Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Камароўскі - Лясная фея

Увага!!! Поўны змест

   – Гэ, браток, не марнуй часу дарэмна. Не назбіраеш ты нічога, бо іх няма яшчэ... – дзядзька Міша, сусед з густымі чорнымі брывамі, якія сыходзіліся разам у адну панурую шчотку і прыкрывалі чорныя пацеркі вачэй, убачыўшы маю лазовую карзіну і скручаную плашч-накідку на тонкім раменьчыку, перастаў капаць і абапёрся на лапату. – Каб жа дождж пайшоў, а то – сухмень... А грыбам парнасць трэба: каб ноччу ліло, а днём пякло.
   – Дык не было ж увесь час суха.
   – Але залевы ні адной.
   – Ды і жыта вунь у колас пайшло. Якраз першыя баравікі павінны з’явіцца.
   – Ну-ну, дай Бог чутае бачыць... Хадзем во лепш у рыбу. Я чарвякоў накапаю, пляшку захаплю і махнём пад Язвінскі брод. Акунёў там – аж Нёман пярэсты!
   – Дык смаліць жа, дзядзька Міша, рыба не будзе брацца.
   – Покуль дойдзем, сонца ачахне. Акуні пад берагам любяць шнырыць, у цяньку...
   – Не, усё-такі па лесе прабягуся.
   – Ну, глядзі, заблудзішся – дадому не прыходзь, бо маці есці не дасць.
   Дзядзька Міша ведаў лес як ніхто. Гадоў пятнаццаць у маладосці выжыльваўся ён на руме, бомай варочаў здаравенныя камлі, каціў іх са шліхтаў з гары ўніз, да вясковага халоднага Нёмана, вязаў лазовай віткай плыты, ставіў на апошняй лаўцы дубовую барбару – завостранае палена для тормазу, падбіраў плытагонам надзейныя вёслы-апачыны і бласлаўляў іх у нялёгкі водны шлях аж да Коўна... Мо тут, у халоднай вадзе, і застудзіў ногі, бо цяпер зімой і летам хадзіў у бітых валёнках. Але лес вывучыў і не раз вяртаўся з працы з поўнай, з завязанымі рукавамі і каўняром, кашуляй баравікоў.
   Я паволі пайшоў па сцяжынцы каля цагельнага завода, мінуў першыя кар’еры, збочыў з тупкага і пабрыў па церпкім пахучым палыне да апошніх копанак, за якімі пачыналася Залессе. «Зазірну ў гэты ельнік, раптам ніхто яго не абшнырыў». Помнілася, як мы некалі з бацькам звярнулі са сцежкі і пад самым носам у людзей натрапілі на такую неруш баравікоў, што праз гадзіну вярнуліся дахаты. Маці аж успляснула рукамі: «А Божачка! Што здарылася?» Мы выклалі баравікі на разасланую салому: маці выпаліць у печы, наніжа грыбы на пруткі і на бляшанках для булак паставіць іх сушыцца на гарачы под. Мы ж пабеглі ў лес другі раз.
   Я напрамкі шнураваў да апошняй копанкі, дзе за сухімі расцяробамі ядлоўцу пачынаўся ельнік, сярод якога там-сям млелі ад спякоты высачэзныя яліны. Тут на іх гаспадарылі вавёркі, а ўнізе ў расшчэпе сасновага спарыша распраўляўся з шышкамі дзяцел. Яго лясная кузня была не так і высока, як рукой падаць, а на доле ігліца была ўсыпана карычневымі лускаўкамі-лушпінкамі ад шышак. Успомнілася з кніг, што ўсе дзятлы паміраюць ад кровазліцця ў галаву. Як і большасць пісьменнікаў – ад інсультаў ды яшчэ ад інфарктаў...
   Баравікоў не было. Я абгледзеў увесь маладняк, зазірнуў пад старыя яліны і выйшаў на палянку, сярод якой ляжала разлапістая старадрэвіна. Ад злосці, што не знайшоў нічога, трэснуў кедам па трухлявай абалоні – аж пасыпалася парахня. Я зірнуў на тоўсты камель і абамлеў: з-пад аблузанай усохлай кары, як паласатыя тарпеды, выляталі шэршні. А балюча-пухлінную сілу іх укусу я ведаў з дзяцінства, калі поркаў якой-небудзь патырчакай у дзіркі пад збуцвелымі пнямі, ганяючы вужак і яшчарак. Успамін гэты імгненна ажывіў мае ногі, і яны панеслі мяне да вадзянога выратавання. Шэршні снавалі над галавой, заляталі наперад, завісаючы ў паветры, сярдзіта гулі, але карзіна, якая прыкрывала мае аголеныя месцы, не давала ім рынуцца ўніз і шалёна ўсадзіць вострыя джалы.
