Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дзесяцірадкоўе (дэцыма)

   Дзесяцірадкоўе, або дэцыма (ад лац. decima— дзесятая), — страфа, якая складаецца з дзесяці вершарадоў, завершаных па метрычнаму, інтанацыйна-сінтаксічнаму малюнку і па думцы.
   Вядома некалькі найбольш распаўсюджаных відаў дзесяцірадкоўяў — з рыфмоўкай аббааввггв (іспанская дэцыма, або эспінэла), АбАбВВгДДг (адычная страфа), АбАбввгддг,  ААбвбвгддг.
   Дзесяцірадкоўі ўжываюцца ў глосе. Ва ўсходнеславянскай паэзіі яны сустракаюцца рэдка. У прыватнасці, імі карыстаўся Г. Дзяржавін («Фелица», «На счастие»).
   Дэцымамі напісана «Энеіда». I. Катлярэўскага. З беларускіх паэтаў дэцымы ёсць у А. Зарыцкага. Гэтую страфу паэт выкарыстаў пры напісанні паэм «Таварыш Саша» (аББаВгВгДД) і «Пяцёра» (АбАбВггВдд). Арыгінальнымі дзесяцірадкоўямі (з выкарыстаннем халастых радкоў) напісаны верш Якуба Коласа «Палессе»:

Я люблю твой прастор,
Гмах шырокі балот,
Дзе бубняць бугаі,
Дзе красуе чарот
   І дзе травы, як мора, ляглі.
Калі лес там, дык лес:
Можна тыдзень дыбаць;
А прастор, дык прастор —
І канца не відаць,
   Не ахопіш, не змерыш зямлі.