Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Віктар Карамазаў - Гарэла свечачка

Памяці Міхася Стральцова

 

   Я прачнуўся і ўбачыў агромністы спелы персік. Наліты сонцам, калмаценькі, у срэбна-расяным пушку, хоць і загадкава квадратны, як на карціне якога-небудзь куба-авангардыста. Цудоўны дар паўднёвага Крыма быў на дзве палавінкі падзелены равочкам з мяккім галубіна-шызым дымком, над якім лунала вохрыстая цяплынь. Ніжэй за равочак срэбна-расяны пушок таксама ружавеў, цяплеў. Сонейка відавочна жыло ўсярэдзіне персіка, і яно, разам са мною, прачыналася.
   Усхапіўшыся з ложка, я цьмяна, яшчэ ва ўладзе сну, адчуў, што некуды спяшаюся. Выйшаў на балкон. У шчыліне далягляду, у тым самым равочку, разгаралася полымя, і ўсё, што бачылі вочы, уяўлялася сапраўды агромністым персікам. I ўжо тут ён быў авальна-круглы, якім яму і трэба быць, ляжаў у падкове агатавых садоў узбярэжжа, а полымя ў ім высечвала пунсовую, з крапінкамі запечанае, нібы кроў, чырвані сарцавінку.
   Вось, падумалася, і маленькі рай, і вялізны свет. Стой і пі цёплую асалоду. I я стаяў бы, можа, доўга, сам наліваючыся ранішнім сонейкам, калі б зусім блізка не пракукарэкаў певень.
   У Ялце — певень?
   Тут я чуў і бачыў мора, белыя цеплаходы ланцуг Ай-Петры, падобны на дужку агатавага кубка, налітага чырвоным ці белым масандраўскім партвейнам, бачыў і чуў штормы, прыбоі, зачарованую маўклівасць кіпарысаў і хвой на беразе Максіма Багдановіча і навокал, але ні разу не чуў і не бачыў пеўня — адкуль ён тут? Хутчэй апрануўся, набгом са слоіка выпіў вінаграднага соку і з чацвёртага паверха літфондаўскага дома збег у засень кіпарысава-піхтавых прысад, што з гары вялі да мора.
   Гэтымі духмяна-смолкімі прысадамі я хадзіў кожнае раніцы. Але сёння там, дзе яны канчаліся, на вуліцы, па якой бегалі тралейбусы, рашуча звярнуў направа.
   Вось і Ауцкая. Цяпер вуліца мела іншую назву, а тады называлася Ауцкай. Верхняя Аутка... Чэхаў...
   Варотцы ў садок Антона Паўлавіча былі адчыненыя. Я прайшоў праз іх на дарожку, пасыпаную белай марской галькай, засенню ад магнолій і кіпарысаў наблізіўся да белага дамочка, не сустрэўшы ніводнай жывой душы, і са здзіўленнем падумаў: ужо, можа, і да Антона Паўлавіча ніхто не заглядае? Ці яшчэ рана? Але ж варотцы адчыненыя — запрашаюць? I раптам заўважыў постаць мужчыны. Ён стаяў каля ўвахода ў белы дамочак пад прыгожа-кашлатым старым кедрам, некалі пасаджаным рукамі славутага гаспадара саду, за блішчастай на мяккім ранішнім святле лістотай магноліі — амаль высокі, стройны, з годнай паставаю галавы, у галубіна-сівенькім, акуратна выпрасаваным касцюме, пад малінавым гальштучкам і бездакорна белым каўняром сарочкі вакол высокай, нібы ў спевака, шыі. Стаяў да мяне спіною, але і не зусім спіною, крыху бокам, і я бачыў не толькі малінавы вузельчык гальштука, але, нібыта цень ад яго, малінавага, і радзімае плямка над каўняром, якое на шыі было з маленства і якое яшчэ раз прымусіла падумаць, што памыліцца я не мог — насупраць стаяў Ён.
   Углядаючыся ў магутны камель кедра, абвіты зялёным дротам плюшча, Ён павярнуўся ў мой бок, яшчэ не заўважаючы мяне, адкрываючы маім вачам прыгожа-задумлівы профіль твару. У руцэ была цыгарэтка, на канцы якой пунсавеў агеньчык. Глядзеў на агеньчык.
   Каменьчыкі шаматнулі ў мяне пад нагамі, і гэта Ён адразу пачуў — узняў рахманыя вочы.
   — Га-а, старычок!.. Ну, здароў! — Непрымусова-цёпла ўсміхнуўся. У будзённай радасці, такой прыемна знаёмай, як бы падышоў да мяне бліжэй, хоць і стаяў на тым самым месцы.— Бачыш, дзе мы з табою сустрэліся? У Антона Паўлавіча! А ты мяне папракаў, што я не быў у Ялце, што не бачыў сінюю Максімаву бухту і хвоі ў яго за акном?
