Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Анатоль Вярцінскі - Дзве паралельныя прамыя

За школьнымі вокнамі
                               вецер вые...
Пра дзве паралельныя прамыя
гаворыць настаўнік,
                               ад холаду сіні.
На чорнай дошцы —
дзве белыя лініі,
якія ніколі не перасякаюцца,
якія нідзе не сустракаюцца...
"Няўжо гэта праўда?
                               Чаму — ніколі?" —
думаю я, ідучы са школы.
"Няўжо гэта праўда?
                               Чаму — нідзе?" —
думка з маёй галавы не ідзе...
Даўно адшумелі
                     школьныя ветры,
ды помню чамусьці
                               урок геаметрыі.
Перада мною
                     зноў, як жывыя,—
дзве паралельныя прамыя.
Бачу: ідуць у прасторы лініі,
нічога агульнага паміж імі.
Ідуць i маўчаць яны, нямыя,
дзве паралельныя прамыя.
Ідуць яны побач,
                     ідуць яны поплеч —
адна другую
                     не клічуць на помач.
Нібы пракляцце вісіць над імі,
над паралельнымі прамымі.
Будуць заўсёды яны чужыя,
                     яны — паралельныя прамыя.
Не суджаны ім сустрэчы праменныя,—
яны — прамыя,
                     яны — паралельныя.
Ад крыўды за вас
                     маё сэрца ные,
дзве паралельныя прамыя.

*
Бачу ў мінуту азарэння:
падаюць вашы тры вымярэнні.
Падаюць вашы сцены і столі,
i — адкрываюцца прасторы.
Падаюць брамы вашы і дзверы.
Выходжу прама ў сінія сферы.
Выходжу ў сінія сферы бязмернасці,
вернасці вечнай i бяссмертнасці.
З быту выходжу, як з нябыту,
на сваю новую арбіту.
Тры вымярэнні, мы з вамі — квіты.
Вы — дрэнныя прарокі, эўкліды.
Падаюць крыўды і няпраўды.
Вы — дрэнныя прарокі, плаўты
Пакінем нявер'е і іронію.
Бачу вышэйшую гармонію.
Бачу: сустрэліся, як жывыя,
дзве паралельныя прамыя.
Бачу: заззялі, як праменныя,
тыя прамыя паралельныя...

 

Похожие статьи:

Анатоль ВярцінскіАнатоль Вярцінскі - Гавары са мной ласкава...

Анатоль ВярцінскіАнатоль Вярцінскі - Медсястры

Анатоль ВярцінскіАнатоль Вярцінскі - Рэквіем па кожным чацвёртым

Анатоль ВярцінскіАнатоль Вярцінскі - Цётка плакала па ўсім свеце...

Анатоль ВярцінскіАнатоль Вярцінскі - Аналіз творчасці