Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кузьма Чорны - Трухлявае кола

Увага!!! Поўны змест

   Адзін быў плячысты малады чалавек, Сцёпка Майсейчык, брыгадзір. Другі – чалавек сярэдніх год, Хвёдар Руцкі, актывіст каля брыгадзіра. Яны ўдвух увайшлі ў двор да Юзіка і пайшлі проста да пуні, бо дзверы ў пуні былі адчынены. Юзік стаяў на таку, быў без шапкі, і пасівелыя, нізка астрыжаныя валасы на яго галаве тырчалі віхрамі ва ўсе бакі.
   – Што ты без шапкі стаіш? – пачаў гутарку Хвёдар Руцкі.
   I паправіў ён на сваёй галаве круглую кепку з гузікам наверсе, пашытую з паласатых крамных старых нагавіц. Юзік не ўспеў адказаць, чаго ён стаіць без шапкі, бо Сцёпка Майсейчык адразу паведаміў:
   – Мы, дзядзька Юзік, да цябе от чаго: ты як ішоў пазалетась у калгас, дык схаваў пару колаў і кавалак жалеза. Мы пра гэта ведаем.
   Юзікаў твар выцягнуўся, зрабіўся шэры, стары.
   – Калі ў мяне што ёсць, я аддам.
   – Можа і больш што ёсць, паглядзі, – абазваўся дружацкім тонам Хвёдар Руцкі, мацнуўшы гузік на сваёй круглай кепцы. – Вясна на дварэ, сеяць трэба, снасць патрэбна, колы трэба, жалеза трэба...
   – Ведаю, што трэба, – нецярпліва і смела ўжо абазваўся Юзік, і твар яго паяснеў. – Аддам, што калісьці быў схаваў. Схаваў, гэта праўда. Пазалетась. Толькі не два колы, а адно. I не новыя колы, як ты, Руцкі, кажаш (яму здалося, што Руцкі гаварыў пра новыя колы), а трухлявае кола без шыпы. А кавалак жалеза – праўда: дышаль з даўнейшага плуга, у кузні ён запатрэбіцца. Куды занесці, на калгасны двор ці пад кузню? Я от зараз.
   Сцёпа і Хвёдар зірнулі адзін аднаму ў вочы. Сцёпа зірнуў з нецярплівай панурасцю. («Патрэбна снасць, патрэбна жалеза, а хітры Юзік хлусіць, не аддае. Пачынаецца цяганіна. Давядзецца браць яго за каракі») Хвёдар жа зірнуў на Сцёпу весела і самазадаволена. («Не казаў я, што хлусіць будзе?»)
   – Дзядзька Юзік! – сказаў Сцёпа, – давайце зробім усё як мае быць, без хітрыкаў. Аддайце два колы і плуг. Мы ведаем. Два колы новыя, а плуг стары, на жалеза пойдзе.
   – Адно трухлявее кола без шыны і дышаль з плуга, – зазлаваў Юзік. – Вы мне не верыце? Ты мне не верыш? (Ён падступіў ужо да Хвёдара Руцкага.) Ты ж сам добра ведаеш, а брыдзіш тут мне светам!
   – Чаго ты на мяне! Я прыйшоў з Сцёпам сказаць табе. А ты не гаворыш як чалавек...
   – Ты прыйшоў сказаць! Можаш сабе гаварыць, але чаму мне не верыце!
   Сцёпа сказаў:
   – Занясі, дзядзька, жалеза пад кузню, а колы – на калгасны двор.
   I яны ўдвух пайшлі. Хвёдар Руцкі некалькі разоў дакранаўся да гузіка на сваёй круглай паласатай кепцы.
   Юзік бачыў з двара, куды яны пайшлі. Яны заходзілі ў некалькі хат, а пасля Хвёдар Руцкі пайшоў дадому, а Сцёпа пайшоў пад калгасную кузню. Неўзабаве явіўся туды і Юзік. Ён прынёс дышаль з старога плуга. Дышаль быў іржавы, але моцны і цяжкі. Здаровы быў кавалак жалеза.
   – Не плуг, а дышаль? – усміхнуўся Сцёпа.
   – Дзе ж я таго плуга вазьму. Мне не верыце. Ты адно добра папытай у Хвёдара, ён ведае гэты дышаль. Пазалетась ён яго бачыў, тады, калі я кідаў яго пад салому.
   Каля кузні было некалькі чалавек. Яны абступілі Юзіка.
   – Ты пад салому яго хаваў?
