Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Якімовіч - Цяжкая хвароба

Увага!!! Поўны змест

І

   Маці ўстала, як заўсёды, рана. Накінуўшы на плечы стракаты халат і мякка ступаючы тапкамі, каб не пабудзіць без пары дзяцей, выйшла са спальні.
   Неўзабаве на кухні зашумеў прымус. Да работы заставалася гадзіны дзве. За гэты час трэба згатаваць снеданне, выправіць у школу Віцю, прыбраць у пакоях, завесці ў дзіцячы сад Соню... Паспявай толькі спраўляцца. Ды і на гадзіннік не забывайся паглядваць.
   Калі чайнік закіпеў, маці пачала будзіць Віцю.
   Але пабудзіць яго не так лёгка. Звычайна гэтым займаецца бацька. У бацькі больш строгі і цвёрды голас, і Віця, хоць нехаця, а падымаецца за другім або трэцім напамінкам. Апошнія дні бацькі дома няма: ён у камандзіроўцы, і Віця адчувае сябе поўным гаспадаром. Маці так не ўмее будзіць, як бацька. Голас у яе мяккі, ласкавы. Такім голасам можна толькі ўпрошваць, а не загадваць.
   Віця нават не варушыцца і ад другога, і ад трэцяга напамінку. Дзе яго дабудзішся!
   Маці з надзеяй глядзіць на стары насценны гадзіннік: яшчэ не позна, няхай паспіць. Набегаўся ж учора за дзень, небарака... А раніцай самы сон.
   Паснедаўшы, яна будзіць Соню. Тая ўстае ахвотна, працірае пухлымі кулачкамі вочы і пачынае сама адзявацца. Соня руплівая, старанная дзяўчынка, прывучаная да парадку ў дзіцячым садзе, куды яна ходзіць ужо трэці год. А Віця гультай і хітрун. За ім так і сачы: сілаю яго трэба падымаць з пасцелі, сілаю прымушаць рабіць урокі, нават кнігі і сшыткі і то сам лянуецца скласці ў партфель! «I ў каго ён такі ўдаўся? – часта ўздыхае маці. – Але, можа, падрасце, паразумнее...»
   Гадзіннік тым часам цікае поўным ходам. Трэба спяшацца, і маці павышае голас, наколькі гэта ёй удаецца:
   – Віця, уставай! У школу спознішся.
   Віця нарэшце расплюшчвае вочы, пацягваецца, пазяхае і тут жа ўспамінае, што ніводнага ўрока на сёння ён не падрыхтаваў і што яго могуць выклікаць і па арыфметыцы, і па мове... Гэта ж пэўныя двойкі! А іх у Віці і так ужо дзве – па гісторыі і прыродазнаўству. Не хапала, каб яшчэ дзве зарабіць! Дзе ж іх тады выправіш? Да канца заняткаў засталося ўсяго дзён дзесяць. Перад маткай ён як-небудзь апраўдаецца, а перад бацькам? Бацька строгі. Ён і за тыя першыя двойкі знімаў папругу...
   «Можа, лепш зусім не ісці ў школу?» – думае Віця. Але як гэта зрабіць? Можа, прыкінуцца хворым?.. Маці страшэнна баіцца любой яго хваробы, яна не пусціць яго хворага ў школу.
   Віця крывіцца, хістаецца і хапаецца за галаву:
   – Ой, як трашчыць галава... Такі шум нейкі...
   Маці глядзіць на яго спалохана:
   – Чаго ж яна трашчыць? Не выспаўся, ці што?
   – Не ведаю...
   – Можа, у цябе тэмпература?
   Яна дакранаецца рукою да Віцевага лба. Лоб цёплы, як звычайна, аднак матцы пачынае здавацца, што ён і сапраўды гарачы.
   – Дзе градуснік?
   Цяпер палохаецца ўжо Віця. Але раптам твар яго святлее.
   – Сонька разбіла: учора з акна скінула, – адказвае ён.
   – Чаму ж вы мне не сказалі? Я новы купіла б. А то як жа без градусніка?
   – Я незнарок, мама, – вінавата апраўдваецца Соня. – Я не хацела яго скінуць, а ён узяў ды скінуўся...
   – Што ж мне рабіць з табою? – хвалюецца маці. – Можа, хіба пабудзь сёння дома?
   – Добра, – прастагнаў Віця. – Ты мне толькі заўтра запіску дасі, што ў мяне галава балела...
   – А можа, доктара паклікаць?..
   Віця неспакойна міргае вачыма. Але адчуўшы ў голасе маткі няўпэўненасць – можа, паклікаць, а можа, не? – рашуча пярэчыць:
   – Навошта? I так пройдзе...
   – Ну, глядзі, – кажа маці.
   Спяшаючыся, яна ставіць на стол чай, булку, масла, робіць Віцю патрэбныя настаўленні і выходзіць з Соняй за дзверы.
 

