Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рэалізм

   Рэалізм (ад лац. realis - істотны, сапраўдны) —
   1. Літаратурны метад, які ў гісторыі сусветнага прыгожага пісьменства з'явіўся ўслед за рамантызмам (першая палова XIX ст.), паставіўшы на месцы выключнага (у рамантызме) тыповае - як выражэнне заканамернага ў жыцці, дыялектычную еднасць абагульненага і індывідуальнага, праўдзівае адлюстраванне рэчаіснасці. Па слушнаму выказванню Ф. Энгельса, "рэалізм прадугледжвае, апрача праўдзівасці дэталяў, праўдзівае ўзнаўленне тыповых характараў у тыповых абставінах".
   Родапачынальнікі рэалізму у рускай літаратуры - А. Пушкін, А. Грыбаедаў, М. Гогаль, у польскай - Адам Міцкевіч, у французскай - Стэндаль і Бальзак, у англійскай - Дзікенс. Бадай, ва ўсіх іх раннія творы напісаны яшчэ ў рэчышчы рамантызму (у Пушкіна - "Бахчысарайскі фантан" і "Цыганы", у Міцкевіча -"Гражына", "Свіцязянка" і г. д.), але пазнейшыя (вершаваны раман Пушкіна "Яўгеній Анегін", паэма Міцкевіча "Пан Тадэвуш" і інш.) можна цалкам аднесці да рэалізму. Такі пераход ад рамантызму да рэалізму азіраецца і ў некаторых беларускіх пісьменнікаў ХІХ ст., у прыватнасці, у творчасці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які сваімі творамі "Халімон ня каранацыі" (1857) і "Пінская шляхта" (1866) паклаў пачатак рэалізму ў беларускай літаратуры.
   Тыповасць. праўдзівасць. сацыяльны і псіхалагічны дэтэрмінізм, гістарызм - галоўныя ўласцівасці рэалізму, што выявілася ў беларускай літаратуры ад Францішка Багушэвіча, Цёткі, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага да Міхася Лынькова, Івана Мележа, Пімена Панчанкі, Васіля Быкава.
   У рэалізме як літаратурным метадзе вылучаюцца наступныя літаратурныя напрамкі: натуралізм, крытычны рэалізм, сацыялістычны рэалізм, неарэалізм.
   Для натуралізма (ад лац. natura - прырода) характэрны пераважна біялагічны, антысацыяльны падыход да чалавека і яго магчымасцей, пратакольнае, без належнага крытычнага адбору, ідэйнай ацэнкі і тыпізацыі апісанне падрабязнасцяў быту і нізкіх праяў чалавечай прыроды, натуралістычная дакументальнасць і фактаграфізм і інш. Гэтым вызначаюцца асобныя творы Э. Заля, Г. дэ Мапасана, Г. Флабера, Ю. Стрындберга, Б. Шоу, Г. Гауптмана, М. Горкага, Л. Андрэева, Д. Маміна-Сібірака і інш. Уплыў натуралізма заўважаецца ў творчасці некаторых беларускіх пісьменнікаў ХХ ст. (раман Цішкі Гартнага "Сокі цаліны", аповесць Міхася Зарэцкага "Голы звер" і інш.).
   У новай беларускай літаратуры, рэалістычнай у сваёй аснове і галоўных праявах, актыўна заявіў пра сябе крытычны рэалізм (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Цётка, Максім Багдановіч, раннія Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі і інш.) і - пазней, у савецкі час - сацыялістычны рэалізм (тыя ж Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, а таксама Міхась Лынькоў, Міхась Зарэцкі, П. Галавач, Кузьма Чорны, Іван Мележ, Іван Шамякін і інш.). Пры ўсёй блізкасці гэтых літаратурных напрамкаў, якія адносяцца да аднаго метаду — рэалізму, існуе і пэўнае адрозненне паміж імі: у пафасе (асноўны пафас першага - пафас сцвярджэння, другога - пафас адмаўлення), у галоўным героі (галоўны герой літаратуры сацыялістычнага рэалізму - станоўчы, у той час як у крытычным рэалізме - адмоўны), у сацыяльна-палітычнай дэтэрмінавасці ідэй, праблем, тэматыкі пісьменніцкай творчасці (адносна вольная дэтэрмінаванасць у крытычным рэалізме і надзвычай жорсткая, абавязкова камуністычна-партыйная — у рэалізме сацыялістычным).
