Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сінярэза

   Сінярэза (ад грэч. synairsis — з’яднанне, сцісканне) — у антычнай сістэме вершавання зліццё двух кароткіх складоў у адзін доўгі.
   У беларускай сілаба-тоніцы гэты тэрмін абазначае з’яву, калі, дзеля захавання вершаванага памеру, два галосныя, што стаяць побач, вымаўляюцца як адзін або злучнік і ператвараецца ў й, ці прыназоўнік у скарачаецца нават пасля зычнага і ў пачатку радкоў. Напрыклад:

 

Скажыце мне, а за каго йны [яны]...
(Янка Купала. «Там...»)

А там застыла яснасць даляў чыстых
Над цёмнай рунню й чорнай цаліной.
(Уладзімір Жылка. «Восень»)

Вясной, ў сяўбу, гарачым часам,
Ўстаюць на вёсцы з сонцам разам.
(Язэп Пушча. «Сяўба»)


   Злоўжыванне сінярэзай (гэта, у прыватнасці, заўважаецца ў паэзіі Язэпа Пушчы апошняга перыяду) шкодзіць мастацкай дасканаласці паэтычных твораў.
   Як сінярэзу трэба ўспрымаць ужыванне ў вершаванай мове некаторых скарочаных словаформ (мо— замест можа, шчэ — замест яшчэ, трэ — замест трэба і г. д.). Параўн.: дыярэза.