Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Васіль Вітка - Абнова

Увага!!! Поўны змест

   Гэта былі яго першыя сапраўдныя штаны. Не кароценькія, па калені, што дагэтуль насіў Стась, а з доўгімі калашынамі, з адпрасаваным рубчыкам, з кішэнямі. У іх можна было ўвабраць кашулю, поверх падперазаўшы папружкаю.
   Стась адразу ж вырас. Гэта заўважыла і мама.
   – Ну, ты цяпер сапраўдны мужчына, – прызнала яна, аглядаючы пакупку.
   – Насі здароў, – сказала сястра Наташа. Гэта было і павіншаванне і пажаданне. Так заўсёды гаварылі таму, хто надзяваў абнову.
   Стась адчуваў сябе шчаслівым. У сваім шчасці ён не заўважыў, як пераглянуліся паміж сабой мама з бабкай і з усёй стараннасцю пачалі падцягваць яму штаны.
   – Даўгаватыя, – сказала мама.
   – Ат, вырасце – будуць у самы раз, – запэўніла бабка.
   – Прыйдзецца караціць, – стаяла на сваім мама.
   А Наташа, здаўмеўшыся, пра што ідзе гаворка, з гатоўнасцю паднесла ножанкі.
   – Рэзаць? – спытала яна, ухапіўшы брата за калашыну.
   Толькі цяпер Стась скеміў, што адбываецца змова, якая пагражае яго шчасцю.
   – Не дам рэзаць! – закрычаў ён так, што жанчыны сумеліся і адступілі. – Не хачу кароткіх штаноў! – рашуча сказаў Стась. – Я ўжо вялікі.
   – Але, унучак, – згадзілася бабка. – Я ж кажу, што няхай будуць нападрост.
   Стась з удзячнасцю паглядзеў на бабку. Самая старэйшая з жанчын прызнавала яго законнае права насіць сапраўдныя штаны. Цяпер Стась не саступіў бы і на макавае зерне, баронячы гэтае права.
   На гэтым сямейная рада была скончана. Стась доўга пакручваўся перад люстэркам. Ён перамог. Праўда, хадзіць пераможцу было не так ужо лёгка, бо штаны сюд-туд з’язджалі і з’язджалі.
   – Дай я прышыю шлейкі, – сказала мама, – і ты будзеш насіць цераз плячо.
   Гэта было новай знявагай мужчынскай гордасці Стася. Пакрыўджаны, ён выйшаў з хаты. I толькі на вуліцы, у кампаніі сяброў, адчуў, што сапраўды штаны не па ім.
   – Што ты як сам не свой? – спыталіся ў яго хлопцы.
   – Свой, – адказаў Стась.
   Тады сябры, ведаючы, што Стась вельмі ж любіў дужацца, пачалі штурхаць яго пад бакі.
   – Чаго ты стаіш як слуп? – засмяяліся хлопцы і яшчэ з большым задзёрам заскакалі вакол Стася.
   Забыўшы пра абнову, Стась рынуўся ў атаку.
   Новыя штаны адразу ж з’ехалі на пяты. Стась наступіў на калашыны і паваліўся. Сябры аж заходзіліся ад рогату. А Стась, як спутаны конь, таптаўся на месцы. Потым, падцягнуўшы пояс пад самы падбародак, ён кінуўся наўздагон за вясёлым гуртам. Але нават самыя меншыя не вельмі ўцякалі ад яго, а, пацвельваючыся, падбягалі ззаду і чапляліся за плечы. Яны ведалі, што Стасю адной рукой усё адно не падужаць іх.
   Вярнуўшыся дадому, Стась паціху, каб ніхто не бачыў, дастаў з прыскрынку ножанкі і выйшаў у сенцы. Цяпер ён паказаў сваю волю штанам. Як толькі яны аб’ехалі на пяты, ён адцягнуў вышмарганую ў пяску закаўрашыну і са злосцю заціснуў яе ў сталёвую пастку. Пэўна, ножанкі былі тупыя, а можа, у Стася не было такой сілы, каб адным махам расправіцца са штанамі, сукно не паддавалася, а толькі клычылася.
   Доўга мучыўся Стась і, не вытрываўшы крыўды, моцна заплакаў.
   Маці выбегла ў сенцы.
   – Чаго ты? – спалохана спыталася яна.
   – Я... я... – сказаў, плачучы, Стась, – я хачу быць сам свой.
   Хоць і шкада было абновы, штаны Стася прыйшлося-такі караціць. I хлопец стаў сам свой.

1958

Похожие статьи:

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Генерал верабей

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Ружа і штык

БиографииВасіль Вітка

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Трывога ў Ельнічах

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Слова