Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дадаізм

   Дадаізм (ад франц. dada – конік, драўляная палачка, у пераносным сэнсе – нешта няскладнае, дзіцячы лепет) узнік у Швейцарыі ў 1916 г. і ўвайшоў у гісторыю культуры, літаратуры і мастацтва як адна з самых разбуральных плыней. Яго стваральнікамі сталі ў асноўным маладыя пісьменнікі, мастакі, якія збеглі са сваіх ваюючых краін у нейтральную Швейцарыю. Менавіта тут, у Цюрыху, і была заснавана літаратурная група «Дада», у якую ўвайшлі немцы Х. Баль, Р. Хюльзенбек, Г. Арп і інш. Кіраўніком групы стаў француз румынскага паходжання, паэт і эсэіст Т. Тцара.
   Дадаісты ўспрымалі рэчаіснасць як царства хаосу і абсурду, таму рэальнымі, на думку прыхільнікаў дадзенай літаратурна-мастацкай канцэпцыі, могуць быць толькі гукі ў іх шматстайных спалучэннях, бясконцыя паўторы фраз і слоў, якія пазбаўлены ўсякага сэнсу і логікі. На аснове дадзеных тэарэтычных пастулатаў дадаісты стварылі «вершы без слоў», «гукавыя паэмы» і г. д. Такога татальнага непрымання рэчаіснасці,– піша Е. Лявонава,– непрызнання якой бы то ні было традыцыі, рэалістычнай ці нерэалістычнай, такога культывавання абсурду, імкнення разбурыць усё, што ўжо ўсталявалася, мастацтва яшчэ не ведала. У той жа час,– зазначае даследчыца,– расцэньваць дадаізм толькі як выклік таксама было б несправядліва, асабліва напачатку руху. Пры ўсёй няпэўнасці, расплывістасці мэтаў і задач сярод апошніх адна асабліва вабіла дадаістаў: стварэнне новай літаратурнай мовы, з самага пачатку, са слова. Дзеля гэтага трэба было, на думку дадаістаў, адмовіцца ад мовы агульнапрынятай, «сцёртай» ад доўгага выкарыстання, ад усіх літаратурных нормаў.
   Большасць рыс і прыкмет творчасці прыхільнікаў новай плыні былі акрэслены ў калектыўным «Дадаісцкім маніфесце 1918 года». Гэта «бруіцкі» або «шумавы верш», «сімультанны верш», «сумбурныя перазовы ўсяго на свеце», а таксама іншыя прыёмы, прызначаныя перадаваць жыццё з усёй яго жорсткасцю, гвалтам, напружанасцю, усяісным адмаўленнем.
   Здзіўленне і нават шок у публікі выклікалі тэатралізаваныя прадстаўленні, на якіх дадаісты дэкламавалі свае «фанетычныя паэмы»: словы, склады ці нават толькі гукі падбіраліся тут і ставіліся побач не па сэнсу, а па гукавой афарбоўцы. Карысталіся дадаісты і такімі метадамі «напісання» твораў, як калаж, наклейванне на паперу розных выразак з газет ці часопісаў, калектыўнае пісьмо (у ім у якасці абавязковай умовы выступала тое, што кожны наступны аўтар не павінен быў ведаць напісанае папярэднікам) і г. д.
   У 1918 г. намаганнямі Р. Хюльзенбека і шэрагу яго аднадумцаў была створана берлінская група дадаістаў. Дзейнасць гэтай групы адносіцца ўжо да першых пасляваенных гадоў, калі небяспека мабілізацыі ў войска знікла і з’явілася магчымасць пакінуць Швейцарыю. Не толькі ў Германіі, але і ў Францыі (тут да прыхільнікаў дадаізму далучыліся Л. Арагон, П. Элюар і шэраг інш. французскіх пісьменнікаў) дадаісты яшчэ працягвалі пэўны час (прыкладна да 1924 г.) працаваць.