   Умомант працерабіўся праз трыснёг, пляснуўся ў цёплую ваду і па шыю прысеў. Шэршні насіліся над вадой, выглядаючы месца для ўдару, але я прысеў яшчэ ніжэй, аж карзіна краямі дакранулася да вады. Праз хвілін колькі яны астылі – не пакусалі, дык хоць у ваду загналі! – і паляцелі ў сваё трухлявае гняздо. Я мокры, як квач, выбраўся не бераг і пашлэпаў, хлюпаючы кедамі, ускрай копанкі да маладога сасняку. Тут спыніўся, выліў ваду з абутку, скінуў і выкруціў трыко. «Так яно і прахалодней будзе. Вяртацца назад на пераадзяванне не буду, а то дзядзька Міша засмяе: «Ну што, налавіў грыбоў?» Прайду кіламетраў пяць – усё высахне». Плашч-накідка ў карзіне не намокла, бо я прыціснуў яе галавой да дна. Значыць, не намоклі хлеб з паляндвіцай і гурком, якія я прыхапіў для перакусу.
   Дарога вілася між знаёмых пералескаў, памалу супакойвала ад нечаканай прыгоды, ды і адзенне пачынала падсыхаць на сонцы. Я не хацеў блытацца па задзірыстых чашчобах маладога гушчарніку, па рэдкім сасновым узлессі, а бадзёра шыбаваў да сваіх любімых мясцін. Яны, такія мясціны, відаць, былі ў кожнага, хто любіць пагодным ранкам прабегчы па ласіных сцежках ці восеньскай слотай паблукаць па захмурнелым мокрым лесе, каб па адным, па два назбіраць поўную карзіну лясных прыгажуноў-баравікоў. Ідзеш, бывала, па сваіх любімых сцежках і нутром адчуваеш – вось тут, за гэтым кустом ці сасной, стаіць на стромкай белай ножцы цар грыбоў з карычневай шапачкай. А не тут, дык там, на белым імху, чорны, не паточаны за ноч ляснымі чарвякамі. Назбіраеш, ледзь давалачэш поўны кош ці карзіну, паставіш, стомлена-задаволены, на ганку... А маці будзе ахкаць, падхвальваць: няйначай, каб і заўтра пайшоў. А ноччу ў сне зноў збіраеш баравікі з тоўстымі белымі і з асмужанымі ножкамі, адкрытыя людскому воку ў баравінах і затоеныя ў ігліцы і прэлым імху...
   Вунь там, на крыжаванцы лясной дарогі і лініі, аднойчы гарадскія бэйбусы перастрэлі мікуціцкіх хлапчукоў з поўнымі карзінамі баравікоў. Якраз быў высакосны год, а, як казалі старыя людзі, у такі год асабліва родзяць грыбы... Перастрэлі і забралі баравікі. Пасля гэтага ад’ехаліся на машыне не так далёка і пачалі дазбірваць грыбы. А падлеткі, праўнукі тутэйшых партызанаў, падцікавалі, дзе спыніліся мінчукі, нацягалі сухалому пад машыну дый запалілі. Кінуліся рабаўнікі ў вясковы сельсавет, а там адпрэчылі іх: «Трыбы забралі? Забралі! Малых запомнілі? Не! Вёска ж вялікая, дзе ж ты іх знойдзеш? А калі і знойдзеш, то не пасадзіш, бо малыя... А бацькі скажуць, нашто адабралі?» Так з нічым і паехалі ў Мінск зайздросныя грабіцелі.
   А вунь там, ля яловага вываратня, нехта з гарадскіх паставіў свае чырвоныя «Жыгулі» і пайшоў у лес. А набрыў на машыну лось. Ці то колер яму не спадабаўся, ці то не ў нораве быў... Пярэднімі капытамі змалаціў машыну на плешку. Змясіў і пайшоў сабе ў лес. Таксама ўлегцы паехаў бедалага ў горад...