   – Пад салому. Бо тады думаў гэтак: у калгас я іду. Іду па сваёй ахвоце. Але калі раптам што такое будзе на свеце, што калгаса не будзе, дык тады зноў прыйдзецца сваю гаспадарку набываць. Каня я ў калгас здаў. Драбіны (чатыры колы) таксама здаў. Плуг здаў. Барану здаў. Усё здаў, што было ў мяне на маёй аднаконнай гаспадарцы. Але як які чарвяк мяне тачыў: а што калі калгас век вечны не будзе. Тады што? «Чорт яго ведае, – сказаў мне тады Хвёдар Руцкі, – год, два – і калгаса не будзе. Гэта не вечная выдумка». Я чалавек стары. Дык мне як хто мазгі зацямніў: а з чаго тады разжывацца пачнеш? Смех адзін з мяне выходзіў: як бы можна разжыцца з кавалка ржавага жалеза і трухлявага кола. Ну, таго кола дык, каб і даваў я, у калгас не ўзялі б, – на чорта яна, гэта ламачына! Гэта адно мне, старому дурню, рукі павярнуліся занесці гэта кола ў пуню і кінуць пад сцяну. (Яно магло б на дварэ два гады праляжаць.) От, сказаў я тады Хвёдару Руцкаму, дышаль з плуга і кола без шыпы старое асталося ад мае гаспадаркі. «Няма гаспадаркі, – сказаў тады мне Хвёдар Руцкі, – нічога няма. Усе пагінем». Я бо гляджу, што ён, гэты самы Хвёдар Руцкі, тады адразу палез у конюхі, калгасныя коні карміў і сабе авёс цягаў.
   – Як цягаў! – устрасянуўся Сцёпа.
   – А чым ён свіння карміў! Па трое на год, здаецца, калоў, усе гэтыя гады. Пакуль быў за конюха.
   – А факт?
   – Факт? Я яшчэ летась заяўляў, што Руцкі ідзе ўвечары, бывала, з стайні няйначай як агародамі. Вуліцаю не ідзе, і кожны раз у мяшэчку нешта нясе. Не заяўляў? А мне што сказалі? Мне сказалі, што трэба гаварыць толькі тады, калі ўбачыў, што ў яго ў мяшку. Руцкі тады злаваў, крычаў на ўвесь сход, што яго за злодзея маюць, а гэта ён мае прывычку вопратку сваю класці ў мяшок і несці дадому. Дзеля прыклёпу старое калгаснае кіраўніцтва тады паглядзела ў яго, нічога не знайшло. Фактаў няма! Тады ён на мяне ў суд за знявагу хацеў падаваць. Дык я і зубы сцяў. Дзе я таго факта вазьму! Я адно бачу, што ў Руцкага свіння корміцца лепш як у каго. I карова яго сыцейшая. I ў калгасным кіраўніцтве ён свой чалавек – заўсёды трэцца там. А як жа! Ён жа актывіст!
   – Актывіст! – засмяяўся хтосьці з людзей.
   – Актывіст на чужы карак! Ты ж сам належыш да калгасаўскіх кіраўнічых, калі цябе зрабілі за брыгадзіра. Ну, можа ты чалавек новы, ты не прыгледзеўся можа яшчэ, але і каля цябе ўжо Руцкі за актывіста зрабіўся. Новыя людзі змяніліся, а Руцкі астаўся на месцы.
   – На якім месцы? Ён даўно ўжо не конюх.
   – Не конюх, дык актывіст. Руцкага дык усе маюць за актывіста, а я дык не актывіст? Паглядзімо, у каго больш працадзён, у мяне ці ў яго?
   – Я чалавек новы, – сказаў Сцёпа, – я не глядзеў, колькі ў каго працадзён было.
   – Дык паглядзі. За ўвесь год я ніводнага рабочага дня ў калгасе не прапусціў. I часта за адзін дзень аж да двух працадзён даганяў! Як летась жыта трэба было прыбіраць, дык не я першы ўночы пайшоў жыта вазіць? Каб не я першы...
   – Гэта праўда, – загулі галасы.
   – Дык на мяне ніхто і слова не скажа, што я актывіст. А Руцкі – дык на воку ва ўсіх, усюды трэцца, усюды парады дае. Дык пра яго ўсе ведаюць!
   – Казалі, – сказаў Сцёпа, – што працаднёў у яго таксама нямала. А параду ён разумную падаў: сабраць старое жалеза па дварах, бо ў кузні яго не хапае.
   – Гэта не ён сказаў, а я! – закрычаў раптам Юзік і аж кулакі сціснуў.
   – Ад яго чулі. Я не ведаю.
   – А як жа, заўсёды ад яго чулі! Пазаўчора стаялі на вуліцы. Каваль кажа, што жалеза няма, а я кажу, што па дварах старое ламачча пазбіраць. Руцкі як пачуў, дык адразу і падаўся ў калгасную кантору. Пазаўчора, як быў абед, гаварыў ён пра гэта?
   – Пазаўчора.
   – Дык гэта я сказаў, а не ён.
   – I сказаў ён, што ў мяне схаваны два колы новыя і плуг. Пазалетась ён сам паддаваў мне ахвоты хаваць усё, што ў калгас яшчэ не пайшло. Старое кола і дышаль гэты і не пайшлі ў калгас. От ён, гэты дышаль, каб ён згарэў!
