Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Васіль Хомчанка - Тры каскі

   У Андрэйкі ёсць дома дзве каскі. Стаяць яны побач на паліцы.
   Адна каска – салдацкая. Яе з вайны прынёс дзед. Гэта каска ўратавала яго ад смерці. Бег дзед у атаку – ён быў тады яшчэ не дзедам, а маладым хлопцам. І перад ім выбухнула міна. Секанула асколкамі. Адзін асколак і трапіў па касцы. Ударам зваліў салдата на зямлю. Але каска аказалася мацнейшай за асколак. Жывы застаўся салдат.
   Другая каска – бацькава. Гэта мірная каска. Андрэйкаў тата працуе на будоўлі брыгадзірам. Шмат дамоў збудаваў ён са сваёй брыгадай. У тым ліку і дзевяціпавярховы дом, у якім жыве Андрэйка. Калі хлопчык едзе па горадзе, тата яму паказвае ў акно: «Вунь мая школа. Палац культуры мой. І твой дзіцячы сад я таксама будаваў».
   Бацькава каска ганаровая. Яе называюць залатой каскай і ўзнагароджваюць ёю лепшых рабочых на будоўлях.
   Вось гэтыя дзве каскі стаяць побач. Дзедава – цёмная, сумная, з драпінамі і ўмяцінамі ад куль і асколкаў. Яна напамінае пра баі, калі дзед абараняў ад ворагаў нашу зямлю. Бацькава – ярка-аранжавая, вясёлая. Сведка таго, як бацька ўзбагачае і ўпрыгожвае Радзіму, уратаваную дзедам.
   Андрэйка марыць пра сваю каску, якую ён будзе насіць, калі вырасце. Ён верыць, што гэта будзе каска касманаўта. Дакладней, шлем касманаўта. І абавязкова Андрэйка потым паставіць яго побач з дзедавай і бацькавай каскамі. І будуць стаяць яны побач, усе тры.

 

Похожие статьи:

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Дзве Дашы

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Янкава рукавічка

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Яблык

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Білеты у цырк

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Звон пад зямлёй