   Трыко амаль высахла, толькі кеды, выпацканыя пяском, не прынялі ранейшага выгляду. Але то не бяда: на гарачых нагах і яны хутка абсохнуць.
   Я зазірнуў у адну любімую мясціну, абабег другую, напрамкі прашыбаваў трэцюю, але толькі ў чацвёртай выкалупаў два крывулістыя баравыя баравікі. Вяртацца назад з такім зборам надта не хацелася: зноў падпадзеш пад кпіны дзядзькі Мішы. Дый час быў яшчэ не позні – недзе каля полудня. «Хіба ў Чартавіцу завітаць?» Але я тут жа адагнаў гэтую думку, бо трохі пабойваўся пушчанскага гушчарняку і балоцістага, купчастага, з высокім параснікам адзічэлага глушняку. Некалі я дапяў сюды ў пошуках нерушы. Аблазіў усе закуткі і толькі пад разлапістай ялінай на краі нейкай яміны ўбачыў баравік. Ён стаяў, як на выставе, вялікі і заманлівы, крохкі ў сваім смуглаватым целе... Я паставіў карзіну і з самаробным нажом-фінкай рынуўся да яго, рынуўся і адхлынуў: з яміны, увесь у гразі, уздымаўся чорна-буры кныр. Пагрозліва бліснулі ашчэраныя клыкі... Гэтага хапіла, каб сігануць назад, ухапіць карзіну і паджгаць у бок далёкай дарогі. «А каб пагнаўся за мной сякач? Што тады? Не ўратавала б мяне і фінка. Хіба што на дрэва якое ўсцерабіўся б...» Але дзік не пагнаўся. Ці то не хацеў з гразі вылазіць і пакідаць сваё прахалоднае лежыва, ці то паленаваўся гнацца за перапалоханай двухногай зданню...
   Два баравікі не надта цешылі вока. Відаць, правы быў дзядзька Міша, калі гаварыў пра зацяжныя цёплыя ліўні. Бо без іх зямля не паравала, не курылася лёгкім мроівам. Але, успомніўшы дзядзькавы кепікі, вырашыў я даць кругаля і зазірнуць на Ласіныя горы. Некалі бацька валок адтуль цяжкі, аж пад ручку, кош баравікоў і гаварыў: «Не будзе грыбоў – ідзі на Ласіныя горы, там заўсёды знойдзеш».
   Я доўга не вагаўся, перавязаў шнуркі на кедах і рушыў да Ласіных гор. Ішоў і думаў пра тое, як бы добра было знайсці мінашукальнік і перарабіць яго, настроіць на грыбы. Вось дзе цуд быў бы! Ідзеш па лесе, а ён – пік, пік... Але – баравік! Зноў «пік, пік» – другі баравік! Як бачыш назбіраў бы карзіну, ніводнага не прапусціў бы... Але гэта толькі фантазія...
   За гэтымі думкамі хутка прайшоў некалькі квадратаў, мінуў выразаную спрэс дзялянку, абышоў даволі ўжо высокі маладняк, які – запомнілася добра – садзіла вострым ланцэтам мая маці з вясковымі кабетамі. Флянцы прагна ўчапіліся ў сіняпёс, раскашлаціліся, а пасля спорна пайшлі ўверх, ашчэрыўшыся патырчакамі сушняку на ствалах, гонка ўзнялі свае вершаліны на добры дзесятак метраў.
   За Свераноўскай лініяй пачыналіся Ласіныя горы. Я ўзяў з карзіны нож, паправіў раменьчык плашч-накідкі і выйшаў на паляну. Выйшаў – і зніякавеў: на замшэлым грудку сядзела дзяўчына. Яна ўбачыла мяне і таропка падхапілася:
   – Ой, хто вы?
   – Адтуль я, з вёскі...
   Яе раптоўная радасць змянілася непрыхаванай трывогай: а што, калі я чалавек ліхі? Ды яшчэ з фінкай...
   – Не бойцеся, я забрыў сюды ў любімае бацькава месца. Некалі яно было такое грыбное. А цяпер якое – і сам не ведаю... А вы, даруйце, хто?
   – Я – з турбазы. Пайшла ў грыбы і заблудзілася.
   Прыгожая чырвань заліла яе шчокі. Лёгкі шэры світэр і сінія джынсы вабна аблягалі яе бездакорную постаць. Белая спартыўная шапачка яшчэ больш падкрэслівала яе цнатлівы ружанец.
