войну ацалела?
Няведама, дзе іх касце сатлела.
Лічыў калі? Я, ты да Маркаў Леў,
Дай той год сем, аддаў як Богу дух.
Лічы, з былых хаўруснікаў – удвух!

На ўкрытым дзёрнам тарфяным бугры
Над хвалістай угрэтаю сінечай,
Даўно дзяды, з тугою чалавечай
Сябры палілі памяці кастры,
I той далёкі, незваротны час
Да іхніх душ даносіў свой галас.

Маленства ператросшы пакрысе,
Нібы ў капе зляжалую салому,
Аддаўшы ўвагу помнаму былому,
Дзе шчэ былі хаўруснікамі ўсе,
Не раз прайшлі пад рыпкі гуд сасны,
Ссівелыя, у дні сваёй вайны.

– Ты, от, на хронце быў... Дай з каптуром
I я хапіў у лесе етым ліха... –
Упрэлы Хрол казаў разважна-ціха, –
Баліць душа: не скончыцца дабром
Заладжаны Масквою перастрой.
Крывавай, чую, кончыцца ігрой!

От Сталіна клянуць – і ўсе і ўся!
У рэпрэсіях няўгодных вінаваты!
I трубяць днямі ўсё пра Курапаты.
А з мёртвага – нібы вада з гуся...
Я так скажу: калі капаюць косці,
То дзеецца ў жыцці не тое штосьці!

Кіўнуў Акім Пятровіч галавой,
Хоць быў ён сам багата з чым не згодны.
Ды што казаць – хаўруснік, сэрцу родны.
Насуперак пайсці – і збіць настрой.
Ён – гаспадар, а ты хто? Толькі госць!
Уважліва прымай усё, як ёсць.

Ён мала чуў ужо, як гнеўны Хрол
Зацята кляў «прадажных дзямакратаў»,
Паглядам далеч заазер’я кратаў.
На беразе, напроць, бярозы ствол
Так гожа нахіліўся над вадой.
Ды роўнядзь млела пошасцю рудой.

Там, у далечы, дахі вабных хат
Прывычна, як жывыя, паўставалі.
Над імі промні ярка шчыравалі.
Ды помнілася: смерці маскхалат
Накінуты на траўнае ваколле,
Не радасць – боль нясходны сэрца коле.

– Да ты і чуць не чуеш! – Хрол кіпеў, –
Мне, от, гарляк такая цісне жытка...
Ўжэ радзіва – і тое слухаць гідка,
Гадзінамі балбоча нараспеў:
«Мы людзям дзямакрацію далі!»
Каб мог – спаліў бы тыя Віскулі.

– Хрол, ты ўсё той... пара мяняцца, брат.
Не тых багата наламана дроў!
Ускочыўшы, сухенькі Хрол зароў:
– I ты туды – за імі, д-дзямакрат!
За вылюдкамі цягнеш, прайдзісвет.
Мо ўжэ адрокся – кінуў партбілет?!

– Я – плюраліст!
– А я, от, – патрыёт!
– Не пенься так, з табой мы – два атопкі.
Нас не пачуюць, падышлі да кропкі...
– Дык што, чакаць, калі магільны гнёт
Накрые зверху? Я, от, не такі... –
I Хрол сухія сціснуў кулакі. –

За справядлівасць стану я гарой!
Не грэх за ета перці брат на брата!
Дак, от, скажу: я парашыў Яўстрата
Пасля ірва – з сястрою і старой,
Павыдраў семя чорнае з зямлі,
Каб больш пачвары ў вёсцы не жылі!

Мне душу дзерла, як вярнуўся гад,
Адседзеўшы, як вуліцай шнуруе!
Чуў галасы пабітых: – Не даруем!
Нас, Хрол, уваж, ты – парцізан, салдат.
За тое, што фашысцкі біў рэжым,
Ў магілах мы, бацькі твае, ляжым.

То я і ўдумаў: хату – на замок.
Там хроп Яўстрат, п’янюшчы у дрызіну!
Дапяў цямном з каністраю бензіну.
Зіма... Глухота... Успацеў-узмок,
Баяўся, каб не скмеціў хто з сяла.
Іх хата, помніш, крайняю была...