   Не, я ніколі Яму пра гэта не казаў. Але сапраўды думаў: як, не пабыўшы ў Ялце, адважыўся пісаць пра апошнія дні Багдановіча? Ну вядома, Ён заўсёды адчуваў ва мне гэтае пытанне. Ён ведаў, што я з такое нагоды быў бы ў Ялце абавязкова. Ён часта па-сяброўску зайздросціў маёй лёгкасці на язду і хаду. Як я — Яго таленту ўсё да дробязі ўявіць і ўбачыць на адлегласці. Гэтак адбылося і тады. Не пабыўшы ў Ялце, Ён сказаў пра яе ўсё, што трэба, не больш і не менш, дакладна і непрымусова. Знайшоў і штрыхі, і дэталі. Усё роўна як і ў пакойчыку Марыі Цамко пабываў, у доме нумар восем па вуліцы Мікалаеўскай, у галовах паміраючага Максіма. I ўсё ж... хвоі і бухта? Не, я не папракаў.
   — Ты, старычок, сумеўся?..
   I гэта заўважыў? У мяне на твары? Па тым, як я перад Ім маўчаў, не ведаючы, што адказаць? Я сапраўды ўсё роўна як сумеўся. Але не таму, што пачуў ад Яго пра свой нібыта папрок. У гэтую хвіліну я паспеў падумаць яшчэ і аб тым, што наша сустрэча адбываецца праз два гады, дакладна праз два ад жалобнага дня дваццаць пятага жніўня, калі я сам стаяў ля Яго труны і казаў развітальнае слова на Чыжоўскіх могілках у Мінску. Як жа так?..
   — Ну, нічога. Пайшлі да Антона Паўлавіча. Ён чалавек інтэлігентны і нам, беларусам, будзе рады. Толькі не забудзь добра выцерці аб дыванок ногі. Класік не любіць брудных слядоў. Ды і... сам разумееш — ягоная хвароба патрабуе чысціні...
   Усё гэта магло адбыцца ў сне? Але гэта быў не сон. Дзень пачынаўся, і я сапраўды стаяў у садку Антона Паўлавіча.
   Ён дастаў з кішэні пінжака карабочак запалак, ногцем прыціснуў на ім цыгарэтку, сунуў яе, пагаслую, у шчыліну карабочка, схаваў назад у кішэню і, як тады, як некалі заўсёды пры сустрэчы, усміхнуўшыся непаўторнай далікатна-цёплай, з водсветам прыхаванай самоты ўсмешкаю, зайшоў у дом.
   Зноў, як бывала заўсёды, няўцям паддаўшыся Яго загадкава-ціхай уладзе, цяпер ужо забыўшыся і на тое дваццаць пятае, я крочыў Ягоным следам.
   У прыгожай, за шклом у шафе, вісела доўгае скураное паліто Антона Паўлавіча, завельмі доўгае нават для яго высокага росту, абшарпанае непагодаю доктарскіх візітаў. Дзверы з прыхожай у пакоі былі адчынены, па іх гуляў вецер. Я зазірнуў у сталовую, потым у пакойчык Вольгі Леанардаўны, але нідзе нікога не заўважыў і зноў выйшаў у двор, усходцамі падняўся на другі паверх.
   Ніхто і на другім не азваўся. Як жа так? Калі нават чалавек, які гаварыў са мною, не Ён, дык дзе той не Ён? Я абышоў пакоі на другім паверсе, пастаяў на тэрасе, выйшаў на балкон — нідзе нікога? Але ж Ён — тут? Можа, там, дзе наймацней адчуваецца прысутнасць Антона Паўлавіча? I яшчэ — яго сяброў? Ну, хоць бы Левітана? Чэхаў любіў карціны Ісака Ільіча, іх смутак і боль, не так, можа, любіў, як проста адчуваў над сабой іх уладу. Чэхаў і Левітан — вядома!..
   Вось і кабінет Антона Паўлавіча. Пісьмовы стол, на стале ручкі, алоўкі, аркуш чыстай паперы. Рабочае крэсла. Насупраць стала — камін, на каміне — эцюд Ісака Ільіча: начныя стагі пад яснай поўняю. Калі Антон Паўлавіч сядзеў за рабочым сталом, ён заўсёды бачыў перад сабою левітанаўскую ноч, да болю знаёмы матыў сярэдняй паласы Расіі, жывапісны абразок не то з-пад Мелехава, не то з Ягоркавага стэпу. Тут, дзе гэты абразок, сэрца пісьменніка білася мацней. I дзе яшчэ, як не тут, павінен быць мой сябра? Але... Яго няма?..