   Я перасмыкнуў кадыком, праглынуўшы сліну, і прапанаваў:
   – Давайце разам заглянём на Ласіныя горы... А раптам натрапім на баравікі.
   – Давайце... – нясмела згадзілася яна.
   – Тады – будзем знаёмы: Аляксей... – Я пераклаў нож у левую далонь і працягнуў руку. Яе рука, далікатная і вытанчаная, спуджана страпянулася ў маёй лапе, а голас усё ж ціха вымавіў:
   – Святлана.
   – Вельмі прыемна. А цяпер пайшлі па грыбы.
   Яна спрытна нагнулася, узяла даволі ёмкі кошык, сплецены з каляровых дроцікаў, дастала маленькі сцізорык. Яшчэ раз я ацаніў яе стройны і зграбны стан, кірпаты акуратны носік, русявую пасму валасоў, што выбілася з-пад шапкі, прыгожыя прыпухлыя губы...
   – Пайшлі... – яна запытальна акінула мяне з галавы да ног.
   – Туды! – паказаў я на Ласіныя горы.
   Мы мінулі паляну, падаліся па рэдкалессі, якое паволі падымалася ўгору. Мох на гарах быў сухі і шорсткі. Мае кеды высахлі і ўпэўнена вялі ўперад. Яе чорна-белыя красоўкі ішлі поруч...
   Баравікі пачаліся знянацку.
   – Ой, колькі іх! – радасна ўсклікнула Святлана і паставіла кошык ля першага здаравяка.
   – Толькі не зразайце яго, – я таксама прыпыніўся.
   – Чаму?
   – Трэба яго выкруціць з зямлі, а пасля ўжо абчысціць корань. А калі зрэжаш – корань загніе, загніе і грыбніца.
   – А я і не ведала... – яна, дзівосная і прыгожая, як лясная фея, глядзела на мяне вялікімі блакітнымі вачыма.
   – I я спачатку не ведаў. Бацька падказаў.
   Баравікоў было сапраўды многа – сапраўдная неруш. I ўсе – адзін у адзін. Быццам блізняты выбухнулі з-пад імху ў адначассе. Па адным, па два, а то там-сям і па тры...
   Святлана забыла пра свой нядаўні страх, перабягала ад аднаго баравіка да другога, як дзіцё, радавалася кожнаму грыбу:
   – Аляксей, глядзі, які прыгажун! А во, побач які, як пан таўсматы! Глядзі-глядзі, а вунь яшчэ два, і яшчэ...
   Я таксама збіраў з радасцю, з той простай чалавечай радасцю, якая была суперажывальна чужой, невядомай, але такой знаёмай радасці ад знойдзенай нерушы.
   Мая карзіна і яе кош хутка напоўніліся. Я важна браў сваю ношу, прадчуваючы вельмі блізкі шлях дахаты, прыкідваў яе вагу на руцэ... Але баравікі паўставалі то спераду, то збоку... I кладзь мая напоўнілася да самай ручкі, я выпраміўся:
   – Святлана, можа, хопіць? Хай і ласям застанецца...
   – Мне даўно хопіць. Як убачаць на турбазе – не павераць.
   – Тады пайшлі.
   Мы спусціліся з Ласіных гор і зноў аказаліся на той самай палянцы, дзе сустрэліся.
   – Давай, Святлана, перакусім, – я зняў плашч-накідку з пляча, скінуў з яе раменьчык і разгарнуў-раскінуў пластыкавыя крылы на шараватым доле.
   – Давай, калі што ёсць, – Святлана зняла шапачку з галавы, і валасы русявым вадападам упалі на яе плечы. Яна лоўка ўскалыхнула іх, прыхарашыла...
   Я разгарнуў лісткі паперы, парэзаў паляндвіцу на тонкія скрылёчкі, палову іх паклаў на лусту хлеба, распалавініў агурок і падаў ёй у рукі:
   – Смачна есці!
   – Дзякуй! – яе рука зноў патанула ў маёй лапе, але цяпер ужо далонню ўверх. Быццам ток прабег па маіх мускулах. – Смачна як! Я тысячу гадоў не ела паляндвіцы. Некалі цётка жыла ў вёсцы, трымала парасят. Прыязджала ў госці да нас – прывозіла... А цяпер няма яе ўжо...