Успыхнула, як порах... Яркі блік!
Сачыў з-за хвой, трымцеў у перапудзе,
Так зашугала! Дзіваваўся: людзі
На той пажар пабеглі, ўсчаўшы крык.
Во, дабракі! Палае еткі звер –
Бягуць тушыць! Мо б перлі і цяпер!

Ды не было калодзезя, аднак.
– Вады! Вады! – раўла Хрысціна-пшэчка.
У дзверы Хведар кінуўся: асечка!
Замкнёныя! Уцяміць аніяк
Не мог, чаму замкнёныя былі...
Ну ўжэ ж усіх заметных патраслі!

Дайшла чарга, канечна, й да мяне.
Дак Восіп, хітры: – Ганяць парцізана!
Так зыркнуў следчы – стала мне пагана.
– Не ты падпёк? – пытае. Цвёрда: – Не! –
Кажу, – за жытку дайжа камара
Ніколі не пакрыўдзіў я зазра.

Усцешыла адно: праз пару год
Забылі ўсе – што і жылі такія.
Ужо казалі: «Іх грахі цяжкія.
Бог пакараў!» Парос густы асот
На котлішчы. Усё пайшло на тлен.
I аніхто не ўзвёў там новых сцен.

Дак вот, Акім, адзінаму табе
Паведаў праўду, што таіў гадамі.
Цяпер сяло ўсё сталася кладамі,
Каму сказаць? Нясцерпны боль скубе
Ды гоніць прэч астатак чутых сіл.
Я помсціў злу над памяццю магіл.

– З табою б быў, калі б мяне пазваў!
Пасобніку фашысцкаму – асіна!
А вот старая і сястра Куліна...
– Сказаў, я з корнем семя зла ірваў!
– Павырваў хіба? Глянь, якое зло
Усцяж пад небам гэтым парасло!
 

* * *

Хрол жыў у Губарэвічах, сяльцы,
Што бліз шашы, ля зоны, сотняй хатак
Тулілася. Адсюль калісь іх матак
Пабралі ў жонкі з Бабчына хлапцы.
Гулі вяселлі тыя ў год адзін,
А ў год наступны – погалас радзін.

А Хролава старэйшая дачка,
Нібы вярнуўшы прошласці даніну,
Пайшла туды ў замужжа, на радзіну.
I ўжо цяпер у зяця, Дзмітрука,
Хрол дажываў астачу сумных дзён:
Зірнсш з парога – родны дах відзён!

Прад самай радыяцыяй, зімой,
Хрол пахаваў рухлівую Агапку.
Як гналі ў высяленне, ўзяўшы шапку,
Сюды, да зяця, рушыў па прамой,
I той пасля з хаціны барахло
Машынай звёз у гэтае сяло.

Адкрылі запаведнік – лесніком
Шчэ жвавы Хрол уладзіўся. Бывала,
Падоўгу «мацыклеціна» стаяла
Пад хатаю пустой, а Хрол крадком,
Забраўшыся сюды, штось ладаваў.
Улетку часта тут і начаваў.

Зашкліў наноў павыбітых акон
Пустыя рамы. Выграб кучу друзу,
Фіранкі начапіў ды кукурузу
Ўзрасціў заместа плота. Не відзён
Нікому з вулкі побыт чалавечы,
Дзе часта дрыхнуў Хрол на цёплай печы.

– Паўбабчынец! – сказаў самотна Хрол,
Калі ўступілі ў хату. I Акіма
Імклівых рук кранула пантаміма:
Хрол выціраў маўкліва-спешна стол.
«Глядзі, – мільгнула думка ў галаве, –
I сёння тут, на котлішчы, жыве!»

Яны сядзелі задаўга. Цяпер
Акім Пятровіч даў душы адхланне:
Яго лілася споведзь. Блікі рання
Яе спынілі. Чэпкі недавер
У Хрола згас да сябрука, і той
Сказаў адно: – Сягаў ты па крутой!