   Я выйшаў на Ауцкую. Куды ж Ён пайшоў? Вышэй і направа — вуліца Багдановіча, былая Крымская, дзе Максім жыў у 1909 годзе. Можа, звярнуў налева? Нейчая постаць якраз матлянулася за рогам дувала, пачуліся крокі на камянях. Вулачка збягала ўніз да рэчкі. Там — сцяна кіпарысаў. Там — могілкі.
   Вуліца Рачная вывела да дробнай горнай рачулкі з татарскай назваю Учан-Су, за якой усё роўна як тыя самыя вінаграднікі, пра якія пісаў і Ён, гара за вінаграднікамі, дзікія камяні пад нагамі, абсыпаныя шыпамі горных раслін, што чапляліся за штаны, чаравікі, шкарпэткі. Камяні вялі ўгару, вышэй і вышэй, пакуль не вывелі да кусточка шыпшыны. Дробненькія плады гарэлі чырвона-пякучымі слёзкамі паміж магіл, а за слёзкамі стаяла сціплая калонка ў белай агароджы.
   — Ты ўжо тут, старычок? — раптам, як з неба, пачуўся Ягоны голас.— Падыдзі да Максімавай, на чужбіне, хаткі. Пасядзім ды пакурым...
   Пад кедрам па магіле слізгануў і затрымаўся ў кутку агароджы цень, схаваўшыся ад мяне маладзенькі, нядаўна пасаджаны кіпарысік. Другі такі самы кіпарысік, роўны з тым, такі ж малады, стаяў на выбліснуўшым сонейку з процілеглага боку помнічка.
   — Вось і Максім пад бел-чырвона-белай харугвай. А ты яму пакладзі хоць яблык. Шкада, што ў нас з табою сёння няма ружаў і пляшачкі. Памятаеш, як прыстойненька мы прыходзілі на Вайсковыя могілкі да Купалы?..
   Бел-чырвона-белая стужка з рук невядомага шчырага беларуса сапраўды абвівала калонку. I яблык ляжаў у мяне ў кішэні, прывезены з краіны-браначкі. I варотцы адчыненыя.

Хоць зернеткі засохшыя былі,
Усё ж такі жыццёвая іх сіла
Збудзілася...


   Але чый гэта голас? Радкі Багдановіча, а голас? Зноў — Ягоны? Ён усё ж тут?..
   Я паклаў яблык на магілку, прысеў на яе каменны краёчак, агледзеўся: нікога побач са мной не было. Але ж быў голас? Даляцеў здалёк? Быў і цень? Чый цень? Хто яшчэ мог сказаць пра тое, як з пляшачкай у кішэні хадзілі да Купалы на Вайсковыя могілкі, як не Ён?
   Мне ўспомнілася, як гадоў пяць назад мы ездзілі ў прынёманскае Загора да мае цешчы Валянціны Васільеўны, якая цёплая тады, у верасні, стаяла восень з лёгкімі сонечнымі . павуцінкамі ў паветры, як цэлы дзень капалі ў полі бульбу, як ужо надвечар прывезлі мяхі з бульбаю і засыпалі яе ў склеп, як позна вячэралі, позна клаліся спаць у пуні на свежым сене, узабраўшыся пад самы вільчык, і як доўга не спалі, маўчалі, слухаючы малады дзявочы рогат, размовы, песню пра Янку і Алёну за пуняю ля вясковага клуба, сабачы брэх, што перакатваўся з аднаго канца вёскі ў другі яе канец, нуднае тарахценне трактара недзе далей, у полі. I якія былі ў тую ноч размовы. Мы ўспаміналі сваё студэнцкае жыццё, блізкіх сяброў, дзяўчат, сваю бацькаўшчыну на Сажы, свой лес, Васілеўшчыну, на адным канцы якой стаяла мая Лімень, на другім — Ягоны Сычын. У тую ноч я спытаў, пра што Яму цяпер хочацца напісаць, ці выношвае Ён штосьці запаветнае, чаго напісаць немагчыма, а мо гэтакае, запаветнае, піша? Лабавых ці хоць крышачку недарэчных пытанняў Ён не любіў, але змоўчаць не мог, не жадаючы мяне пакрыўдзіць, і праз нейкую хвіліну маўчання я пачуў: «Ёсць, старычок. Ёсць чалавек. Я з ім сустракаюся, вітаюся, размаўляю. Калі ў мяне што-небудзь здараецца непрыемнае, ён прыходзіць і супакойвае. Бачу яго ўсяго — постаць, жэсты, звычкі, ведаю, калі і як яго настрой мяняецца. Бачу кожную рысачку на твары, яго кіёчак, паліто, кожны гузічак, гальштук, дудачку бачу — тырчыць з кішэні. Магу да яго дакрануцца, адчуць фізічна. А яго ж даўно няма.    