   – Святлана, а ты гарадская? – вяртацца да «вы» было неяк няёмка.
   – Я – з Брэста.
   – А я ў Мінску жыву.
   – Мінск – Брэст – адзін пераезд, – усміхнулася яна. – Але трэба ж ісці... Толькі куды?
   – Толькі за мной.
   Мы пайшлі. Маю карзіну, намнога цяжэйшую, узялі за ручку ўдваіх, а у правай для раўнавагі я нёс Святланін кошык. Мінулі пару хмызнякоў і выйшлі нарэшце на гравійку. Пайшлося тупка і хутчэй. Ішлі мы і маўчалі. Відаць, кожны па-свойму перажываў гэтую прыгоду. А можа, проста ішлі двое маладых незнаёмых людзей і любаваліся лесам, радаваліся дарозе, што вяла дахаты... На Арцюхоўскай лініі я спыніўся:
   – Метраў за трыста – асфальт, а там – налева і ўказальнік «Турбаза...» А я па лініі пайду, мне тут значна бліжэй.
   Яна глядзела на мяне блакітнымі вачыма і быццам заварожвала, уцягвала маю душу ў гэтыя таямнічыя віры...
   – Заходзьце. У госці... – А пасля: – Суседка не прыехала, і я ў доміку – адна. У мяне каньяк нават ёсць... А домік мой – дваццаты, ля самага пляжа...
   Я зірнуў на яе, быццам вачыма хацеў увабраць яе кожную рыску ў сябе, запомніць такой, юнай і шчаслівай... Ісці па ўзаранай лініі не хацелася, але ведаў: будзе хвалявацца маці... А што да запрашэння... Хто ж адмовіцца ад зваблівага клічу такой красуні – лясной феі?
   – Прыйду, калі будзеш чакаць, – я падхапіў карзіну, ацяжэла ўскінуў яе на руку і пайшоў па жаўтлявым пяску лініі. Ішоў і думаў, як прыйду дахаты, перабяру баравікі, з’езджу выкупаюся ў Нёмане, нацягну джынсы, футболку і пайду – вядома ж, пайду! – на турбазу, да яе ў дваццаты домік. Што мне да знаёмых хлопцаў, якія прыйшлі на турбазаўскія танцы, што мне да іх пытанняў! Я зайду да яе ў пакой і, пэўна ж, яна замкне дзверы, каб ніхто не перашкодзіў, дастане чаркі і налье ў іх каньяку... Мы вып’ем за незвычайнае знаёмства, пагаворым, зноў вып’ем... А потым я не стрымаюся, прыхіну яе да сябе, асцярожна пацалую, а яна не запярэчыць, потым захлынуся ў яе абдымках, знікну, прападу пад вадападам яе валасоў... Як праз сон, пачую толькі, як жыкне замочак яе джынсаў... I толькі раніца ўладарна развядзе нас... Развядзе, бо днём мне – на аўтобус.
   Яно ўсё так і адбылося, толькі да таго моманту, калі я пераапрануўся і сабраўся ісці на турбазу... Тры аднакласнікі, якіх я не бачыў амаль год, гаманліва адкрылі весніцы на двор, пастукалі ў шыбу:
   – Дзе ты там, грыбнік? Вылазь, пойдзем на прыроду! У нас і чарка, і скварка ёсць. Пасядзім ля вогнішча, пагамонім...
   Усё – палац разрушыўся! Я не змог прызнацца, хто мяне чакае ў дваццатым доміку на турбазе. Згадзіўся і' пайшоў з сябрамі на бераг Нёмана. А там за гаворкай засядзеліся мы аж да поўначы...
   У сне, як заўсёды, сніліся баравікі – чорныя і белыя, па адным, па два, па тры... А раніцай я сабраў сумку, сеў у аўтобус... Ехаў па шашы і ўспамінаў яе, лясную фею, яе руку, валасы, губы, якія, здаецца, прасілі: «Я хачу, каб ты прыйшоў да мяне...»

Похожие статьи:

Алесь КамароўскіАлесь Камароўскі - Бусел

Алесь КамароўскіАлесь Камароўскі - Паклон

Алесь КамароўскіАлесь Камароўскі - Пенальці

Алесь КамароўскіАлесь Камароўскі - Чарнобыльская калыханка