II

   Як толькі зачыніліся за імі дзверы, Віця адзеўся і весела заскакаў. Выдумка ўдалася. Цяпер у яго вольны дзень: можна і ўрокі вывучыць і нагуляцца. Вось што значыць хітрасць! Дурны так зрабіць не здагадаўся б!
   Ён напіўся чаю, пасланяўся па кватэры, і яму стала сумна аднаму. Паглядзеўся ў трумо: перад ім сапраўды стаяў сумны бялявы хлапчук з віхрастым чубам і густым рабаціннем, асабліва на носе. Віцю не спадабаўся яго двайнік. Ён падражніўся з ім, нават паказаў яму язык. Потым паспрабаваў рашаць задачы. Але яны не развесялілі яго: задачы трапіліся цяжкія, нудныя. У адной расказвалася пра два магазіны, якія прадавалі сукно, трэба было даведацца, каторы з іх прадаў больш і на колькі. У другой – пра цялят, ягнят і парасят. Уся гэтая жыўнасць была змешана ў кучу, і Віця павінен быў разабрацца, колькі чаго было на фермах калгаса «Новы шлях». Над задачкамі трэба было паламаць галаву, а ламаць галавы Віцю не хацелася: можа, лепш пайсці куды пагуляць, а потым сесці за ўрокі? Такая думка спакусіла яго. Ён сабраўся, замкнуў дзверы запасным ключом і пайшоў на вуліцу.
   На вуліцы кампаніі не знайшлося. Віця пашпацыраваў па тратуарах, пацягаўся ў парку, а весялей не стала. Толькі ногі забалелі. Тады ён вырашыў паездзіць на трамваі. Сеў у трамвай, памацаў у кішэнях – грошай ні капейкі. Усе свае запасы ён учора страціў на «Залаты ключык».
   Народу ў трамваі поўна. Віця цішком спыніўся у кутку пляцоўкі і цікаваў, ці не відаць блізка кантралёра. Ездзіць зайцам, вядома, трэба ўмець.
   На астаноўках выходзяць і ўваходзяць пасажыры. Віцю то выштурхоўваюць да дзвярэй, то зноў заціскаюць у куток. Ён мучыцца, небарака, але едзе ў самы канец горада, быццам яму канечне трэба паспець туды па важнай справе.
   Раптам недалёка ад яго пачуўся трывожны мужчынскі голас:
   – Кандуктар! У мяне кашалёк выцягнулі...
   Пасажыры замітусіліся. Усім было непрыемна чуць такую навіну, бо няма горшага, калі ў калектыў чэсных людзей трапіць нягоднік, які робіць свае благія ўчынкі спадцішка.
   – Такіх здарэнняў у маім вагоне даўно не было, – сказаў кандуктар. – Можа, вы самі згубілі яго. Пашукайце на падлозе.
   Усе пасажыры, як па камандзе, пачалі ўглядацца пад ногі.
   – Ды вось ён! – закрычала адна жанчына з кошыкам свежай гародніны. Яна стаяла на пляцоўцы амаль побач з Віцем.
   Пацярпеўшы высокі грамадзянін у акулярах і ў зялёным капелюшы жвава падаўся наперад і падняў пад нагамі Віці стары пацёрты кашалёк. Ён тут жа разгарнуў яго і павесялеў:
   – Дакументы цэлыя, а грошы сплылі...
   Жанчына з кошыкам гародніны ўтаропілася на Віцю. Віця густа пачырвапеў.
   – Дык, можа, гэты хлапчук і выцягнуў? – сказала яна. – Трэба абшукаць яго.
   Падышоў кандуктар з катушкай білетаў напагатове.
   – Ваш білет? – спытаўся ён у збянтэжанага Віці.
   Віця маўчаў, уцягнуўшы галаву ў плечы: дзе ж у яго той білет!
   Трамвай якраз спыніўся на чарговай астаноўцы. Штурхаючы пасажыраў, безбілетны Віця рвануўся да выхада..
   – Гэта кішэнны злодзей! – закрычалі і іншыя пасажыры, якіх Віця штурхаў пад бакі. – Трымайце яго!
   Грамадзянін у зялёным капелюшы цяпер быў упэўнены, што грошы яго сапраўды ў Віці – бо чаго ж бы ён даваў драла на астаноўцы? Ён праціснуўся наперад, працягнуў доўгую руку з-за плячэй пасажыраў, схапіў Віцю за каўнер і вывеў з вагона.
   Паклікалі паставога міліцыянера. Пацярпеўшы грамадзянін растлумачыў яму, што вось гэты збродлівы хлапчук выцягнуў у яго з кішэні кашалёк, які потым падкінуў пад ногі без грошай.