   Неарэалізм (італ. neorealismo, ад грэч. neos - новы і лад. realis - істотны, сапраўдны), тэндэнцыі якога праявіліся ў творах Эрнэста Хэмінгуэя, У. Фолкнера, А. Маравія, Ч. Павезе, Э. Дэ Філіпа, У. Віннічэнкі і інш., у пасляваеннай творчасці італьянскіх кінематаграфістаў (Р. Рассяліні, Л. Вісконці, В. дэ Сіка і інш.), засноўваючыся на традыцыях рэалізму і натуралізма, з дакладнасцю журналісцкай хронікі фіксуе сацыяльную рэальнасць, у тым ліку падкрэслена нелітаратурнае, жывое маўленне, насычанае жарганізмамі і дыялектызмамі. Пры гэтым адбываецца не проста фіксацыя факта, а паэтызацыя яго, ператварэнне яго ў своеасаблівы лірычны дакумент пэўнага часу і месца.
   2. Рэалістычны (праўдападобны) паказ жыцця ў формах самога жыцця. У гэтым сэнсе некаторыя літаратуразнаўцы (М. Бахцін, А. Лосеў, О. Фрэйдэнберг і інш.) ужывалі тэрмін "рэалізм" у дачыненні да мастацтва ўсіх эпох.

   Такім чынам, гаворка можа весціся пра рэалізм Антычнасці (грэчаская літаратура VІІІ ст. да н. э. - V ст. н. э., рымская літаратура V ст. да н. э. - V ст. н. э., эліністычная літаратура ІІІ - І ст. да н. э.). У творах старажытных грэкаў і рымлян (паэмах, одах, элегіях Гамера, Гарацыя, Вергілія, Авідзія, Сапфо, камедыях Арыстафана, трагедыях Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда і інш.) увасобіліся многія рэальныя падзеі, асобы, з'явы свайго часу з высокай доляй праўдападабенства.
   Рэалізм Адраджэння (ХІV - канец ХVІ ст.) адмятаў сярэдневяковую мараль, схаластыку, аскетызм, адкрываў свет і чалавека ў свеце, сцвярджаў гуманістычныя прынцыпы, права чалавечай асобы тварыць свой лёс (творы Дантэ Аліг'еры, Ф. Петраркі, Дж. Бакачча, Ф. Рабле, М. дэ Сервантэса, У. Шэкспіра і інш.). У беларускай літаратуры ён выявіўся найперш у асветніцкай дзейнасці і творчасці Францыска Скарыны (празаічныя і вершаваныя прадмовы і пасляслоўі да перакладаў асобных кніг "Бібліі"), у паэзіі Міколы Гусоўскага ("Песня пра зубра") і інш.
   Рэалізм Асветніцтва (ХVІІ - ХVІІІ стст.) быў прасякнуты ідэямі сацыяльнага прагрэсу, усеагульнай роўнасці, асабістай свабоды, што ўвасабляліся ў творах, скіраваных на пашырэнне прыярытэту асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і краіны. Узнікшы на хвалі буржуазных рэвалюцый, навуковых адкрыццяў і падтрыманы філасофскімі вучэннямі пра вызначальную ролю свядомасці ў развіцці грамадства, ён увасобіўся ў творчасці Ж. Ж. Русо, Д. Дзідро, М. Ф. Вальтэра, Д. Дэфо, С. Полацкага, Г. Скаварады, Ф. Шылела, І. В. Гётэ, М. Ламаносава, А. Радзішчава і інш. У Беларусі ідэі Асветніцтва рэалізаваліся яшчэ і ў ХІХ ст., у даследаваннях беларускай мовы, фальклору, у асобных творах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ("Гапон", "Сялянка" і інш.), Янкі Лучыны ("Роднай старонцы"), Францішка Багушэвіча (прадмова да "Дудкі беларускай") і інш.