Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Прысвячэнне

   Прысвячэнне — празаічны або вершаваны аўтарскі надпіс, што ўказвае на асобу ці падзею, у гонар якіх напісаны (прысвечаны) той ці іншы твор.
Так, дарэвалюцыйныя публікацыі паэмы Янкі Купалы «Курган» друкаваліся з прысвячэннем «Памяці С. Палуяна». Верш Якуба Коласа «Панская ласка» мае прысвячэнне «Да працэсу над «Грамадой».
   Часам вершаванае прысвячэнне да буйнога паэтычнага твора перарастае ў асобны твор, у якім выяўляюцца адносіны аўтара да пэўных асоб ці падзей, вядзецца літаратурная палеміка. У прыватнасці, вершаваным прысвячэннем, адрасаваным беларускай моладзі, пачынаецца паэма Якуба Коласа «Сымон-музыка». У гэтым прысвячэнні народны паэт не толькі адзначае асноўнага адрасата свайго твора, але і раскрывае мнагастайнасць тых жыццёвых праяў, з якіх «збіраўся скарб», г. зн. узнікала паэма.
   Прысвячэннем таксама называюць асобны вершаваны жанр, што ахоплівае творы, прысвечаныя нейкай краіне, падзеі ці асобе. Такое прысвячэнне блізкае да паслання, аднак значна і адрозніваецца ад яго. Аб’ект паэтычнай размовы ў пасланнях з’яўляецца толькі своеасаблівай падставай для разваг пра нейкія праблемы, а ў прысвячэнні ён цікавіць паэта сам па сабе.
   Вершаванае прысвячэнне пачало развівацца ў беларускай літаратуры ў XІX ст. («На прыезд Адама Міцкевіча» Яна Чачота, «Верш Навума Прыгаворкі» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, многія запісы ў «Альбоме» Арцёма Вярыгі-Дарэўскага, «Роднай старонцы» Янкі Лучыны і інш.). Але асаблівае пашырэнне яно набыло ў XX ст. у творчасці Янкі Купалы («На смерць Сцяпана Булата», «Сонечнаму Шата Руставелі», «З’езду Саветаў » ), Якуба Коласа («Мікалаю ІІ», «Баяну-Кабзару»), Максіма Багдановіча («С. Палуяну», «Нашай ніве»).
   Вершы-прысвячэнні сустракаюцца бадай у кожнага сучаснага беларускага паэта. З такіх твораў, прысвечаных гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці, Хатыні і г. д., нярэдка ўкладаюцца тэматычныя зборнікі («Слухайце — Хатынь!..», «Дзень добры, мама! » і інш.).