Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Каноны Георгія Марчука

   Георгій Марчук – вядомы беларускі пісьменнік. Родам з Палесся. Край гэты падарыў нам Івана Мележа і Івана Шамякіна, Яўгенію Янішчыц і Алеся Разанава. Ужо гэтых імён дастаткова, каб зрабіць вывад пра ўрадлівасць зямлі палескай на таленты.
   Георгій Марчук любіць свой родны край, сваіх землякоў-палешукоў глыбока разбіраецца ў псіхалогіі народа, паэтызуе яго побыт, навакольную прыроду. Дух захопленасці нерушнай прыгажосцю знешняга і ўнутранага жыцця складае асноўны пафас яго творчасці. Можа, адсюль яе лірызм і філасафічнасць, што асабліва выразна выявілася ў яго навелах «Канон Богу», «Канон Маці», «Канон Школе», «Канон вуліцы» і інш.?
   А пачынаў пісьменнік свой творчы шлях як нарысіст і драматург. Затым з’явіўся раман «Крык на хутары», высока ацэнены крытыкай. З драматычным канфліктам, выразнымі постацямі вяскоўцаў, якіх ставяць у сітуацыю выбару у перыяд сцвярджэння новых адносін у жыцці. Спыняцца падрабязна на творах непраграмных не будзем. Звернем увагу на творы лірыка-філасофскія, названыя пісьменнікам арыгінальна – канонамі.
   Пачнем з таго, што азначае слова канон. Паводле слоўнікаў – гэта «царкоўная пастанова, царкоўны гімн», як і канун – «маленне перад вячэрняй службай» (М. Фасмер). Значыцца, пісьменнік піша творы-гімны, творы-малітвы святыням, звязаным з чалавечым жыццём. Да ліку такіх святынь ён прылічвае родную Маці і ўсіх мацярок, што дораць жыццё; Бога, якому давярае думкі, пачуцці, нягоды і радасці чалавек; Школу, што вучыць чалавека жыць, дае яму пуцёўку з дзяцінства ў сталасць; Вуліцу – адну з найлепшых выхавальніц; Гарынь – рэчку дзяцінства, сімвал сілы, велічы, прыгажосці і іншыя жывыя і нежывыя істоты, прадметы, з’явы. Пісьменнік асвечвае ўвесь навакольны свет, заклікае нас адчуць сябе яго неад’емнай часцінкай, зразумець яго гармонію і ўзаемасувязь у ім усіх складнікаў, часцінак.
   Усе з’явы, жыццёвы вопыт давыдгарадчукоў (у Давыд-Гарадку пачыналася жыццёвая сцежка мастака слова) прапушчаны праз свядомасць. Аўтар твораў дзівіцца мудрасцю, кемлівасцю, шчырасцю сваіх землякоў. У «Каноне Богу» чытаем наступныя пранікнёныя радкі: «Знаходзячыся чацвёртую частку свайго жыцця ў дарозе, у чужых краях, гарадчукі вельмі ж адданыя свайму мястэчку. Здараецца, і часта, што едуць за тысячу кіламетраў, каб адсвяткаваць з усімі Вялікдзень. Рэлігія – грандыёзны, надзейны метад заспакаення сумненняў чалавека аб бессэнсоўнасці жыцця. ”Не гнявіце Бога, не звяртайцеся да яго, калі вам кепска”, – вучаць маладых. Гарадчукі клічуць Усявышняга па загадзе сэрца і закліку душы. Тут ужо дадаць няма чаго. У маладых, вядома, – недавер, сумненні, легкадумнасць і ў адносінах да Бога. Старым крыўдна, што вера ўжо не такая моцная і прачулыя казанні святара слухаюць без належнай Пашаны. Няма такога чалавека на зямлі, якому Бог яшчэ не дапамог. З тым у душы і жывуць». Гэтымі радкамі заканчваецца твор. Кавалачак тэксту, а з яго вынікае вобраз палешукоў – давыдгарадчукоў, якія не могуць жыць не ў сваім краі, без Бога ў душы, без рэлігіі, якая супакойвае і гарманізуе іх думкі і пачуцці. Да таго ж яны сапраўдныя дружбакі (могуць за тысячу кіламетраў ехаць сустракаць свята да родных і блізкіх), цярплівыя самі і вучаць цярплівасці сваіх дзяцей («Не гнявіце Бога, не звяртайцеся да яго, калі вам кепска»).
   Навела «Канон Маці» напісана ці не на самай высокай хвалі лірызму, «крывёю сэрца» любага сына, які не забыўся пра сваю святую адказнасць перад ёй, роднай, і перад усімі, хто пайшоў ад нас з верай у светлы працяг свой у дзецях, унуках, праўнуках, нашчадках. Лірычная ўсхваляванасць «лёгка», непрымусова, неадчувальна для чытача падтрымліваецца філасафічнасцю, роздумам пра жыццё самога аўтара. Прычым гэты роздум «сілкуецца» канкрэтнымі сцэнамі, эпізодамі, дэталямі побыту, вясковага жыцця: «Хачу чуць лёгкі пошум ясеняў, ліпаў закасцельных, звон бомаў над галавой... На Раданіцу, Пакровы нехта абавязкова прыйдзе, пакладзе на магілку чырвоныя яйкі, пасху, чарачку, свечачку, кветачку. Распусціцца акацыя... Хачу... каб роснай раніцаю ў першым жнівеньскім тумане гналі побач па вуліцы на пашу каровак, авечак, каб ляніва брахаў сабака, падганяючы іх. Толькі тут, у родным мястэчку, ціша будзе не палохаць, а лашчыць раўнавагай і спакоем. Як хораша! Усё побач. Усё тваё. Роднае. Вечна зменлівае і пастаяннае ў нязменнасці. Яшчэ хач...у... Не хачу... паміраць не хачу!»
   Маці помніцца пісьменніку маладой і прыгожай. Ён назваў яе імем праўнучку. Ён чакае хоць на некалькі хвілін яе анёла ў госці адтуль, адкуль ужо ніхто не вяртаецца. Ён помніць яе навуку, яе параду, а калі хто-кольвеч забыўся, дык глыбока перажывае: «Ты прывяла мяне на Божы свет, паказала вуліцы, царкву, вадзіла на навагоднюю ёлку і да прычасця, прывяла ў школу, на старым-старым цвінтары паказала магілы продкаў». Маці для Марчука – Боская істота на Зямлі, найпершая дарадчыца ў добрых справах. Ён чуе яе голас і з таго свету – пяшчотны, лагодны, мяккі: «Так, сынок, не памірай... Прызнавайся ўсяму зямному ў каханні, бо ў старасці на гэта не хопіць часу».
   Абагаўляе празаік-паэт (да лірычнай прозы, канонаў такое спалучэнне справядлівае) вуліцу, школу, базар, рэчку Гарынь, іншыя прадметы і з’явы, ад якіх неаддзельнае чалавечае жыццё. Бо яны – сімвалы вечнасці, у якія ўпісана наша нявечнае жыццё: «Бяжыць рака, шуміць вада, нешта пяе па-свойму, не прасі яе, не пачакае, забярэ і знясе і твае гады. Гарынь мая, Гарынь».

 

Похожие статьи:

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Дзік

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Чужое багацце. ГДЗ

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Добрае сэрца

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Папугай Пятруша

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Чаму дрэвы не спяваюць