– Не так і крута! Іншыя вышэй
Сягалі, Хрол. Ірваліся штосілы.
– Дай ты не браў ні граблі, от, ні вілы...
Культурна жыў. А помніш, пас гусей
Падобна да астатніх галышоў.
Высока ў людзі ты, Акім, пайшоў!

Ты – чалавек! Размах мыслі дзяржаўны! –
Хрол падліваў пладовае вінцо.
Духмяна пахла з лежбішча сянцо, –
А я от тут, у царстве мёртвым, глаўны!
Тут з дня на дзень сяджу, з жыльцоў адзін.
Усё ў адным – і раб, і гаспадзін!

Я тут, Акім... От, распавёў, было,
Як спёк Яўстрата... I душа – трасецца:
Далёка, чуе, праўда панясецца!
Крычыць-заве: чыні другое зло,
Калі такі прачулы, сыч стары!
Спакой адзіны – свсдку убяры!

От кокні ціха, і ніхто нідзе
Пра здзеянае колісь не пачуе.
Спалошыўся? Душа, што конь, гарцуе...
Прысядзь, Акім... На совясці судзе
Я і падсудны сам, і пракурор...
Шмат год сабе чытаю прыгавор!

Я і сазнаўся, от, каб цяжар той
На могілкі не несці, пад бярозы,
Каб не каўтаць садзеянага слёзы
Сярод сваіх, там, у зямлі святой.
Каб знаў хоць хтось, хаця б на схіле дзён,
Што смерць за смерць – аплочаны іх скон!

...Апалі росы. Чутна крапівой
З надворку цегла. Рослая ігруша
Ля вулкі лісцем шапацела. Суша
Сярод начы умерыла пал свой,
I неба, дзе трымаўся дзённы жар,
Цяпер было заслана шыззю хмар.

Мутнела іх гушчэча. Першы гром
Здалёку дзесь падаў гугнявы голас.
Мятлушак сцебануўшы шорсткі волас,
Пранёсся вецер. Бразнула вядром –
Гайдаўся вочап, біў аб студні зруб.
Каціўся-нёсся пылу шэры клуб.

I навальніца выбліснула ўраз –
Заляскацела. Гойстрыя маланкі
Крамсалі-секлі хмарыва. З буслянкі,
Што высака трымаў кудлаты вяз,
Спалошна бусел клёкат абраніў.
Парыўны дождж у травах гаманіў.

– Во, уліло! – устаў з услона Хрол.
Акім Пятровіч назіраў праз шкліну,
Як спорны дождж зыркатую рабіну
Лагодзіць-мые, як травяны дол
Згінаецца ад пругкіх хваль дажджу...
– Ступі – паглянь! Во уліло, кажу...

Падобна не шугала так здавён,
Ачахлы лес, аніякога грыба!
– Ты, што, атруту спажываеш хіба?
– Бяру, сушу, вязу пасля ў раён.
Адтуль упраўны, вёрткі меншы сын
Збывае іх у нейкі магазін!

– Ты ж труціш свет!
– Дзялюся шчодра з ім!
Нам што, адным дабро такое жэрці?
Не з етага, дак з іншага памерці
У рэшце рэшт, от, давядзецца ўсім.
Хай мне капейка, а камусь – труба!
З малечых дзён шукаць люблю грыба!

Ён гожа так зашыецца ў траве,
Сядзіць сабе цішком, пузач крамяны.
Аж здрыганешся ўвесь, усхваляваны,
Пачуеш валасы на галаве
I толькі ўсцешна цмокнеш языком
Ды за другім шыбуеш праміком.

От Холад нейк... Набраў якраз вядро,
Аднёс яму. Дак той разоў мо з восем
Іх кіпяціў, зліваў ваду. Запросін
Ледзь дачакаў. Працівілась нутро.
А ён наліў стакан: – Смялей бяры!
Давёў, памераў... Каб табе кюры!

За чаркай тою вечар дукаваў:
Ўскіпіць, от, бульба – злі адразу воду
I ў дзесяць раз уменшыш трасцу-шкоду.
А што грыбы сушу – пажартаваў.
Хоць іншых знаю – паступаюць так.
Калі й бяру – то спажываю ўсмак.

