Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Генадзь Бураўкін - Курапаты

Аплывае жывіца
Да карэнняў шурпатых.
Я прыйшоў пакланіцца
Да вас, Курапаты.
Сосны, нібы званіцы,
Над палянамі ўзняты.
Дайце ж мне памаліцца
На вас, Курапаты.
Дайце мне павініцца,
Курапаты.

А над вечным спакоем
У густой сіняве,
Як дыханне людское,
Аблачынка плыве.

Тут палеглі бязвінна
Песняры і салдаты.
Не ўтравеюць сцяжыны
Да вас, Курапаты.
Распіналі Айчыну
Дрот калючы і краты.
Дараваць не павінны
Мы вас, Курапаты.
Боль не знойдзе спачыну,
Курапаты.


Час мінулы, пракляты…
Сэрца горам працята…
Праклінаем вас, каты!..
Курапаты…
Курапаты…

А над вечным спакоем
У густой сіняве,
Як дыханне людское,
Аблачынка плыве…

Курапаты…


1987

 

Похожие статьи:

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Вечная памяць

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Ахвяры

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Жоўты пясочак

Максім ТанкМаксім Танк - Курапаты

Алесь ЗвонакАлесь Звонак - Курапаты