Ён памёр, калі я пра яго яшчэ і не чуў. I вось... сустракаю, чую». Мне тады, у змроку пуні, падалося, што Ён хмыкнуў — усміхнуўся. Самому ўсё, што сказаў, здалося дзіўным? Я тады не здагадаўся, што ў Яго за чалавек, якога няма і які ёсць? Я адказаў: дык і пішы, не губляй жадання. А ён не пагадзіўся: «Не, старычок. Позна. Гэта я ўжо, відаць, не напішу». Пра тую размову я і забыў. А яшчэ праз год Ён прынёс мне сваю апошнюю сінюю кніжыцу з белым месячыкам над белым канём на вокладцы. Я яе разгарнуў і прачытаў першае, што трапілася на вочы, вершык пра Купалу, як песняра «натоўп аднойчы пераняў дарогай — галодны, босы, у падраных світках», як ён спытаў: «Хто вы?..», і як натоўп, адказаўшы: «Беларусы!..», даў яму «у рукі верную жалейку». Я тады ўспомніў тую ноч у вёсцы на сене, Яго далікатна-асцярожную згадку пра чалавека, якім трызніў, якім пакутаваў, з кішэні ў якога тырчэла дудачка-жалейка. А крыху пазней Ён мне аднойчы сказаў, што ноч не спаў, усю ночку чуў, як недзе ў лузе плакала жалейка. I яшчэ аднойчы, як між іншым, сказаў, што ноч апошнюю не спаў, не мог заснуць, і што гэтакія ночы ў Яго цяпер часта бываюць. Ні пра жалейку, ні пра Купалу. Проста — што не спіць. Я ўспомніў, як маці, калі ёй сніліся нябожчыкі, ішла ў царкву і па тым, каго сніла, ставіла памінальную свечку. I гэта сказаў. А Ён мне адказаў з той самай далікатнай усмешкаю, што адкупіцца ёсць толькі адзін сродак — напісаць сваю пакутлівую бяссонніцу. I мне ў цеплыні той Ягонай усмешкі здалося, што свечачку Ён вось-вось запаліць.
   Не запаліў. Дык няўжо там, той вераснёвай ноччу ў вёсцы, Ён сказаў праўду? Няўжо і сапраўды сваё запаветнае жаданне выканаць ужо не мог?    Чаму — не мог?
   Але гэта — чаму? — зусім іншая размова. Калі-небудзь яе можна прадоўжыць. А цяпер мацней хвалююць паралелі паміж тым Ягоным станам і сённяшнім маім. Як некалі Яго спыняў і вёў паэт з жалейкай, сёння ўжо Ён спыняў і вёў мяне. I ўжо я павінен быў запаліць свечачку альбо напісаць сваю бяссонніцу.
   Ды і не тут, не ў Ялце, пачаліся ўсе гэтыя штучкі. З месяц назад, да ад'езду сюды, я неяк надвечар ішоў дадому праз парк, берагам возера, нёс у руцэ свежы нумар часопіса са сваёй доўгай споведдзю, як раптам з-за тоўстых таполяў мне наперарэз выйшаў Ён. Пасля дажджу захаладала, і Ён стаяў у добра мне знаёмай сівенькай куртачцы, якую насіў апошнія гады. Спыніўшыся пад таполевымі прысадамі, прыкурыў цыгарэтку, вышэй падняў галаву, заўважыў мяне і, сумнавата ўсміхнуўшыся, сказаў:
   — Прывецік, старычок! Ну, ты не перажывай. Дурачкі-с... Я іх ведаю.
   Я не мог паверыць сваім вачам, не мог падумаць, што гэта Ён, але «дурачкі-с», вымаўленае са старамодна-кплівай велікадушнасцю, было безумоўна Ягонае. Ды і хто яшчэ мог гэтак адчуваць прычыну мае роспачы? Ён сам быў поўны ёю. Яго лодка неаднойчы налятала на камяні здрады і зайздрасці так званых сяброў.
   — Я ж казаў табе, што буду тваім суддзёй. Казаў табе я гэта? Што першае слова на судзе скажу я... I я чакаў...
   Усё было так. Мы, памятаю, ехалі з Крычава, ад мае маці, у Сычын, да Ягоных маці і бацькі. У Чэрыкаве пераехалі цераз Сож, за мастом звярнулі з асфальту, спыніліся, выйшлі з машыны. Тут гарбацілася наспа брукаванкі, што вяла з даваеннага Чэрыкава ў лес, на ёй некалі цераз Сож стаяў вялізны драўляны мост. Засталіся адны прагоны наспы, нібы старажытныя курганы. Мы ўзышлі на наспу. Яна была зарослая палыном, падбелам, рамонкам і васількамі. Мне ўспомніўся сорак першы год, летні дзень, калі нямецкія самалёты руйнавалі гэтую наспу, а мы, бацькі і дзеці, беглі па ёй, пад імі, з гарадка ў лес, у бежанства. Ён адчуў, што ўспамінам я вывяраю на Ім, Ягоным пачуццём, ужо напісанае. Тады і сказаў, што пра маё бежанства будзе чытаць першы і каб я гэта памятаў. Ён гэта мне і пазней нагадваў. I прыспешваў. А я не спяшаўся. I спазніўся. На два гады.
