Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Раман

   Раман (ад франц. roman - твор на раманскіх мовах) - вялікі эпічны празаічны (часам - вершаваны) твор, у якім шырока ахоплены істотныя жыццёвыя з'явы пэўнага сацыяльнага асяроддзя, нацыі і эпохі, паказаны шматлікія характары ў іх развіцці, псіхалагічнай напоўненасці, створаны разнастайныя бытавыя малюнкі.
   Шматлікасць галоўных і пабочных сюжэтных ліній, якія існуюць паралельна і перакрыжоўваюцца, неабмежаванасць у часе і прасторы. вялікая колькасць дзейных асобаў рознага кшталту (станоўчых і адмоўных), наяўнасць пазасюжэтных элементаў (аўтарскія адступленні, устаўныя эпізоды, пейзажы, інтэр'еры, абрамленні), - усё гэта дае магчымасць раману стаць самым ёмістым, сінтэтычным відам сучаснай літаратуры ўвогуле.
Узнік раман на аснове старажытнага эпасу ("Рыгведа", "Рамаяна", эпічныя паэмы Гамера "Іліяда" і "Адысея" і інш.) яшчэ ў антычныя часы ("Дафніс і Хлоя" Лонга, "Залаты асёл" Апулея - 1 ст. да н. э.), аднак у сучасным разуменні сфармаваўся толькі ў XVІ - ХVІІІ стст. Асаблівага росквіту дасягнуў у ХІХ ст. (Стэндаль, Бальзак, Заля, Дзікенс, Флабер і інш.), і перш за ўсё - у рускай літаратуры (Л. Талстой, Дастаеўскі, Гогаль, Тургенеў, Ганчароў).
   У адрозненне ад колішняга эпасу, раман з'яўляецца люстрам найперш прыватнага, будзённага жыцця звычайных людзей у цяперашні ці нядаўні час (за выключэннем гістарычных раманаў). Безумоўна, па законах мастацкай тыпізацыі ў прыватным выяўляецца агульнае, я ў будзённым, звычайным - істотнае, тое, што характэрна для пэўнай краіны, народа, урэшце -для пэўнага часу, чалавецтва ўвогуле. Як падкрэсліваў Л. Талстой, "чым глыбей зачэрпнуць, тым больш агульнага для ўсіх, знаёмага і рознага".
   Сучасны беларускі празаічны раман узнік у пачатку 20-х гг. ХХ ст. на аснове вершаванага раману ("Новая зямля" Якуба Коласа, 1923). Асаблівага развіцца ў даваенны час дасягнулі яго сацыяльна-бытавы і сацыяльна-палітычны жанры ("Сокі цаліны" Цішкі Гартнага, "Вязьмо" Міхася Зарэцкага, "Сын" Р. Мурашкі, "Віленскія камунары" Максіма Гарэцкага, "На чырвоных лядах" Міхася Лынькова, "Будучыня" Э. Самуйлёнка, "Язэп Крушынскі" Змітрака Бядулі, "Бацькаўшчына" Кузьмы Чорнага і інш.).
   Андрэй Мрый напісаў арыгінальны сатырычны раман "Запіскі Самсона Самасуя". Кузьма Чорны ў сваіх раманах узняўся да значных філасофскіх абагульненняў ("Вялікі дзень", "Пошукі будучыні", "Млечны Шлях").
   У пасляваеннае паўстагоддзе значны ўклад у развіццё не толькі беларускай, але і еўрапейскай раманістыкі ўнеслі Іван Мележ ("Людзі на балоце", "Подых навальніцы", "Завеі, снежань"), Іван Шамякін (Трывожнае шчасце"), Янка Брыль ("Птушкі і гнёзды"), П. Пестрак ("Сустрэнемся на барыкадах"), А. Чарнышэвіч ("Засценак Малінаўка"), Васіль Быкаў ("Знак бяды"), Іван Навуменка ("Сасна пры дарозе"), М. Лобан ("Шэметы"), Іван Пташнікаў ("Мсціжы"), Анатоль Кудравец ("Сачыненне на вольную тэму'), Віктар Карамазаў ("Пушча"), Віктар Казько ("Неруш") і інш.
   Уладзімір Караткевіч пакінуў узор рамана гістарычнага ("Каласы пад сярпом тваім"), у цэнтры якога (пры ўсім багацці пісьменніцкага вымыслу) - значныя рэальныя асобы і падзеі і які сваёй мастацкай сутнасцю набліжаецца да рамана-эпапеі - твора, што на шырокай падзейнай аснове ўздымае самыя істотныя для жыцця цэлай нацыі праблемы (накшталт "Вайны і міру" Льва Талстога або "Ціхага Дону" М. Шолахава). Услед за Уладзімірам Караткевічам да гістарычнага раману звярнуліся Леанід Дайнека ("Меч князя Вячкі"), Генрых Далідовіч ("Гаспадар-камень") і інш. Што да нацыянальнай эпапеі. то да яе напісання найбліжэй падышоў Іван Мележ у сваёй "Палескай хроніцы".
   Імкненне стварыць панарамную эпапею жыцця нацыі ў пераломны гістарычны момант назіраецца ў творчых намаганнях Вячаслава Адамчыка ("Чужая бацькаўшчына", "Год нулявы", "І скажа той, хто народзіцца") і Івана Чыгрынава ("Плач перапёлкі", "Апраўданне крыві", "Свае і чужынцы", "Вяртанне да віны", "Не ўсе мы згінем"). Незавершаныя пакуль што цыклы іх раманаў аб'яднаны адзінай думкай і аднымі героямі.
   Спробу адрадзіць у беларускай літаратуры вершаваны раман. з яго лірычнымі і ліра-эпічнымі сродкамі мастацкага выяўлення зрабіў Ніл Гілевіч ("Родныя дзеці", 1985).