Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пераклад мастацкі

   Пераклад мастацкі -
   1. Від літаратурна-мастацкай творчасці, узнаўленне твора, напісанага на адной мове, выяўленчымі сродкамі другой мовы;
   2. Літаратурны твор, што з'яўляецца семантычна-стылістычным адпаведнікам ідэйна-вобразнай структуры якога-небудзь іншамоўнага твора (арыгінала). Ад іншых відаў перакладу (грамадска-палітычнага, навуковага, тэхнічнага. ваеннага) пераклад мастацкі адрозніваецца сваёй творчай сутнасцю, блізкасцю да арыгінальнай творчасці.
   Перакладны мастацкі твор - не даслоўная копія арыгінала і не цалкам новы твор, ён - "нешта трэцяе" (А. Кундзіч), стаіць ня памежжы дзвюх літаратур - у якой узнік і ў якой пачынае новае жыццё. Мастацкі пераклад з'яўляецца своеасаблівым актам дружбы паміж народамі і пісьменнікамі розных краін, крыніцай інфармацыі пра развіццё іншамоўных культур, сродкам узбагачэння роднай для перакладчыка мовы і літаратуры, арыгінальнай творчасці саміх перакладчыкаў.
   Паводле характару стаўлення да арыгінала мастацкі пераклад падзяляецца на аўтарскі (або аўтапераклад; пераклад, здзейснены самім аўтарам арыгінала, пэўныя адступленні ад яго прадвызначаны аўтарскай воляй), аўтарызаваны (ухвалены і падпісаны аўтарам), вольны (з наўмыснымі адступленнямі ад сэнсу ці формы арыгінала), паслоўны (пераклад "слова ў слова", без належнага ўзнаўлення сэнсу выказвання), падрадковы (паслоўны пераклад вершаў без захавання іх формы - рытму, рыфмаў і г. д.), дакладны (або рэалістычны).
   Найбольш пашыраны, плённы і мэтазгодны - апошні від мастацкага перакладу. Сучасны рэалістычны мастацкі пераклад патрабуе беражлівага стаўлення да арыгінала, захавання яго ідэйна-вобразнай структуры, асноўных стылёвых рыс і нацыянальных адметнасцей. Неабходна, каб "унутранае жыццё перакладзенага выказвання адпавядала ўнутранаму жыццю арыгінальнага" (В. Бялінскі).
   У майстэрскім мастацкім перакладзе твор аказвае на чытача такое ж уражанне, як і ў арыгінале.
   На характар і ўзровень мастацкага перакладу уплываюць ступень развітасці нацыянальнай літаратуры, распрацаванасць літаратурнай мовы, яе разнастайных стыляў, багацце перакладчыцкіх традыцый, моўная, этнаграфічна-бытавая, культурная, палітычная блізкасць народаў, паміж якімі ён адбываецца. Перакладаць з блізкіх моў, аднак, не лягчэй, чым з далёкіх. Тут узнікае шэраг спецыфічных цяжкасцей, звязаных з міжмоўнай аманіміяй, надзвычайным гіпнозам арыгінала, працай перакладчыка "на віду" ў чытача, які часта можа адразу ж параўнаць пераклад з вядомым яму арыгіналам, і інш.
   Мастацкі пераклад мае канкрэтна-гістарычны характар: перакладчык выступае не толькі як творчая індывідуальнасць, але і прадстаўнік пэўнага часу, краіны, грамадскага асяроддзя. Таму магчыма існаванне многіх мастацкіх перакладаў аднаго якога-небудзь значнага твора на тую ці іншую мову.
   У працы перакладчыка вылучаюцца стадыі аналізу і сінтэзу (у рознай паслядоўнасці), таму перакладчык павінен валодаць пазнаннямі і навыкамі вучонага-літаратуразнаўца і талентам арыгінальнага творцы. Абавязковай умовай для яго з'яўляецца валоданне мовай арыгінала, веданне творчасці пісьменніка, якога перакладае, краіны, сацыяльнага асяроддзя, у якіх той жыў і тварыў. Творчая індывідуальнасць перакладчыка выяўляецца ў тым, наколькі глыбока ён успрымае арыгінальны твор і якімі сродкамі, як дакладна, мастацка дасканала ўзнаўляе яго ў стыхіі сваёй мовы. Важная умова высакаякаснага мастацкага перакладу - блізкасць творчых прынцыпаў, пазіцый, характару таленту перакладчыка і аўтара арыгінала.
   Сярод усіх разнавіднасцяў мастацкага перакладу найбольшай складанасцю вылучаецца пераклад паэзіі. Тут да ўсіх пералічаных асаблівасцяў і цяжкасцяў пераўвасаблення твора сродкамі іншай мовы дадаюцца новыя: узнаўленне рытмічнага малюнку арыгінала (эквіметрычнасць), характару рыфмаў і рыфмоўкі (эквірыфменнасць), захаванне колькасці і парадку радкоў (эквілінеарнасць), цяжкасці, звязаны з "адзінствам і цеснатой вершаванага раду" (Ю. Тынянаў), перадачай паэтычнай тропікі і г. д.