Зіхала, глуха гупала. Па шкле
Ірванымі, парыўнымі цуркамі
Цякла залева. Побач з агуркамі
Стаяла крынка мёду на стале
Ды пляшка, ледзь адпітая на трэць.
Нібыта свет хацеў на тло згарэць.
 

* * *

Пасля дажджоў – іх пошугі ўначы
Шчэ больш зірката ляскалі – прырода
Ачнулася. I занава пагода
Цяплом шугала. Вёскай ідучы,
Акім Пятровіч напаткаць быў рад
З пары маленства сэрцу знаны сад.

Раманаў сад... Пабліз, ля хутарка,
Галіністыя яблыні шатрамі
У сонцы млелі звабліва. Дарамі
Калісьці асыпалі хлапчука,
Што ўвёртлівы, як цыган-канакрад,
Умеў латошыць спрытна гэты сад.

Калі было?! Год дваццаць пяць таму,
Як прыязджаў, у сваякоў Рамана
Пагасцяваў і квеценню духмянай
Надыхаўся – млеў май. I ўсю зіму
Засветла гэтак з ночы ў ноч падрад
У снах прачулых бачыў гэты сад.

Аж здрыгануўся, выйшаўшы на шлях,
Што цёгся, каляіністы, да лесу, –
Пустэча ўсцяж! Бы новы час завесу
Туманна слаў прад ім. Падаўна спрах
I яблынь строй, і сам той хутарок.
У курган, пабраны хмызам, ўпіўся зрок.

Яму сказаў сурова сіні шчыт
Спляценнем літар – «Ядзерны магільнік»!
Раманаў сад... жывой вясны будзільнік!
Краса жыцця! Глынуў яе нябыт,
Забіў ушчэнт здзічэлаю травой.
Застаўся у сэрцы толькі воблік твой...

Пагасла ўсё – душа, як змрочны склеп,
Скуль патыхае затхлаю кіслінай.
Хіснуўся свет унука дамавінай,
I ён стаяў прад ёй, пакутна слеп.
Не змогшы больш парыўна зрушыць крок,
I ўсё шаптаў няцямна: «Васілёк!»

«Нас секла смерць, дык ведама, чаму:
Сюды яе драпежную пуціну
Спынялі ўсяк. А што сказаць мне сыну
I як у вочы пазіраць яму?
За што вайны чужой свінцовы град
Скасіў хлапца, як пошасць гэты сад?!»

– Дак от ты гдзе! – глушыў матацыклет
Сухенькі Хрол, вачыма стрыг здзіўлёна: –
Дапяў куды! Тут, браце, забарона.
А нам, Акіме, рана на той свет.
Садзіся, от, пакінем еты тлен.
Казаў мне Холад: тут пад сто рэнтген!

– Тут сад Раманаў быў... Ці помніш, Хрол?
– Ды ведама, малінаўкі – смакота!
I швэндаць, от, табе паўсюд ахвота?!
Ты, бачу, штось сягоння не вясёл.
Находзішся па етакіх садах –
Паехаць можа, цьфу ты, ўласны дах!

– Хрол, так і мы... Жыццёвы ураган
Змяце-знясе. Як не былі пад небам.
Грудок зямлі. Ды чарка, зверху хлебам
Накрытая...
– Бра, етакі курган,
От, не насыплюць толькі ў нашу чэсць.
Сядай, казаў Клімцу – прыбуду ў шэсць.

I зноў дарогай знанаю, праз лес,
У зацішы вільготнага сугрэву,
У сонцы, гудзе ветравага спеву,
Панёсся Хролаў «лапатун-экспрэс»,
Кідаючы блакітны ўслед дымок.
Акім Пятровіч з хвалявання ўзмок.

За Вубяддзю, на Гале, паркі дух
Смугою млеў над стрэлкамі каналаў,
Раздолле траў сінечу паглынала,
Аблок чароды, лёгкія, як пух,
Нястомныя вандроўнікі, брылі
Далей, вышэй ад ядзернай зямлі.