   Цяпер, перад ад'ездам у Ялту, на беразе возера, са свежым часопісам у руцэ, пачуўшы Ягоны папрок, я хацеў апраўдацца, ды Ён мяне апярэдзіў: павярнуўся і знік за дрэвам. Я падышоў да таго месца, дзе Ён стаяў. Ляжала недакураная цыгарэтка, і яе кончык ззяў дробным пунсовым вугалёчкам. Я нагнуўся, каб падняць бычок, але пад руку шугануў вятрыска — пакаціў пунсовы вугалёк па дарозе. I гэта ўжо быў не вугалёк. Гэта ўжо была агняна-рыжая мяцёлачка, якую падхапіў вецер з возера і пагнаў за тыя самыя таполі, у якіх схаваўся ад мяне Ён. За дрэвамі яна, агняна-рыжая, пабольшала, нібы раздзьмуханая ветрам, пакацілася далей і далей ад мяне, і я ўбачыў у ёй Ліску. Я паклікаў: «Ліска! Ліска!» Тая спынілася паміж дрэваў, жалобна яўкнула ў мой бок і знікла.
   Вяртаючыся з ялцінскага магільніка ад Максіма, я павярнуў у бок мора да павільёна, у якім звычайна прадавалі бачкавое піва.
   Быў полудзень, моцна пякло сонца, разгойдваючы за парапетам марскую прастору. Хвалі каціліся з блакітнай відалі пад бераг, бухалі ў прыбярэжныя камяні і ўскідвалі над імі фантаны вады, якая вясёлкава-размаістым пылам іскрылася на сонцы і дыханнем мора выносілася на набярэжную.
   Піва ў павільёне каля канцэртнай залы прадавалі і сёння, побач кааператары смажылі шашлыкі, там і там стаялі чэргі, і я, заняўшы чаргу па шашлык, стаў у чаргу па піва. Ад акенца, у якое падавалі паўнюткія кухлі, мужчыны па адным адыходзілі, чарга рухалася, я крок за крокам набліжаўся да жаданых кухляў і ўспамінаў, як ужо даўнавата, калі быў малады і працаваў у газеце ў Мінску, мы з Ім аднойчы пілі піва ў лазні каля Дома друку, на вуліцы Багдана Хмяльніцкага. Гэта было 31 снежня ўжо не памятаю якога года, быў позні пераднавагодні вечар, калі разумныя бацькі і дзеці збіраліся за святочнымі сталамі. Мы ўжо былі, як кажуць, злёгку цёпленькія, у нас яшчэ мелася пляшка гарэлкі, і мы завіталі ў лазню, у буфет, па піва. У буфеце было чысценька, стаяла ўпрыгожаная агеньчыкамі ёлачка, каля яе ў молада-разняволеным настроі мы выпілі гарэлачку, наверх — кухлі па два свежага піўка, пілі за Новы год, за цудоўныя апавяданні, якія песцілі ў сваіх марах, за жонак, дзетак, матак, за свае вёскі на Магілёўшчыне, адзін за аднаго і пакідалі буфет ужо як яго зачынялі, ці не самыя апошнія. Мы паблыталі ў калідоры дзверы, адчынілі не тыя, што на вуліцу, а тыя, што ў жаночую гардэробную. У мяне на плячы ляжалі новенькія, сыну, лыжы з палкамі, а ў руцэ ў яго быў партфель з падарункамі. Мы ўваліліся туды, дзе жанчыны апраналіся. Яны сустрэлі нас цудоўнай белізною і віскатам, а мы кінуліся ў дзверы ды зноў не ў тыя: там, дзе раптам апынуліся, яны мыліся. З лыжамі на плячы я, памятаю, знайшоў яшчэ адны дзверы і ўскочыў у жаночую парылку. Лазня разламвалася ад ляманту. Белыя рыбіны разбягаліся ва ўсе бакі, быццам да іх у акварыум трапілі неверагодныя страшыдлы. На нас пасыпаліся тазы і венікі. Мы нарэшце выламаліся ў дзверы, за якімі былі і снег, і мароз, і ночка. Беглі, а нам здавалася, што ўслед усё яшчэ ляцяць-грымяць тазы. На трамвайным прыпынку спыніліся, аддыхаліся. Лыжы былі цэлыя, але не хапала палкі. У мяне з'явілася думка вярнуцца, але Ён мудра сказаў, што Вальпургіева ноч не паўтараецца.
