Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пафас

   Пафас (ад гр. pathos — пачуццё, натхненне, жарсць) — ідэя-жарсць, якой натхняецца пісьменнік, якая прадвызначае ўсе яго ідэйна-мастацкія пошукі, увасабляецца ў мастацкай тканіне ўсіх ці большасці ягоных твораў. Так, пафасам творчасці большасці беларускіх дарэвалюцыйных і савецкіх пісьменнікаў стала купалаўская ідэя "людзьмі звацца" — ідэя сацыяльнага і нацыянальнага адраджэння роднага народа.
   Часам тэрмін "пафас" ужываецца ў адмоўным сэнсе (як "пусты", "напышлівы") або збліжаецца па свайму сэнсу з эстэтычнымі катэгорыямі "высокае", "нізкае". У апошнім выпадку гавораць пра пафас трагічны (у творы супрацьдзейнічаюць высокае і высокае), камічны (нізкае і нізкае), гераічны (высокае і нізкае), сатырычны (нізкае і высокае), ідылічны (у творы эстэтычна значны канфлікт адсутнічае).