   – Жалеза не гарыць, – засмяяліся ў натоўпе.
   – А ён цяпер нагаварвае на ўсіх, стараецца, рупнасць паказвае. А як жа, актывісту так і трэба! А пра яго працадні, дык – адзін на полі робіць, а ён у халадку, бывала, агінаецца.
   – У якім халадку?
   – Два вуллі калгасных пчол ёсць. Дык канешне бо Руцкаму трэба даглядаць іх! Колькі з двух вуллёў можа раёў вылецець? А ён з паўлета ўсё каля гэтых пчол цёрся – я, кажа, калгасных пчол даглядаю! I даглядае сабе! Пчолкі гудуць пад вішняю, а пад яблынькаю Хвёдар Руцкі храпе на ўсе застаўкі. Перачакае дзень, а ўвечары яму працадзень запішуць. I кожны дзень усё трэцца каля калгаснай канторы, у сельсавеце, дзе што якое ў раён трэба да начальства, Руцкі туды ўхітрыцца паехаць: усюды яго ведаюць, усюды чуюць ад яго пра калгас, пра работу. Усіх абдурвае... Два колы ў мяне? Хадзем, сам іх не панясу, хадзем раней пакажу, дзе яны схаваны, тады панясу, бо мне ж ніхто не верыць. Як жа мне верыць, калі я адно пры рабоце стаю, а каля начальства не труся. Хто мяне ведае! Мяне ж цяпер за тое, што я схаваў два колы, самае меншае, трэба з калгаса выкінуць! Хадзем! Хадзем да мяне!
   Ён пацягнуў усіх да сябе. Ісці было недалёка. Ён павёў усіх у пуню.
   – Вось тут ляжаў гэты дышаль, каб ён згарэў! – ткнуў ён пальцам у адзін кут. – А вось тыя два колы.
   Ён паказаў у другі кут. Там, заседжанае курамі, ляжала кола без шыны, трухлявае, обад быў не цэлы: дзве cпiцы тырчалі без обада. Што было добрае ў гэтым коле, дык гэта хіба толькі адна букса.
   – Букса яшчэ моцная, праўда, – кпліва сказаў Юзік. – Цяпер гэтыя два колы занясу. А вы, пакуль я прыйду, ператрасеце ў мяне ўсё, можа яшчэ штук пяць колаў знойдзеце.
   – Чаму ж ты дагэтуль маўчаў, што Руцкі гэткі? – сказаў Сцёпа.
   – Чаму маўчаў? Я гаварыў некалі, мне не паверылі.
   – Toe калгаснае кіраўніцтва даўно пад суд папала.
   – Ведаю.
   – А ты маўчыш пра Руцкага.
   – Не, я не маўчу. Мала я вам гаварыў?
   – А каб не прыйшлі да цябе, дык маўчаў бы!
   – А можа і маўчаў бы! Мне ў душу калола увесь час зноў загаварыць пра яго. I загаварыць іначай.
   – Праўда, – абазваліся галасы. – Праўда.
   – I загавару! I загавару. Зараз пайду і ўсюды скажу. Мне душу коле сказаць! У душу коле! Я найду, і ты са мною пойдзеш! – Юзік глянуў на Сцёпу. – Хіба табе ў брыгадзе патрэбен гэткі актывіст? На чорта ён табе. Мне ў душу коле, што я ў другі раз пра яго не загаварыў да сённяшняга дня. Збіраўся ўсё. Непаваротлівасць гэтая мая!
   – Непаваротлівасць гэтая і губіць, – сказаў хтосьці з людзей.
   – Дык несці кола ці не? – кпліва сказаў Юзік.
   – На чорта яно! – адказаў Сцёпа.
   – Хадзем да старшыні, – сказаў Юзік. – Ён чалавек новы. Я яму раскажу, хто актывіст, а хто – скула пад бокам.
   – Старшыня сам ужо да Руцкага прыглядацца пачаў. Учора проста пагнаў з канторы. Чаго ты, кажа, тут трэшся, а работы не робіш, – пачуўся голас. – Ужо гаварылі некаторыя пра Руцкага.
   – Хадзем, – ірвануўся Юзік ісці. – I я яшчэ скажу.


Крыніца: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том другі. Апавяданні 1928-1944 гг. Мн., «Мастацкая літаратура», 1972. – 488 с.

Похожие статьи:

Кузьма ЧорныПошукі будучыні. Першая частка. Украдзенае маленства

Кузьма ЧорныКузьма Чорны - Пошукі будучыні. Асноўныя праблемы рамана

Кузьма ЧорныПошукі будучыні. Другая частка. Вялікае скрыжаванне

Кузьма ЧорныКузьма Чорны - Насцечка

Кузьма ЧорныСацыяльна я і маральна-філасофская праблематыка рамана Кузьмы Чорнага "Трэцяе пакаленне"