Майданскі лес падсіненай сцяной
Шчарбаціўся у далечы, і тая
Насустрач лёту мкнецца, вырастае
Чубамі кметных дрэваў. Сівізной
Над балацінай слаўся туманец.
Хрол пратрубіў: – Ну, от, пуцю канец!

Прывеціў іх пастрыжаны хлапчак
За жэрдкамі калішняе кашары.
Стаяў у сонцы, выгарала-жары,
У зношанай цяльняшцы, весяльчак,
Хіхікнуў гучна: – С довоенных лет
От Кайзера достался драндулет!

– Ты зуб не скаль, прыблудлівы маскаль!
Прыцёгся, от, дак будзь пачцівым госцем!
Цюрма дзесь плача... – наступаў са злосцю
Заняты Хрол. – Цябе мне, хлопец, жаль.
Без дзеўкі тут сядзіш, як той манах.
Няйнакш усохла забаўка ў штанах!

Яны ступалі – слаўся траўны дол
На стойбішчы. Дубы, як тыя вежы,
Стаялі крэпка. Дзьмухаў ветрык свежы.
«Куды прывёз? Што ўздумаў хітры Хрол?
Убачыш цуд, казаў, ачкі бяры!»
Акім Пятровіч аж гукнуў: – Зубры!

Іх тройня ў дуба зацені брыла,
Схіліўшы нізка буйныя галовы.
Тырчэлі рогі.
– Як табе каровы? –
Прамовіў Хрол. – Дрыготка не ўзяла?
Зірнуў Акім на буры хіб круты,
Адно ўсяго і выдыхнуў: – Ух ты!

– Людзей пагналі ў свет, а іх сюды
Прыперлі, от, аж з Белавежскай пушчы.
Нібыта тут для іх бо раю кушчы!
Глядзі і знай: ніякае бяды!
Да ста ж здзек! Такога звера, от,
Загнаць у зону, за калючы дрот!

А ён, Акім, як сімвал... Наш народ
Яшчэ з часіны кніжніка Скарыны, –
Казаў адзін тут мне, – завуць зубрыны.
Во, як канае... Атамных нягод,
Відаць, ужэ ён не перанясе!
I мы паляжам, і зубры – усе!

– Зубры ўцалелі!
– Невялік іх лік!
Сіротнікі, туляюцца па пушчы.
От так і мы... Калі Чарнобыль струшчыць,
Усчынім прадсмяротны пераклік:
I будзе нас між прыпяцкіх бароў
Праз век-другі не болей, чым зуброў...

– С других краёв заселятся! – падаў
Кірпаты хлопец голас свой вясёлы, –
Места здесь – сущий рай! И новосёлы
(В Стреличево ты разве не видал?)
С «горячих точек» – все! – попрут сюда,
Нахлынут, как Батыева орда!

– Ты – першы з іх! – угнеўна буркнуў Хрол.
– А ты, как зубр повымерший, – последний!
Живи, старик, да нюхай воздух летний!
– Вучыць не смей! Пяшком хадзіў пад стол,
Калі ўжэ слыў я, хлопча, мудрацом!
– Потолковал бы ты с моим отцом.

Тот, как и ты, уж – патриот-фанат,
Мечту о прошлом, солнечном, лелеет!
Как долго в душах пепел чувства тлеет!
А родина, как этот вот закат, –
Не видишь, что ль? – у жизни на краю:
Живёшь в аду, а думаешь – в раю!
 

* * *

I зноўку ў даль асфальту мкнула гладзь.
Стаялі ў пары дружнай граб і ясень.
Шарэлі вольхі па нізоўях. Засень
Асіннікаў шапоткіх. Гэту раць
Між крэпка ўвыш узнессных камлёў
Глухі ляшчыннік густа пераплёў.

Зрэдзьчас жвірыны-выспіны – груды –
Кудлацілі размашыстую хвою.
Па вёснах пунсавелі сон-травою.
Гушчар, як джунглі зрошчаны, – сюды
Хаўрусніка павёз аціхлы Хрол.
Зноў гонкі лес ляцеў-мільгаў вакол.

