Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кампазіцыя

   Кампазіцыя (ад лац. compositio, ад componere - складаць, паядноўваць, кампанаваць) - абумоўленая зместам пабудова літаратурнага твора.
   Часам адрозніваюць знешнюю будову, або архітэктоніку, і ўнутраную будову. Да архітэктонікі ў такім разе адносяць сістэму вонкавай арганізацыі твора (наяўнасць і размяшчэнне асобных раздзелаў, актаў, сцэн, страфічных форм і гэтак далей), да ўнутранай жа будовы твора, або уласна кампазіцыі, - характар раскрыцца зместу, размяшчэнне слоўна-вобразнага матэрыялу ўнутры архітэктанічных форм. Аднак такое дзяленне кампазіцыі на ўнутраную і знешнюю носіць даволі фармальны характар, паколькі ў літаратурным творы ўсе элементы формы і зместу цесна ўзаемазвязаны паміж сабой, узаемаабумоўлены адзін адным. Таму аналіз кампазіцыі адначасова павінен ахопліваць і знешнюю будову твора, і логіку раскрыцца зместу ўнутры гэтых строф, актаў, сцэн, раздзелаў. Пры гэтым вызначальным з'яўляецца прынцып кампазіцыйнай цэласнасці мастацкага твора, пра што ў дачыненні да верша вельмі добра сказаў Э. Багрыцкі: "Верш - прататып чалавечага цела. Кожная частка на месцы, кожны орган мэтазгодны і нясе пэўную функцыю. Я сказаў бы, што кожная літара верша падобна на клетку ў арганізме, -яна павінна біцца і пульсаваць. У вершы не можа быць мёртвых клетак. Апендыцыт абсалютна немагчымы. Верш нараджаецца без сляпой кішкі". Прыблізна пра тое самае яшчэ раней гаварыў Леў Талстой, падкрэсліваючы, што "ў сапраўдным мастацкім творы -вершы, драме, малюнку, песні, сімфоніі - нельга выняць ніводнага вершаванага радка, ніводнай сцэны, ніводнай фігуры, ніводнага тэксту са свайго месца і паставіць на іншае, не парушыўшы значэння ўсяго твора..."
   Тая ці іншая кампазіцыя твора залежыць ад яго зместу, ад светапогляду мастака, мастацкага метаду, а таксама ад літаратурнага жанру, у які ўвасабляецца жыццёвы матэрыял. Ліра-эпічныя, эпічныя і драматычныя творы маюць кампазіцыю больш складаную, чым лірычны верш. У іх, як правіла, ёсць разгорнуты сюжэт з усімі яго кампанентамі: завязка, або зачын (у фальклорных творах -баладах, казках, замовах, легендах), развіццё дзеяння, кульмінацыя, развязка, нярэдка - пралог і эпілог, цэлая галерэя вобразаў-персанажаў, асобныя пазасюжэтныя элементы (лірычныя адступленні, аўтарскія развагі, пейзажныя малюнкі, партрэтная характарыстыка героя і інш.). У лірычных творах сюжэта ў яго традыцыйным разуменні няма, няма і вобразаў-персанажаў, але тут назіраецца свая логіка, своеасаблівасць у разгортванні лірычнага перажывання. Часам у тканіну верша ўплятаюцца радкі ці выразы з іншых твораў (аплікацыя), выяўленне паэтычнай думкі запавольваецца (рэтардацыя), матэрыял кампануецца па прынцыпу супрацьпастаўлення (антытэза) і інш. Твор можа пачынацца з эпіграфа (ад грэч. epigraphe -надпіс) - нейкай цытаты, крылатых слоў, што ставяцца пасля загалоўка ці перад асобнымі раздзеламі і выяўляюць іх змястоўную сутнасць. Завяршацца ж ён можа нейкім афарыстычным вывадам-падагульненнем (у байках - мараллю) або пуантам (ад франц. pointe - вастрыё) — нечаканай, рэзкай канцоўкай, у якой выказванне з аднаго сэнсавага плана пераводзіцца ў другі, больш неспадзявана глыбокі.
   Асобныя творы ўступаюць у пэўную ўзаемасувязь, утвараючы структурна-кампазіцыйныя комплексы. Гэта могуць быць трыпціх (тры вершаваныя творы на адну тэму), нізка, або цыкл (шэраг лірычных твораў, аб'яднаных або тэмай, або нейкай вядучай думкай, або жанравымі прыкметамі), зборнік (кніга вершаў або апавяданняў аднаго ці некалькіх пісьменнікаў, цэласная і завершаная па сваёй ідэйнай задуме і размяшчэнні твораў у ёй). Два, тры, чатыры, пяць аповесцяў або раманаў, аб'яднаных аднымі героямі і ідэйнай задумай, утвараюць адпаведна дылогію ("Вайна пад стрэхамі" і "Сыны ідуць у бой" Алеся Адамовіча), трылогію ("На ростанях" Якуба Коласа), тэтралогію ("Плач перапёлкі", "Апраўданне крыві", "Свае і чужынцы", "Вяртанне да віны" Івана Чыгрынава), пенталогію ("Трывожнае шчасце" Івана Шамякіна).
   Як унутраная, так і знешняя будова твора, размяшчэнне ўсіх яго кампанентаў (эпізодаў, вобразаў, раздзелаў, частак і г. д.) прадвызначаюцца ідэйнай задумай і строга падначальваюцца сюжэту, тэме, ідэі гэтага твора.