   Міліцыянер спакойна выслухаў пацярпеўшага і ўзяў пад казырок:
   – Пойдзем у аддзяленне, – там разбяруцца.
   Віця азірнуўся вакол, усе глядзелі на яго з пагардай і здзіўленнем: такі малы, а бач, чым займаецца!
   – Ніякага кашалька я не браў... – шчыра заплакаў Віця. – I грошай у мяне няма. Вось глядзіце.
   Ён вывернуў усе свае кішэні. З іх упалі на тратуар дзве рызінкі, штук пяць патронаў ад дробнакаліберкі і металічны танк у поўнай баявой гатоўнасці – з вежай і пушкай.
   Сёй-той заўсміхаўся, а міліцыянер строга сказаў:
   – Такія фокусы мы ведаем: з табою магла быць кампанія. Вось у аддзяленні ты і раскажаш, з кім краў і каму аддаў грошы.
   Ён узяў Віцю за руку і павёў. За ім пайшлі грамадзянін у зялёным капелюшы і жанчына з кашом свежай гародніны як сведка.
   У аддзяленні Віцем заняўся пажылы светлавусы капітан. Віця не раз сустракаў яго на вуліцы. Тады ён здаваўся яму самым лагодным чалавекам з вясёлай смяшынкай у шэрых вачах. Цяпер жа перад ім сядзеў нейкі надта сур’ёзны дзядзька.
   – Што, на кражы папаўся? – спытаўся ён у паставога міліцыянера.
   Паставы далажыў аб здарэнні. Капітан слухаў уважліва, сяды-тады паглядаючы на Віцю.
   – Прыйдзецца, брат, пратакол скласці, – звярнуўся ён да Віці, калі паставы скончыў даклад. – Учынак ганебны, што і казаць. Нават слухаць непрыемна.
   Капітан адпусціў паставога, а сам пачаў пісаць пратакол.
   – Прозвішча? – спытаў ён у Віці.
   – Бегунок, – слабым голасам адказаў Віця.
   Запісаўшы прозвішча, імя і імя па бацьку, капітан нечакана для Віці спытаўся:
   – У якой школе вучышся?
   Прыйшлося сказаць і пра школу.
   – Колькі двоек маеш?
   – Дзве... – нехаця прызнаўся Віця.
   – А чаму не пайшоў на заняткі, а ездзіш у трамваі ды яшчэ зайцам?
   Тут ужо Віця зусім разгубіўся: як жа адказаць на такое пытанне? Прызнацца, што ён падмануў матку? Дык тады хто дасць веры, што ён не мае дачынення да кашалька і гаворыць праўду?
   Віця панурыўся і цяжка засоп.
   – Ну вось бачыш, – сказаў капітан. – Ты не пайшоў у школу. А чаму? Ясна: звязаўся, відаць, з благой кампаніяй і заняўся нячыстай справай. Дрэнна, малады чалавек, вельмі дрэнна.
   – Я ехаў адзін, – зарумзаў Віця, выціраючы кулаком нос. – Усе хлопцы з маёй кампаніі ў школе. Чэснае піянерскае...
   Капітан скупа ўсміхнуўся:
   – Не відаць, каб ты быў піянер. Які ж ты піянер? Маеш дзве двойкі і бесклапотна ў вучэбны час раз’язджаеш у трамваях. Не, бацейка, не паверу, што ты піянер.
   – Чэснае піянерскае! – сур’ёзна заспрачаўся Віця з капітанам. – Спытайце ў любога з нашага 4 «Б» – усе скажуць.
   – Добра, – ахвотна згадзіўся капітан. – Я так і зраблю: прыйду ў клас і распытаюся ў тваіх сяброў, што ты за чалавек. А цяпер, таварыш Бегунок, можаш ісці гуляць, калі лянуешся вучыцца.
   Усхліпваючы, Віця выйшаў з аддзялення. За ім пайшоў пацярпеўшы грамадзянін і жанчына-сведка.
   На вуліцы яны разышліся ў розныя бакі.
   Грамадзянін у зялёным капелюшы падаўся да трамвайнай астаноўкі. Па дарозе яму захацелася закурыць. Ён выняў з верхняй кішэні пінжака каробку «Казбека» і апусціў руку ў кішэню штаноў па запалкі. Разам з запалкамі ён дастаў цэлую кучу рублёвак. I тут ён успомніў...
   Грамадзянін гэты быў чалавек рассеяны. Разлічыўшыся ў трамваі з кандуктарам, здачу ён паклаў у кішэню штаноў, а кашалёк сунуў за бакавую кішэню пінжака. Потым пасажыры совалі кашалёк нагамі, пакуль ён не апынуўся ў кутку, дзе стаяў безбілетны Віця.
   Схапіўшыся за галаву, грамадзянін пабег назад у аддзяленне міліцыі.
 