Глухота-ціш вяла самотны сказ,
Каўтала гук імклівай тарахцёлкі.
Ступаючы на дол лясісты волкі,
Акім Пятровіч у які ўжо раз,
Скідаючы з душы вязьмо пакут,
Казаў сабе: «Загасцяваўся, плут!

Дзесь дома ўжо трывожацца – прапаў!»
Дрымотны лес змяніўся нізкім хмызам.
Чародка хат зірнула з далі шызай,
I Прыпяці засінены рукаў
Вадою мыў зляжалы жаўтапёс.
Шырэча свету, глыбіня нябёс!

Стаёны вечар прымаркоціў плынь,
Яна лілася ўжо агусла-цьмяна,
Сяйвом ледзь кметных зорачак заткана,
Губляла ўсю вячэрнюю святлынь,
Гушкалася, павольная, між стром,
Дзе да вайны рыпеў стары паром.

Мільгалі ў зімы світкі чумакоў,
А санцапёкам летнім – вышыванкі.
Рыпелі з соллю важкія фурманкі.
Не стрэць тых дальнаходцаў-вазакоў,
Згубіліся ў запрыпяцкіх палях,
I толькі помніць іх Чумацкі Шлях.

Удвух пустэльна чыстым беражком,
Збіваючы нанесеную пену,
Яны ступілі ў гэтым царстве тлену
На выспіну. Шапотлівым кружком
Ссівела гнуўся ніцы вербалоз,
Камлі бялелі стройных трох бяроз.

Магільна глух халодлівы граніт.
Шарэла ўвысь узнессная стэла.
I Хрол абняў яс парыўна-смела,
I, гледзячы ў асмужаны блакіт,
Гарачна выдых: – Во, судзьба мая!
От тут, Акім, ляжаць бы мог і я!

Бязросы вечар ззораны адзін
Быў сведкаю размовы іх – у войну
Грымеў тут бой. I болем незагойным
Гайдаўся ў цішы Хролаў прыпамін,
Нібы сама палеская рака
Шаптала быль пра наступ Каўпака.

– Акім, тут нашых хлопцаў легла пяць! –
Зачаўся штурм, і быў той штурм не роўны.
Мы берагам сышлі, і лес ахоўны
Нас паглынуў. Не ўспелі падабраць
Палеглых тут, ля етых сініх вод.
Так сек адсюль фашысцкі кулямёт!

Між паўшых – Паўлік Ходас, мой сусед,
Каторы быў у лесе мне за брата.
Сюды, от, з шайкай прывязлі Яўстрата,
Каб апазнаў. Узяў, сабака, след.
«Наш», – кажа. От тагды ж упершыню
Хапалі парцізанскую радню.

– Скажы мне, Хрол, як нашых узялі?
Хто выдаў іх?
– Няведама па сёння!
Сястра твая, нябожчыца ўжо, Тоня,
Дапытвалася век... Мы дальш пайшлі,
Як баржы патапілі акурат.
Мяркую так, што вынюхаў Яўстрат.

Мы ж – хеўра даваенных дружбаноў,
Куды сышлі з сяла, не здагадацца
Яўстрат не мог. Ў паліцыю падацца
Рашыўся апасля. Мяркую зноў,
У лес ісці у тую, от, зіму
Адась і Волесь радзілі й яму.

Што знае штось – Яўстрат рабы скрываў
Да етага от самага выпадку.
Забілі Паўла... Выклаў па парадку.
Начамі ў вёсцы кожны з нас бываў.
Ён азвярэў і ўзненавідзеў нас
Пасля, калі ў яго страляў Панас.

Ты знаеш, як ён лютаваў? Чаму,
Калі судзілі, то не ўпеклі «вышку»,
А толькі срок (меў тонкую ён кішку,
О, як дрыжэў!), і зараз не пайму.
Тагды батата хто ўздыхаў-тужыў,
Бо знаў, што смерці гіцаль заслужыў.

– Улік, напэўна, яўных не было...
– Сам не страляў – то праўда. Толькі скуру
З жывога дзёр. Калі ў камендатуру
Трапляўся хто, не кожнаму вязло.
Другі ўжэ там, Ярмольчык макіскі,
Жывога рэзаў-кроіў на кускі.