   Пачатак беларускаму мастацкаму перакладу паклаў Францыск Скарына, які пераклаў і надрукаваў на старабеларускай мове 23 кнігі "Бібліі" (1517-1519). Кіруючыся асветніцкімі мэтамі, ён адмовіўся ад традыцыйнага пры перакладзе "Бібліі" літаралізму, уносіў у яе тэкст пэўныя змены (ужываў вобразы з вусна-паэтычнай творчасці, народныя прымаўкі, устаўляў уласныя вершы, дадаваў свае прадмовы і пасляслоўі і г. д.). Традыцыі Скарыны развівалі далей Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, ананімныя перакладчыкі жыційнай літаратуры ("Жыціе святой Марыны"), апокрыфаў ("Страцім-птах", "Пра дванаццаць пакутаў'), аповесцяў рэлігійнага зместу ("Аповесць пра трох каралёў'), рыцарскіх раманаў ("Александрыя", "Аповесць пра Трышчана"), гістарычных аповесцяў ("Гісторыя пра Атылу", "Аповесць пра Скандэрбега") і інш. твораў. На жаль, гэтыя традыцыі пазней былі перапынены ў выніку паланізацыі беларускіх зямель.
   Новы, так званы вопытны, перыяд беларускага мастацкага перакладу пачынаецца ў XІX ст., разам з узнікненнем новай беларускай літаратуры. Родапачынальнік яго - Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, які ўзнавіў па-беларуску "Пана Тадэвуша" Адама Міцкевіча (1859, захаваўся пераклад толькі першага раздзела паэмы). Арцём Вярыга-Дарэўскі, Альгерд Абуховіч, Адам Гурыновіч, Янка Лучына, Марыя Косіч, Аляксандр Ельскі і інш. развівалі галоўным чынам вольны, або выпраўленчы, мастацкі пераклад, пры якім змяняліся паасобныя рэаліі арыгінала (час і месца дзеяння, прозвішчы герояў і г. д.).
   Асновы беларускага рэалістычнага мастацкага перакладу заклалі Янка Купала, Максім Багдановіч і Якуб Колас. Янка Купала беражліва данёс да беларускага чытача непаўторны водар "Слова пра паход Ігаравы", паэзію Адама Міцкевіча, Тараса Шаўчэнкі, М. Някрасава, Уладзіслава Сыракомлі, М. Канапніцкай. Максім Багдановіч упершыню даў на беларускай мове ўзоры антычнай лірыкі (Гарацый, Авідзій), класічнай нямецкай, французскай і бельгійскай паэзіі (Гейне, Верлен, Верхарн), народна-песеннай творчасці асобных народаў (рускіх, украінцаў, сербаў, іспанцаў і інш.). Якуб Колас узнавіў па-беларуску "Палтаву" Пушкіна, "Дэман" Лермантава, многія творы Тараса Шаўчэнкі.
   Класікі беларускай паэзіі пакінулі ў спадчыну асноўныя прынцыпы мастацкага перакладу: перакладаць неабходна толькі тыя творы, якія б узбагачалі родную літаратуру, культуру, развівалі нацыянальную літаратурную мову; мастацкі пераклад - плод любові, а не разліку; перакладчык павінен дасканала валодаць як мовай, ня якую перакладае, так і мовай арыгінала; у мастацкім перакладзе павінен узнаўляцца стыль аўтара, асноўныя нацыянальныя асаблівасці першакрыніцы; дакладнасць мастацкага перакладу - гэта не даслоўнасць, а дакладнасць у перадачы ідэйна-вобразнай структуры іншамоўнага твора; мастацкі пераклад, як і арыгінал, павінен валодаць несумненнымі эстэтычнымі якасцямі.
   Гэтыя і некаторыя іншыя прынцыпы мастацкага перакладу, узбагачаныя вопытам іншанацыянальных перакладчыкаў развівалі далей Ю. Гаўрук, Уладзімір Дубоўка, Кузьма Чорны, Пятрусь Броўка, Пятрусь Глебка, Алесь Дудар, Ю. Таўбін і інш.
   Асаблівага росквіту беларускі рэалістычны пераклад дасягнуў у пасляваенныя гады, калі на поўную моц раскрыўся перакладчыцкі талент Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Янкі Брыля, Максіма Лужаніна, Рыгора Барадуліна, П. Бітэля, А. Зарыцкага, Ніла Гілевіча, В. Коўтун, Алега Лойкі, Петруся Макаля, Ніны Мацяш, Алеся Разанава, Я. Семяжона, В. Сёмухі, Янкі Сіпакова, У. Скарынкіна, А. Траяноўскага, К. Цвіркі і інш.
   У апошняе дваццацігоддзе пачала складвацца, нарэшце, гісторыя і тэорыя беларускага мастацкага перакладу, у распрацоўку якой свой уклад унеслі С. Александровіч, В. Гапава, А. Верабей, М. Кенька, П. Копанеў, Ц. Ліякумовіч, Э. Мартынава, М. Навіцкі, В. Рагойша, А. Яскевіч і інш.
   З меншай інтэнсіўнасцю, але таксама выразна заявіла пра сябе крытыка перакладу (артыкулы і рэцэнзіі М. Арочкі, Р. Бярозкіна, Т. Кабржыцкай, Л. Казыры, У. Калесніка, В. Небышынца, В. Нікіфаровіча, І. Чароты, К. Шэрмана і інш.).
   Гісторыя, тэорыя і крытыка мастацкага перакладу аказваюць пэўны ўплыў на перакладчыцкую практыку, ацэньваючы яе прынцыповыя здабыткі, звяртаючы ўвагу на нявырашаныя праблемы.