Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Санеты Адама Міцкевіча

   У адэскай высылцы Міцкевіч піша цыкл санетаў, у цэнтры якіх любоўныя перажыванні лірычнага героя. Гэтыя творы пераклікаюцца з пэўнымі санетамі Петраркі, выяўляючы пры гэтым самыя розныя адценні пачуццяў паэта:

Дзе асвячоныя ў шчаслівы час тваёй журбою
Буялі краскі, вартыя архангельскае скроні,
Ірваў букет я на тым самым лугавым улонні,
Змяшаны з палыном, з плакучаю вярбою.
 
Як пустазелле й блёкат заглушылі ўсё сабою,
Чаму ж баіцца ўспыхнуць кветка чыстая ў палоне?
І ўсё ж букет прымі: не варты ён тваёй далоні,
Ды ўзрос на той зямлі, дзе ты ўсміхнулася настрою…

 (Пераклад Рыгора Барадуліна)

 
   Цэнтральнае месца ў гэтым цыкле, аднак, займае санет "Да Нёмана", першы варыянт якога быў напісаны яшчэ ў 1821 ці 1822 г. на роднай паэту Наваградчыне. Туга па растанні з каханай Лаўрай – у сапраўднасці Марыляй Верашчакай – спалучаецца тут з прадчуваннем непазбежнага развітання з радзімай:

Мой Нёман, родная рака, дзе хвалі тыя,
А з імі столькі шчасця, і надзей, і мараў?
Дзе весялосць, маленства мілае без хмараў?
 
Дзе век бурлівы, леты нашы маладыя?
Лаура дзе? Сяброў не бачу, любых твараў,
Усё прайшло, а слёзы памяці жывыя.

(Пераклад Уладзіміра Мархеля)

 
   У традыцыях рамантыкаў было захапленне экзатычнай прыродай, найчасцей паўднёвых краін. У сваіх "Крымскіх санетах" (1825) Адам Міцкевіч фармальна аддаў даніну гэтай традыцыі; на тле незвычайных краявідаў Крыма мы бачым усё тое ж рамантычнае пачуццё самоты. Але і тут таксама не-не ды выяўляе сябе нязбыўны сум па роднай паэту Літве-Беларусі:

…Стаім! – як ціха! – чую вырай жураўліны,
А птушак бы і сакаліны зрок не згледзеў;
І чую, як матыль разгойдвае сцябліны,
 
Як слізкай скурай вуж даткнецца зёлкі недзе.
Усё б аддаў, здаецца, ў гэтыя хвіліны,
Каб кліч з Літвы пачуць, – ніхто не кліча, едзем.

 (Акерманскія стэпы. Пераклад Ірыны Багдановіч)

 

Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014

 

Похожие статьи:

ВВянок санетаў

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Санет (Замёрзла ноччу шпаркая крыніца...)

ССанет

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Санет (Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...)

Янка КупалаЯнка Купала - Для зямлі прадзедаў маіх...