III

   Сонца ўжо звярнула з паўдня, і Віця баяўся трапіць дамоў пазней за матку.
   Падыходзячы да сваёй вуліцы, ён раптам убачыў здалёку дзве вельмі знаёмыя фігуры. Так і ёсць – гэта ж яго аднакласнікі Валодзя і Міхась! Сустрэча з імі нічога прыемнага яму не абяцала: яны ж пачнуць дапытвацца, чаму ён не быў у школе... Што ім сказаць?
   Віця гатоў быў праваліцца скрозь зямлю.
   Але на гэты раз скрозь зямлю яму правальвацца не прыйшлося. Ён убачыў збоку нейкі двор, абгароджаны густымі шчыкетамі, і, доўга не разважаючы, махнуў туды, каб схавацца за плотам.
   «Вот пашанцавала!» – падумаў ён сам сабе, калі апынуўся за густымі шчыкетамі. А то, чаго добрага, мог зноў у бяду трапіць, бо матку лягчэй было падмануць, чым Валодзю і Міхася.
   Каб Віця быў у лепшым настроі, ён бы зараз хіхікаў у кулак ад задавальнення: лоўка выкруціўся! Але, вядома, такога настрою ў яго не было, і таму ён стаяў цішком ды паглядаў праз шчылінку на вуліцу.
   – Гррр... – раптам пачуў ён побач.
   Віця азірнуўся: перад ім, шчэрачы зубы, стаяў вялікі руды сабака з абвіслымі вушамі. Сабака, праўда, яшчэ не нападаў на яго, а толькі разглядаў падазрона – свой ён ці чужы? А можа, разважаў, за якую нагу лепш ухапіць няпрошанага госця. Хто яго ведае, што ён думаў і якія былі ў яго намеры.
   Віця аж умлеў ад страху. Можна было б яшчэ ўцячы ад сабакі на вуліцу. Але ж там Валодзя і Міхась... Яны, відаць, падыходзяць ужо да гэтага двара. Трапіш з агню ды ў полымя!
   I Віця замітусіўся па двары. Сабака вырашыў, што гэта сапраўды нейкі благі чалавек, і з брэхам кінуўся за ім. Так ён загнаў яго ў закутак, да дрывотнікаў, адгароджаных ад суседняга двара такімі ж густымі шчыкетамі.
   Што было рабіць? Здацца на міласць рудога сабакі з абвіслымі вушамі ці паспрабаваць шукаць якога ратунку?
   На другім канцы двара стаяў высокі чатырохпавярховы дом. Але ні дворніка, ні жыхароў нідзе не відаць было. Можа, закрычаць аб дапамозе?
   I Віця, як кот, скокнуў на шчыкеты, пераваліўся цераз іх і... плюхнуўся ў бочку з вадою.
   – А-я-яй! – заенчыў ён ад неспадзяванага халоднага душу.
   – Гаў! Гаў! – басам адказаў яму сабака за плотам.
   Віця сяк-так выкарабкаўся з бочкі, працёр вочы і ўбачыў, што ён апынуўся ў агародзе. Бочку з вадою, відаць. трымалі тут запаслівыя гаспадары для паліўкі град, на якіх ужо зелянела цыбуля, морква і ўсялякая іншая пятрушка. За агародам, з другога боку, відаць быў драўляны домік са шкляною верандаю.