Той, от, уцёк, дажыў за светам век.
Аж два разы Панас на апазнанні
У Нямеччыне бываў. Мне па вяртанні
Казаў: як тхор, вачмі шалёна сек.
Як ні прасілі – дзела «на мялі».
Германцы нам яго не аддалі.

Пад гоман іх сацьмеў вячэрні плёс.
Туманам сцяты, смуглы, супакойны
Ляжаў абсяг. Лунаў боль незагойны
Над выспаю. Кустоўе чорных лоз
Тапілася панікла ў люстры вод,
Ды след кідаў у высі самалёт.

Пад гронкамі калюча-яркіх зор
Шлейф бела рос – і даль цягучым гудам
Прашытая была. Вось перапудам
Дзяркач пранёсся. Зацямнелы бор,
Закуты ў мёртвы, даўкі супакой,
Палоскай хмурай цёгся за ракой.

Танюткая крывавіна зары
Блішчэла шчэ над сценкай той далёка.
– Унь глянь туды! – I Хрол гірымружыў вока, –
Там страшны чорт, халера пабяры!
Ён, ненасытны, несусветны мор
Абрынуў бо на еты, от, прастор.

Іх дальназоркай старасці пагляд
Наткнуўся ўраз на скмечаныя трубы,
Што ў красавіцкі дзень ашчэрам згубы
Спалошылі ўвесь свет, жыцця расклад
Перамянілі, пэўна, назаўжды.
Цяпер тырчэлі – чорны знак бяды.
 

* * *

Самотны жнівень з месяца сярпом,
Адзіны жнец, утомна йшоў па полю.
Трымценнем быльнягу, лазы, куколю
Забітае, адразу ж за ляском
Яно да хат пабегла бабчынскіх.
Гусцеў паўзмрок, і хлёсткі ветрык сціх.

Прастора хутка цемрай заплыла.
Акім Пятровіч задаўга на ганку
Яшчэ стаяў, паездку-пагулянку
Узгадваў, пазіраў у даль: сяла
Тут, побач на зямлі, як не было,
Ахусла толькі цемрыва плыло.

«От... сцёрта ўсё, чым жыў, па чым тужыў.
Як і няма. I не было ніколі.
Не дай каму, Гасподзь, падобнай долі,
Хто б родны кут дзе гэтак перажыў!
Вясны жыцця, далёкай юні кут,
Дзесь пупавіна прыкапана тут».

Ён чуў душой, што больш анікалі,
Ад’ехаўшы, не зможа нахадзіцца
Па вулках гэтых. З тым не пагадзіцца
Істота мкнула. У другой зямлі
Яму, як іншым, суджана ляжаць.
I зоркі, спачуваючы, дрыжаць.

Агністаросым ранкам шустры Хрол
Расстайна ціскаў дружбака старога:
– От напішу табе калі.... – Дарога
Памчалася. Хаціны стрэчных сёл
То падступалі, то збягалі ўдаль –
Студзілі ў сэрцы стогалосы жаль.

Пад Рэчыцай за всскаю чужой
На могілках, што над дняпроўскай стромай,
Сястрынскі крыж абняў з учутай стомай:
«Бывай, сястра-пакутніца!» I рой
Няўцешных дум панёс па сцежцы ўніз
Праз нізкарослы, ледзь пралазны хмыз.

I ўжо калі па ўзлётнай паласе
Панёсся лайнер, адарваўся з гулам,
Яго душа суцішвалася – чула,
Як, вусцішна прысутны, пакрысе
Шарэе-гасне памяці прасцяг.
Ёсць іншы свет, і ёсць жыцця працяг.



Крыніца: Мятліцкі М. Замкнёны дом: вершы, паэмы. – Мн.: Маст. літ., 2005. – 316 с.

 

Похожие статьи:

Мікола МятліцкіМікола Мятліцкі - Бяссмертнік

Мікола МятліцкіТворчасць Міколы Мятліцкага

Мікола МятліцкіМікола Мятліцкі - Чаканне сонца

Мікола МятліцкіМікола Мятліцкі - Яніха

Мікола МятліцкіМікола Мятліцкі - Усмешка Джаконды