   Дык вось, я стаяў у чарзе па піва на набярэжнай у Ялце і ўсміхаўся нашым прыгодам у Мінску. Да мяне падышоў чалавек на мыліцы пад левай рукою, з падкурчанай нагою і забінтаванай правай рукою каля грудзей на перавясле. Ён рохнуў мне ў твар: «Чево лыбишься?» Я зняў акуляры. Ён мяне зразумеў і на мыліцы сігануў да акенца, у якім заўважыў кухлі з півам. Схапіў адзін і пачаў хлябтаць. Хтосьці побач прад'явіў свае правы на кухаль. Інвалід выняў з бінтоў, нібы з белай рукавіцы, руку, перахапіў ёю ў адзін міг апарожнены кухаль і апусціў яго на чалавека з прэтэнзіямі. Той з енкам схапіўся за галаву, на асфальт пасыпалася шкло, чарга разбеглася. Нехта ляжаў на зямлі, і яго мясілі нагамі, над галовамі лятала мыліца, а гаспадар мыліцы, ужо стоячы на абедзвюх нагах, з двума кухлямі ў руках крычаў: «Аб'ядаеце, сукі!»
   Гэтым летам не толькі ў Ялце мясцовыя біліся з курортнікамі. У Гурзуфе забівалі насмерць і хавалі. Прычына? Мясцовыя абвінавачвалі прыезджых, што тыя іх аб'ядаюць, а прыезджыя мясцовых — што спекулянты і гультаі, а таму ў іх няма чаго есці.
   Я падышоў да шашлычнай. Ад піўнухі бойка перакатвалася ўжо сюды. Кааператары хавалі ў павільён бак з мясам, збіралі шампуры і румяныя шашлыкі з мангалаў, залівалі вугалле вадою, а за павільёнам два міліцыянеры трымалі перад сабою талеркі з цыбуляй, хлебам і шашлычным соусам, зубамі здзіралі з шампуроў мяса і, спяшаючыся, пазіраючы ў той бок, дзе біліся, не жуючы, неяк па-індычы глыталі мяса. Грузін у белым халаце падбег да іх з гарачымі шашлыкамі на шампурах, сунуў гасцінец абодвум у рукі, і яны хутчэй, падалей ад бяды, якая падкатвалася ўсё бліжэй, пацяглі ў зацішныя кусты.
   На набярэжнай духавы аркестр іграў вальсы Штрауса.
   Я падаўся ў той бок.
   Пад вастралістымі стрэшкамі альтанкі, падобнымі ка шыкоўныя пялёсткі крымскай лілеі, блішчэлі чорныя фракі, белыя сарочкі і залацістыя трубы аркестрантаў. Стройны вусаценькі капельмайстар паспяваў кіраваць аркестрам і запрашаць святочна апранутую публіку ў круг, тры пажылыя пары кружыліся, але астатні натоўп толькі глядзеў і толькі слухаў цудоўную музыку, бо ў моладзі ўжо былі свае танцы, шэйкі ды рокі, і вальсы яны не танцавалі.
   Усцяж парапета мастакі прапаноўвалі грашавітым гасцям Крыма жывапіс, пераважна пейзажы, марскія і горныя, ілюстрацыі біблейскіх сюжэтаў, сваім рамяством зараблялі фатографы, астролагі, варажбіты, букіністы, спекулянты, выманьваючы цікаўных з натоўпу, але самы шыкоўны натоўп проста цёк, як ручай, паміж паркам і морам, гуляючы, слухаў Штрауса і разглядаў сам сябе. I ўсё гэта было жыццём у Ялце, хоць і на другім канцы стагоддзя, але вельмі падобным на тое, якое Ён неяк успомніў з чэхаўскай «Дамы з сабачкам»: «...выразна кідаліся ў вочы дзве асаблівасці шыкоўнага ялцінскага натоўпу: пажылыя дамы былі апранутыя як маладыя, і было многа генералаў». Яго разважанне з'явілася ў яшчэ маладыя гады, калі дарэчы было б успомніць, хоць бы ў іншым месцы, з іншай, як «Загадка», нагоды, напісанае таксама Чэхавым і нават у той самы час:
   «Тут цудоўнае віно 35—40 к. за бутэльку, цудоўны белы хлеб і белы авечы сыр. Па вечарах прыемна есці белы сыр і запіваць чырвоным віном. Прыязджайце». Ён спакушаў Ліку Мізінаву.