   Віця ніколі не быў агароднікам. Таму ён не вельмі разбіраўся, дзе разора, а дзе града, і шыбануў нацянькі да доміка, спадзеючыся знайсці там выхад на вуліцу. Аднак такое невуцтва яму моцна пашкодзіла. Не паспеў ён зрабіць і некалькі крокаў, як напярэймы яму з доміка выскачыла старая цётка з палкаю ў руках.
   – Ты што гэта, хуліган, грады мне топчаш? – закрычала яна на ўвесь голас. – Я ж табе пакажу!
   Збянтэжаны Віця павярнуў назад да бочкі. Заставалася хіба зноў скакаць цераз плот... Але ж там чакае яго руды сабака...
   Выратавала Віцю тое, што ён быў спрытнейшы за цётку. Праз нейкі час яму ўсё ж удалося прарвацца да доміка са шкляною верандаю, а там ён знайшоў фортку і выскачыў у вузкі зялёны завулак.
   Мокры, змораны, з пабітымі аб бочку бакамі вярнуўся Віця дахаты.
   Маткі дома не было. У Віці адлягло ад сэрца: хоць раз пашанцавала яму за сённяшні дзень!
   Ён хутка пераадзеўся ў сухое, з’еў спехам кавалак хлеба, які здаўся смачным, і сеў за стол рашаць задачы.
   Займацца ўрокамі было нялёгка. Цяпер Віця адчуваў сябе сапраўды хворым. Але ён не зважаў на хваробу і, пакуль вярнулася маці з Соняй, рашыў усе задачы ды ўзяўся за граматыку.
   – Ну як твая галава? – спыталася маці, як толькі ўвайшла ў пакой. – Я ўвесь дзень так каялася, што паслухала цябе і не выпісала доктара.
   – Нічога, перастала... – не адрываючы вачэй ад кніжкі, прамармытаў Віця. Ён ледзь стрымліваў сябе, каб не расплакацца. Яму хацелася кінуцца да маткі ў абдымкі і расказаць пра ўсё. Але расказ гэты быў бы для яе такі невясёлы, што лепш не гаварыць.
   – Ну добра, што ўсё шчасліва абышлося, – парадавалася маці і пайшла на кухню гатаваць абед.
   Да позняга вечара Віця не вылазіў з-за стала. Маці замілавана глядзела на яго і дзівілася: што з ім сталася? То, бывала, сілаю не прымусіш сесці за кніжкі, а то раптам гэтак прыліп да іх!..
   – Ідзі ўжо спаць, – ганяла яна яго. – Заўтра зноў цябе не дабудзішся.
   – Дабудзішся, – упэўнена адказаў Віця. – Ты толькі пабудзі мяне раней.
   Назаўтра ён усхапіўся з пасцелі ад першага напамінку, чым зноў нямала здзівіў матку.
   Паснедаўшы, Віця Бегунок не пайшоў, а пабег у школу.


1953 г

Похожие статьи:

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Байка пра казла

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Аўтамат

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Хітры воўк

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Аладкі

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Вераб’ёвы госці