Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Артур Вольскі - У верасні

У верасні,
у верасні
хапае ўсім турбот.
Дзятва да школы
ў верасні
спяшаецца штогод.

Хоць сыпле дожджык з раніцы
і ў хмарах промень згас –
хто ў першы клас
збіраецца, а хто -
ў апошні клас.

У верасні,
у верасні
зрабіўся дзень малы.
Развітваюцца
ў верасні
з буслянкамі буслы.

Рассекшы хмару ўзмахамі,
клін жураўліны знік.
А ўсё чуваць
над дахамі
птушыны сумны крык.

У верасні,
у верасні
стаў лес зусім рабы.
Вавёрачка
ў верасні
дасушвае грыбы.

І вожык
устрывожаны.
А знаеце – чаму?
Бо трэба ложак
вожыку
заслаць на ўсю зіму.

У верасні,
у верасні
хапае ўсім трывог.
Мядзведзіца
у верасні
вышуквае бярлог.

Медзведзяняты жвавыя
да самае вясны,
расстаўшыся з забавамі,
глядзець там будуць сны.

У верасні,
у верасні
турбот –
паўнюткі рот.
І я раблюся
ў верасні
сталей на цэлы год.

 

Похожие статьи:

ВВосеньскія песні

Алесь ГарунАлесь Гарун - Восень

Ніна МацяшНіна Мацяш - Восень

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Залатая, асенняя раніца...

Алесь СалавейАлесь Салавей - Восень