Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Якімовіч - Дапамога

   Стрымліваючы хваляванне, Пеця націснуў на званок. Дзверы расчыніліся, і ён убачыў высокага хударлявага мужчыну.
   – Вы да мяне?
   Пеця збянтэжыўся. Не чакаў гэтага «Вы».
   – Вас Ігнатам Васільевічам зваць? Вы франтавік?
   – Усё правільна, малады чалавек.
   Пеця зусім разгубіўся.
   – Я Пеця Сіняк. Сіняк-слабак у класе клічуць, – нечакана прызнаўся ён. – Гэта Ваня Мялешка прыдумаў...
   Ігнат Васільевіч пасадзіў Пецю ў мяккае крэсла, сам сеў насупраць.
   – Цябе, відаць, са школы прыслалі, каб дапамагаў мне, ветэрану.
   – Ага, – кіўнуў галавою Пеця.
   Ігнат Васільевіч усміхнуўся:
   – А чаму цябе слабаком называюць?
   Пеця апусціў вочы, пачырванеў да вушэй.
   – Я самы слабы ў класе, бо часта хварэю... Вам, напэўна, не патрэбна мая дапамога?
   – Патрэбна, Пеця, вельмі патрэбна, – сказаў Ігнат Васільевіч. – Ты хварэеш часта – бяда ў цябе. I мне кепска. Сэрца баліць. Дактары раяць бегаць. Але боязна аднаму. Давай разам бегаць.
   – Зімою? – не паверыў Пеця. – Холадна ж!
   – Хіба ты не хочаш мне дапамагчы?
   Пеця ўздыхнуў і мусіў пагадзіцца:
   – Добра. Няхай будзе па-вашаму.
   Непрыкметна мінула зіма. Неяк у класе пачалі прыгадваць, хто як ветэранам дапамагае.
   – Я Ігнату Васільевічу бегаць дапамагаю, – пахваліўся Пеця.
   Ваня Мялешка засмяяўся:
   – Слабак бегаць дапамагае!.. Ха-ха-ха...
   Крыўдна стала Пецю. Скончыліся ўрокі, і ён, падышоўшы да Вані, гучна, каб усе чулі, сказаў:
   – Давай навыперадкі паспрабуем. Пабачым, хто з нас слабак...
   На школьны стадыён пайшлі ўсім класам.
   – Колькі кругоў пабяжым? – запытаўся Пеця.
   – І аднаго хопіць, – адмахнуўся Ваня.
   Пабеглі. Вырваўся Ваня ўперад. Пеця за ім трымаецца, не адстае. Ваня хутчэй, і ён хутчэй. Перад апошняй павароткай рвануўся, ураз Ваню абагнаў. Ваня сышоў з бегавой дарожкі і напрасткі, праз школьны стадыён, дахаты падаўся.
   А сябры абступілі Пецю, здзіўляюцца:
   – Дзе ж ты гэтак бегаць навучыўся?
   – Я ж вам казаў, што Ігнату Васільевічу бегаць дапамагаю. Хворы ён. Дактары параілі, каб бегаў. I я заўсёды побач з ім...

Похожие статьи:

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Хітры воўк

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Аўтамат

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Аладкі

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Вераб’ёвы госці

Алесь ЯкімовічАлесь Якімовіч - Байка пра казла