   Я спыніўся на рагу гастранома. Пад яго вітрынаю на асфальце расплылася лужынка крыві, побач з якою ляжала тоўстае зялёнае шклянне ад бутэлькі з-пад шампанскага. Жанчыны адна адной гаварылі, што ў продаж выкінулі віно і людзі за ім былі пазадушыліся. А я глядзеў на тую лужынку, на тое шклянне і думаў: ну, можа, і не забілі нікога, можа, толькі кроў адзін аднаму пусцілі, бо калі б каго не дай бог забілі, дык жанчыны і пра тое б не змоўчалі.
   Я павярнуўся і пайшоў назад, да вальсаў Штрауса.
   Злева ад мяне насустрач рушыў натоўп. Ідучы, я разглядаў яго і бачыў, што пажылыя жанчыны, як тады, сто гадоў назад, апраналіся, нібы маладыя, можа, яшчэ ярчэй, быццам зусім не змяніліся за ўсё гэтае стагоддзе, а маладыя апранутыя без ахвоты, вопратка на іх была як бы лішняя, матлялася непажаданымі ім самім шматкамі, а самі яны з большай ахвотаю, каб не розныя там старасвецкія норавы, хадзілі б зусім голыя. Як гэтыя дзве дзяўчынкі, што бліснулі кафейнай скураю ў мяне перад вачыма, на якіх вузенькія, нібы шнурочкі, плавачкі і штосьці на грудзях — не то кафцёнкі ўразлёт, не то адны ліфчыкі?
   Але дзе генералы?.. Ніводнага?.. Пры Чэхаве было шмат — ён гэта заўважыў і сказаў. Іх не заўважыў Багдановіч? Быў іншы час? Вядома, 1917 год загнаў генералаў у акопы. Але ж і цяперашнім не да Ялты?..
   Учора за вячэраю ў нашым літфондаўскім доме два паэты за маім столікам спрачаліся — будзе ці не будзе грамадзянская вайна? Ну хіба не дзівакі? Быццам яна, грамадзянская, не пачалася ў тым самым семнаццатым. Ці, можа, калі-небудзь скончылася?..
   Аркестр іграе вальсы Штрауса. Ніхто не танцуе. Усе слухаюць і нешта думаюць. I я стаю ўскрай натоўпу, бліжэй да аркестра, слухаю музыку іншага, як гэты, свету, чароўна-лёгкую і ў чароўнай лёгкасці невыносна цяжкую нашаму перадінфарктнаму сэрцу. Сонца ўжо закацілася за Ай-Петры, астывае паветра, сінее мора, блякнуць далягляды, гасне неба, шарэе людскі рух на набярэжнай. У вокнах атэля «Арэанда» за сінімі, як глыбіня мора, шторамі загараюцца першыя агеньчыкі. Нешта залаценька-агнянае бліскае пад лаўкаю, на якой сядзіць першы шэраг аркестрантаў. Бліскаючы, перабягае з месца на месца. I выбягае на круг. Ліска? Ды вядома ж яна! Мордачка востранькая, нібы ў лісы, хвост пушысценькі, тыя самыя вушкі, лапкі — уся рыжая, нібы агню купінка. Я паклікаў:
   — Ліска?..
   Сабачка закруціўся вакол свайго хваста, падбег да людзей і пайшоў па крузе, носам тыцкаючыся ў ногі, вынюхваючы свайго чалавека. Я зноў хацеў пазваць, ды агеньчык ужо знік паміж людскіх ног. Я перасек круг і заспяшаўся ў той самы бок. Аркестр іграў Штрауса.
   Ліска бегла ўлукаткі па набярэжнай, падбягаючы да людзей, якія сядзелі на лавачках ці стаялі, ішлі ў той самы бок ці насустрач, абнюхвала сляды і ногі, кацілася далей і далей, і, хоць купінка рыжага агню была далёка відаць, я спяшаўся, каб не згубіць яе з вачэй. Ліска падбегла да атэля «Арэанда», паснавала ля самага ўвахода і зноў выбегла на набярэжную, пакацілася міма беласнежнага, з сінімі вокнамі атэля для багатых інвалютных турыстаў. Пакуль яна снавала ля ўвахода ў атэль, я амаль што яе нагнаў. Але дзе яна? Я спыніўся. Куды ісці? Насупраць высокі фарбаваны плот, за ім — малы дамочак. На другім паверсе ў акне гарыць святло. Ужо цёмна. Толькі цяпер я разумею, дзе апынуўся. Гэта ж вуліца Мікалаеўская, і тут стаяў дом нумар восем Марыі Цамко. I акно на другім паверсе — да мора. За акном, дзе святло, паміраў наш паэт. Святло слабое. Як тады? Свечка на кандэлябры. Кандэлябр на стале ці століку? Агеньчык матляецца. Яго ганяе марское паветра праз прачыненую фортку? Святло гуляе па шторах.
   Але ці той дамок? Казалі, што таго ўжо няма. На тым месцы іншы? Ці на тым жа?
   «...дом на гары, але да мора сажняў трыццаць — сорак». Гэтак паэт пісаў Пятру Гапановічу. А што? Трыццаць — сорак ад мора да свечачкі — якраз. I на гары. I яшчэ ў тым лісце: «...вокны на мора, цудоўная відаль, паўдня свеціць сонца, ёсць балкон, вакол дома сад і інш.» Садок ёсць і цяпер. I ўсё астатняе. Апроч балкона. Яшчэ і гэтае: «вокны на мора...». Акно ці вокны? На гэта можна не зважаць? Так. Ёсць акно, і ў ім святло — свечачка. На тым месцы, дзе і гарэла.
   Але... чаму ніхто з іх, абодвух, не сказаў пра дзве хвоі? Старыя, з высознай кронаю, падобнай на паўкружжы парасонаў. Ім год па сто? Відаць, што болей. Тады — стаялі?
   I якраз насупраць ягоных вокан, паміж вокнамі і морам. Паэт не паспеў сказаць пра іх? Не паспеў. А Яму — проста не спатрэбілася. Навошта, калі не сказаў паэт?
   Сцямнела ўмомант. Я сядзеў пад хвояй на камені і глядзеў на мора. Куточак быў зацішны, людзей — нікагусенькі, але за кустамі бліскаў ліхтарык. Потым ён бліскаў пад гарою. Зноў на гары, з другога боку. I раптам — голас:
   Стаяў і я на гэтай кручы... Га, старычок?.. Як цяпер там у нас, на Сажы?.. На нашай кручы?.. Памятаеш?..
   Я ўсхапіўся. Ён стаяў і побач, і воддаль. Па той бок ад хвоі, але вельмі блізкі быў голас. Глядзеў далёка ў мора, якое блішчэла святлом ад поўні ў небе. Строгі профіль задумліва-прыгожага твару графічна адбіваўся на фоне марскога бляску. I Ліска, Ягоная радасць, снавала ў нагах тым самым ліхтарыкам — пад поўняй блішчэла агнянае футра.
   I яшчэ раз паўтарыў:
   — Стаяў і я на гэтай кручы: бы звон быў дзень — каціўся Сож...
   Той дзень я памятаў. Мы начавалі ў Лімені ў старога Ананія і раніцай, напіўшыся малака з хлебам, лугам прыйшлі пад дубы на пясчаную кручу. Сонца ўзнялося над лесам, над лугам, над рэчкаю, па Сажы ў высокіх берагах плыў разам з плынню густы, сонцам паланёны туман, і мы весела купаліся ў сцюдзёна-сонечнай рацэ пад бела-залацістай коўдраю туманоў, гонячы іх ад ліменскага берага, як блазны, рогатам і воклічамі: «Плывіце ў Сычын!.. Плывіце ў Сычын!..» I туманы плылі сонечнай ракою ў Сычын, дзе і Галуба-рэчанька, «прыгалубленая Сажом», і «Касю з Ясем на сенакосе», і «каня над рэчкаю іржанне». I тое, апошняе: «А ты даруй...» — было таксама. Пазней, калі быў ужо гэты верш. Мы ішлі ў Мінску берагам возера, і Ён мне сказаў: «А ты даруй...» I яшчэ — што верш пісаўся мне і ўсё ў ім наша, але Рыгор вельмі прасіў той верш, і Ён не мог яму адмовіць 1 яшчэ Ён сказаў тады, на беразе возера: «А ты даруй... Я напішу табе лепшы вершык...»
   Нам здавалася, што мы яшчэ доўга будзем ісці побач, што часу нам на ўсё хопіць, тым больш — на вершы.
   — Ты, старычок, перадай Рыгору, каб ён вярнуў у вершык самы першы радок: «Стаяў і я...» Як у сіненькай кніжачцы. «Стаяў і я на гэтай кручы...»
   Яго ўжо не было. Тое, апошняе, мне пачулася з неба. Ягоны голас быў ужо гам, пад поўняй срэбра. А за Максімавай хвояй, дзе стаяў дагэтуль, вакол Ягоных слядоў круцілася Лісачка, і над ёю ў акне гарэла свечачка.
   Чамусьці Ліску Ён з сабою не ўзяў. Яна разгублена снавала агняным ліхтарыкам і, два разы гаўкнуўшы ў бок мора, пабегла ад мяне берагам. Шукала Яго след?..
   Я таксама пайшоў у той бок — за ліхтарыкам у сіняй ялцінскай ночы. Ішоў і чуў голас:
   — Стаяў і я... і я... і я на кручы...

   ...і аддаляўся, і заставаўся са мною.